Рагвалод-Васіль Барысавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рагвалод-Васіль
Выява князя на аверсе пячаткі Рагвалода-Васіля.
Выява князя на аверсе пячаткі Рагвалода-Васіля.
Знак Рагвалодавічаў.
Знак Рагвалодавічаў.
князь полацкі
1128 — 1129
Папярэднік Давыд
Пераемнік Ізяслаў Мсціславіч
1144 — 1151
Папярэднік Васілька Святаславіч
Пераемнік Расціслаў Глебавіч
1159 — 1162
Папярэднік Расціслаў Глебавіч
Пераемнік Усяслаў Васількавіч
князь друцкі
1158 — 1171/1180
Папярэднік Глеб Расціславіч
Пераемнік Глеб Рагвалодавіч

Нараджэнне 1110-я
Смерць 1171/1180
Род Рагвалодавічы Рагвалодавічы
Бацька Барыс Усяславіч
Маці імя невядома
Жонка імя невядома
Дзеці Барыс Рагвалодавіч, Глеб Рагвалодавіч, Еўфрасіння Рагвалодаўна
Веравызнанне Праваслаўны крыж праваслаўе
Ваенная служба
Прыналежнасць Полацкае княства;
Званне князь
Камандаваў полацкае войска;
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рагвалод-Васіль (1110-я — 1171/1180) — князь полацкі (жнівень 1128 — сакавік 1129; 11441151; 11591162), князь друцкі (11581171/1180).

Біяграфія

Сын полацкага князя Барыса Усяславіча, старэшы брат Івана і Звяніславы.

На думку Э. Загарульскага, у 1128 годзе князь Барыс, напэўна, праз хваробу аказаўся недзеяздольным і стала пытанне хто будзе ажыцяўляць уладу. На гэта прэтэндаваў кн. Давыд Усяславіч, наступны паводле старшынства, але палачане былі супраць, бо хацелі каб пры бацьку намеснічаў кн. Рагвалод Барысавіч. Паміж князямі Давыдам і Рагвалодам пачалася ўсобіца. Напэўна праз гэта, але з пэўна невядомай прычыны і мэты, вял.кн. кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вялікі паход у Полацкую зямлю. Палачане «прывялі» кн. Рагвалода да вял.кн. Мсціслава і атрымалі санкцыю на яго на намесніцтва пры бацьку. На думку Э. Загарульскага, кн. Рагвалод быў тады зусім малады, бо палачане «вадзілі» яго, а не сам «хадзіў».

Аднак, неўзабаве, у 1129 годзе кн. Барыс памёр і кн. Давыд урэшце сеў на полацкім стальцы. Тым жа 1129 годам вял.кн. Мсціслаў збіраў паход супраць полаўцаў, заклікаў ісці і полацкіх князёў, пагатоў новы полацкі князь Давыд даводзіўся яму сватам. Паводле В. М. Тацішчава, полацкія князі адмовіліся ў кплівых словах. Таксама, паводле В. Тацішчава, пакуль вял.кн. Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, полацкія князі (магчыма Давыд і Рагвалод) ваявалі паміж сабою, а нейкія з іх і нападалі на ўладанні Мсціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з паходу Мсціслаў адправіў ваяводаў у Полацкую зямлю, яны захапілі многіх полацкіх князёў, у тым ліку Давыда і Рагвалода, і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над Полацкімі Ізяславічамі адбыўся «суд рускіх князёў», паводле яго выраку разам з сем’ямі іх выслалі ў Візантыю.

Князь Рагвалод Барысавіч, напэўна, разам з братам Іванам, вярнуўся з Візантыі ў 1139 годзе, але на полацкім стальцы тым часам сядзеў яго стрыечны брат — кн. Васілька Святаславіч. Не гледзячы на старшынство, Рагвалод, мусіць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі пасля смерці кн. Васількі (пачатак 1144 года) Рагвалод стаў полацкім князем, а вясною 1144 года ажаніўся з дачкой вял.кн. кіеўскага Ізяслава Мсціславіча.

Княжыў да 1151 года, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода ў турму. На полацкім стальцы сеў кн. Расціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода, з Менску ён паехаў у Слуцк. У Слуцку быў не доўга, т.б. ва ўладанні чарнігаўскіх князёў, адтуль дручане запрасілі яго на княжанне ў Друцк выгнаўшы кн. Глеба Расціславіча. Рагвалод пагадзіўся і паехаў у Друцк, а насустрач выехала 300 дручан на чоўнах. Выгнанне Глеба Расціславіча з Друцка выклікала вайну менскіх Глебавічаў з Рагвалодам — Глебавічы аблажылі Друцк, але штурмы былі беспаспяховыя, урэшце яны заключылі мір паводле якога пакідалі яму Друцк і дадавалі яшчэ нейкія воласці, а ён адмаўляўся для іх ад Полацка.

У 1159 годзе, змовіўшыся, палачане выгналі з Полацка кн. Расціслава Глебавіча і зноў паклікалі кн. Рагвалода Барысавіча прасіўшы прабачэння за колішнюю выдачу менскім князям. Гэта прычынілася новаму канфлікту з Глебавічамі, Рагвалод правёў супраць іх некалькі ваенных кампаній, але не вельмі паспяховых — у выніку апошняй (1162) быў разбіты кн. Валадаром Глебавічам. Параза была цяжкая, загінула шмат палачан, Рагвалод не рызыкнуў вяртацца ў Полацк і паехаў у Друцк. На полацкім стальцы пры падтрымцы смаленскіх князёў сеў кн. Усяслаў Васількавіч.

Апошні раз Рагвалод-Васіль успамінаецца ў надпісе на гэтак званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам, магчыма, жыў і да 1180 года, калі князем у Друцку названы ужо яго сын Глеб Рагвалодавіч.

Нашчадкі

Таксама некаторыя выданні называюць яго сынам нейкага Расціслава Рагвалодавіча невядомых гадоў нараджэння і жыцця.[1]

Зноскі

  1. История родов русского дворянства: В 2 кн. / авт.-сост. П. Н. Петров. — СПб., 1886. (Переизд.: — М.: Современник; Лексика, 1991. — ISBN 5-270-01515-3)

Літаратура

  • Алексеев, Л. В. Полоцкая земля: (очерки истории Северной Белоруссии) в IX—XIII вв. / Л. В. Алексеев; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Наука, 1966. — 295 с., 3 л. карт.: ил., карт. — С. 267—274.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. − 260 с.
  • Штыхаў, Г. РАгвалод Барысавіч / Георгій Штыхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 43. — ISBN 985-11-0214-8.