Войшалк

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Фрагмент вокладкі Лаўрышаўскага Евангелля (13 ст.), якое, магчыма, перапісанае на Валыні на заказ вял.кн. Войшалка. На вокладцы бронзавая выява (16-17 ст.) Св. Дзмітрыя Салунскага, якую з слоў В. У. Ластоўскага часта лічаць выявай вял.кн. Войшалка.
Вокладка Лаўрышаўскага Евангелля

Войшалк, хроснае імя невядома, у інацтве Лаўрыш, Лаўрын (1223[1] — 1823 красавіка 1267, Уладзімір-Валынскі) — вялікі князь літоўскі (1264—1267).

Сын Міндоўга. Верагодна, з 1248 г. намеснік Міндоўга ў Новагародку. Магчыма, упершыню згадваецца як ананімны сын Міндоўга, які ваяваў ваколіцы Турыйска на Валыні (1251—1252), але гэта мог быць і іншы сын Міндоўга. Напэўна першы раз згаданы пад 1254 г., калі заключыў мір з галіцка-валынскімі князямі, выдаў замуж за Шварна Данілавіча сваю сястру і перадаў Новагародскае княства Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Палонінскі манастыр на Валыні, дзе прыняў пострыг пад імем Лаўрыш.

Пасля трох гадоў у Палонінскім манастыры Войшалк пайшоў у паломніцтва да гары Афон (1257), але вымушаны быў вярнуцца з Балгарыі з-за тамашняй вайны. Разам з 10-12 манахамі[2], заснаваў на Нёмане манастыр, які пазней ад яго інацкага імя назавуць Лаўрышаўскім манастром. Ігумнам манастыра быў Елісей.

Войшалк пражыў у манастыры каля году — да нападу на Літоўскую зямлю і Нальшаны Бурундая разам з галіцка-валынскімі князямі (1258). Выйшаў з манастыра і аб'яднаўшыся са стрыечным братам Таўцівілам захапіў Рамана Данілавіча і, верагодна, забіў яго, зноў заняўшы новагародскі сталец.

У 1263 г., пасля забойства Міндоўга і Таўцівіла, на кароткі час збег у Пінск. У 1264 г. з пінскім войскам вярнуўся ў Новагародак, дзе злучыўся з дружынамі новагародскіх баяраў і пайшоў ўсталёўваць сваю ўладу ў Літоўскай зямлі, вынішчыў там сваіх ворагаў.

Прызнаў уладу Васількі Раманавіча, княжыў разам са Шварнам Данілавічам. З дапамогаю Васількі і Шварна заваяваў Нальшаны і Дзяволтву. У 1267 г. пакінуў уладу Шварну і зноў пайшоў у манастыр на Валыні. 1823 красавіка 1267 быў забіты ва Уладзіміры-Валынскім.

Зноскі

  1. Паводле В. М. Тацішчава.
  2. Паводле М. Стрыйкоўскага.

Літаратура [правіць]

  • Огицкий, Д. П. Великий князь Войшелк (страница из истории Православия в Литве) // Богословские труды. М., 1983. № 24. С. 171—196.
  • Толочко, П. Литовский князь Войшелк в русских летописях // RUTHENICA. — Київ: Інститут історії України НАН України, 2006. — № 5. — С. 117—127.