Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Асобны атрад БНР)

Асо́бны аддзел во́йскаў БНР у Ба́лтыі, таксама вядомы як Асо́бны атра́д БНР, Асо́бны атра́д Балахо́віча — атрад войскаў БНР, які дзейнічаў на тэрыторыі Эстоніі і Латвіі пад камандаваннем Станіслава Булак-Балаховіча ў канцы 1919 — пачатку 1920 гадоў.

Атрад меў уласныя знакі адрознення, узнагародную сістэму і палявую пошту (для яе быў створаны наклад марак «Асобны атрад БНР»). Праз недахоп фінансавання атрад праіснаваў нядоўга, перайшоўшы на польскі бок, некаторы час менаваўся проста групай Балаховіча, пасля займеў назву Руская народная дабраахвотная армія.

Перадумовы стварэння атрада[правіць | правіць зыходнік]

Да пераходу на бок Беларускай Народнай Рэспублікі атрад пад камандаваннем Станіслава Булак-Балаховіча ўваходзіў у склад расійскай (белай) Паўночна-Заходняй арміі, якая сумесна з эстонцамі вяла барацьбу з бальшавікамі ў раёне Пскова. Пасля паражэння Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 года сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі. Яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй. Расійская Паўночна-Заходняя армія павінная была быць інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі[1]. У сувязі з гэтым Балаховіч шукаў магчымасць пераходу на іншы бок.

Стварэнне атрада[правіць | правіць зыходнік]

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева) і Кастусь Езавітаў (справа), 25 снежня 1919 г.
Конны атрад Станіслава Булак-Балаховіча, кастрычнік-лістапад 1919 г.
Атрад Станіслава Булак-Балаховіча ля сцен Ізборскай крэпасці, кастрычнік-лістапад 1919 г.

Рада БНР звярнула ўвагу на Булак-Балаховіча яшчэ восенню 1918 года, адразу пасля яго пераходу на бок белых. Усталяванне кантакту было немагчымым праз адсутнасць беларускага прадстаўніцтва ў Эстоніі. Акрамя гэтага, нямецкія акупацыйныя ўлады не пагаджаліся на арганізацыю беларускага войска[2]. Праз год, 18 кастрычніка 1919 года, шэф Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўнік Кастусь Езавітаў устанавіў кантакт з Балаховічам. «Бачыўся з прадстаўнікамі Атрада Ген. Балаховіча. Балаховіч цяперака зусім вольны чалавек... Хацеў бы быць бліжэ да Бацькаўшчыны (Вільня). Лічыў адзін раз сябе літвіном[A 1], але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае хто ён. Трэба, кажэ, добра пазнаёміцца з картай, рухам і гісторыяй.» — так адзначыў першую завочную сустрэчу Кастусь Езавітаў. Далей Езавітаў зазначыў: «Я прапанаваў запытаць яго: Ці ведае ён беларускую (простую) мову; ці ведае мову літоўскую; ці ведае што фамілія его зусім беларуская; па літоўску была б Балаховічунас; як ён адносіцца да нацыянальных пытанняў і ці прызнае ён незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі»[3]. Праз некалькі дзён прадстаўнікі генерала ізноў сустрэліся з Езавітавым. «Яны прыйшлі да мяне і паведамілі, што Балаховіч беларускую мову ведае і Беларускую Народную Рэспубліку прызнае і гатоў бараніць». Для свайго пераходу Балаховіч запрасіў 400 тысячаў марак, якія была патрэбныя на ўтрыманне атрада[3].

7 лістапада 1919 года Кастусь Езавітаў накіраваў запыт міністру фінансаў БНР Васілю Захарку аб выдзяленні неабходнай сумы на ўтрыманне атрада генерала Булак-Балаховіча да пачатку 1920 года. Дзяржаўны кантралёр БНР Лявон Заяц паставіў сваю рэзалюцыю 17 лістапада 1919 года, у якой пазначаецца: «Нічога німаючы проці ассыгновак на беларускія нацыянальныя атрады, лічу аднак абавязкова патрэбным назначэнне пры такіх атрадах спэцыяльного урадоўца Дзяржаўнага Кантролю дзеля ніадкладнай фактычнай праверкі і кантролю выдаткаў»[4].

14 лістапада 1919 года Балаховіч падаў афіцыйную дэкларацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцці яго на беларускую службу[2]. Кастусь Езавітаў, не дачакаўшыся адказу ад ураду БНР, узяў адказнасць на сябе і 15 лістапада 1919 года ў адказ на заяву Балаховіча паведаміў яму: «З гэтаго часу Вы з Вашым войскам лічыцесь на службе ў Арміі Беларускай Народнай Рэспублікі, як Камандзер Асобнага Атрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Эстіі»[4]. Атрад атрымаў афіцыйную назву «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі». Не пазней за 24 лістапада Балаховіч атрымаў ад Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Кастуся Езавітава беларускую форму, пячаткі і штамп Асобнага атрада[5].

Дзейнасць атрада[правіць | правіць зыходнік]

Станіслаў Булак-Балаховіч са сваім сабакам Райтам, кастрычнік-лістапад 1919 г.

26 лістапада — «Асобны аддзел», паводле дамовы беларускіх дыпламатаў Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Канстанціна Езавітава з эстонскім урадам, прыняты на часовае ўтрыманне Эстоніі, фінансавыя выдаткі залічаныя ў якасці дзяржаўнай пазыкі БНР[2]. Не ўдалося дабіцца згоды эстонцаў на павялічэнне атрада шляхам мабілізацыі беларусаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Эстоніі, а таксама атрымаць дапамогу з боку дзяржаў Антанты. Амерыканская місія перадала балахоўцам палявы шпіталь і медыкаменты[6].

У лістападзе, пасля адступлення эстонцаў ад Пскова і паражэння Паўночнай-Заходняй арміі пад Петраградам эстонская армія, а разам з ёй Асобны атрад БНР у Балтыі перайшла да абарончых баёў у раёне паміж Пыталавам і Ізборскам, а штаб атраду быў пераведзены ў Марыенбург. Асобны аддзел знаходзіўся ў Латгаліі на стыку аператыўнага дзеяння 2-й і 3-й дывізій эстонскай арміі на поўначы былой Віцебскай губерні. 3-я дывізія займала пераважна Паўднёвы фронт эстонскай арміі, паступова перадавала пазіцыі латышам[7].

14 снежня Асобны аддзел БНР захапіў вёскі Паўлава, Тульцава і ўзяў у палон 10 чырвонаармейцаў. 19—20 снежня бальшавікі перайшлі ў наступленне на вёскі Паўлава, Тульцава і Вуглавыя. Паўлава было страчанае Асобным атрадам у няроўным баі, каманда атрада ў 14 чалавек загінула, за выключэннем трох жаўнераў, якія прарваліся праз аблогу чырвоных разам з кулямётам. Асобны атрад перайшоў у контрнаступленне і 20 снежня вызваліў вёску Паўлава, захапіў 1 кулямёт. 23 чырвонаармейцы загінулі ў баі[7].

20 снежня 1919 года Булак-Балаховіч сам знаходзіўся на перадавой лініі фронту. 19 снежня атрад адбіў 4 атакі чырвоных, было захоплена 17 палонных. Асобны атрад меў страты: было забіта 6 байцоў атрада, зніклі без вестак 5 жаўнераў, паранена 11, захварэла ад холаду 16 чалавек. Быў забіты прапаршчык Паўлаў, цяжка паранены прапаршчык Голубеў і Сердзеў, лёгка паранены карнет Шастакоў[7].

29 снежня 1919 года кіраўнік штаба Асобнага атрада рапартаваў генералу Булак-Балаховічу ў Рэвель, што пры нападзе на вёску Унціна было захоплена 74 чалавекі палонных, спраўны кулямёт і 48 вінтовак, вайсковы рыштунак. Гэта была апошняя ваенная аперацыя Асобнага аддзела БНР на эстонска-савецкім фронце, бо ўжо 31 снежня 1919 года паміж Эстоніяй і Савецкай Расіяй падпісанае пагадненне аб перамір'і[8].

З прычыны эстонска-савецкіх перамоў Езавітаў зрабіў у Рызе прапанову прыняць атрад Балаховіча пад латышскае камандаванне, на што атрымаў адмову. Магчыма, адной з прычын адмовы сталі беларускія прэтэнзіі на Дзвінск[6].

У пачатку студзеня 1920 года Латвія выказала згоду прыняць частку атрада на сваёй тэрыторыі, у населеным пункце Марыенбург, аднак адмовілася прыняць яго пад сваё камандаванне[6].

Па стане на 19 студзеня атрад месціўся паміж вёскамі Бліны і Бярозкі, штаб месціўся ў вёсцы Кудзеп. За перыяд з 12 па 19 студзеня параненых, забітых ці зніклых не было[8].

22 студзеня 1920 года «Асобны аддзел» юрыдычна ўключаны Радай БНР (урад Антона Луцкевіча) у склад беларускага войска[9].

У ноч на з 27 28 студзеня 1920 года Балаховіч арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі Мікалая Юдзеніча. Арышт Юдзеніча быў здзейснены Булак-Балаховічам нібыта для «разлікаў» на ўтрыманне рэшткаў Паўночна-заходняй арміі. Юдзеніч быў вызвалены эстонскімі ўладамі[9].

У пачатку лютага 1920 года ў сувязі з адсутнасці сродкаў фінансавання атрада, новы старшыня Рады БНР Вацлаў Ластоўскі ў прысутнасці Езавітава пагадзіўся на пераход Балаховіча пад польскае камандаванне.

8 лютага 1920 года Езавітаў звярнуўся з лістом да Пілсудскага, у якім, спасылаючыся на ягоны дэкрэт аб фармаванні беларускага войска, прасіў выдзеліць атраду генерала Булак-Балаховіча ўчастак фронту на левым флангу польскіх войскаў. Гэты ліст прадстаўніку Польскай рэспублікі ў Рызе, Б. Боўфалу ўручыў сакратар беларускай місіі Янка Чарапук. Боўфал адмовіўся рабіць нейкія крокі ў гэтай справе, сцвярджаючы што Езавітава і Душэўскага адклікаў іх уласны ўрад, якога Польшча не прызнае[9].

Пераход на польскі бок[правіць | правіць зыходнік]

Станіслаў Булак-Балаховіч з польскімі афіцэрамі ў Брэсце, 1920 г.

Палякамі былі распачатыя сакрэтныя перамовы з Балаховічам пры пасярэдніцтве яго брата Язэпа ў канцы студзеня 1920 года.

17 лютага 1920 года Балаховіч выказаў згоду на пераход пад польскае камандаванне (у дзень прыняцця ў склад беларускага войска ўрадам Антона Луцкевіча), адпаведнае пагадненне было падпісанае ў Рызе 23 лютага[10]. Пад польскім камандаваннем восенню 1920 года Булак-Балаховіч назваў сваю групу Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй, а над яго штабам лунаў расійскі сцяг[11]. Паводле ўспамінаў Зінаіды Гіпіус, сам Булак-Балаховіч у канцы сакавіка 1920 года так тлумачыў абставіны пераходу свайго атрада з Эстоніі ў Польшчу[12]:

" Эстонія выпусціла толькі адзін мой атрад узброеным. Мае людзі ў гэтым атрадзе адмовіліся раззброіцца. У красавіку я павінен з імі ізноў ісці супраць бальшавікоў [...] Палякі прымуць мяне. Мой атрад ужо у Брэст-Літоўску. Я сустрэнуся з Пілсудскім і пакіну яго неадкладна, каб уз'яднацца з атрадам [...] Я беларус і каталік, але я змагаўся за Расію і буду падтрымліваць расійскую справу. "

26 лютага польскае камандаванне прыняло рашэнне аб перадыслакацыі атрада Балаховіча ў Брэст. Атрад быў падзелены на 2 часткі: першая група выйшла з Марыенбурга 5 сакавіка, другая на дзень пазней. Латвійцы далі для першай часткі 17 крытых вагонаў для жаўнераў, 5 платформаў для рыштунку, 6 вагонаў для коней і адзін для афіцэраў, для другой 17 вагонаў для жаўнераў, 7 для коней, 4 платформы і вагон для афіцэраў. 5 красавіка першы транспарт прыбыў у Дзвінск, адкуль рушыў у Вільню, праз 14 дзён падарожжа атрад прыбыў у Брэст[13].

21 сакавіка 1920 года Езавітаў прапануе падпалкоўніку Мінгрэльскаму ў сувязі з пераходам Асобнага атрада пад польскае камандаванне ліквідаваць прадстаўніцтва пры місіі і здаць пячатку і бланкі Асобнага атрада. У Марыенбургу на гэты час заставаўся лазарэт Асобнага атрада, а таксама некалькі каманд атрада. 29 красавіка Даніла Кадоўба, Юры Гладкі (пазней заменены на Мікалая Муратава) і падпалкоўнік Мінгрэльскі былі прызначаныя ў склад ліквідацыйнай камісіі Асобнага атрада. Эвакуацыя жаўнераў у Польшчу павінна была праходзіць пад кіраўніцтвам і наглядам камісіі[14].

Езавітаў пісаў настаяцелю Траецкай праваслаўнай царквы Марыенбурга ліст з просьбай усталяваць крыж на брацкай магіле жаўнераў Булак-Балаховіча і, па магчымасці, высветліць імёны беларускіх добраахвотнікаў. На гэта ён прасіў у міністра замежных спраў БНР 150 рублёў[15].

9 мая 1920 года былы агітатар пры Асобным аддзеле М. Сарока паводле даручэння Булак-Балаховіча вярнуў у Вайскова-дыпламатычную місію БНР у Рызе каўчукавую гербавую пячатку Асобнага атрада БНР у Балтыі[15].

Арганізацыя атрада, нацыянальны склад[правіць | правіць зыходнік]

Ад 15 лістапада 1919 года Асобны атрад БНР у Балтыі складаўся з чатырох рот, коннай брыгады, кулямётнай і працоўнай каманды, 2 каманд штаба, каманд пешай і коннай выведкі, сувязі, медычнага пункта. Усяго Асобны атрад налічваў 764 жаўнеры[16]. У коннай батарэі атамана Булак-Балаховіча апроч іншых былі наступныя пасады: выведнік, медычны фельчар, ветэрынар, лабарант, арцельшчык, фурансір, назіральнік, тэлефаніст, прыбіральнік, абозны, пісар, кананір, шорнік, феерверкер. У штаб атрада таксама ўваходзіў справавод суда карнет Фартунатаў і скарбнік-квартмістр Сакалоўскі. Аналіз спісаў Асобнага атрада БНР за лістапад і снежань 1919 паказвае, што дадзенае вайсковае фармаванне мела добра арганізаваную структуру з кавалерыяй, ротамі пяхоты і дапаможнымі адзінкамі[17].

У лютым 1920 года Балаховіч паведаміў польскай інспекцыі колькасны стан атрада ў 898 чалавек. Ён наступным чынам паказаў нацыянальны склад жаўнераў: рускія (41%), украінцы (23%), беларусы (21%), палякі (8%), шведы і фіны (4%), прадстаўнікі народаў Каўказа (3%). Можна дапусціць завышэнне колькасці ўкраінцаў пэўным разлікам Балаховіча ў сувязі з планамі польскага камандавання выкарыстаць атрад на Падоллі[17].

Форма і знакі адрознення, узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле рапарта Кастуся Езавітава форма была распрацаваная ў лютым 1919 года і зацверджаная Антонам Луцкевічам ужо 20 красавіка 1919 года. Праект формы быў перададзены генералу Булак-Балаховічу, які ўвёў яе ў Асобным атрадзе. Афіцыйна форма была ізноў зацверджаная старшынёй Рады Народных Міністраў БНР Антонам Луцкевічам толькі 26 студзеня 1920 года, але была даведзеная да ведама супрацоўнікаў місіі значна пазней — 16 лютага 1920[18].

Наплечныя знакі былі агульнымі як для афіцэраў, так і для вайсковых чыноў, без адрозненняў. Форма жаўнераў Асобнага аддзела войскаў БНР у Балтыі мела фуражкі звычайнага ўзору з брылём, на якім размешчаная Пагоня (на чырвоным полі скача вершнік у срэбных даспехах), на аколышках была кукарда ў форме роўнабаковага трохкутніка з нацыянальнымі колерамі: белым, чырвоным і белым[18]. Шапка афіцэра артылерыі была з дзвюма кукардамі, афіцэры насілі замест шаблі цясак з цемляком у беларускіх колерах[19].

Роды войскаў у Асобным аддзеле адрозніваліся колерамі аколышка фуражкі. Зялёны колер азначаў пяхоту, сіні — конніцу, чорны — артылерыю, чырвоны — інжынерныя часткі, белы быў выдзелены для штаба[20].

Спачатку была прапанова прыбраць чыны. Аднак чыны былі пакінутыя на ўзор старой расійскай арміі, бо ўсе чыны Асобнага атрада раней служылі ў расійскай арміі і мелі расійскія чыны. Дзеля адрознення на вушах каўнера чыноў былі ўсталяваныя трохкутнікі адпаведнага колеру з нашытымі зорачкамі на чынах. 1 трохкутнік з 1 зорачкай — прапаршчык, з 2-м — падпаручнік, з 3-ма — паручнік, 4-ма — штабс-капітан. Для штаб-афіцэраў і генералаў былі прадугледжаныя два трохкутнікі: адзін — як у капітана, другі — з адной зорачкай — падпалкоўнік, з 2-ма — палкоўнік, з 3-ма — генерал-маёр[20].

Кастусь Езавітаў прапанаваў надзвычайнаму паслу БНР у Балтыі К. Дуж-Душэўскаму зацвердзіць палажэнне аб «Полацкім Беларускім Крыжы», як адзіным ордэне БНР, які «выдаецца як у ваенныя, там і ў мірныя часы за асобыя заслугі грамадзянам БНР перад Бацькаўшчынаю». Полацкі Беларускі Крыж меў пяць ступеняў з дзяленнем на дзве катэгорыі — ваенную і мірную. Ордэн меў шасціканцовую форму і быў пакрыты белай эмаллю з пазалочанымі кантамі[20].

У 1920-я гады форма і ордэн былі перададзеныя ў Беларускі дзяржаўны музей, дырэктарам якога на той час быў Вацлаў Ластоўскі[19].

Маркі і палявая пошта[правіць | правіць зыходнік]

У пошуках забеспячэння магчымасці грашовага ўтрымання Кастусь Езавітаў прасіў дазволу ўрада БНР на выпуск у Рызе Беларускай пазыкі для грамадзян БНР і прыхільных да Беларусі дзяржаў, а таксама крэдытных білетаў — паштовых марак. Вядома таксама пра падрыхтаваны праект грашовых асігнацый БНР[21].

Для забеспячэння сувязі асобных частак Асобнага атрада на тэрыторыі Латвіі і Эстоніі паміж сабой і з вайсковымі ці ўрадавымі структурамі гэтых краін была створана вайскова-палявая пошта. 19 студзеня 1920 года Езавітаў звярнуўся да міністра фінансаў Латвіі з просьбай даць дазвол на друк пяці наміналаў маркі (5 кап., 10 кап., 15 кап., 50 кап., 1 рубель) у колькасці 500 000 экзэмпляраў. Для дзейнасці палявой пошты не была патрэбная такая колькасць, але яна магла прынесці вялікі даход[22].

Праект маркі быў выкананы мастаком Рыхардам Зарыньшам, паводле меркавання гісторыкаў прататыпам была выкарыстаная гравюра У. дэ Гарнэка[23].

Першая партыя марак (500 000 штук па 15 кап.) была дастаўленая ў Вайскова-дыпламатычную місію БНР 14 лютага. Наступным днём Езавітаў прасіў міністра транспарту Латвіі выдаць загады, каб лісты, што былі аплачаныя маркай Асобнага атраду, прымаліся і перасылаліся латвійскай дзяржаўнай поштай, на што атрымаў станоўчы адказ. Другая партыя была надрукаваная ў канцы лютага, ужо пасля пераходу Балаховіча на бок палякаў[22].

Маркі Асобнага атраду выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі да красавіка 1920 года і гасіліся асобным штампам[23].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Пад літвінамі тут маюцца на ўвазе літоўцы. У пачатку XX ст. у беларускамоўнай літаратуры і прэсе такі назоў быў найбольш распаўсюджаны для абазначэння балтамоўнага насельніцтва сучаснай Літвы.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Анатоль Грыцкевіч. Станіслаў Булак-Балаховіч (1883—1940). jivebelarus.net. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2016. Праверана 31 студзеня 2016.
  2. а б в Латышонак 2014, с. 132.
  3. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 19.
  4. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 104.
  5. Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 105.
  6. а б в Латышонак 2014, с. 133.
  7. а б в Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 127.
  8. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 128.
  9. а б в Латышонак 2014, с. 134.
  10. Латышонак 2014, с. 135.
  11. Латышонак 2014, с. 142.
  12. Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 149.
  13. Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 151—152.
  14. Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 153.
  15. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 154.
  16. Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 131.
  17. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 133.
  18. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 138.
  19. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 140.
  20. а б в Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 139.
  21. Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 144.
  22. а б Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні 2014, с. 145.
  23. а б Батиевский В.. Марки и полевая почта «Асобнага атрада БНР» (руск.). mirmarok.ru (2 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2016. Праверана 31 студзеня 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Алег Латышонак. Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
  • Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні / пераклад, прадмова, каментары А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча, Ю. Юркевіча. — 2. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 470 с. — 750 экз. — ISBN 978-5-9904531-9-7.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Асобны атрад БНР. Беларуская вунія. Праверана 19 красавіка 2009.
  • Ю. Віцьбіч. Асобны Дабравольны Народны Аддзел БНР. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі. Жыве Беларусь. Бібліятэка гістарычных артыкулаў (9 лютага 2008). Праверана 20 красавіка 2009.