Лявон Пятровіч Баршчэўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Л. Баршчэўскі)
Лявон Баршчэўскі
2-гі Старшыня Партыі БНФ
снежань 2007 — верасень 2009
Папярэднік Вінцук Вячорка
Пераемнік Аляксей Янукевіч

Нараджэнне 4 сакавіка 1958(1958-03-04) (66 гадоў)
Грамадзянства Беларусь
Партыя Партыя БНФ
Член у
Адукацыя
Прафесія філолаг
Дзейнасць перакладчык, палітык, філолаг, літаратуразнавец, настаўнік, літаратар
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера філалогія[2], літаратуразнаўства[2], пераклад[2] і палітыка[2]
Месца працы
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ляво́н Пятро́віч Баршчэ́ўскі (нар. 4 сакавіка 1958, Полацк) — беларускі педагог, філолаг, перакладчык, рэдактар, грамадскі дзеяч і палітык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў з адзнакай Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў на спецыяльнасці «Нямецкая і англійская мовы». Працаваў выкладчыкам нямецкай і англійскай моў у школе № 10 Полацка, потым у Наваполацкім політэхнічным інстытуце (цяпер Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт). Скончыў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце замежных моў (1987), атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук (1989).

У 1990—1995 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XII склікання ад Наваполацкай-Маладзёжнай выбарчай акругі № 174, уваходзіў у склад парламенцкай апазіцыі БНФ. Працаваў намеснікам старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, а таксама быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета па міжнародных справах і знешнеэканамічнай дзейнасці. Быў суаўтарам канцэпцый прынятых у 1990—1992 гадах законаў «Аб грамадзянстве», «Аб адукацыі», «Аб рэферэндуме» і інш. У красавіку 1992 года на 9-й сесіі ад імя Апазіцыі БНФ прадстаўляў распрацаваны спецыялістамі праект Закона «Аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю», які быў адхілены большасцю Вярхоўнага Савета.

З 1995 года — намеснік старшыні Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», у 1996—1999 гадах — выконваў абавязкі старшыні партыі пасля эміграцыі Зянона Пазняка. Пасля расколу партыі ў 1999 годзе быў дарадцам старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі.

Шматгадовы намеснік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя, які быў афіцыйна зачынены ўладамі ў 2003 годзе.

Лявон Баршчэўскі ўзначальваў Беларускі ПЭН-Цэнтр у 2003—2005 гадах, а пасля атрымаў статус «ганаровы старшыня»[3]. У кастрычніку 2019 года прыпыніў сяброўства ў гэтай арганізацыі да пачатку захадаў уладаў аб яе закрыцці, пасля чаго зноў узяў удзел у яе працы.

На 10-м з’ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 года абраны старшынёй партыі. У верасні 2009 года сышоў з пасады старшыні, на якой яго, па выніках з’езду партыі, замяніў Аляксей Янукевіч. У 2011 годзе разам з групай паплечнікаў пакінуў шэрагі Партыі БНФ.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Разам з Сяргеем Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладчыкаў «Бабілён» (1985).

Перакладчык і ўкладальнік зборнікаў лірыкі Б. Брэхта, Н. Ленаў, Сапфо, Ф. Петраркі, Ф. Гёльдэрліна, Я. Вырхліцкага, К. Кавафіса, С. Обстфельдэра, Анакрэона, Г. Экелёфа, Ду Фу, Э. Кітэльсена, Архілоха, Бабура, С. Стэйнара, Назыма Хікмета, М. Цвятаевай, Аль-Бухтуры, Нэлі Закс, Р. Кэмпбела, Сальваторэ Квазімада, М. К. Сарбеўскага, Г. Лоўсана; прозы Г. Бёля (дзе змешчаны, сярод іншага, яго пераклад рамана «Більярд а палове дзясятай»), Ф. Кафкі (у т. л. раманы «Працэс», «Замак», «Зніклы»). Пераклаў таксама трагедыі Эсхіла «Прыкуты Праметэй», «Персы», Сафокла «Эдып-цар», Эўрыпіда «Медэя», камедыі Арыстафана «Жабы», «Люсістрата», Менандра «Адлюднік», драму Фрыдрыха Шылера «Дон-Карлас», раманы Ё. В. Гётэ «Пакуты маладога Вертэра», К. Гамсуна «Голад», Г. Мастоўскай-Радзівіл «Здань у Малым Замку», Астрыд Ліндгрэн «Усе нашы дзеці з Булербю», Я. Івашкевіча «Панны з Вілька», паэмы Э. А. По («Тамерлан»), Х. Н. Бяліка («У горадзе разні»), К. І. Галчыньскага («Баль у Саламона»), Ч. Мілаша («Маральны трактат», «Паэтычны трактат»), філасофскія трактаты Платона «Філеб», Арыстотэля «Паэтыка», І. Канта «Пралегомены да любой будучай метафізікі», Г. Ф. В. Гегеля «Вучэнне аб паняцці і Філасофская энцыклапедыя», Ф. В. Ё. Шэлінга «Філасофскія даследаванні аб сутнасці чалавечай свабоды», «Філасофія як дакладная навука» Э. Гусэрля, дзве працы па навукавучэнні Ё. Г. Фіхтэ, «Ессе Homo» Ф. Ніцшэ, «Эцюды пра любоў і каханне» Хасэ Артэгі-і-Гасэта, п’есы С. Мрожака («Танга»), Ю. Славацкага («Баладына»), Станіслава Выспяньскага («Вяселле» і «Варшавянка»), С. Бекета («Не-я»), Ф. Дзюрэнмата («Партрэт планеты»), В. Гаўла («Свята ў садзе»), У. Шэкспіра («Макбет»), кнігі нямецкіх гісторыкаў Р. Лінднэра («Гісторыкі і ўлада») і Б. К'яры («Штодзённасць за лініяй фронту»), паасобныя паэтычныя творы і прозу Г. Апалінэра, апавяданні Гамсуна, Ю. Боргена, Б. Шульца, эсэ А. Міхніка, вершы, урыўкі з паэмаў Энхедуанны, Катула, Вергілія, Авідзія, Б. дэ Борна, П. Відаля, Дантэ Аліг’еры, П. дэ Рансара, Л. Камоэнса, Я. Каханоўскага, Н. Буало, Дж. Мілтана, Ю. Бакі, Гётэ, Адама Нарушэвіча, Ф. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча, Г. Гайнэ, Дж. Кітса, М. Эмінэску, В. фон Хейдэнстама, Х. Н. Бяліка, Х. Р. Хіменеса, Г. Ахтэрберга, Я. Э. Волда, Ю. Чаховіча, Нэлі Закс, Я. Бжэхвы, Г. Граса, Т. Транстромера, Б. Акуджавы, Т. Вянцлавы, Фернанду Песоа, Р. Кэмпбела, Р. Дарыа і інш., лібрэта оперы «Чужое каханне наступстваў не бачыць» Ф. У. Радзівіл. Аўтар кніг папулярных нарысаў «Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму» (2003) і «Беларуская літаратура і свет» (2006; разам з П. Васючэнкам і М. Тычынам). Аўтар больш за 30 артыкулаў і навуковы кансультант 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі» (1996—2004), а таксама шматлікіх артыкулаў па методыцы выкладання літаратуры ў сярэдняй школе і ва ўстановах новага тыпу. У 2014 у кракаўскім архіве (аддзел рукапісаў Бібліятэкі князёў Чартарыйскіх) знайшоў рукапісы невядомых твораў беларускамоўнай літаратуры 1-й трэці ХІХ ст. «Wiersz Ruski o Religii i Obyczayności» і «Jasno czerwony raczek po obłoku skacze...».

Вядомы таксама як публіцыст: шматлікія артыкулы, інтэрв’ю публікаваліся ў беларускай перыёдыцы ў Беларусі і па-за яе межамі. Сааўтар публікацыі «Справаздача аб стане незалежнай культуры ў Беларусі», прэзентаванай на сустрэчы кіраўнікоў ведамстваў культуры краін Еўрасаюза ў г. Любліне (2011).

Рэдактар серыі «ЕўраГраматыкі» (з 2008). Укладальнік 27-моўнага «Еўраслоўніка» (2008), «Польска-беларускага тэматычнага слоўніка для школьнікаў і студэнтаў» (2013), «Беларуска-польскага тэматычна-тэрміналагічнага слоўніка для школьнікаў і студэнтаў» (2014), «Літоўска-беларускага, беларуска-літоўскага слоўніка» (2021), «Беларуска-англійскага слоўніка» (2023), адзін з укладальнікаў і рэдактараў «Нямецка-беларускага слоўніка» (2006) і «Беларуска-нямецкага слоўніка» (2010). Аўтар «Кароткай граматыкі польскай мовы» (2008), «Беларуска-польскага размоўніка-даведніка» (2011), адзін з аўтараў «Кароткай граматыкі латышскай мовы» (2008), «Кароткай граматыкі нідэрландскай мовы» (2009), «Кароткай граматыкі нямецкай мовы» (2012). Укладальнік хрэстаматый для сярэдняй школы «Літаратура народаў свету» (т. 1 і 2, 1995) і «Літаратура народаў свету: ХХ стагоддзе» (1999; разам з Евай Лявонавай).

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 снежня 2014.
  2. а б в г д е ё ж Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. nashaniva.by
  4. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Лявон Пятровіч Баршчэўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995., т.1.
  • Лявон Барщевський: «Найкращі перакладачи — ті, хто займаються тільки перекладами…»: Розмова з Віталієм Пономарьовим // Акцент: Альманах. Вип. 2 (4). Київ: «Темпора», 2010. С. 452—455 (па-ўкраінску).
  • Лявон Баршчэўскі // Тамковіч, А. Найноўшая гісторыя ў асобах. — Мн., 2013. С. 522—536.
  • Lawon Barszczeuski. Podwójne światy. Wywiad Małgorzaty Nocuń z Lawonem Barszczeuskim / Double Worlds: Małgorzata Nocuń Talks to Lavon Barshcheusky. Kraków: Villa Decius 2014 (па-польску і па англійску).
  • 6:0 на карысць Лявона Баршчэўскага. Інтэрв’ю Марыны Коктыш з Лявонам Баршчэўскім // Народная воля. 2018. 2 сак.
  • «Калі нейкі літаратурны шэдэўр не перакладзены на беларускую мову — гэта дакор нам усім». Інтэрв’ю Міхася Скоблы з Лявонам Баршчэўскім // Народная воля. 2022. 23 снежня.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]