Заходнебеларускі друк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Заходнебеларускі друк развіваўся ў 1920—1930-я гг. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыядычныя выданні (легальныя і нелегальныя), а таксама звароты, пракламацыі і інш. Перыядычныя выданні падзяляліся на літаратурна-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай мовах. За 1921—1939 гоады заходнебеларускі друк налічваў каля 270 перыядычных выданняў, у т.л. каля 70 газет-аднадзёнак.

У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Заходняй Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я гг. — Берліне і інш. месцах.

Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (19221923); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сацыяльныя і нацыянальныя інтарэсы беларускага народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—1928 і 19281930) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (19171940) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Беларуская нацыяналістычная сябрына — «Беларусь працы».

«Наша справа»
Сатырычны часопіс «Маланка»

Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў другой палове 1920 — першай палове 1930-х гг. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (19251927) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатырычны часопіс «Маланка». Выданні рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызвольнай арганізацыі «Змаганне» (19281930) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны.

У змаганні за сацыяльнае вызваленне працоўных Заходняй Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—1938): нелегальныя газета «Чырвоны сцяг» і часопіс «Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «Do walki», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы», «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Żołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ» (19271936), «Biuletyn Informacyjny KC KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦК КПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».

У 1930-я гг. выдавецкай дзейнасцю займаліся акуговыя і некаторыя раённыя камітэты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газету «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барыкады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польскай і яўрэйскай мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» Беласток), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога».

Культурна-асветны дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», часопіс «Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё беларускай мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.

Часопіс «Саха»

У другой палове 1920-х — пачатак 1930-х гг. у Заходняй Беларусі было створана шмат новых партый і арганізацый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газету «Сялянская ніва»; Беларуская сялянская партыя — газету «Народ»;Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», часопіс «Саха»; Таварыства беларускай асветы — газету «Родны край»; Часовая беларуская рада (Беларуская нацыянальная рада) — газету «Беларускае слова»; левая фракцыя Беларускай сацыялістычнай грамады — газета «Грамадзянін»; група Беларускага фронту — газета «Беларускі фронт»; беларускія нацыянал-сацыялісты — газета «Голас праўды», часопіс «Новы шлях».

Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала часопіс «Do złuczenia» («Да злучэння»).

Часопіс «Беларуская борць»
Часопіс «Авадзень»

Выходзілі часопісы сатырычныя «Авадзень», «Асва»; літаратурныя — «Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арганізацыі выдавалі часопіс «Беларуская борць», Беларускае аб’яднанне жанчын імя Цёткі — часопіс «Жаноцкая справа»; Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры — часопіс «Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.

У другой палове 1930-х гг. у Заходняй Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакратычнай работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакратычныя выданні «Беларуская газета», «Наша воля», часопіс «Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскай арганізацыі «Фронт», «Карта» і «Папросту», заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму.

Дзякуючы дэмакратычнай заходнебеларускай перыёдыцы стварылася прафесійная мастацкая літаратура, на яе старонках друкаваліся М. Васілёк, М. Танк, В. Таўлай, П. Пестрак, Л. Родзевіч, А. Салагуб, М. Машара, К. Сваяк, М. Засім, І. Дварчанін, Г. Леўчык, А. Іверс, С. Новік-Пяюн, Н. Арсеннева, Хв. Ільяшэвіч, Я. Чабор, П. Граніт, С. Крывец, А. Мілюць, Н. Тарас і інш.).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]