Шлях з варагаў у грэкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Шлях з варагаў у грэкі — назва асноўнага міжнароднага гандлёвага шляху Русі, які злучаў Паўночную і Паўднёвую Русь, Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй. Меў два асноўныя адгалінаванні, першае — карацейшае, з Балтыйскага мора ў Дзвіну, а з яе некалькімі варыянтамі волакаў у Дняпро, або Бярэзіну, другі ішоў з Балтыйскага мора па Няве ў Ладажскае возера, затым па Волхаве ў возера Ільмень, далей па рацэ Ловаці і адтуль волакам у Дняпро. Шлях з варагаў у грэкі быў звязаны з іншымі воднымі шляхамі Русі — Прыпяцка-Бужскім і Дзвінскім, якія выводзілі ў Заходнюю Еўропу, Волжскім, які выводзіў у Каспійскае мора, а таксама з меншымі ўнутранымі шляхамі.

Упершыню назва сустракаецца ў Аповесці мінулых гадоў. Шлях паўстаў у кан. 9 — пач. 10 ст. і быў адным з асноўных фактараў утварэння Русі. Найбольшае значэнне меў у 10 — 1-й траціне 11 ст. Паўднёвую яго частку добра ведалі візантыйцы, па звестках Канстанціна Барвянароднага (10 ст.) крывічы і люнцыяне[1] — славяне падуладныя Кіеву, увесну сплаўлялі па дробных рэках у Смаленск, Любеч, Чарнігаў вялікія (на 30-40 чал.) выдзеўбаныя чаўны — аднадрэўкі, якія потым сплаўляліся па Дняпры ў Кіеў, дзе іх пераабсталёўвалі, загружалі таварам і адпраўлялі ўніз па Дняпры. Прайшоўшы 7 парогаў (найбуйнейшы Ненасыцецкі абыходзілі волакам), а таксама скалістае і вузкае месца Крарыйскую пераправу (дзе часта рабілі засаду печанегі), купцы спыняліся на востраве Хорціца, потым, паставіўшы ў Дняпроўскім лімане на чаўнах марскія ветразі, плылі ўздоўж заходняга берага Чорнага мора да Царграда (Канстанцінопаля). У 2-ой пал. 11-12 ст., у сувязі з раздробленасцю Русі і тым, што ў выніку гэтага нізоўі Дняпра апанавалі качэўнікі, а таксама ўзмацніліся гандлёвыя сувязі з Заходняй Еўропай — шлях з варагаў у грэкі саступіў месца Прыпяцка-Бужскаму і Дзвінскаму.

З поўдня па шляху вазілі: з Візантыі — віно, спецыі, ювелірныя і шкляныя вырабы, дарагія тканіны, абразы, кнігі, з Кіева — хлеб, розныя рамесныя і мастацкія вырабы, серабро ў манетах і т.п.: з Валыні — шыферныя прасніцы і інш. З поўначы па шляху вазілі: з Скандынавіі — некаторыя віды зброі і вырабы мастацкага рамяства, з Паўночнай Русі — лес, мех, мёд, воск, з Прыбалтыйскіх краін — бурштын.

Зноскі

  1. Пакуль не высветлена, што гэта за славянскае племя.