Свойскі бык
Свойскі бык | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Bos taurus taurus L., 1758 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Свойскі бык (Bos taurus taurus) — від парнакапытнай жывёлы, разводзіцца для атрымання малака і мяса. Вылучаюць мясныя, мяса-малочныя і малочныя пароды свойскіх быкоў.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Продкам свойскага быка быў дзікі бык, у прыватнасці яго вымерлы ў дзікай прыродзе падвід — тур.
Буйная рагатая жывёла, і, у прыватнасці, бык адыгрываюць значную ролю ў чалавечай гісторыі. Адамашненне пачалося ў часы ранняга неаліту, прыкладна 8500 гадоў таму, услед за адамашненнем коз, авечак і свіней. Пытанне, ці з’яўляюцца тэрыторыя сучаснай Турцыі і паўночнага Міжрэчча адзіным цэнтрам адамашнення (не лічачы адамашнення зебу на тэрыторыі Індастана), застаецца адкрытым. Праведзеныя ў 1994 годзе генетычныя даследаванні паказалі, што сучасныя быкі не належаць, як доўгі час лічылася, адной радавой лініі.
Біялагічныя асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Самая характэрная біялагічная асаблівасць буйной рагатай жывёлы — здольнасць кароў даваць малако (лакціраваць) на працягу доўгага часу. Працягласць жыцця кароў у сярэднім 18—20 гадоў, але выкарыстоўваць іх у гаспадарцы мэтазгодна толькі да 10-гадовага ўзросту. Пасля 7—8 лактацый плоднасць і ўдоі кароў зніжаюцца, аднак бываюць і выключэнні.
Палавая спеласць у бычкоў і цёлак настае ў 6—9-месячным узросце, але фізічнай спеласці жывёла да гэтага часу яшчэ не дасягае і на практыцы цёлак упершыню асемяняюць у 1,5-гадовым узросце пры жывой масе 350—380 кг. Цельнасць у больш раннім узросце пры нізкай жывой масе можа затрымаць рост і развіццё жывёлы, прывесці да нараджэння слабага цяляці і быць прычынай нізкай малочнай прадукцыйнасці. Найбольш плённае асемяненне кароў і цёлак толькі ў перыяд ахвоты, які настае і паўтараецца праз пэўны час пасля ацёлу ў кароў і пасля наступлення палавой спеласці ў цёлак і цягнецца 18—20 гадз. (часам, 6—48 гадз). Каровы прыходзяць у ахвоту звычайна на 21-ы дзень (ваганні 18—25 дзён) пасля ацёлу. Візуальна гэта можна вызначыць па паводзінах жывёлы і па вонкавым выглядзе яе палавых органаў. Выяўленне кароў (цёлак), якія прыйшлі ў ахвоту, праводзяць не менш як тры разы ў суткі: раніцай і ўдзень у час прагулкі або вечарам у час даення і догляду жывёлы. Асемяняюць кароў перад даеннем у першую ахвоту пасля ацёлу двойчы: пасля выяўлення ахвоты і праз 10—12 гадз. пры яе наяўнасці. Пасля асемянення кароў і цёлак неабходна трымаць у стойле да знікнення ахвоты. Кароў, якія не прыйшлі ў ахвоту праз 45 дзён пасля ацёлу, абавязкова трэба паказаць ветэрынару.
Цельнасць у кароў цягнецца ў сярэднім 285 дзён. Адхіленне ў той ці іншы бок (у межах 260—312 дзён) залежыць ад кармлення і догляду, скараспеласці, полу плода, індывідуальных уласцівасцей жывёлы і іншых прычын.
Карова рэдка прыводзіць больш як адно цялё. Яго жывая маса 25—40 кг (бычкі звычайна важаць на 1—2 кг больш за цёлак). Рост і развіццё жывёлы цягнецца да 5 гадоў. У дарослай жывёлы 32 зубы, паводле тэрмінаў іх змены і формы сцірання вызначаюць яе ўзрост. Нармальная тэмпература 38,6 °C, пульс 50—60 удараў у мінуту.
У буйной рагатай жывёлы чатырохкамерны страўнік, добра прыстасаваны да ператраўлівання сена, саломы і іншых фубых кармоў. Першыя тры аддзелы страўніка (рубец, кніжка, сетка) не маюць залоз і называюцца перадстраўнікамі. Сапраўдным страўнікам з’яўляецца чацвёрты аддзел — сычуг, слізістая абалонка якога багатая залозамі. У рубцы, які па аб’ёму складае 80 % ад усіх камер страўніка, на корм уздзейнічаюць мікраарганізмы, якія клятчатку грубых раслінных кармоў ператвараюць у даступныя стрававальным залозам рэчывы. 3 рубца размякчаны корм адрыгваецца ў ротавую поласць, зноў перажоўваецца і праглынаецца. Гэты працэс называецца жвачкай (адсюль назва «жвачныя жывёлы»). Потым корм трапляе ў наступныя аддзелы страўніка і ў кішэчнік, дзе канчаткова ператраўляецца і засвойваецца.
Гаспадарчае значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Існуе больш за тысячу парод і пародных груп буйной рагатай жывёлы, але ўсе іх умоўна можна падзяліць на спецыялізаваныя (малочныя, мясныя) і камбінаваныя, або пароды падвойнай прадукцыйнасці (малочна-мясныя, мяса-малочныя).
У свеце налічваецца каля 1,3 млрд галоў буйной рагатай жывёлы, пераважна — кароў. Найбольшае пагалоўе ў Індыі (каля 400 млн.), Бразіліі і Кітаі (па 150 млн.).
У Беларусі на 1.1.2007 налічвалася 3,9 млн галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1,5 млн. — каровы. Па вытворчасці малака на душу насельніцтва краіна займае 1-е месца ў СНД і 4-е ў Еўропе. Больш за 98 % мяса і малака беларускія гаспадаркі атрымліваюць ад развядзення чорна-пярэстых кароў.
Карова ў сялянскай сям’і здаўна ўвасабляла багацце і дастатак. Страціць карову, асабліва ў неўраджайныя гады, для сялян было раўназначна катастрофе. Таму карову ў глыбінцы заўсёды вельмі паважалі, усяляк засцерагалі, клапаціліся, ставіліся да яе ласкава[1]. Раней на Беларусі хлеў для ўтрымання кароў называўся кароўнік, пуня ці абора.
Гадоўляй кароў займаецца жывёлагадоўля, пераважаючая жывёлагадоўчая галіна. Малочныя і мяса-малочныя пароды разводзяць дзеля атрымання малака, ялавічыны, скураў.
Адходы жыццядзейнасці каровы, гной, выкарыстоўваюць у якасці добрага ўгнаення. У 2009 годзе быў расшыфраваны геном каровы[2], што дазволіць палепшыць і паскорыць вывядзенне парод з патрабаванымі для сельскай гаспадаркі ўласцівасцямі.
Культ каровы
[правіць | правіць зыходнік]У Індыі са старажытнасці карову лічаць святой жывёлай, увасабленнем Вялікай маці Адзіці і зямлі, а часам нават усяго Сусвету. Веды звязваюць іх са світанкам і сонцам, называючы маці, якая ўладарыць над патройнай прыродай свету. Карова абараняецца Сусветнымі законамі і Вішну асабіста, за забойства каровы магчыма таксама трапіць у пекла, таму гэта забаронена: «Забойцам кароў прыгатавана гніць у пекле столькі гадоў, колькі было валасінак на целе каровы»[3].
У міфалогіі розных народаў карова выконвае касмічную функцыю: у егіпцян нябесная карова нут, якая спарадзіла неба, увасабляла Нябесны акіян. У Мемфісе яна выступала сімвалам пасіўнай сілы, увасабленнем Венеры. Менавіта карову па радзе аракула легендарны Кадм вывеў да месца, дзе былі заснаваны Фівы.
Цельная карова лічыцца жаночым сімвалам жыватворчай і сілкавальнай сілы зямлі, а ў пары з быком яны ўвасабляюць сімвал бажаства — жаночага і мужчынскага, які спараджаючага і выкормліваючага. Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі карову часцяком малявалі з цялём, які смакчыць вымя, што азначала множанне чароўнай сілы, сілкавальнай сябе саму.
Захворванні
[правіць | правіць зыходнік]Захворванні кароў бываюць розныя. Часцей за ўсё сустракаецца каровіны рак крыві — лейкоз. Заражоныя лейкозам каровы небяспечныя тым, што пераносяць хваробу праз кроў і малако. Каб пазбегнуць заражэння кароў лейкозам, ім штогод робяць прышчэпкі і абследуюць іх ад гэтай і іншых хвароб. Калі карова здаровая, ёй выдаюць адмысловы пашпарт на дазвол спажывання малака. Збіраць малакапрадукты малаказавод можа толькі тады, калі ёсць пашпарт.
Акрамя таго, карова можа пераносіць сухоты, шаленства і язву. Часта пад скурай кароў жывуць лічынкі слепняў і іншых насякомых. Гэтыя лічынкі сілкуюцца крывёй кароў і здольныя паменшыць колькасць крыві ў каровы амаль на адзін працэнт.
Уплыў на навакольнае асяроддзе
[правіць | правіць зыходнік]Угнаенні
[правіць | правіць зыходнік]Каровіны перагной з’яўляецца адным з найлепшых угнаенняў[4]. У памёце каровы часцяком пасяляюцца мурашкі і рыжыя мурашы. Памёт каровы для ўгнаення разносяць жукі-гнаявікі. Мухі адкладваюць у ім свае яйкі. Акрамя таго, куры, раскрываючы памёт быка, знаходзяць там шмат пажыўных рэчываў.
Выкіды метану
[правіць | правіць зыходнік]Навукоўцы выявілі, што каровы вылучаюць метан. Яго колькасць залежыць ад рацыёну каровы. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН пацвердзіла гэтыя звесткі. Падрабязна гэту праблему даследавалі ў Вялікабрытаніі. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што кожны дзень кожная з 10 мільёнаў брытанскіх кароў вылучае прыблізна 100—200 літраў метану[5].
У ходзе праекта навукоўцы таксама разглядалі магчымыя метады скарачэння ў кароў выдзялення аміяку — яшчэ аднаго парніковага газу[5]. Задачай вучоных з’яўляецца распрацаваць нейкі новы рацыён для кароў, каб у працэсе іх стрававання вылучалася менш газу. Майкл Эбертан з Інстытута даследаванняў Уэльса ў Аберыстуіце называе некалькі магчымых варыянтаў корму кароў, якія здольныя паменшыць выкіды газу: райграс з высокім утрыманнем цукру, белая канюшына і лядвянец.
Брытанскі ўрад вылучыў на гэты праект, які будзе ажыццяўляцца тры гады, 750 тысяч фунтаў, што складае прыкладна 1,51 млн долараў ЗША. Галоўная база даследаванняў — універсітэт Уэльса ў Аберыстуіце.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Молоко — древнейшее лекарство Архівавана 12 жніўня 2011. (руск.)
- ↑ Геном коровы ускорит эволюцию сельского хозяйства Архівавана 15 ліпеня 2010. (руск.)
- ↑ Лилы Господа Чайтаньи Махапрабху в юности. Архівавана 27 снежня 2010. гл. 17, тэкст 166 (руск.)
- ↑ Агрус добре вродить через чотири роки. Gazeta.ua
- ↑ а б Корови і глобальне потепління. Щоденна всеукраїнська газета «День»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал М. А. Ткачоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 736 с.: іл. ISBN 3-85700-079-3