Свята-Дабравешчанская царква (Віцебск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўная царква
Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы
VITEBSK. Annunciation (Дабравешчанская) church (XII century)..jpg
55°11′29,8″ пн. ш. 30°12′03″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Віцебск, плошча Тысячагоддзя Віцебска
Канфесія Праваслаўе
Архітэктурны стыль Візантыйскі стыль
Будаўніцтва ?XI-XII стст.
Стан Рэстаўрыравана
Сайт Афіцыйны сайт

Дабраве́шчанская царква́ ў Ві́цебскуправаслаўны храм, помнік архітэктуры XII стагоддзя, размешчаны ў цэнтры горада на левым беразе Заходняй Дзвіны. Адносіцца да шасціслуповага трохапсіднага крыжова-купальнага храма. Сярэдні неф шырэйшы за бакавыя.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пісьмовыя крыніцы не захавалі звестак аб даце ўзвядзення віцебскай царквы Дабравешчання. Летапісныя крыніцы XVI-XVII стст. (Хроніка Стрыйкоўскага, Хроніка Быхаўца) адносяць узвядзенне царквы да XIV стагоддзя і звязваюць з імем князя Альгерда. Паданне, зафіксаванае ў гарадскім летапісе XVII стагоддзя, кажа аб узвядзенні храма Дабравешчання ў Віцебску ў 974 годзе княгіняй Вольгай адначасова з заснаваннем горада.

Датаванне будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Першае абследаванне храма было ажыццёўлена ў пачатку XIX стагоддзя А. М. Паўлінавым, які зрабіў здагадку пра час яго ўзвядзення ў межах XXII стагоддзяў, больш схіляючыся да XI стагоддзя. Першая абгрунтаваная датыроўка будаўніцтва храма высунутая ў пачатку дваццатых гадоў XX стагоддзя Н. І. Бруновым (які аднёс яе да XII стагоддзя), не аспрэчана да гэтага дня. Праводзіліся археалагічныя даследаванні (у 6090-я гады XX стагоддзя) пад кіраўніцтвам Г. Штыхава, А. Трусава, П. Рапапорта і Т. Бубенька, разам аналізам і вывучэннем архітэктурных формаў, будаўнічай тэхнікі і фрагментаў фрэсак, яны даюць падставу датаваць будаўніцтва царквы ў межах XII стагоддзя і выказаць здагадку ўдзелу ва ўзвядзенні храма візантыйскіх майстроў і выкарыстанне візантыйскага будаўнічага досведу.

Перабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Царква некалькі разоў перабудоўваўся. У 1619 г. па загаду караля Жыгімонта III перададзена уніятам. Царква моцна пацярпела падчас Паўночнай вайны. У 1714 годзе быў праведзены рамонт, а ў 1759 царква перабудавана ў стылі позняга барока. У 1832 годзе царква была вернута праваслаўным, але знаходзілася «в самом неустроенном и не имеюшем никакого благолепия положении»; адрамантавана ў 1833 годзе губернскім архітэктарам І. Беціні[1].

У сярэдзіне XIX стагоддзя перабудавана яшчэ раз.

Вялікая Айчынная вайна і СССР[правіць | правіць зыходнік]

Царква моцна разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны, затым узарваная ў 1961 годзе, прычым сцены захаваліся на вышыню да 5 метраў. У 1968 г. археолагам М. К. Каргерам праведзены раскопкі і частковая разборкі абломкаў. У 1977 годзе праведзена кансервацыя руін царквы (архітэктар С. Друшчыц).

Аднаўленне царквы[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер царквы
Званіца

У 19931998 гг. царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы адноўленая ў абліччы XII стагоддзя па праекце архітэктара Г. А. Лаўрэцкага з захаваннем фрагментаў арыгінальнай муроўкі (кладка сцен — чаргаванне даламітавых абчасаных блокаў з двума або трыма радамі плінфы)[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

З «Рысунка места Віцебска», 1664

Помнік полацкай школы дойлідства, прыклад творчай перапрацоўкі крыжова-купальнага базілікальнага тыпу візантыйскага сакральнага збудавання. Пры будаўніцтве храма выкарыстана сістэма муроўкі з чаргаваннем радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі, адкуль, відаць, і былі запрошаныя майстры ў Віцебск[3].

Адноўлены будынак, неатынкаванымі пакінуты фрагменты арыгінальнай муроўкі

Выцягнуты ў плане прамавугольны аб'ём на высокім цокалі з тыльнай усходняй сцяны мае вялікую паўкруглую цэнтральную апсіду, дэкарыраваную тонкімі калонкамі. Шырыня царквы 11,1 м, даўжыня без апсіды 18,2 м, з апсідай — 21 м, таўшчыня сценаў ад 1,1 да 1,5 м. Бакавыя фасады плоскімі лапаткамі падзяляюцца на 4 амаль аднолькавыя праслы, завершаныя закамарамі з дахамі-бочкамі. З паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў размяшчаліся аркавыя ўходныя парталы з невялікімі прытворамі. Канструкцыйнае выкананне будынка — у візантыйскай тэхніцы муроўкі (opus mixtum): гарызантальныя шэрагі блокаў-квадраў абчасанага жоўтага каменю-вапняку чаргуюцца з пракладзенай паміж імі ў 1—4 шэрагі тонкай цэглай-плінфай (выяўлены шэраг плінфаў з клеймамі). Памеры плінфы — 3—3,7 × 19—20 × 27—29 см (асноўны фармат), 2,8 × 15 × 21 см і 6 × 27 × 30 см. Муроўка змацоўваецца рашчынай так званай ружовай цамянкі — сумесь вапны з тоўчанай цэглай. Канструкцыйна сцены ўмацоўваліся гарызантальна пакладзенымі ў 2 шэрагі бярвеннямі. Падлога складаецца з невялікіх часаных камянёў, яе ўзровень на 105 см вышэй за цокаль будынка. Пад аўтэнтычнай падлогай на глыбіні да 1 м знаходзіцца пласт вапнавай рашчыны з дамешкамі дробных камянёў, пад якім залягае культурны пласт 0,4—0,6 м з керамікай XI — 1-й чвэрці XII стст.[4]

Па перабудове ў стылі віленскага барока купал на сяродкрыжжы разабралі, а над алтарнай часткай узвялі вежачку з спічакам. На ўсю шырыню галоўнага фасада прыбудавалі новы ўходны аб'ём з дзвюма шмат'яруснымі вежамі-званіцамі і фігурным франтонам паміж імі. У адпаведнасці з грэка-каталіцкай абраднасцю ў інтэр'еры царквы зрабілі мураваную алтарную перагародку. Да паўночнага фасада каля алтара далучылася рызніца, а да паўднёвага фасада — 2-павярховая прыбудова, на другім паверсе якой знаходзілася «цёплая» Пакроўская царква. У выніку мураўёўскай перабудовы 2-й паловы XIX ст. з царквы знялі вежы-званіцы, над дахам узвялі вялікі драўляны 8-гранны барабан з купалам-цыбулінай. У наш час над будынкам узвялі цыліндрычны барабан пад паўсферычным купалам. На фасадах рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагменты старажытнай плінфавай муроўкі.

Унутры 6 крыжовых у сячэнні слупоў падзяляюць залу на 3 нефы, сярэдні з якіх шырэйшы за бакавыя, і завяршаецца вонкавай апсідай, бакавыя — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У заходняй частцы на пары слупоў размяшчаліся хоры, на якія вялі ўсходы ў тоўшчы фасаднай сцяны. Бакавыя часткі хораў займалі капліцы з невялікімі апсідамі ў таўшчыні муроў. Нартэкс пад хорамі вылучаецца глухім прасценкам.

Інтэр'ер царквы меў багатую фрэскавую роспісу XII ст., якая пакрывала ўсе роўніцы сценаў (захаваліся выява анёла і дэкор вакол праёмаў і ўздоўж сцяны каля падлогі). Геаметрычны дэкор меў выгляд ланцужкоў з 3-кутніх пірамідаў. Калярыстычная гама карычнева-чырвоная, ружова-жоўтая, зялёна-блакітная. Фрагмент фрэскавай выявы ваяра з старажытнаславянскімі літарамі, зняты з партала галоўнага ўходу, захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Іканастас 2-ярусны сучаснай работы[5].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Свята-Дабравешчанская царква (Віцебск) на сайце Radzima.org
  2. Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 39.
  3. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  4. Алег Трусаў. Віцебская царква Звеставання // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 327.
  5. Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 40.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
  • Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.