Вуліца Вялікая Траецкая (Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Вялікая Траецкая
Гродна
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна

Беларусь

Горад

Гродна

Раён

Ленінскі

Працягласць

700м

Пакрыццё

Асфальтавае

Рух

двухбаковы (адна паласа ў кожны бок)

Каардынаты пачатку

53° 40′ 58,62″ N 23° 49′ 51,55″ E

Каардынаты канца

53° 40′ 42,06″ N 23° 49′ 29,78″ E

Тралейбусныя маршруты

2, 3, 6, 7, 9, 11, 11В, 15, 17 (у адзін бок - з Савецкай плошчы да Віленскай)[1]

Прыпынкі
грамадскага транспарту

Дом Мураў'ёва

Ранейшыя назвы

Ulica zydowska ad mogilak do Niemeckiego rynku (1680 г.),
ulica u bok Troicy ad Wilenskiego traktu,
Троецка,
Школьный переулок + Рыбная площадь + Большая Троицкая,
Sr. Dreitfaltickeltsstr.,
Wyzwolienia,
Nochima + Pereca,
Gerberweg,
Кооперативная,
Красина,
Олега Кошевого.

Архітэктурныя помнікі

Харальная сінагога

Храмы

Харальная сінагога

Дзяржаўныя ўстановы

інспекцыя МПЗ па Гродзенскай вобласці

Навучальныя ўстановы

будынкі Гродзенскага ўніверсітэта

Забудова

гістарычная забудова канца 19 - пачатку 20 ст.

Камерцыя

будынкі Белзнешэканамбанка, банка Масква-Мінск, РРБ-Банк

Паштовы індэкс

230023[2]

Ву́ліца Вялі́кая Трае́цкая — вуліца ў гістарычным цэнтры Гродна, адна з самых старажытных у горадзе. Гістарычная назва вернутая ў пачатку 1990-х гадоў. Даўжыня — каля 700 м[3]. Па вуліцы ходзіць грамадскі транспарт — тралейбус.

Праходзіць ад вуліцы Давыда Гарадзенскага да вуліцы Віленская праз месцы, якія ў мінулым складалі яўрэйскі квартал. Перпектыву вуліцы з боку Нёмана замыкае Стары замак. На вуліцы знаходзяцца прынамсі 2 будынкі сінагогі, адна з іх — Харальная, з'яўляецца адной з самых вялікіх у Беларусі.

Перасякаецца з вуліцамі Кастрычніцкая, Дамініканская, Найдуса. Рух транспарта ў два бакі, па адной паласе ў кожны бок.

Вуліца Вялікая Траецкая на карце Гродна
Вуліца Вялікая Траецкая

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фарміраванне вуліцы адбывалася ў некалькі этапаў.

Харальная сінагога і забудова вуліцы Вялікай Траецкай. Пачатак 20 ст.

Частка вуліцы, якая знаходзіцца ля Харальнай сінагогі, была тэрыторыяй пасада XII—XIII стст. Вялікая сінагога і тэрыторыя вакол яе былі цэнтрам старога яўрэйскага квартала. Далей ішла Рыбная плошча (якая пазней стала Мясной), а ў міжваенны час яна называлася ў гонар рабі Нохума (Нохіма, які жыў у Гродне ў ХІХ ст.). Значную частку вуліцы займалі яўрэйскія могілкі, якія займалі тэрыторыю ад сінагогі да сённяшняй аўтастаянкі па вул. Дамініканскай уздоўж Гараднічанкі. Лічыцца, што могілкі з'явіліся ўжо ў ХІV ст., а ў крыніцах яны згадваюцца ў першай палове ХVІ ст. як «копішча іхняе, дзе хаваюць сваіх памерлых». Пахаванні былі зачынены ў пачатку ХІХ ст. У лісце ад 24 мая 1932 года яўрэйская рэлігійская суполка прасіла мясцовыя ўлады ўзяць могілкі пад ахову. Вядома, што на могілках знаходзілася камяніца. Падчас пракладкі вадаправоду ў 1931 годзе на тэрыторыі могілак была знойдзена сякера, якую перадалі ў мясцовы музей. Падчас Другой сусветнай вайны могілкі ўваходзілі ў склад гета № 1, і там хавалі памерлых вязняў. У жніўні 1944 года былыя могілкі былі перададзены вайсковым часткам для размяшчэння аўтатранспарта і паліўнага склада.

Рыбны (Нямецкі) рынак. Далей бачна забудова вуліцы Вялікай Траецкай у бок яе цяперашняга пачатку.

У канцы XVII ст. вуліца падоўжылася адрэзкам, які злучаў могілкі і Нямецкі рынак, гэты адрэзак называўся «вуліца яўрэйская ад могілак да Нямецкага рынку»[4]. Нямецкі рынак знаходзіўся каля яўрэйскіх могілак і меў прамавугольную форму (цяпер на месцы рынка знаходзіцца заасфальтаваная аўтастаянка па вул. Дамініканскай). Лічыцца, што Нямецкі рынак быў яшчэ да атрымання Гродна Магдэбургскага права (1496 год), бо ўжо ў крыніцах XVI ст. ён згадваецца як «старадаўні». У валочнай памеры Гародні 1560-61 гг. адзначаецца заняпад рынку і што тут «ніякага гандлю не бывае». У пачатку XVIII ст. вакол рынка знаходзіліся двор Ваўкавыскіх («воўпенская» юрыдыка), пабудовы дамініканцаў і каля дваццаці іншых дамоў. Пасля плошча рынку называлася Шпітальная (Госпитальная) плошча (1882 г.), Казіны рынак (1830-ыя гг. і пач. ХХ ст.), Рыбны рынак (1920-1930-ыя гг.). У 1928 годзе гарадская Рада разглядала пытанне пераносу рынка ў сувязі з плануемым будаўніцтвам маста ў Каложу, аднак справа скончылася будаўніцтвам новых навесаў і добраўладкаваннем тэрыторыі рынка[5].

Апошні адрэзак вуліцы — ад цяперашніх вуліц Дамініканскай да Віленскай складала «вуліца ў бок Троіцы ад Віленскага гасцінца». Пазней яна называлася — «вуліца з Нямецкага рынку ідучы да Гарадніцы». Існуюць меркаванні, што тут стаяў кляштар аўгусцінцаў з касцёлам Св. Троіцы, ад якога вуліца і атрымала сваю назву[6].

Забудова вуліцы да самага пачатку ХХ ст. была драўляная, толькі к канцу стагоддзя яна становіцца каменнай. Пасля пажара 1899 года тэрыторыя вуліцы была добраўладкавана і атрымала сучасную трасіроўку. Вуліца моцна пацярпела падчас Другой сусветнай вайны, знік шэраг суседніх з ёй вуліц і завулкаў: Крывая, 1-ая і 2-ая Вадавозныя, 1-ая і 2-я Каменныя, Мясны рынак, Рыбны рынак і інш. У 1950-60-ыя гг. у доме № 28 у трохпакаёвай кватэры жыў В. Быкаў[7].

Будынкі[правіць | правіць зыходнік]

Няцотны бок[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 1

№ 1: Шэраг двухпавярховых будынкаў, аб'яднаных паміж сабой. Рэканструкцыя — ў пачатку 20 ст. Увесь комплекс будынкаў займае банк Масква-Мінск.

Дом № 5

№ 5: Двухпавярховы будынак. Год пабудовы — 1880 год. Рэканструкцыя ў пачатку 2010-ых.

№ 7: Двухпавярховы будынак пабудаваны ў 1900 годзе. Дом утварае кампазіцыю з адна-двух павярховых камяніц. Дэкаратыўная аздоба будынка моцна зменена, засталіся прафіляваныя карнізы і рэшткі кутніх пілястраў[8].

Дом № 11

№ 11: Двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў другой палове ХІХ ст., рэканструкцыя — 2009 год. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. На першым паверсе знаходзіцца крама кухняў, другі паверх — жылы.

Дом № 13

№ 13: Адна-двухпавярховы будынак вядомы як малітоўная школа Хаем Адам (па іншых звестках — сінагога Хаеі Адам Хагадол ці Бейт Хакнесет Хагодоль). Пабудаваны ў 1875 годзе (па іншых звестках, яшчэ раней — да 1867 года) у стылі эклектыкі. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650.

Будынак атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны падаконны пояс прафіляваны. На парадным фасадзе захаваліся рэшткі цагляных падаконных ліштваў, міжаконная прастора падзелена пілястрамі, якія трымаюць цягу — кампенсатар розніцы паміж вышынёй вокнаў і вышынёй столі малітоўнай залы. Дэкаратыўная аздоба моцна зменена падчас капітальных рамонтаў. У малітоўнай школе магло знаходзіцца некалькі сотняў вернікаў. У школе вучыліся вядомы паэт Найдус, фізік Старавольскі. У 1930-ыя гады адміністратарам школы быў Гірш Фарбер. У 1946 годзе ў будынку знаходзіліся інтэрнат школы ФЗА № 44 і спартыўны зал, у 1982 годзе — ДСА «Буревестник»[9].

Цяпер будынак знаходзіцца ва ўласнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у ім месціцца ўстанова «Гродзенская прафсаюзная цэнтральная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву адзінаборстваў».

Дом № 15

№ 15: Трохпавярховы будынак.

Дом № 17

№ 17: Двухпавярховы будынак. Прымыкае да будынкаў № 15 і 19. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Захаваўся арочны праезд, які стаў уваходам у дом. У будынку знаходзіцца РРБ-банк.

Дом № 19

№ 19: Двухпавярховы будынак. Прымыкае да будынкаў № 17 і 21. У будынку знаходзіцца фірменная крама «Мінск Крышталь».

Дом № 21

№ 21: Двухпавярховы будынак пабудаваны ў канцы ХІХ ст. у стылі эклектыкі. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Дом атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны падаконны пояс прафіляваны. Вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Знешні выгляд будынка моцна зменены падчас капітальных рамонтаў. У доме з боку Дамініканскай вуліцы знаходзіцца крама «Абухава».

№ 23: Двухпавярховы Г-падобны будынак. Знаходзіцца на скрыжаванні з вуліцай Дамініканскай. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Пабудаваны ў 1890 годзе ў цагляным стылі. Дом цагляны, доўгі, верагодна спачатку не атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з луковымі перамычкамі і падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Першапачаткова дом меў балконы, а таксама аздобу вузкага параднага фасада, які выходзіў на рынак.

У будынку знаходзіцца турыстычнае агенства, жылыя памяшканні. № 29: Двухпавярховы дом. Пабудаваны ў канцы ХІХ ст. Прыклад невыразнай эклектыкі.

№ 31: Двухпавярховы дом. Час пабудовы — канец ХІХ ст. Будынак з жоўтай цэглы першапачаткова быў не атынкаваны. Дэкаратыўная аздоба сканцэнтравана на парадным фасадзе. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з лучковымі перамычкамі. Першы паверх перароблены. У красавіку 1961 года ў доме месцілася камерцыйная крама гарпрамгандлю. Цяпер у будынку знаходзяцца выраб ключоў, рамонт гадзіннікаў, вырабы з камяню.

№ 33: Двухпавярховы дом. Пабудаваны ў 1900 годзе ў стылі эклектыкі[10].

№ 37: Аднапавярховы дом з чырвонай цэглы, знаходзіцца ў глыбіні вуліцы. Цалкам жылы дом.

№ 39: Трохпавярховы будынак. Пабудаваны ў пасляваенны час. Увесь будынак займае інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Гродзенскай вобласці.

Дом № 47

№ 47: Двухпавярховы дом. Год пабудовы — 1918. Дом не атынкаваны, з жоўтай цэглы, яскравы прыклад цаглянага стылю. Дэкаратыўная аздоба сканцэнтравана на парадным фасадзе. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Вокны аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Лучковыя перамычкі вокнаў другога паверха маюць сандрыкавае завяршэнне з сухарыкамі. Фасад не мае роўнай лініі, а паўтарае канфігурацыю былога рынка, выгін падкрысліваецца пілястрамі. Бачныя закладзеныя бакавы шырокі аркавы праезд і асіметрычны парадны ўваход[11]. Будынак знаходзіцца ў аварыйным стане пад пагрозай разбурэння.

Дом № 51

№ 51: Трохпавярховы будынак. Пабудаваны ў пасляваенны час, у сярэдзіне 2000-ых перабудаваны. Увесь будынак займае Гродзеннскае рэгіянальнае аддзяленне Белзнешэканамбанку.

Дом № 57

№ 57: Двухпавярховы будынак вядомы як малітоўная школа «Кляуз», малітоўны дом Левінсона Хаім-Іцка, Талмуд Тора І. Пабудаваны да 1890 года, яскравы прыклад цаглянага стылю ў ансамблі. Будынак з жоўтай цэглы, не атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з лучковымі перамычкамі і фігурнымі цаглянымі ліштвамі. Фасад аздоблены па баках і цэнтры імітацыяй рызалітаў, падкрысленых фігурнымі атыкамі ў форме какошніка, а таксама руставанымі пілястрамі.

У 1920-ыя гг. тут працавалі прыватныя настаўніцкія курсы, сямікласная «Талмуд Тора І» (кіраўніком школы быў С. Бадалькес), рамесніцкая школа імя Брэгмана. У 1950 годзе ў будынку знаходзіліся кааператыўны тэхнікум і гандлёва-кааператыўная школа. З 1960 года — інтэрнат кааператыўнага тэхнікума. Цяпер будынак знаходзіцца ў стане рэканструкцыі.

Будынак Вялікай харальнай сінагогі

№ 59а: Трохпавярховы будынак Вялікай харальнай сінагогі. Таксама мае назву сінагога Хаем Адам. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000029шыфр 412Г000029. Пабудаваны каля 1575—1578 гг, перабудаваны ў першай палове ХVІІ ст., 1880-х гг., 1902—1905 гг. Будынак квадратны ў плане пад двухсхільным дахам.

Сінагога была адлюстравана на малюнках Н. Орды. Зачынена Савецкай уладай у 1940 годзе. У Вялікую Айчыную вайну сінагога выкарыстоўвалася як перавалачны пункт дэпартуемых яўрэяў. У савецкі час у будынку месціліся розныя грамадскія ўстановы: Гродзенскі кааператыўны тэхнікум, тэхнікум Белкаапсаюза і інш. У 1992 годзе будынак перададзены яўрэйскай суполцы. У наш час вядзецца рэстаўрацыя будынка.

Цотны бок[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 2

№ 2: Двухпавярховы будынак вядомы як дом яўрэйскай абшчыны-Талмуд Тора. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650 (Забудова вуліцы Вялікая Траецкая. Канец ХІХ — ХХ стагоддзя). Год пабудовы дома — 1888 год, па іншым дадзеным — 1899 год. Спачатку дом быў, хутчэй за ўсё, не атынкавамым. Будынак — прыклад цаглянага стылю. Карніз і дэкаратыўны міжпавярховы пояс прафіляваныя. Вокны з лучковымі перамычкамі і падаконнымі ліштвамі[12].

Цяпер ў будынку знаходзяцца хімчыстка, цэнтр запраўкі катрыджаў, турыстычнае агентства «Слетать.ru».

Дом № 4

№ 4: Трохпавярховы будынак вядомы як рамеснае вучылішча імя Эліазара Бергмана. Дом быў спраектаваны і пабудаваны ў 1930-ыя гг. варшаўскім архітэктарам Н. Гарціцье ў стылі «ампірнага» канструктывізму. Будынак — высокі, мураваны, атынкаваны, са скатным дахам, першапачаткова прызначаўся пад устанаву адукацыі. Цэнтральная частка будынка была падвышана за кошт вялікай залі з вылучанымі вертыкальнымі вокнамі. Будынак вызначаецца па баках лесвіцавымі маршамі з суцэльным ашкленнем. Архітэктар удала выкарыстаў рэльеф мясцовасці: будынак замыкаў на сабе перспектыву Віленскага завулка на масце праз Гараднічанку.

Сама школа была заснавана ў 1902 годзе і першапачаткова месцілася ў будынку, які цяпер мае № 57 па вуліцы Вялікая Траецкая. Школа выпускала слесароў, кавалёў, механікаў, а з сярэдзіны 1920-ых гг. дзейнічала аддзяленне краення і пашыву для дзяўчынак. У школе вучылася каля ста чалавек, дырэктарам быў М. Гажаньскі. У савецкі час у будынку працягвалі знаходзіцца розныя вучылішчы: рамеснае вучылішча № 14 (з 1944 года), з 1946 года рамеснае вучылішча металістаў, з 1955 года гродзенскае вучылішча № 7. У рэшце рэшт, будынак быў перададзены Медуніверсітэту, у чыёй уласнасці ён знаходзіцца і зараз.

На будынку ўсталяваныя памятныя дошкі заслужанаму дзеячу навукі БССР М. Караблёву; падпольшчыкам Шчаснаму і Роліку, якія вучылісь у рамесным вучылішчы[13].

Дом № 8

№ 8: Двухпавярховы атынкавы цагляны дом. Пабудаваны ў 1880 годзе ў стылі эклектыкі. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650.

Дэкаратыўная аздоба дома сканцэнтравана на другім паверсе параднага фасада. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваныя, вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Па цэнтры фасада знаходзіцца каваны балкон.

Цяпер у будынку знаходзіцца крама гаспадарчых вырабаў (ТАА «Піліца»).

Дом № 8а

№ 8а: Двухпавярховы неатынкаваны будынак пабудаваны з жоўтай цэглы ў глыбіні двара ў стылі эклектыкі. Пабудаваны щ 1880 годзе. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Карніз дома аздоблены сухарыкамі. Вокны маюць лучковыя перамычкі[8]. У будынку знаходзицца майстэрня па рамонце электрабрытваў.

Дом № 14

№ 14: Двухпавярховы будынак канца ХІХ ст. (моцна перабудаваная эклектыка). Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Дом атынкаваны, карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваныя. Вокны другога паверху аздоблены ліштвамі. Аздоба будынка моцна пацярпела падчас капітальнага рамонту; у 90-ых гадах была зроблена прыбудова. Цалкам жылы дом.

№ 16: Двухпавярховы будынак, які атрымаўся аб'яднаннем комплекса будынкаў 1880—1889 гг., адзін з якіх — дом гродзенскага вадавоза. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Тры атынкаваныя камяніцы захавалі рэшткі прафіляваных карнізаў і міжпаверхавых паясоў, падаконных цагляных ліштваў і сандрыкаў, а таксама сляды аркавых праездаў. Будынак — прыклад эклектыкі ў ансамблі[9]. У доме знаходзіцца кветкавая крама, крама швейшых машын, другі паверх — жылыя памяшканні.

№ 28: Будынак пабудаваны ў канцы ХІХ ст. У 1946 годзе ў ім знаходзілася Гродзенская чыгуначная школа ФЗА № 44.

№ 32: Двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў 1925 годзе з жоўтай цэглы, першапачаткова не атынкаваны, цяпер моцна перароблены. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з луковымі перамычкамі, падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Фасад аздоблены пілястрамі з рустам[10].

№ 38: Трохпавярховы будынак, П-падобны ў плане. Знаходзіцца на скрыжаванні з вуліцай Кастрычніцкай. Пабудаваны ў пасляваенны час. Жылы дом.

Дом № 46

№ 40: Трохпавярховы будынак. Пабудаваны ў пасляваенны час. Жылы дом.

Дом № 48
Дом № 50

№ 42: Двухпавярховы будынак. Перабудаваны ў 2006 годзе па месцы камяніцы 1889 г. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. У доме знаходзіцца арганізацыя Цяплохіммантажахова (Теплохиммонтажзащита).

№ 44: Двухпавярховы будынак. Падчас будаўнічых прац у 2002 годзе тут быў знойдзены грашовы скарб — каля ста манет XVI—XVII стст. У доме знаходзіцца Цэнтр медыцынскай касметалогіі і фізіятэрапіі.

№ 46: Двухпавярховы будынак. Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650шыфр 413Е000650. Пабудаваны ў 1900 годзе ў стылі эклектыкі. Пасля апошняй перабудовы ў пачатку ХХІ ст. захавалася толькі сцяна фасада. Дом неатынкаваны, з жоўтай цэглы, дэкаратыўная аздоба сканцэнтравана на парадным фасадзе будынка. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Лучковыя перамычкі вокнаў з замкамі, падаконнымі цаглянымі ліштвамі[11]. Цяпер у будынку знаходзіцца Авіда (Авидо) светадыёднае асвятленне.

№ 48: Двухпавярховы будынак з мансардай. Пабудаваны ў пачатку 2000-ых. У будынку знаходзяцца цэнтр англійскай мовы Mr.English, медыцынскі цэнтр Медэліт, візавы цэнтр.

№ 50: Двухпавярховы будынак. Цалкам жылы дом.

Цікавыя аб'екты[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Расклад руху тралейбусаў
  2. Сайт Белпошты
  3. Гродно, с.243
  4. Ад Фартоў да Каложы. с.84-86
  5. Ад Фартоў да Каложы. с.86-87
  6. Ад Фартоў да Каложы. с. 87
  7. Ад Фартоў да Каложы. с.88-89
  8. 8,0 8,1 Ад Фартоў да Каложы. с.84
  9. 9,0 9,1 Ад Фартоў да Каложы. с.85
  10. 10,0 10,1 Ад Фартоў да Каложы. с.86
  11. 11,0 11,1 Ад Фартоў да Каложы. с.87
  12. Ад Фартоў да Каложы. с.83
  13. Ад Фартоў да Каложы. с.83-84

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 136-137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  • Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
  • Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — (Гарадзенская бібліятэка). — ISBN 978-83-61617-85-3.