Дзісенская нізіна
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e7/%D0%94%D0%B7i%D1%81%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BDi%D0%B7i%D0%BD%D0%B0_%282001%29.svg/220px-%D0%94%D0%B7i%D1%81%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BDi%D0%B7i%D0%BD%D0%B0_%282001%29.svg.png)
Дзісненская нізіна (літ.: Dysnos lyguma) — фізіка-геаграфічны раён у Беларускім Паазер’і, частка Полацкай нізіны.
Знаходзіцца на паўночным захадзе Віцебскай вобласці, трапляе на тэрыторыю Літвы[1]. Мяжуе на поўначы з Браслаўскай градой, на поўдні са Свянцянскімі градамі. Абсалютная вышыня 135—145 м, найбольш нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне ракі Дзісна).
Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем вялізнага Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Расталыя ледавіковыя воды намнажаліся ў вялікім паніжэнні, якое з поўдня падпруджвалася Свянцянскімі краявымі марэнамі. Вадаём шырокім пралівам злучаўся з Полацкім прыледавіковым возерам, куды з прылеглых узвышшаў і шматлікіх астравоў паступаў рыхлы матэрыял. У мелкаводнай частцы возера намнажаліся пяскі рознай буйнасці, а ў глыбакаводнай павольна асядалі «тлустыя» стужачныя гліны. Пасля ўтварэння скразной даліны праз Балтыйскую граду на ўчастку Краслава—Даўгаўпілс возера было спушчана, і на яго месцы ўтварылася Полацка-Дзісненская нізіна.
Паверхня сучаснай Дзісненскай нізіны плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, прасторы паміж якімі аднастайныя і роўныя, з адноснымі вышынямі 3-5 м. Часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3d/%D0%A0%D0%B0%D0%BA%D0%B0_%D0%94%D0%B7%D1%96%D1%81%D0%BD%D0%B0.jpg/220px-%D0%A0%D0%B0%D0%BA%D0%B0_%D0%94%D0%B7%D1%96%D1%81%D0%BD%D0%B0.jpg)
Асноўная рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Шматлікія рэшткавыя азёры: Ельня, Чорнае, Асвята; найбольш глыбокія (Богінскае возера) трапляюцца на ўскраінах нізіны.
Сярэдняя тэмпература студзеня −7 °C, ліпеня 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год.
Воданепранікальныя груныты, плоскаўвагнутая паверхня, слабы прыродны дрэнаж садзейнічаюць працэсам агляення і забалочанасці глеб. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На ўсходзе і захадзе нізіны вялікія лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/32/%D0%9B%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%88%D0%B0%D1%84%D1%82%D0%BD%D1%8B%D0%B9_%D0%B7%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%B7%D0%BD%D0%B8%D0%BA_%D0%95%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8F.jpg/220px-%D0%9B%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%88%D0%B0%D1%84%D1%82%D0%BD%D1%8B%D0%B9_%D0%B7%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%B7%D0%BD%D0%B8%D0%BA_%D0%95%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8F.jpg)
На тэрыторыі Дзісненскай нізіны размяшчаецца заказнік Ельня. Тут пад аховай знаходзіцца неасвоенае вярховае балота, якое іграе важную ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму рэгіёна і ракі Заходняй Дзвіны.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Якушка В. П. Дзісненская нізіна // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.