Акцябрскі (гарадскі пасёлак)
Гарадскі пасёлак
Акцябрскі
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Акця́брскі[2] — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Акцябрскага раёна, на р. Нератоўка. Знаходзіцца ў 190 км ад Гомеля. Прыпыначны пункт на чыгунцы Бабруйск — Рабкор. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Азарычамі, Парычамі, Капаткевічамі. Насельніцтва 6 596 чал. (2017)[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Утвораны 31 жніўня 1954 года ў выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудабелка і Рудня з атрыманнем статуса райцэнтра. Вёска Рудабелка вядомая з сярэдзіны XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне, здавалася ў заставу (арэнду) Радзівілам, Вішнявецкім і іншыс. З 1685 года зрабілася прыватнай уласнасцю Радзівілаў. У канцы XVIII ст. належала памешчыку Дамініку Лапе, які заснаваў тут маёнтак Карпілаўка і ў першай палове XIX ст. правёў буйныя меліярацыйныя мерапрыемствы. У 1863 годзе аткрыта народнае вучылішча. У 1918—1920 гадах існавала «Рудабельская рэспубліка» (захаванне савецкай улады на тэрыторыі, акупаванай спачатку нямецкімі, а потым — польскімі войскамі). 28 чэрвеня 1939 года быў створаны Акцябрскі раён Палескай вобласці з цэнтрам у Карпілаўцы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з цэнтраў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны (існавала савецкая ўлада, працавалі школы, выдаваліся газеты). У пачатку красавіка 1942 года ў ходзе карнай аперацыі немцаў усе 3 вёскі (Карпілаўка, Рудабелка і Рудня) амаль цалкам спаленыя, знішчана больш за 2,5 тысяч жыхароў. Вызвалены 27 чэрвеня 1944 года.
У 1962—1966 гадах — у Светлагорскім раёне[4][5].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Для пасёлка характэрна наступная дынаміка змянення колькасці жыхароў:
- 1959 — 2 954 чал. (перапіс)[6]
- 1970 — 4 273 чал. (перапіс)[6]
- 1979 — 5 825 чал. (перапіс)[6]
- 1989 — 7 253 чал. (перапіс)[6]
- 1999 — 8 440 чал. (перапіс)[6]
- 2009 — 7 367 чал. (перапіс)[6]
- 2016 — 6 753 чал.[7]
- 2017 — 6 596 чал.[3]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы харчовай (завод сухога абястлушчанага малака, хлебазавод), дрэваапрацоўчай прамысловасці. Цэнтр КСУП "Саўгас «Акцябрскі». Камбінат бытавога абслугоўвання, аўтапарк, райаграсэрвіс, лясгас, будаўнічая арганізацыя. Гасцініца «Арэса». Метэастанцыя.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]- З 1998 года раз на два гады праводзіцца Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня»;
- Карцінная галерэя імя Леаніда Ніканоравіча Дробава.
Сацыяльная сфера
[правіць | правіць зыходнік]Прафесійна-тэхнічнае вучылішча сельскай гаспадаркі, раённая гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спартыўная і музычная (адкрыта 01.09.1969) школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Цэнтр гісторыі і культуры (з 14.11.1995), карцінная галерэя (з 1990 года), 2 бібліятэкі, кінатэатр, райбальніца, 2 аптэкі, раённы вузел сувязі, друкарня, заапарк. Выдаецца раённая газета «Чырвоны Кастрычнік» (з 1939 года). 23.11.1996 года адкрыта праваслаўная Свята-Пакроўская царква, будуецца рымска-каталіцкі касцёл.
Архітэктура і славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Планіроўка квартальная, выцягнутая з поўдня на поўнач. Рака падзяляе пасёлак на паўночную і паўднёвую часткі. Асноўным планіровачным ядром з’яўляецца цэнтральная плошча, вакол якой размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр і асноўныя месцы адпачынку. На ўсходзе ў апошнія дзесяцігоддзі склаўся мікрараён, забудаваны 3- і 5-павярховымі жылымі дамамі. У 1987—93 гадах у асноўным на поўначы пасёлка ўзведзена 189 мураваных, катэджнага тыпу дамоў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц пасля Чарнобыльскай аварыі 1986 г. На месцы былой лесапілкі ў цэнтры пасёлка будуецца новы квартал (з 2010 года). Карта пасёлка
Помнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан на вуліцы Савецкая. У 59 магілах пахаваны 272 воіны Чырвонай Арміі (загінулі ў чэрвені 1944 года пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і 41 партызан (загінулі ў Вялікую Айчынную вайну). У 1959 годзе пастаўлены помнік — скульптура воіна (рэканструяваны ў 1984 годзе).
- Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Бумажкова. Пахаваны астанкі 643 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі жывымі карнікі ў памяшканні клуба спіртзавода. У 1959 годзе пастаўлены абеліск.
- Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Гастэлы. Пахаваны астанкі 486 жыхароў былой вёскі Карпілаўка, якіх 3 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1959 годзе пастаўлены абеліск.
- Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Савецкая, каля сярэдняй школы № 1. Пахаваны астанкі 700 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1972 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптура жанчыны ў жалобе.
- Магіла ахвяр фашызму. За 0,5 км ад пасёлка, каля дарогі на Азарычы. Пахаваны астанкі 800 жыхароў былой вёскі Рудня, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі карнікі. У 1975 годзе ўстаноўлены 2 стэлы.
- Мемарыяльная дошка ў гонар партызан. Партызанская плошча, на будынку раённага Савета дэпутатаў. Устаноўлена ў 1959 годзе ў памяць аб знаходжанні ў Рудабелцы цэнтра партызанскай зоны.
- Мемарыяльная дошка на месцы базіравання Акцябрскага падпольнага райкома КП(б)Б і штаба 123-й партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР. Устаноўлена ў 1959 годзе на будынку № 40 па вуліцы Савецкай.
- Помнік Ц. П. Бумажкову. Устаноўлены ў 1961 годзе на вул. Савецкай перад кінатэатрам.
- Помнік Леніну (1953 год) на Партызанскай плошчы.
- Помнік «Барацьбітам за савецкую ўладу» на Цэнтральнай плошчы.
- Сцяна прысвячэння — помнік Героям Савецкага Саюза — воінам-землякам і воінам, атрымаўшым гэта званне за вызваленне Акцябрскага раёна. Цэнтральная плошча.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Лявонцій Яфімавіч Адзінец — удзельнік устанаўлення савецкай улады ў Беларусі і Грамадзянскай вайны, адзін з арганізатараў Мінскага падполля ў час Другой сусветнай вайны.
- Яўген Міхайлавіч Грыдзюшка — гітарыст, кампазітар і музычны педагог, адзін з пачынальнікаў беларускай гітарнай школы.
- Міхаіл Дзям’янавіч Лапа — дзекабрыст.
- Аляксандр Раманавіч Салавей — удзельнік устанаўлення савецкай улады ў Беларусі і Грамадзянскай вайны.
- Алег Віктаравіч Таргонскі (нар. 1980) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
- ↑ а б в г д е Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Акцябрскі
- Геаграфічныя звесткі па тэме Акцябрскі на OpenStreetMap