Венгерскае паўстанне, 1956

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Венгерскае паўстанне 1956
Халодная вайна
Дата 23 кастрычніка10 лістапада 1956
Месца Венгерская Народная Рэспубліка
Вынік Паўстанне падаўленае
Cупраціўнікі
Сцяг СССР СССР
Сцяг Венгрыі (1949 – 1956) Упраўленне дзяржаўнай бяспекі
Сцяг Венгерскага паўстання 1956 Венгерскія паўстанцы
Камандуючыя
Сцяг СССР Іван Конеў Сцяг Венгерскага паўстання 1956 Імрэ Надзь
Сцяг Венгерскага паўстання 1956 Пал Малетэр
Сілы бакоў
31.550 салдат,
1.130 танкаў
невядома
Ваенныя страты
Страты СССР:
722 забітых,
1.251 параненых
2,5 тыс. забіта,
13 тыс. паранена

Венгерскае паўстанне 1956 года, таксама вядомае як Венгерская рэвалюцыя 1956 года — узброеныя выступленні і палітычныя змяненні ў Венгрыі, якія пачаліся 23 кастрычніка 1956 і былі скіраваныя супраць таталітарнага камуністычнага кіраўніцтва і савецкай ваеннай прысутнасці ў Венгрыі.

Заканчэнне гэтага паўстання (рэвалюцыі) звычайна звязваюць з савецкім узброеным умяшаннем 4 лістапада, якое фармальна адбылося на просьбу альтэрнатыўнага ўрада Венгрыі. Асобныя спробы ўзброенага супраціўлення паўстанцаў працягваліся да 28 лістапада.

Падаўленне венгерскага паўстання выявіла цвёрды намер савецкага кіраўніцтва захоўваць жорсткі палітычны кантроль над краінамі сацыялістычнага блоку, незалежна ад памкненняў іх народаў, і было адмоўна ўспрынята прыхільнікамі камуністычнай ідэалогіі на Захадзе, выклікаючы сярод іх г.зв. «крызіс свядомасці», і азначаючы, разам з XX з'ездам КПСС, пачатак разбурэння камуністычнай сістэмы. Разам з берлінскімі падзеямі 1953 года, венгерскае паўстанне азначыла паварот сусветнага ўспрыймання СССР і Савецкай арміі ад вобразу вызваліцеляў Еўропы да вобразу яе акупантаў.

Асноўныя падзеі[правіць | правіць зыходнік]

23 кастрычніка, аўторак[правіць | правіць зыходнік]

Напружанасць грамадска-палітычнай сітуацыі ў Венгрыі павялічвалася з лета 1956 (гл. гісторыя Венгрыі 1953—1956). Масавая дэманстрацыя ў Будапешце, прызначаная на 23 кастрычніка, мірна пачалася ўдзень, але пад вечар набыла ваяўнічы характар і перарасла ва ўзброеныя выступленні (гл. першы дзень венгерскай рэвалюцыі, аб падрыхтаванасці паўстання). Падобныя падзеі адбыліся 23 кастрычніка і ў іншых вялікіх гарадах Венгрыі (Секешфехервар, Шопрань, Дэбрэцэн, Мад'яровар, Веспрэм). Венгерскае камуністычнае кіраўніцтва, якое яшчэ з раніцы бачыла небяспечны для сябе кірунак падзей, а ўвечары пераканалася ў недастатковасці ўласных сіл, зрабіла кадравыя змяненні (найперш, прызначаючы Імрэ Надзя старшынёй ураду) і звярнулася да савецкага кіраўніцтва па ваенную дапамогу для падаўлення паўстання (гл. аб звароце па ваенную дапамогу, савецкая пазіцыя 23-га, Асобы корпус, аперацыя Хваля). У ноч на 24 кастрычніка ў Будапешт пачалі ўваходзіць савецкія часткі з Венгрыі, а з СССР і Румыніі ў Венгрыю высылаліся дадатковыя сілы.

24 кастрычніка, серада[правіць | правіць зыходнік]

На працягу 24 кастрычніка ў Будапешце вяліся вулічныя баі, у якіх з атрадамі апазіцыі змагаліся савецкія і венгерскія войскі, у тым ліку ўнутраныя (АВХ); значная доля венгерскай арміі і амаль уся паліцыя занялі пасіўную, чакальную пазіцыю (гл. баявыя дзеянні 24-га). На прадпрыемствах ствараліся рабочыя саветы, але венгерская кам. партыя працягвала паводзіць сябе пасіўна (гл. пазіцыя венгерскага кіраўніцтва 23-га). Днём 24-га ў Будапешт прыбылі савецкія прадстаўнікі — члены Прэзідыума ЦК КПСС Мікаян, Суслаў, старшыня КДБ СССР Сяроў, нам. нач. ген. штаба ген. арміі Малінін (магчыма, што Малінін ужо быў у Будапешце на гэты момант[1]). Яны абмяркоўвалі з новым кіраўніцтвам пытанні кадравых змяненняў, дзеянняў супраць «падбухторнікаў і арганізатараў хваляванняў»

На канец дня перавага ў сілах дазволіла савецкім і венгерскім урадавым войскам ліквідаваць асноўныя пункты супраціўлення (гл. баявыя дзеянні 24-га), а прызначэнне Надзя прэм'ер-міністрам задаволіла адно з асноўных народных патрабаванняў 23 кастрычніка. Савецкія прадстаўнікі 24-га паведамлялі ў Маскву, што венгерскія кіраўнікі «перабольшваюць небяспеку з боку варожых сіл і недаацэньваюць уласныя магчымасці».[2][3] Наогул, становішча на пачатак 25.10.1956 паказвала пэўнае супакаенне настрояў[4]. Ноч на 25-е прайшла адносна спакойна; паўстанскія групы разыходзіліся па дамах, а толькі некаторыя заставаліся на барыкадах. У гэты момант было падобна, што паўстанне на гэтым і скончыцца.[5] У 5:38 25-га па радыё быў абвешчаны заклік да грамадзян вярнуцца да працы[6][7].

25 кастрычніка, чацвер[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 25 кастрычніка ход падзей быў рэзка павернуты. Была расстраляна мірная дэманстрацыя каля будынку Парламенту, што ўвайшло ў гісторыю як «Крывавы чацвер». Расстрэл здарыўся ў таямнічых акалічнасцях (гл. аб расстрэле 25 кастрычніка), але адразу быў прыпісаны службе бяспекі (АВХ); абурэнне людзей не толькі стала прычынай рэзкай актывізацыі дзеянняў і пашырэння радоў паўстанцаў, але і знішчыла раней выпрацаваныя магчымасці палітычнага кампрамісу і пахіснула настрой венгерскай арміі[6][8]. З 25-га па ўсёй краіне пачалі сістэматычна адбывацца антыўрадавыя дэманстрацыі, антысавецкія і антысеміцкія пагромы і ўзброеныя выступленні (гл. антысемітызм у час паўстання); ствараліся альтэрнатыўныя органы ўлады — рэвалюцыйныя і нацыянальныя саветы, рэгіянальныя ўрады (гл. аб мясцовых органах улады).

26 кастрычніка, пятніца[правіць | правіць зыходнік]

26 кастрычніка Надзь і яго паплечнікі ўзялі курс на чыста палітычныя спосабы выхаду з крызісу, што было ўзгоднена з савецкімі прадстаўнікамі ў Будапешце; венг. кам. партыя рэарганізавала сваё кіраўніцтва і спрабавала вярнуць народныя масы пад свой кантроль. Ваенныя дзеянні ў Будапешце ў цэлым страцілі інтэнсіўнасць і засяродзіліся вакол некалькіх апорных пунктаў паўстанцаў (казармы Кіліяна, кінатэатр «Корвін» і інш.). Тымчасам у правінцыі пашыраліся апазіцыйныя выступленні, а ў некаторых значных гарадах 26-га адбыўся ўзброены захоп улады паўстанцамі (Мад'яровар, Мішкальц і інш.). Была абвешчана ўсеагульная забастоўка.

27 кастрычніка, субота[правіць | правіць зыходнік]

27 кастрычніка Надзь сфарміраваў новы склад ураду, у які — на асабістай, а не партыйнай, падставе — ўвайшлі прадстаўнікі некамуністычных партый (Цільдзі, Ковач, Эрдэі), і з якога былі выведзены некаторыя прадстаўнікі камуністычнай «жорсткай лініі». Але на той час Надзь і сам пачаў траціць аўтарытэт у народзе, а сярод апазіцыйных сіл пашыраліся больш радыкальныя патрабаванні. У Будапешце баі невялікай інтэнсіўнасці вяліся паасобнымі паўстанскімі групамі, але ў правінцыі на працягу 27 – 28 кастрычніка была амаль цалкам знішчаная ранейшая сістэма ўлады; у некалькіх гарадах з турмаў былі выпушчаныя некалькі тысяч зняволеных, як палітычных, так і крымінальных.

28 кастрычніка, нядзеля[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 28 кастрычніка Надзь дамогся адступлення венгерскіх і савецкіх войскаў, якія рыхтавалі аперацыю па канчатковым падаўленні паўстання ў Будапешце, пазней атрымаў згоду венг. кам. партыі на змяненне афіцыйнай ацэнкі паўстання, а ўвечары абвясціў «перамогу рэвалюцыі» і абвясціў праграму «вялікага дэмакратычнага, нацыянальнага, народнага руху, мэта якога — забяспечыць нацыянальную незалежнасць і суверэнітэт краіны, развіццё дэмакратыі ва ўсіх сферах жыцця». Было абвешчана аб амністыі і пачатку перагавораў з паўстанцамі, аб будучым роспуску АВХ «пасля аднаўлення парадку»[9] і аб стварэнні Рэвалюцыйнага савета абароны, а таксама аб тым, што ўрад дамовіўся з урадам СССР аб неадкладным вывадзе савецкіх свойскаў з Будапешта.[3] Працоўных заклікалі спыніць забастоўку[10]. На 28-е старыя органы ўлады ў краіне амаль цалкам распаліся, і амаль па ўсёй краіне пачалі дзейнічаць новыя органы ўлады. Мяжа з Аўстрыяй была адкрытая ў абодва бакі, а заходняя Венгрыя была фактычна ў руках паўстанцаў. Дзейнасць камуністычнай партыі фактычна абмяжоўвалася функцыянаваннем яе Цэнтральнага камітэта. Савецкія войскі пачалі выходзіць з баявога сутыкнення ў чаканні загадаў[4].

З даручэння ЦК венгерскай кампартыі асобныя члены Ваеннага камітэта супольна з афіцэрамі Венгерскай арміі планавалі на ноч на 29-е тымчасовае перайманне ўлады арміяй; камандаванне ў ваенных частках павінны былі ўзяць ваенныя камісары. Пасля аднаўлення парадку і ліквідацыі паўстанскіх узброеных сіл павінен быў быць сфарміраваны новы ўрад. Але гэты план не быў ажыццёўлены.[11] (гл. савецкая пазіцыя 28-га).

29 кастрычніка, панядзелак[правіць | правіць зыходнік]

29 кастрычніка была абвешчана (17:00) ліквідацыя АВХ[9], у сувязі з тым, што Міністр унутраных спраў пачаў 28-га арганізацыю «новай, дэмакратычнай» паліцыі[9]. У адпаведнасці з умовамі амністыі, паўстанцы пачалі складваць зброю[1]. Армія і паліцыя былі распушчаныя, і Кіраі, былы генерал войска Хорці, стаў начальнікам Рэвалюцыйнага камітэта падтрымання парадку і заняўся арганізацыяй Нацыянальнай гвардыі. Міністрам абароны яшчэ раней, з наданнем чыну ген.-лейтэнанта, стаў палкоўнік Малетэр, які з 25-га ваяваў на баку паўстанцаў. Вечарам 29-га, як паведамлялі савецкія прадстаўнікі, паўстанцы пачалі падрыхтоўку да масавых распраў над супрацоўнікамі АВХ і іх сем'ямі[12]. На працягу 29 — 30 кастрычніка савецкія войскі выходзілі з Будапешта[2], але па выйсці яны займалі або бралі пад кантроль асноўныя грамадзянскія аэрапорты Венгрыі[9]; вывад савецкіх войскаў з Венгрыі быў нязначным.

30 кастрычніка, аўторак[правіць | правіць зыходнік]

Савецкія прадстаўнікі ў Будапешце паведамлялі раніцай 30-га, што ліквідацыя паўстання толькі венгерскімі сіламі амаль выключана, бо венгерская армія заняла чакальную пазіцыю, а адносіны венгерскіх ваенных з савецкімі «далей пагоршыліся», і ранейшага даверу з боку венграў няма. Прадстаўнікі прапаноўвалі тымчасова спыніць увод новых савецкіх войскаў у Венгрыю, але нарошчваць іх групіроўку на венгерскай мяжы з тым, каб мець магчымасць аператыўна ўмяшацца ў падзеі.[1] Савецкае кіраўніцтва, зважаючы на непаспяховасць узброенага развязання крызісу і на падзеі ў іншых краінах сацыялістычнага блоку і крытыку сусветнай супольнасці, прыняло пастанову аб вывадзе войскаў з Будапешта і новых прынцыпах узаемаадносін з краінамі сацыялістычнага блоку (гл. савецкая пазіцыя 30 кастрычніка) «толькі на прынцыпах поўнага раўнапраўя, павагі да тэрытарыяльнай цэльнасці, дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту, неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго».[3] Гэтая дэкларацыя магла радыкальна змяніць сітуацыю ў свеце, што было адразу зразумета амерыканскім кіраўніцтвам — як адзін з магчымых крокаў у адказ там разглядаўся вывад амерыканскіх войскаў з Заходняй Германіі.[13]

30 кастрычніка каля 14:00 пачаўся выхад асноўных сіл савецкіх войскаў з Будапешта. У гэты самы дзень быў пачаты вываз паветрам сем'яў савецкіх ваенных і цывільных асоб у Венгрыі[9].

У Венгрыі яшчэ раніцай 30-га набылі масавы характар расправы з камуністамі, супрацоўнікамі АВХ, прадстаўнікамі органаў улады і інш. Палітычна ненадзейныя работнікі звальняліся з прадпрыемстваў і ўстаноў. Многія кіраўнікі мясцовых органаў улады, афіцэры, камуністы былі арыштаваныя (каля 3 тыс. чал.[11]). Паведамляецца, што былі складзеныя і расстрэльныя спісы на каля 10 тыс. чал.[11] Быў узяты штурмам будынак Будапешцкага гарадскога камітэта кам. партыі, ахоўнікі са складу войскаў АВХ здаліся і былі забіты[8].

Удзень (14:28) Надзь абвясціў аб скасаванні ўрадам, у згодзе з кіраўніцтвам кампартыі, аднапартыйнай сістэмы, і аб стварэнні, у адпаведнасці з гэтым, вузкага кабінету ў складзе ўраду, куды павінны былі ўвайсці прадстаўнікі адноўленых партый з часоў кааліцыйнага ўрада 1945 – 1948.[9] У сваёй прамове Надзь ані разу не ўжыў словаў «камуністычны» ці «сацыялістычны», а будучую Венгрыю называў «свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай»; абвясціў, што новыя мясцовыя саветы і камітэты адэкватна забяспечваюць грамадскі парадак[4], прызнаў іх існаванне і ўхваліў іх уключэнне ў сістэму ўлады[11]; Кадар паведаміў аб поўнай згодзе кіраўніцтва кампартыі на гэтыя змяненні, «каб пазбегнуць далейшага праліцця крыві»[9].[9]

Нанова арганізоўваліся традыцыйныя палітычныя партыі (такія як Партыя дробных гаспадароў, Сацыял-дэмакратычная партыя і Партыя Пецёфі, колішняя Сялянская), і ствараліся новыя.[10] 30 кастрычніка быў арганізаваны Задунайскі нацыянальны савет у Д'ёры, з яўна выражанай мэтай націску на ўрад дзеля задавальнення больш радыкальных патрабаванняў. Пачаткова гэты ўрад абвясціў, што не прызнае цэнтральнага ўрада Надзя і павёў курс на аддзяленне Заходняй Венгрыі (гл. Дунантул).[10][11]

31 кастрычніка, серада[правіць | правіць зыходнік]

Было абвешчанае аднаўленне забароненых палітычных партый і зацверджаны новы склад ураду Надзя (абвешчаны 30-га). У яго ўвайшлі, апроч камуністаў, прадстаўнікі легалізаваных і адноўленых партый з часоў кааліцыі 1945 – 1948 — сацыял-дэмакратычнай, дробных сельскіх гаспадароў, нацыянал-сялянскай. У складзе ўраду быў выдзелены кааліцыйны «малы кабінет» з прадстаўнікоў 5 партый, на падабенства кааліцыйнага ўрада, створанага ў 1945. Гэты кабінет павінен быў кіраваць краінай да часу новых выбараў. Венгерская партыя працы (камуністычная), якая на той час фактычна распалася, была распушчаная, а замест яе была створаная Венгерская сацыялістычная рабочая партыя на чале з Кадарам, які ў праграмнай прамове (1.11.1956) абвясціў, што новая партыя будзе бараніць справу дэмакратыі і сацыялізму з улікам асаблівасцей краіны, і заклікаў венгерскі народ падтрымаць намаганні ўраду па кансалідацыі грамадства.[3] Удзень Надзь абвясціў сабраным перад Парламентам людзям, што «Венгрыя здымае з сябе абавязкі па Варшаўскім дагаворы»; газета «Мад'яр сабадшаг» паведаміла пра гэта 1 лістапада.

У той самы дзень пад уплывам падзей у Венгрыі і свеце 30 — пач. 31 кастрычніка цалкам змянілася савецкая пазіцыя адносна венгерскіх падзей (гл. савецкая пазіцыя 31 кастрычніка), хаця савецкая прэса 31 кастрычніка і выйшла з тэкстамі пастановы 30 кастрычніка і «Дэкларацыі ўзаемаадносін»; было пастаноўлена аб маштабным выкарыстанні ваеннай сілы супраць «контр-рэвалюцыйных сіл у Венгрыі» і аб правядзенні кансультацый з кіраўніцтвам краін сацыялістычнага блоку, а Міністр абароны СССР Жукаў атрымаў указанне аб распрацоўцы адпаведнага плану мерапрыемстваў пад кодавай назвай «Віхар»[3]; са свайго боку, эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе (гл. аперацыя «Маскацір») панізіла сусветную ўвагу да падзей у Венгрыі.

Пасля пастановы аб другім умяшанні новыя савецкія войскі ізноў пачалі ўваходзіць на тэрыторыю Венгрыі, а раней размешчаныя — манеўравалі па краіне, займаючы стратэгічныя пункты, адсякаючы мяжу з Аўстрыяй і абкружаючы Будапешт[14]. Ані венгерская армія, ані паўстанскія сілы не перашкаджалі ім у гэтым; былі асобныя і малаэфектыўныя спробы з боку паўстанцаў стварыць замінкі руху савецкіх сіл у большых населеных пунктах[15].

1 лістапада, чацвер[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 1-га Надзь пераняў кіраванне замежнымі справамі і паведаміў савецкаму паслу, што новыя савецкія войскі ўвайшлі ў Венгрыю, і што гэта парушае Варшаўскі дагавор, і што венгерскі ўрад скасуе гэты дагавор, калі падмацаванні не будуць адкліканыя. Савецкі пасол патлумачыў увод войскаў заменай частак, што былі ў баях, а таксама абаронай савецкіх грамадзян у Венгрыі, і прапанаваў венгерскаму боку стварыць дзве дэлегацыі (палітычную і тэхнічную) для абмеркавання частковага вываду савецкіх войскаў.[9]

Каля 14 гадз. Надзь паведаміў савецкаму паслу, што на працягу апошніх трох гадзін мяжу перайшлі новыя савецкія часткі, і што Венгрыя выходзіць з Варшаўскага дагавору адразу ж. Каля 16 гадз. Савет міністраў ухваліў гэты крок Надзя і прыняў Дэкларацыю нейтральнасці Венгрыі, і праінфармаваў савецкага пасла аб гэтым каля 17 гадз. Пасля гэтага ўрад распаўсюдзіў гэту інфармацыю ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы і звярнуўся да Генеральнага сакратара ААН Д. Хамаршылда (у 12:27 вашынгт. часу/17:27 венгерскага) з просьбай разгледзець на будучай Генеральнай асамблеі ААН пытанне нейтральнасці Венгрыі і гарантый яе бяспекі з боку чатырох вялікіх дзяржаў. Дэкларацыя нейтральнасці была абвешчаная па радыё ў 19:45.[9]

На думку некаторых аўтараў, такія крокі Надзя былі апошняй спробай адхіліць наспявалае савецкае ваеннае ўмяшанне[14]. З іншага боку, паводзіны Надзя ў дачыненні да савецкага боку апісваюцца як нерашучыя[1]. Ранейшая думка гісторыкаў, што менавіта абвяшчэнне Надзем 1 лістапада выхаду Венгрыі з Варшаўскага дагавору справакавала другое савецкае ўмяшанне, не пацверджваецца адкрытымі пазней дакументамі; наадварот, менавіта рух савецкіх войскаў перад другім умяшаннем стаў прычынай гэтага абвяшчэння[1]. На думку тагачаснага амерыканскага кіраўніцтва, Надзь на той час «пацярпеў крах» і паўстанцы патрабавалі яго сыходу; пажаданую замену Надзю ў якасці «лідара нацыі» ЗША бачылі ў асобе кардынала Міндсенці, які быў у тыя дні вызвалены з хатняга арышту[16]. Фактычна, дзеянні ўраду Надзя на працягу 29.10—1.11.1956 азначалі поўную перамогу рэвалюцыі; адзіным невыкананым радыкальным патрабаваннем заставаўся вывад савецкіх войскаў з Венгрыі[10].

З 1 лістапада пачалося масавае вызваленне зняволеных, сярод якіх былі як палітычныя, так і звычайныя злачынцы. За 1 – 3 лістапада былі выпушчаны каля 17 тыс. зняволеных, з іх за 1-е — 812 палітычных з цэнтральнай турмы. Працягваліся расправы над супрацоўнікамі і даўніманымі супрацоўнікамі АВХ, а сярод членаў камуністычнай і нават сацыял-дэмакратычнай партый распаўсюджваўся страх масавага пагрому. Кадар выступіў па радыё ў 21:50 як старшыня ўстаноўчага камітэта новай кампартыі, і заклікаў грамадства да змагання, каб «адхіліць небяспеку замежнай інтэрвенцыі»[9]. У гэты ж вечар два міністры ўраду Надзя, Кадар і Мюніх, былі патаемна запрошаныя ў савецкае пасольства ўвечары 1-га (каля 22 гадз.). Пасля размовы з паслом Андропавым іх перавезлі на савецкую ваенную базу, і раніцай 2-га вывезлі самалётам у Маскву[13].

2 лістапада, пятніца[правіць | правіць зыходнік]

Савецкія войскі замкнулі кальцо абкружэння вакол Будапешта. Урад Надзя звярнуўся з новымі пратэстамі да савецкага пасла і ў ААН. Але нават пасля свайго другога звароту ў ААН (2.11.1956) Надзь спрабаваў дасягнуць кампрамісу з савецкім бокам. Так, у першыя дні лістапада ён выклікаў паслоў сацыялістычных краін, а найперш — савецкага пасла Андропава, і спраў пераканаць іх у правільнасці сваёй палітыкі. У размовах з Андропавым Надзь прапаноўваў адклікаць свой зварот у ААН узамен за савецкае абяцанне адмовіцца ад якога-небудзь ваеннага ўмяшання; таксама ён беспаспяхова прапаноўваў савецкім кіраўнікам, як сам, так і праз румынскую партыйную дэлегацыю (3-га), правесці сустрэчу на найвышэйшым узроўні.[14]

У 16:05 радыё абвясціла пра змяненні ва ўрадзе, з якога будуць выдаленыя «здраднікі народа». Пазней было абвечшана, што з школаў адклікаюцца ўсе падручнікі гісторыі, спыняецца абавязковае навучанне рускай мовы і навучанне савецкай літаратуры, школа Максіма Горкага закрываецца<. Урад заклікаў супрацоўнікаў былой службы АВХ звяртацца да ўладаў дзеля правядзення чысткі[9]. 2 лістапада Задунайскі нацыянальны савет запэўніў урад Надзя аб сваёй падтрымцы[11], а цалкам падобны Нацыянальны савет Паўночнай і Усходняй Венгрыі быў створаны[10]. Рабіліся намаганні стварыць агульнавенгерскі Нацыянальны савет, які б выконваў ролю Парламента да свабодных выбараў[10]. Кіраўніцтва радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» атрымала загад аказваць новаму ўраду Надзя дапамогу і спыніць асабістыя нападкі на Надзя[11].

Савецкае кіраўніцтва ў першыя дні лістапада правяло перагаворы з кіраўніцтвамі краін Усходняга блоку — Польшчы (1-га ў Брэсце), Балгарыі, Румыніі і Чэхаславакіі (2-га ў Бухарэсце). На гэты час развіццё падзей у Венгрыі пачало выклікаць неспакой у камуністычных кіраўніцтвах гэтых краін, і таму яны не толькі падтрымалі савецкі намер ваеннага ўмяшання, але і прапанавалі ваенную падтрымку — Чэхаславакія «ў выпадку патрэбы», Румынія — «ахвотна».[14] Падтрымалі гэты намер і Югаславія (2–3-га) і Кітай. На працягу 2 – 3 лістапада ў Маскве пад кіраўніцтвам беглых членаў ураду Надзя фарміраваўся новы ўрад для Венгрыі[13].

3 лістапада, субота[правіць | правіць зыходнік]

У Венгрыі працягвалася ажыццяўленне новага палітычнага курсу. Быў арыштаваны Д'юла Алапі, дзяржаўны пракурор на працэсе кардынала Міндсенці (1948)[17]; супрацоўнікі АВХ пачалі з'яўляцца ў камісіях улады дзеля правядзення над імі чысткі[9]. К. Бела ачоліў «васьмёрку» падпалкоўнікаў і палкоўнікаў паліцыі і арміі, якія перайшлі на бок паўстанцаў[16].

У Маскве 3 лістапада праходзіла паседжанне, на якім савецкія кіраўнікі разам з Кадарам планавалі дзеянні па ліквідацыі венгерскага паўстання[14] (таксама: пазіцыя СССР 31-га). Быў сфарміраваны альтэрнатыўны Венгерскі рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад на чале з Кадарам (гл. фарміраванне ўраду Кадара), які ў гэты самы дзень прыбыў у савецкую стаўку ў г. Солнак[3].

У 13:30 праз радыё было абвешчана аб стварэнні новага складу ўраду на чале з Надзем. У складзе ўраду былі прадстаўнікі 4 галоўных партый, але міністэрскія партфелі атрымалі толькі Надзь, які сумяшчаў старшынёўства з пасадай Міністра замежных спраў, і Малетэр — Міністр абароны (Гл. таксама: урад 3 лістапада).[9]

Удзень перагаворы аб частковым вывадзе савецкіх войскаў з Венгрыі пачалі набліжацца, як тады здавалася, да паспяховага заканчэння. Але ўвечары, каля 22 гадз., венгерская дэлегацыя на чале з Малетэрам, Міністрам абароны, і Ковачам, начальнікам генштаба, была захопленая савецкімі спецслужбамі.[9] Урад Надзя не загадваў адкрываць агонь супраць савецкіх войскаў ані пасля разрыву сувязі са сваёй дэлегацыяй, ані пасля атрымання вестак пра стварэнне ўраду Кадара, ані пасля паведамленняў у ноч на 4-е пра паступовае прасоўванне савецкіх войскаў і заняцце імі стратэгічных аб'ектаў[9].

4 лістапада, нядзеля[правіць | правіць зыходнік]

У 4:15Час? венг. часу савецкія войскі пачалі аперацыю «Віхар» па падаўленні венгерскай рэвалюцыі. Фармальным повадам для савецкага ўмяшання стаў зварот Рабоча-сялянскага ўрада Венгрыі пад кіраўніцтвам Кадара (гл. фарміраванне ўраду Кадара), які знаходзіўся з 4 лістапада ў савецкай стаўцы ў г.Сольнак і аб стварэнні якога было абвешчана праз сольнакскае радыё ў 5:05 4 лістапада. Урад Надзя быў абвешчаны скінутым[16].[9]

Урад Надзя ў 5:20 заклікаў прад радыё народ змагацца «з акупацыйнымі войскамі і марыянетачным урадам», а ў 6 гадз. Надзь разам з некаторымі паплечнікамі скарыстаўся палітычным прытулкам у югаслаўскім пасольстве, што было яму прапанавана югаслаўскім бокам (паводле ранейшай патаемнай савецка-югаслаўскай дамоўленасці — гл. пазіцыя Югаславіі 2-га, захоп ураду Надзя)[1]. Апошні радыёзварот ураду Надзя, неўзабаве пасля 8 гадз., заклікаў «пісьменнікаў і вучоных свету дапамагчы народу Венгрыі».[9]

Знаходзячыся ў югаслаўскім пасольстве, урад Надзя катэгарычна адмовіўся складваць свае паўнамоцтвы, і ўрад Кадара, такім чынам, не толькі апынуўся ў палітычнай ізаляцыі[13], але і трапіў у сітуацыю дзвюхуладдзя[13]. У Будапешт урад Кадара прыбыў 7 лістапада і быў прыведзены да прысягі ў той самы дзеньШаблон:Праверыць (Гл. таксама пазіцыя Надзя пасля 4-га). ААН на надзвычайным паседжанні Генеральнай асамблеі 4 лістапада прыняў рэзалюцыю, якая асуджала «неразборлівую жорсткасць» войскаў СССР у Венгрыі і патрабавала іх вываду з краіны (гл. пазіцыя ААН 4-га)[18].

Венгерская армія амаль не чыніла супраціўлення і была раззброеная ў месцах дыслакацыі ў першыя гадзіны ваенных дзеянняў[16]. Да канца дня савецкія войскі зламілі супраціўленне Нацыянальнай гвардыі і паўстанскіх груп і ў цэлым авалодалі сітуацыяй па ўсёй тэрыторыі Венгрыі. Баі ў асобных раёнах і населеных пунктах працягваліся да 11 лістапада (раён Чэпель) і нават да 15 лістапада (горад Сталінвараш). Асобныя паўстанскія групы, якія паспрабавалі перайсці да партызанскіх дзеянняў, існавалі да канца лістападаШаблон:Праверыць.

Адразу пасля сканчэння актыўных баявых дзеянняў савецкія спецслужбы і венгерскія, нанова арганізаваныя, спецслужбы пачалі пошукі і карныя дзеянні супраць актыўных удзельнікаў паўстання, пасіўных праціўленцаў і інш. (гл. рэпрэсіі ў Венгрыі, 1956-1958) З Венгрыі праз адкрытую мяжу з Аўстрыяй уцякло больш з 190 тысяч людзей (малая іх частка вярнулася назад).


Пазіцыя венгерскага кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

23 кастрычніка, аўторак[правіць | правіць зыходнік]

Зварот па савецкую дапамогу[правіць | правіць зыходнік]

Да часу адкрыцця архіваў у канцы 1980-х — пач. 1990-х гг. зварот аб уводзе савецкіх войскаў часта прыпісваўся Надзю, але менавіта Геро, у сваёй тэлефоннай размове з Хрушчовым, фактычна звярнуўся па савецкую ваенную дапамогу.

Наогул, акалічнасці першага ўводу савецкіх войскаў застаюцца не цалкам высветленымі. Вядома, што спачатку Геро, які тэрмінова вярнуўся ў той дзень з Югаславіі, выклікаў да сябе савецкага ваеннага аташэ з просьбай аб ваеннай дапамозе[6] (каля 19:00?Час?[4]). Пазней савецкі пасол Андропаў самастойна, на падставе гэтай просьбы, паспрабаваў дамагчыся ваеннага ўмяшання ад камандзіра Асобага корпуса Лашчанкі, але той адмовіўся, спасылаючыся на неабходнасць прамога загаду з Масквы[6]. У сваю чаргу, савецкае кіраўніцтва не магло дзейнічаць, не атрымаўшы фармальнага звароту ад венгерскага кіраўніцтва[6]. Хрушчоў у тэл. размове з Геро (ужо пасля выкліку савецкага аташэ) запрасіў таго на надзвычайную сустрэчу ў Маскве 24-га, але Геро адмовіўся, матывуючы тым, што сітуацыя занадта сур'ёзная, але не кажучы нічога пра свой ранейшы зварот па дапамогу да сав. аташэ[6]. Пасля гэтага ў Маскву званіў пасол Андропаў і паведамляў аб венгерскай сітуацыі[6]. Толькі пасля гэтага, ужо ў час паседжання Палітбюро ЦК КПСС[13] (паміж 22:00 і 23:00 маск.часу), Хрушчоў ізноў пазваніў Геро і паведаміў таму, што зварот будзе задаволены, але толькі калі ён будзе ў пісьмовай форме[6]. Геро адмовіўся, апраўдваючыся тым, што няма часу збіраць паседжанне.[6] Тады Хрушчоў і Геро дамовіліся так, што дакумент будзе прысланы прэм'ер-міністрам Хегедзюшам пазней[3], хоць савецкія кіраўнікі яшчэ тады палічылі гэтае абяцанне Геро «невыразным»[13]. Часам такія паводзіны Геро тлумачаць «адцягваннем часу»[11][19], з-за чаго, дзей, Хрушчоў і загадаў у 21 гадз. венг. часу (23 гадз. маск. часу) пачынаць аперацыю, не дачакаўшыся фармальнага звароту[19].

Раніцай 24-га, калі савецкія войскі ўжо ўваходзілі ў Буапешт, Надзь адмовіўся падпісваць зварот ураду па савецкую ваенную дапамогу, і яго падпісаў, пост-фактум, былы прэм'ер-міністр Хегедзюш. Гэты дакумент з датай 24.10.1956 трапіў у Маскву толькі праз некалькі дзён, калі пытанне пра ўмяшанне СССР ва ўнутраныя справы Венгрыі ўжо стаяла на парадку дня Савета бяспекі ААН[3]

Вечарам 23-га ў Маскве, паміж 22:00 і 23:00 маск. часу (20:00 і 21:00 венг. часу), на паседжанні Палітбюро ЦК КПСС, прысвечаным венгерскім падзеям, слухалі міністра абароны Жукава, які паведаміў, што ў Будапешце масавыя дэманстрацыі, падпаленая радыёстанцыя, у Дэбрэцэне занятыя будынкі абласнога камітэта кампартыі і міністэрства ўнутраных спраў. Пры адным голасе супраць (Мікаян) палітбюро пастанавіла ажыццявіць ваенную дапамогу венгерскім уладам і вярнуць да палітычнай дзейнасці Надзя.[2]

Паседжанне кіраўнікоў венгерскай кампартыі каля 21:00 — 21:30 венг. часуЧас?, якое абмяркоўвала патрэбнасць савецкага ваеннага ўмяшання, адбывалася, фактычна, пасля просьбы Геро. Але абмеркаванне паказала, што ў вярхах венг. кам. партыі няма цвёрдай надзеі на венгерскую армію, а выкарыстанне АВХ, ненавіснага народа, можа толькі пагоршыць сітуацыю. Рашучае ўмяшанне савецкага войска бачылася венгерскаму кіраўніцтву як рэалістычны спосаб хутка пакласці канец беспарадкам — як у Берліне ў 1953 годзе. У выніку, ніхто з кіраўнікоў не выступіў супраць, калі Геро паведаміў, што ён «ужо загадаў савецкім войскам ісці ў Будапешт».[6][7]

У ноч з 23 на 24 кастрычніка пленум ЦК венг. кампартыі выбраў новае палітбюро, стварыў новы склад ураду на чале з Надзем і склаў афіцыйны зварот да СССР па ваенную дапамогу. Але раніцай 24-га, калі савецкія войскі ўжо ўваходзілі ў Будапешт, Надзь адмовіўся падпісваць такі зварот, і яго падпісаў былы прэм'ер Хегедзюш, пост-фактум і, насамрэч, ужо не маючы належных паўнамоцтваў. Гэты дакумент з датай 24.10.1956 трапіў у Маскву ў шыфр-тэлеграме савецкага пасла Андропава толькі 28.10.1956, калі пытанне пра ўмяшанне СССР ва ўнутраныя справы Венгрыі ўжо стаяла на парадку дня Савета бяспекі ААН[3]

Пленум ЦК венгерскай кампартыі[правіць | правіць зыходнік]

Пазіцыя венгерскага кіраўніцтва ад самага пачатку падзей была нерашучай. Так, Геро і яго паплечнікі ўвечары 23-га адцягвалі скліканне пленуму ЦК венг. кампартыі (радыё паведамляла ў 19:30 аб скліканні пленуму 31-га, у 20:30 — праз некалькі дзён). Але пад націскам падзей пленум быў сабраны неадкладна, каля 23 гадз. 23 кастрычніка (радыёабвестка аб неадкладным скліканні была агучаная ў 22:22).[11]

На думку савецкіх гісторыкаў, кіраўніцтва венгерскай кампартыі ў той момант успрыймала выступленні як арганізаваныя і ажыццяўляныя буйнымі сіламі, а таксама бачыла, што на некаторых ключавых пастах у арміі і паліцыі выявіліся тыя, хто ўзяў бок паўстанцаў. Гэта і называлася ў савецкай гістарыяграфіі прычынай звароту ЦК венг. кампартыі да СССР па ваенную дапамогу ў ліквідацыі паўстання, супраць якога не выступіў ніхто, у т.л. і Надзь з паплечнікамі.[11] У навейшы час дадаткова высветлілася, што рэальная дамоўленасць аб савецкім умяшанні была дасягнутая раней, а на пленуме толькі была пацверджаная пост-фактум (гл. падрабязней).

Імрэ Надзь і некаторыя іншыя члены колішняй «партыйнай апазіцыі» былі запрошаныя на пленум. У інтарэсах «забеспячэння самага шырокага адзінства дзеля падаўлення контррэвалюцыі» група Надзя была ўведзена ў склад ЦК, які пашырылі колькасна адмыслова дзеля гэтага. Надзь быў рэкамендаваны на пасаду прэм'ер-міністра.[11]

Са складу ЦК быў выбраны Ваенны камітэт з задачай «мабілізацыі армейскіх частак на абарону грамадскай бяспекі, узбраення камуністаў, рабочых, забеспячэнне ўзаемадзеяння паміж венгерскімі і савецкімі часткамі». Было выбранае новае палітбюро ЦК, але Геро быў пакінуты на пасадзе першага сакратара ЦК венг. кампартыі.[11]

Адзначаецца, што змяненні ў венгерскім партыйным кіраўніцтве былі зробленыя без кансультацыі з КПСС[12]. У прызначэнні Надзя на пасаду кіраўніка ўраду некаторыя аўтары бачаць інтрыгу кіраўніка венг. кам. партыі Геро, які такім чынам даваў Надзю магчымасць зрабіць палітычна неасцярожны крок, каб магчы тады расправіцца з папулярным партыйным апазіцыянерам[1]. Гэта ж разумеў і Надзь, чым тлумачыцца яго скрайняя асцярожнасць у першыя дні паўстання[1].

Па-за ўхваленнем звароту да СССР па ваенную дапамогу, венгерскія кіраўнікі працягвалі з'яўляць няпэўнасць і нерашучасць у дачыненні да паўстання. Так, Міністр абароны, які ўваходзіў у ЦК, паведаміў Ваеннаму камітэту ў ноч на 24-е, што забяспечыць узбраенне рабочых ён не мае магчымасці, бо не хапае зброі; пазней, праз два дні, зброя знайшлася, але міністэрства не здолела арганізаваць яе дастаўку.[11] Значная частка палітбюро працівілася загаду на адкрыццё агню, матывуючы гэта тым, што нельга страляць у народ.[11]

24 кастрычніка, серада[правіць | правіць зыходнік]

У 4:30 24-га па радыё было абвешчана аб каменданцкім часе з 2:00 да 10:00[6][20]; у 8:13 — аб прызначэнні Надзя на пасаду прэм'ер-міністра; каля 8:43 — аб надзвычайным становішчы (падпісана «Імрэ Надзь, старшыня Савету міністраў»); у 9:00 — аб звароце ўраду па дапамогу да савецкіх войскаў у Венгрыі (без удакладненняў)[9]. У 16:24 24-га па радыё было абвешчана аб каменданцкім часе з 18:00 да 6:00[6][7]. Адзначаецца, што 24-га Надзь яшчэ называў паўстанцаў у сваім радыёвыступе «фашыстамі» і «рэакцыянерамі», а знаходжанне савецкіх войскаў у Будапешце апраўдваў выключна просьбай ураду. Заходнія гісторыкі тлумачаць гэта выключна ціскам на Надзя з боку кампартыі і пагрозамі службы бяспекі АВХ.

...

Гістарыяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычная літаратура на тэму венгерскай рэвалюцыі, выданая да 1990-х гг., падзялялася на дзве вялікія групы — заходнія выданні і ўсходнія выданні (выданыя ў Савецкім блоку).

У заходніх выданнях па стане на пач. 1980-х гг. вылучаліся наступныя асноўныя гледзішчы на пытанні, звязаныя з паўстаннем[21]:

1. Справаздача Спецыяльнага камітэта ААН па праблеме Венгрыі (прадстаўнікі Аўстраліі, Даніі, Туніса, Уругвая, Шры-Ланкі), падрыхтаваная да 11-й сесіі ААН (1957). Назіральнікі ААН не атрымалі дазволу на ўезд у Венгрыю, таму ўвесь матэрыял Камітэта быў складзены з паказанняў 111 сведкаў падзей, выбраных сябрамі Камітэту з ліку тых, хто трапіў з Венгрыі на Захад.

Сярод сведкаў былі Анна Кетлі, шматгадовы лідар сацыял-дэмакратычнай партыі і міністр ва ўрадзе Надзя; Бела Кіраі, генерал венгерскага войска і камандуючы Нацыянальнай гвардыі ў 1956; Йожаф Кавага, шматгадовы мер Будапешта. Пераважную колькасць сведкаў склалі рабочыя, сярод іх шмат сяброў і кіраўнікоў Рэвалюцыйных і Рабочых саветаў з Будапешта і правінцый; сяляне склалі малую частку сведкаў. У ліку сведкаў таксама былі інтэлігенты (у т.л., з Клубу Пецёфі), студэнты і школьнікі (у т.л., сябры студэнцкіх саветаў), некалькі салдатаў і афіцэраў Венгерскіх узбр. сіл, паліцэйскія, байцы і камандзіры Нацыянальнай гвардыі і паўстанскіх атрадаў.

Паказанні сведкаў аб'ёмам каля 2000 старонак былі перапрацаваныя ў справаздачу, апублікаваную пад назвай «Народнае паўстанне ў Венгрыі» (1957). Галоўнай высновамі справаздачы былі цверджанні, што ў Венгрыі адбылося спантаннае народнае паўстанне, спрычыненае доўгім прыгнётам, у якім пераважалі студэнты, рабочыя, інтэлігенцыя, салдаты, з якіх шмат хто быў ці заставаўся камуністам; што пажаданай паўстанцамі асновай палітычнага ладу Венгрыі быў дэмакратычны сацыялізм; што паўстанне не падбухторвалася «рэакцыйнымі коламі» і не атрымлівала дапамогі ад «імперыялістычных колаў» Захаду.

2. Кніга Гостані «Венгерскае народнае паўстанне ў справаздачах відавочцаў», у якую ўвайшлі шмат іншых апавяданняў удзельнікаў і сведкаў паўстання. Петар Гостані ў час паўстання быў лейтэнантам Венгерскай арміі ў Будапешце, а пад канец падзей і сам удзельнічаў у паўстанні. У кнізе сабраныя справаздачы больш за 100 відавочцаў: венгерскіх і замежных журналістаў, студэнтаў, рабочых, афіцэраў і салдатаў і інш. Аб'яднальная думка справаздач[21] такая, што «ўвесь народ на баку паўстання, а супраць толькі сталінісцкі ўрад і служба бяспекі; сярод паўстанцаў тысячы камуністаў; венгерская армія ці нейтральная, ці падтрымлівае паўстанцаў; рабочыя кантралююць свае прадпрыемствы; уся рабочая сіла, моладзь і студэнты н барыкадах»

3. Кніга Пітара Фраера, венгерскага карэспандэнта брытанскай газеты «Дэйлі воркер», які быў брытанскім камуністам і таму[21] незацікаўленым, каб паўтараць шкодныя для камунізму думкі. Справаздачы, якія Фраер высылаў у Лондан, не друкаваліся, бо рэзка супярэчылі таму тэзісу заходніх кам. партый, што ў Венгрыі адбывалася спроба фашысцкага путчу. Пазней Фраер надрукаваў свае справаздачы асобнай кнігай «Венгерская трагедыя», дзе адмаўляў арганізацыю паўстання фашыстамі або кіраванне фашыстамі, а таксама апісваў процістаянне савецкіх войскаў «простым венгерскім людзям: рабочым, сялянам, студэнтам і салдатам».

4. Кніга «Венгерская трагедыя» Шандара Копачы, начальніка паліцыі Будапешта ў час паўстання, пазней намесніка камандуючага Нацыянальнай гвардыяй і аднаго з кіраўнікоў адноўленай венг. кам. партыі. Пасля падаўлення паўстання ён быў засуджаны на пажыццёвае зняволенне, але потым памілаваны; пазней жыў у Канадзе.

5. Кніга «Венгерская рэвалюцыя» Джорджа Майкса, венгерскага карэспандэнта Бі-Бі-Сі. Кніга мае «больш кансерватыўны»[21] характар і складаецца са справаздач сотняў удзельнікаў паўстання, якіх Майкс распытваў у лагерах бежанцаў у Вене; кніга дапоўнена нарысам гісторыі Венгрыі пасля 1919, асабліва часоў саветызацыі пасля 2-й сусв. вайны. Падкрэсліваецца пераход «усёй венгерскай арміі» на бок паўстання[21].

6. Кніга «Венгерская рэвалюцыя 1956» Андзі Андэрсана, якая з'яўляе аналіз падзей з п.гл. левых сіл і асаблівую ўвагу аддае барацьбе рабочых і рабочых саветаў; дададзены нарыс саветызацыі Венгрыі пасля 2-й сусв. вайны і нарыс падзей да канца 1957 і канчатковай забароны рабочых саветаў. У дадатках шмат дакументаў — прамовы Надзя і Кадара, дакументы працы рабочых саветаў, ацэнкі рэвалюцыі заходнімі левымі і інш.

7. Кніга «1956 — Венгерская рэвалюцыя рабочых саветаў», выпушчаная трацкісцкай арганізацыяй «Міжнародныя рабочыя карэспандэнты». Аналіз падзей засяроджаны на пытанні класавай барацьбы рабочых з бюракратамі; шмат інфармацыі адносна рэпрэсій пасля паўстання.

Усе заходнія справаздачы і аналізы ў пач. 1980-х гг., незалежна ад палітычнай арыентацыі, згаджаліся[21] ў тым, што: паўстанне ахапіла больш за 90% тэрыторыі Венгрыі і не мела нічога агульнага са спробай фашысцкага путчу.

Усходнія (савецкія) выданні да пач. 1990-х гг., у тым ліку венгерскія, былі практычна аднароднымі ў ацэнках паўстання, называючы яго фашысцкім путчам і контр-рэвалюцыйным мяцяжом; гісторыя паўстання і падзей да і пасля яго асвятлялася тэндэнцыйна, з замоўчваннямі, супярэчнасцямі і скажэннямі. Дакументальная база савецкай гістарыяграфіі паўстання асноўвалася на выданым у Венгрыі ў канцы 1950-х гг. зборніку «Белая кніга. Контррэвалюцыйныя сілы ў кастрычніцкіх падзеях у Венгрыі».[22]

Такім чынам, да пачатку 1990-х гг. практычна адзінымі крыніцамі, на якіх засноўваліся заходнія гістарычныя працы па Венгерскім паўстанні, былі асабісты ўражанні карэспандэнтаў, удзельнікаў падзей і відавочцаў. Як заходнія, так і савецкія гістарыяграфіі да пач. 1990-х гг. карысталіся таксама афіцыйна апублікаванымі матэрыяламі камуністычных урадаў (венгерская «Белая кніга» і пад.). Як для першых, так і другіх крыніц былі характэрныя суб'ектывізм і палітычна матываваныя скажэнні.[23]

Сакрэтныя матэрыялы ўрадавых ведамстваў Захаду не рассакрэчваліся да канца 1980-х гг., а пад канец 2000-х гг. яны былі рассакрэчаныя часткова. Матэрыялы камуністычных урадаў Цэнтральнай Еўропы (Польшча, Чэхаславакія, Югаславія) і СССР не рассакрэчваліся да самага пачатку 1990-х гг.[23]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • David Irving [1981]. Aufstand in Ungarn. Die Tragödie eines Volkes / Deutsch von Richard Giese. — Copyright © 2004 Parforce UK Ltd., London. ISBN 3-453-02363-3
  • (Середа 2006)[13] Вячеслав Середа. Будапешт: осень красного цвета // Вокруг света, №11 (2794), ноябрь 2006. — [1].
  • (Берац 1986)[11] Янош Берец. Крах операции «Фокус». — 2-е изд., доп. — [S.l.], 1986.
  • (Філімонаў 2006)[8] Олег Филимонов. Мифы о восстании. К 50-летию венгерских событий 1956 года // ПОЛИТ.РУ. — [2].
  • (Гранвіл 2001)[6] Johanna Granville. To invade or not to invade? A new look at Gomulka, Nagy, and Soviet Foreign Policy in 1956 // Canadian Slavonic Papers, Dec 2001. — [3].
  • (Гранвіл 2004)[7] Johanna Granville. Radio Free Europe's Impact on the Kremlin in the Hungarian Crisis of 1956: Three Hypotheses // Canadian Journal of History, Dec 2004. — [ http://findarticles.com/p/articles/mi_qa3686/is_200412/ai_n13243907/print].
  • [23](Бекеш 1992) Csaba Békés. New findings on the 1956 Hungarian Revolution. — Bulletin, Cold War International History Project, Woodrow Wilson International Center for Scholars, Washington D.C., Fall 1992, pp. 1–3.
  • [24](Бекеш 2000) Csaba Békés. The International background of the 1956 Hungarian Revolution and that of the Prague Spring in 1968. A comparative analysis
  • [25](Фоўкс 2002) Reuben Fowkes. Public Sculpture and Hungarian Revolution of 1956 // AAH conference, Liverpool 2002. — Published in a special issue of Inferno devoted to Eastern Europe in March 2003. — [4].
  • [26](Гаці 2006) Венгрия-1956: Шанс победить был, но восставшим не хватило чувства реальности. Интервью с Чарльзом Гати // ПОЛИТ.РУ. — [5].
  • [27](Гуд 2002) Stephen Goode. The deathblow to Soviet communism: scholars say that the 1956 revolt by Hungarian freedom fighters against the Soviet Union was the seminal event in the fall of that communist empire // Insight on the News, Jan 7, 2002. — [6].
  • (Сакалцай 1998)[10] Attila Szakolczai. Revolution sweeps the country / Lecture at Rutgers University, 23 October 1998. —
  • (Торда 2006)[18] Thomas J. Torda. The Hungarian Revolution and America’s Failure to Actively Respond: Personal View of a U.S.-born Hungarian-American [November 2006] / The full version of the article submitted to the September 2006 conference in Budapest on the 50th anniversary of the Hungarian Revolution. — Індэкс.
  • (Фраер 1956)[28] Peter Fryer. Hungarian Tragedy [First Published in Great Britain December 1956 By Dobson Books Ltd, reprinted December 1956]. — New Park Publications Ltd., 1986. ISBN 0-86151-072-6
  • (Піхоя 2000)[2] Рудольф Пихоя. Медленно тающий лед (март 1953 - конец 1957 гг.): Кремль-Венгрия: октябрь-ноябрь 1956 // Международный исторический журнал, №7, январь-февраль 2000. — [7].
  • (Хаслам 2004)[4] Jonathan Haslam. The Dilemmas of Destalinization: Togliatti, the 20th Party Congress of the CPSU (1956) and its Consequences // Togliatti nel suo tempo, Roma, 9—11 dicembre 2004. — [8].
  • (Палітыка 1995)[14] The 1956 Hungarian Revolution and World Politics // The Hungarian Quarterly Vol. 36. 1995 Summer. pp. 109–121.
  • (Мёлер 1991)[29] Peter Möller. Der Volksaufstand in Ungarn 1956. — Berlin, 1991. — [9]
  • (Райнер 2006/125-126) János M. Rainer. Imre Nagy – Vom Stalinisten zum Märtyrer der ungarischen Volksaufstandes. Eine politische Biographie 1896-1958. Mit einem Geleitwort von György Konrád. Eine Gemeinschaftspublikation des Instituts für die Geschichte der Ungarischen Revolution 1956, Budapest, und der Bundesstiftung zur Aufarbeitung der SED-Diktatur, Berlin. Mit freundlicher Unterstützung des Außenministeriums der Republik Ungarn, Paderborn 2006, S. 125-126. — [10].
  • (Хелер 1957)[30] Andor Heller, from No More Comrades (Chicago: Henry Regnery Company, 1957), passim, pp. 9–84. Reprinted by permission of the publisher // The Hungarian Revolt, October 23 - November 4, 1956 by Richard Lettis and William I. Morris, Editors. — [11].
  • (Бэйн 1956)[5] Leslie B. Bain, "Hungary: The First Six Days," The Reporter, XV (November 15,1956), 20-21. Reprinted by permission of the author and the publisher // The Hungarian Revolt, October 23 - November 4, 1956 by Richard Lettis and William I. Morris, Editors. — [12].
  • (Мерай [195?])[31] Tibor Méray. Thirteen Days That Shook the Kremlin // The Hungarian Revolt, October 23 - November 4, 1956 by Richard Lettis and William I. Morris, Editors. — [13].
  • (Гранвіл 1995)[1] Johanna Granville Imre Nagy, hesitant revolutionary // Cold War International History Project 5 — Spring 1995. Cold War Crises. — [14].
  • (Райнер 1995)[12] Janos M. Rainer. The Yeltsin Dossier: Soviet Documents on Hungary, 1956 // Cold War International History Project 5 — Spring 1995. Cold War Crises. — [15].
  • (Бекеш 2002)[32] Csaba Békés. Cold War, Détente and the 1956 Hungarian Revolution. — [Bekes.pdf Bekes.pdf].
  • (Джонсан 1984)[15] Charles Christopher Johnson [1984]. Revolt Revisited — A Study Of The Hungarian Revolution Of October, 1956. — На GlobaSecurity.
  • (Урменіхазі 2006) Attila J. Ürményházi, The Hungarian Revolution-Uprising of 1956.
  • (ААН 1957)[9] United Nations report of the special committee on the problem of Hungary. — 1957.
  • (Люлечнік 2006) Вилен Люлечник. Венгрия. Год 1956. Как Советская Армия подавила венгерское восстание // Русский глобус, ноябрь 2006, №11. —.
  • (Шыракарад 2006) Александр Широкорад. Советский «Вихрь» над Венгрией // Независимое военное обозрение; Независимая газета.— На афіцыйнай пляцоўцы.
  • (КЗ 2001) Венгерский кризис 1956 г. // Красная Звезда, 8 декабря 2001 года. — На пляцоўцы «Война и мир».
  • (НЭ 2006)[16] Венгерский мятеж 1956 года (к 50-летию усмирения) // "Новая экономика", № 9-10, 2006. С.75—103.
  • (Мак-Кормак 1956)[17] Паведамленні Мак-Кормака з Будапешта, 1956...
  • (Грынько 2006)[33] Иван Гринько. Расстрелянная революция. К 50-летию вторжения советских войск в Венгрию // ПОЛИТ.РУ. — [16].
  • (Віднянскі 2006)[3] Степан Виднянский. В «дружеских» объятиях Кремля. К 50-летию Венгерской революции 1956 года // Зеркало недели, № 40 (619), 21 — 27 октября 2006. — [17].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 Гранвіл, 1995.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 (Піхоя 2000).
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 3,8 3,9 (Віднянскі 2006).
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 Хаслам, 2004.
  5. 5,0 5,1 Бейн, 1956.
  6. 6,00 6,01 6,02 6,03 6,04 6,05 6,06 6,07 6,08 6,09 6,10 6,11 6,12 (Гранвіл 2001).
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 (Гранвіл 2004).
  8. 8,0 8,1 8,2 Філімонаў, 2006.
  9. 9,00 9,01 9,02 9,03 9,04 9,05 9,06 9,07 9,08 9,09 9,10 9,11 9,12 9,13 9,14 9,15 9,16 9,17 9,18 9,19 Даклад Камітэту ААН, 1957.
  10. 10,0 10,1 10,2 10,3 10,4 10,5 10,6 Сакалцай, 1998.
  11. 11,00 11,01 11,02 11,03 11,04 11,05 11,06 11,07 11,08 11,09 11,10 11,11 11,12 11,13 11,14 Берац, 1986.
  12. 12,0 12,1 12,2 Райнер, 1995.
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 13,4 13,5 13,6 13,7 Серада, 2006.
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 14,4 14,5 Рэвалюцыя і палітыка, 1995.
  15. 15,0 15,1 Джонсан, 1984.
  16. 16,0 16,1 16,2 16,3 16,4 Новая эканоміка, 2006.
  17. 17,0 17,1 Мак-Кормак, 1956.
  18. 18,0 18,1 Торда, 2006.
  19. 19,0 19,1 Крачэтнікаў, 2006.
  20. Надзь у далейшым адмаўляў сваю дачыненасць да ўсіх увядзенняў і скасаванняў каменданцкага часу ў Будапешце, указваючы, што гэта рабілася Саветам Міністраў. (Гранвіл 2001)
  21. 21,0 21,1 21,2 21,3 21,4 21,5 На думку Мёлера, (Мёлер 1991).
  22. (Мёлер 1991).
  23. 23,0 23,1 23,2 Бекеш, 1992.
  24. Бекеш, 2000.
  25. Фоўкс, 2002.
  26. Гаці, 2006.
  27. Працыт. у (Гуд 2002).
  28. Фраер, 2006.
  29. Мёлер, 1991.
  30. Хелер, 1957.
  31. Мерай, 195?.
  32. Бекеш, 2002.
  33. Грынько, 2006.