Юрыдычны факультэт БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юрыдычны факультэт
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Эмблема
Англійская назва Law faculty of BSU
Заснаваны 1925
Дэкан Сяргей Аляксандравіч Балашэнка
Месцазнаходжанне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск, вул. Ленінградская, 8
law.bsu.by

Юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое рыхтуе спецыялістаў у галіне правазнаўства, паліталогіі, эканамічнага права.

Дэкан факультэта — Сяргей Аляксандравіч Балашэнка — доктар юрыдычных навук, прафесар.

Гістарычная даведка

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, заснаваны ў 1921 г., складаўся з трох факультэтаў: грамадскіх навук, рабочага і медыцынскага. Студэнты факультэта грамадскіх навук навучаліся на 4 аддзяленнях: прававым, эканамічным, этнолага-лінгвістычным, грамадска-педагагічным. Пасля рэарганізацыі ў 1922 годзе на ФГН засталося два аддзяленні: эканамічнае і прававое. На іх базе ў 1925 годдзе СНК БССР пастанаўляе адкрыць у БДУ факультэт права і гаспадаркі.

З 1930 года факультэт стаў называцца факультэтам савецкага права і будаўніцтва, а 7 ліпеня 1931 года — быў рэарганізаваны ў асобны Інстытут савецкага будаўніцтва і права, які падпарадкоўваўся непасрэдна ЦВК БССР. Тэрмін навучання скараціўся да трох гадоў. У 1932 годзе рэарганізацыя працягваецца і ўтвараецца Беларускі дзяржаўны юрыдычны інстытут, які быў перададзены ў распараджэнне Наркамата юстыцыі БССР.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі тэрыторыі Беларусі Інстытут часова прыпыніў сваю дзейнасць. Прафесарска-выкладчыцкі састаў і студэнты інстытута прымалі актыўны ўдзел у барацьбе з фашызмам.

20 верасня 1944 года Савнаркам БССР прыняў пастанову «Аб узнаўленні дзейнасці Беларускага юрыдычнага інстытута». Узначаліў Інстытут Іосіф Сямёнавіч Андрэйчык. З 1945 года Інстытут зноў атрымаў магчымасць рыхтаваць навукова-педагагічныя кадры праз аспірантуру. Інстытутам ужо кіраваў Гаўрыіл Аляксеевіч Павецьеў.

У 1954 г. Беларускі юрыдычны інстытут рэарганізоўваецца ў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (загад Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР № 1048 ад 07.10.1954). У хуткім часе ён пераяджае ва універсітэцкі гарадок. Дэканам новаўтворанага юрыдычнага факультэта стаў Яўгеній Міхайлавіч Семярыхін (1914—1963). У 1955—1956 гг. навучальным годзе на факультэце навучаецца 305, а праз 10 гадоў (у 1966) — ужо 1275 студэнтаў.

З 1956 года факультэт узначаліў Васіль Аляксандравіч Дарогін. У 1964 годзе дэканам быў абраны Іларыён Мефольдавіч Ігнаценка, у 1965 годзе — Васіль Адамавіч Шкурко.

У 1973 годзе дэканам факультэта быў абраны Васіль Фёдаравіч Чыгір. На пра канцы 1970-х гадоў факультэт часова пераяджае ў будынак на вул. Маскоўскай, 17. З 1983 года дэканам факультэта працаваў Валерый Гур’евіч Ціхіня.

Новы этап развіцця ўніверсітэцкай юрыдычнай навукі быў звязаны з карэннай рэарганізацыяй усяго грамадска-палітычнага ладу і абвяшчэннем Дэкларацыі аб суверэнітэце БССР 1990 года. У рэфарматарскі час з 1989 года факультэт узначальваў Валерый Мікалаевіч Гадуноў. У Рэспубліцы Беларусь пачаўся працэс дэмакратызацыі грамадства і фарміравання якасна новай прававой сістэмы, у якім прынялі актыўны ўдзел вучоныя юрыдычнага факультэта.

Дэканам юрыдычнага факультэта з 2002 года з’яўляецца Сяргей Аляксандравіч Балашэнка.

30 жніўня 2005 года факультэт зноў ветліва адчыніў свае дзверы ва ўніверсітэцкім гарадку ў новым будынку па адрасе: вул. Ленінградская, 8.

Юрыдычны факультэт БДУ няўхільна развіваецца: адкрываюцца новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі, уводзяцца актуальныя спецкурсы; выкладчыкі абараняюць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, выдаюць манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, чытаюць лекцыі ў замежных універсітэтах; студэнты перамагаюць ва Рэспубліканскай алімпіядзе па правазнаўству і рэспубліканскіх конкурсах навуковых работ, прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях, займаюць прызавыя месцы на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету і Еўропы.

Колькасць выкладчыкаў

Вучэбны працэс на факультэце забяспечваюць амаль 30 дактароў навук, прафесараў, больш 150 кандыдатаў навук, дацэнтаў. Прафесарска-выкладчыцкі састаў факультэта прадстаўлены высокакваліфікаванымі спецыялістамі, лепшымі правазнаўцамі. Сярод іх выдатныя тэарэтыкі, вопытныя практычныя работнікі, кіраўнікі вышэйшых дзяржаўных устаноў. За выдатныя поспехі ў навуковай і педагагічнай дзейнасці шэрагу работнікаў факультэта прысуджаны ганаровыя званні «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь», «Заслужаны работнік вышэйшай школы Рэспублікі Беларусь», «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь», прэміі БДУ імя У.І. Пічэты.

Факультэт сёння

На факультэце навучаецца больш за тры тысячы студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і іншых краін. На першай ступені навучанне вядзецца па трох спецыяльнасцях: правазнаўства, выпускнікам якога прысвойваецца кваліфікацыя "юрыст"; паліталогія – кваліфікацыя "палітолаг" і эканамічнае права – кваліфікацыя "юрыст з веданнем эканомікі". Падрыхтоўка магістраў ажыццяўляецца па праграмах: "Юрыспрудэнцыя", "Прававое забеспячэнне публічнай улады", "Прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці", "Пракурорскія-следчая дзейнасць", "Прававое забеспячэнне альтэрнатыўных спосабаў урэгулявання канфліктаў і спрэчак", "Паліталогія"). На факультэце маецца аспірантура і дактарантура.

У працэсе вучобы студэнтам прапаноўваецца дзесяць спецыалізацый, якія прадугледжваюць паглыбленае вывучэнне асобных дысцыплін. У лік важнейшых вучэбных дысцыплін факультэта ўваходзяць: агульная тэорыя права, канстытуцыйнае права, адміністрацыйнае права, грамадзянскае права, гаспадарчае права, крымінальнае права, крымінальна-выканаўчае права, працоўнае права, фінансавае права, грамадзянскі працэс, крымінальны працэс, экалагічнае права, міжнароднае публічнае права, міжнароднае прыватнае права, крыміналістыка і інш.

Па стане на 30 верасня 2017 года:

  • навучальны працэс забяспечваюць 11 кафедраў, 6 навучальных лабараторый і 2 навучальныя кабінеты;
  • колькасць прафесарска-выкладчыцкага складу (як штатныя, так і сумяшчальнікі) - 253 чалавекі (доктара навук - 27, кандыдаты навук - 153, без ступені - 73);
  • на юрыдычным факультэце навучаецца 2674 студэнта (1296 студэнтаў дзённай формы навучання, 1222 студэнта завочнай формы навучання (307 з іх атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю) і 156 магістрантаў;
  • на факультэце 82 аспіранта і 30 суіскальнікаў вучонай ступені кандыдата навук, 2 дактаранты і 19 суіскальнікаў вучонай ступені доктара навук.

Практычныя навыкі студэнты набываюць на семінарскіх занятках, вучэбных і вытворчых практыках, у Юрыдычнай клініцы. На юрыдычным факультэце створаны ўсе ўмовы для вучэбнай, навуковай і творчай дзейнасці студэнтаў. Арганізаваны навуковыя гурткі, праводзяцца студэнцкія навуковыя канферэнцыі, конкурсы навуковых прац, створана і працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя. Факультэт аснашчаны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання.

Пры падрыхтоўцы да заняткаў, залікаў і экзаменаў студэнты маюць магчымасць атрымаць поўную інфармацыю па кожнай вучэбнай дысцыпліне на сайце факультэта, які па наведванню знаходзіцца на першых радках рэйтынгу ў раздзеле «Навука і адукацыя». Фонд факультэцкай бібліятэкі налічвае звыш 200 тысяч выданняў. Кожны год праводзіцца Дзень факультэта. На базе музея правазнаўства працуе гістарычна-патрыятычны цэнтр «Памяць».

Юрыдычны факультэт з’яўляецца асноўным звяном створанай у БДУ сістэмы бесперапыннай падрыхтоўкі юрыдычных кадраў, якая забяспечвае атрыманне сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыі ў Юрыдычным каледжы БДУ, вышэйшай юрыдычнай адукацыі – на юрыдычным факультэце БДУ і павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку юрыдычных кадраў – у Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Юрыдычны факультэт БДУ забяспечвае падрыхтоўку прафесіяналаў-юрыстаў, здольных паспяхова вырашаць сучасныя задачы, якія стаяць перад дзяржавай і грамадствам, працуюць у сваёй краіне і за яе межамі. Выпускнікі факультэта ўносяць значны ўклад у развіццё ўсіх сфер грамадства, працуюць у прадстаўнічых і выканаўчых органах улады, судовай сістэме, праваахоўных органах, адвакатуры, на прадпрыемствах, займаюцца навуковай дзейнасцю. Сярод выпускнікоў факультэта – міністры, дэпутаты Нацыянальнага сходу, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый. Выпускнікі факультэта ўзначальваюць Канстытуцыйны і Вярхоўны суды, Міністэрства юстыцыі, Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

Кафедры

На факультэце працуюць 11 кафедр:

  • кафедра крыміналістыкі
  • кафедра экалагічнага і аграрнага права
  • кафедра канстытуцыйнага права
  • кафедра крымінальнага працэса і пракурорскага нагляду
  • кафедра грамадзянскага працэса і працоўнага права
  • кафедра грамадзянскага права
  • кафедра крымінальнага права
  • кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права
  • кафедра паліталогіі
  • кафедра фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці
  • дзяржаўнага кіравання

Выбітныя выпускнікі

Літаратура

  • Юрыдычны факультэт. Гісторыя. Сучаснасць. Імёны / рэдкал. : С.А. Балашэнка, А.В. Шыдлоўскі [і інш.]. – Мінск: БДУ, 2015. – 263 с.
  • Юрыдычны факультэт. 90 гадоў / рэдкал. : С.А. Балашэнка, Т.А. Чарвякова [і інш.]. – Мінск: БДУ, 2015. – 87 с.
  • Балашэнка С.А. Станаўленне і развіццё прававой школы Беларускага дзяржаўнага універсітэта // Веснік БДУ. Серыя 3: Гіст. Філас. Псіхал. Паліт. Сацыял. Экан. Права. – 2006. – № 3. – Стар. 118-127.
  • Максимова Л.П. Alma mater юристов Беларуси: История и современность юридического факультета Белорусского государственного университета. – Мн.: Изд-во «Право и экономика», 2001. – 171 с.
  • А. Мінаўка. Беларускі Дзяржаўны Універсітэт: Агульнае мовазнаўства. Мн., 1999.

Спасылкі