Крыштаф Мікалай Дарагастайскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Крыштаф Мікалай Дарагастайскі
Kryštap Darahastajski. Крыштап Дарагастайскі.jpg
К. М. Дарагастайскі. Гравюра І. Садэляра, 1605
POL COA Leliwa.svg
Герб «Ляліва»
Вялікі маршалак літоўскі
1597 — 1615
Папярэднік: Станіслаў Радзівіл
Пераемнік: Пётр Весялоўскі
 
Дзейнасць: паэт
Нараджэнне: 2 сакавіка 1562(1562-03-02)
Смерць: 3 жніўня 1615(1615-08-03) (53 гады)
Брэслау, Каралеўства Багемія
Род: Дарагастайскія
Бацька: Мікалай Дарагастайскі
Маці: Ганна з Войнаў
Жонка: 1) Соф'я з Хадкевічаў
2) Соф'я з Радзівілаў
3) Аляксандра з Верашчакаў
Дзеці: ад Соф'і з Радзівілаў:
Дарота, Уладзіслаў

Крыштаф Мікалай Дарагастайскі (Монвід-Дарагастайскі) (2 сакавіка 1562 — 3 жніўня 1615, Вроцлаў) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Доктар медыцыны. Стольнік літоўскі (1588—1590), крайчы літоўскі (1590—1592), падчашы літоўскі (1592—1596), надворны (1596—1597) і вялікі маршалак літоўскі (1597—1615); стараста ваўкавыскі, шарашоўскі, вялёнскі, мсцібаўскі, навамлынскі, дынемундскі, арандатар ялоўскі і курылоўскі.

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў аднаго з самых заможных і старажытных магнацкіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім, чые продкі падчас Гарадзельскай уніі (1413) узялі ад палякаў герб «Ляліва». Нарадзіўся ў сям'і полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага і Ганны Вайнянкі. Выхоўваўся ў кальвінскай веры. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў вядомай гімназіі Яна Штурма ў Страсбургу, 16.12.1575 запісаўся ў каталіцкую Фрыбурга-Брызгоўскую акадэмію. Добраахвотнікам у войску Свяшчэннай Рымскай імперыі удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Нідэрландах. Падарожнічаў па Еўропе, найбольш упадабаў Італію. Атрымаў ганаровае грамадзянства ў Венецыі, гасцяваў у Ферары, у Балонні ў графа Пепулу. Надоўга затрымаўся ў Неапалі, горадзе вядомым пародзістымі конямі і першай у свеце вышэйшай школай коннай язды, браў урокі ў знакамітых майстроў-«кавалькатораў» П. Карацыёлы, Клаўдыя Кортэ, Петра Антоніа Ферара. З апошнім, гіполагам і надворным канюшым неапалітанскага віцэ-караля, князя дэ Асуна, у Дарагастайскага склаліся асабліва прыязныя адносіны. «…Мой вельмі зычлівы настаўнік, які не меў тады ў хрысціянскім свеце роўнага сабе ў навуцы коннай язды», такімі словамі згадаў яго Крыштаф Дарагастайскі пазней ў «Гіпіцы»[1]. Менавіта Ферара заахвоціў Крыштафа Дарагастайскага скласці дапаможнік па конегадоўлі для суайчыннікаў.

Вяртаючыся ў ВКЛ, К. Дарагастайскі быў пры імператарскім двары, дзе за ваенныя заслугі ў Нідэрландах быў уганараваны тытулам барона Свяшчэннай Рымскай імперыі. У апошнія гады праўлення С. Баторыя Крыштаф Дарагастайскі актыўна ўдзельнічаў у Лівонскай вайне ў войсках свайго бацькі, на чале ўласнай харугвы. Напэўна, тады ж зблізіўся на глебе агульных вайсковых і рэлігійных інтарэсаў з Крыштафам Радзівілам Пяруном, на той час польным гетманам літоўскім. Пасля смерці Баторыя некторы час уваходзіў у прамаскоўскую групоўку, 9.8.1587 у Акунёве пад Варшавай разам з сенатарамі ад ВКЛ вёў з маскоўскімі пасламі перамовы аб абранні на сталец Рэчы Паспалітай Фёдара Іванавіча і утварэнні уніі трох дзяржаў — ВКЛ, Маскоўскай дзяржавы і Польшчы. У 1588 атрымаў у спадчыну Ваўкавыскае староства і зрабіўся стольнікам літоўскім. У тым жа годзе ажаніўся першы раз з Соф'яй з Хадкевічаў, дачкой віленскага кашталяна Яна Гераніма Хадкевіча.

На сойме 1589 Дарагастайскага абралі дэпутатам для заключэння дагавору з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. На сойме 1590 ён як пасол віленскі энергічна дамагаўся заключэння міра з Масквой і пратэставаў імем ліцвінаў супраць устаноўленых падаткаў. У красавіку 1590 быў прызначаны крайчым літоўскім. Падтрымліваў габсбургскую палітыку Жыгімонта III Вазы, чым атрымаў сімпатыю двара, спрыяў шлюбу караля з Ганнай Аўстрыячкай, за што з каралеўскай ласкі ў 1592 атрымаў пасаду падчашага літоўскага. Тым часам большасць шляхты была незадаволеная хуткім шлюбам Жыгімонта III з аўстрыйскай прынцэсай, угледзеўшы ў гэтым знявагу нацыянальнага гонару. У 1592 пратэстанцкая партыя на чале з Янам Замойскім стварыла інквізіцыйную камісію па разгляду дзеянняў караля. Становішча Жыгімонта III на інквізіцыйным сойме было вельмі хісткім, але яму дапамагло ўмяшальніцтва праваслаўных магнатаў з Украіны на чале з Канстанцінам-Васілём Астрожскім. Крыштаф Дарагастайскі быў паслом на інквізіцыйным сойме, адным сярод нешматлікіх прыхільнікаў Жыгімонта III. У 1594 Валынскае ваяводства абрала яго дэпутатам на Каронны Трыбунал у Любліне.

Палітычная дзейнасць К. Дарагастайскага на карысць каралеўскага двара ніколькі, аднак, не пашкодзіла ягонай папулярнасці сярод шляхты дзякуючы непахіснай пазіцыі ў абароне свабод пратэстантаў. Так, хаця на сойме 1595 ён трымаўся з каралём, аднак пісаў да Крыштафа Радзівіла Пяруна, што змагаецца пры двары за лепшае становішча для пратэстантаў у Рэчы Паспалітай. На сойме 1596 быў маршалкам пасольскай ізбы, і адразу пасля гэтага атрымаў маршалкоўства надворнае літоўскае. Магчыма, кароль хацеў далучыць кальвініста К. Дарагастайскага да каталіцтва, таму патрабаваў, каб Крыштаф Дарагастайскі суправаджаў яго ў паломніцтве да Чанстаховы. Дарагастайскі спрабаваў ухіліцца, але пад націскам двара ўсё ж паехаў. У Чанстахове абураўся культам Божай Маці, бачачы ў ім ідалапаклонства. Зрэшты, пілігрымка К. Дарагастайскаму акупілася, бо адразу пасля яе стаў вялікім маршалкам літоўскім (1597), нягледзячы на пярэчанні Святога Прастолу і каталікоў.

Соф'я з Радзівілаў

Наступныя некалькі гадоў Дарагастайскі прысвяціў галоўным чынам асабістым справам. Яшчэ ў 1596 памерла ягоная першая жонка, таксама кальвіністка. У 1597 вялікі маршалак узяў другі шлюб з Соф'яй з Радзівілаў, дачкой ваяводы наваградскага, удавой крайчага літоўскага Юрыя Хадкевіча. У тым самым годзе памёр бацька К. Дарагастайскага. У спадчыну яму пакінуў радавыя Дарагастаі на Валыні і Мураваную Ашмянку ў Віленскім ваяводстве (цяпер Ашмянскі раён). Неўзабаве Крыштаф Дарагастайскі атрымаў староствы шарашоўскае, велёньскае, мсцібаўскае, навамлынскае, дынамундскае, арандатарства ялоўскае і курылоўскае.

У 1600 К. Дарагастайскі імем караля мірыў два магнацкія роды — Хадкевічаў з Радзівіламі, як сваяк абодвух. У выніку адбыўся шлюб Януша Радзівіла з Соф'яй Алелькавіч, спадчыніцай Клецка і Слуцка, якую апякавалі Хадкевічы і насуперак ранейшым дамовам адмовіліся выдаваць за Радзівала. Але найперш займалі яго як дынамундскага старасту рамонт Дынамунда, упарадкаванне вусця Дзвіны, што прыводзіла да канфліктаў з Рыгай.

З пачатку вайны са Швецыяй К. Дарагастайскі, не прыбыў да тэатра ваенных дзеянняў, але рупіўся аб абароне Рыгі і Дынамунда, за ўласныя сродкі паслаў у Інфлянты 150 наймаваных венграў, вербаваў войска, рупіўся пра порах, гарматы, правіянт. Рыжан заклікаў да мужнасці, а абарону Дынамунда даверыў свайму сваяку Яну Астроўскаму. На варшаўскім сойме 1601 энергічна абмяркоўваў, як абараняцца ад шведаў, і вясной таго ж года на Жамойці сабраў падраздзяленне з 300 пехацінцаў і 300 вершнікаў, з якім па загадзе гетмана Радзівіла Перуна 28 мая прыбыў пад Какенгаўзен. У бітве са шведамі кіраваў правым флангам, смела ўдарыў на непрыяцеля. Як піша пра яго Севярын Урускі, «хаця быў тройчы паранены, застаўся на кані і адыграў галоўную ролю ў перамозе». Не зважаючы на раны, адразу пасля бітвы рушыў маршам пад Дынемунд, і там з дапамогай рыжан выцесніў шведаў з вусця Дзвіны. Далей абараняў Інфлянты да падыходу кароннай арміі Замойскага; у 1602 таксама накіраваўся пад Дымемунд з пяхотай. У Інфлянтах набыў вялікую папулярнасць, і, сварыўся з грамадзянамі Кароны і рэзка выступаў супраць кватаравання польскага войска ў ВКЛ, нават парвінцыйны прашавіцкі сеймік прасіў у караля ўзнагародзіць К. Дарагастайскага «за значныя заслугі».

Па вайне, у сваім дзедзічным маёнтку — Мураванай Ашмянцы — К. Дарагастайскі завяршыў пачаты калісьці рукапіс «Гіпікі» і адаслаў яе, на рэцэнзіраванне даўняму прыяцелю — князю Мікалаю Радзівілу Сіротку, таксама вядомаму знаўцу коней. Афармленне «Гіпікі» рабіў прыдворны гравёр Радзівіла Сіроткі Тамаш Макоўскі. Некаторыя ілюстрацыі Тамаш Макоўскі рабіў паводле эскізаў К. Дарагастрайскага. «Гіпіка» пабачыла свет у 1603 у Кракаў, у друкарні Анджэя Пётркоўчыка.

Падзеі рокаша Зебжыдоўскага[2] зноў уцягнулі вялікага маршалка ў палітычную дзейнасць. На сойме 1605 ён паказаў сябе ўпартым апазіцыянерам: выступаў у сваім wotum супраць Ілжэдзмітрыя I, бараніў варшаўскую канфедэрацыю і дамагаўся яе ўмацавання выканаўчым законам (пазіцыю католікаў назваў непатрыятычнай). Расправу са Швецыяй жадаў перанесці ў Фінляндыю і з гэтай мэтай выказваўся за будоўлю флоту, прасіў у караля дазволу на вайну і г.д. У тым жа годзе падчас лячэння ў Сілезіі наведаў Прагу і быў гасцінна прыняты імператарам Рудольфам II. Ягоны прыдворны гравёр па медзі і мастак Гілес (Эгідыюс) Садэлер (1575—1626) выканаў адзіны вядомы на сёння партрэт Крыштафа Мікалая Дарагастайскага.

На сойме 1606 вялікі маршалак літоўскі і галава пратэстантаў ВКЛ зноў бараніў варшаўскую канфедэрацыю. Падчас рокашу Зебжыдоўскага Дарагастайскі быў прыхільнікам утварэння канфедэрацыі ў ВКЛ, але сваю апазіцыйнасць трымаў ва ўмераных рамках. На сандамірскі з'езд прыбыў узброеным на чале вайсковага аддзела з намерам абараняць Рэч Паспалітую і караля і выказаў wotum вельмі «рокашава», чым зноў спадабаўся шляхце. Аднак ужо ў 1607, не ўбачыўшы вялікіх шанцаў на поспех «у гэтай смуце Рэчы Паспалітай», вылучыўся на варшаўскі сойм, дзе выступаў супраць езуітаў з-за іх умяшальніцтва ў дзяржаўныя справы і патрабаваў выгнаць іх з каралеўскага двара.

У 1609 на сойме К. Дарагастайскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы маскоўскага паходу Жыгімонта III, а ў кастрычніку знаходзіўся на чале асабістага коннага атрада з арміяй пад Смаленскам, дзе яму было даручана «загадваць усімі гарматамі і ўсімі шанцамі». Нягледзячы на хваробу, перад генеральным штурмам Смаленска (1611) атрымаў камандаванне часткай паўночнай аблогавай арміі. Пры ўзяцці горада адным з першых уварваўся ў крэпасць. Пасля некалькіх цяжкіх кулявых раненняў у тым жа годзе знайшоў сілы абараняць справы Віленскага кальвінісцкага збора на віленскім сейміку. У 1612—1613 спрабаваў паправіць здароўе каля гарачых крыніц пад Веронай, але хадзіў ужо толькі на мыліцах. Вярнуўшыся у Рэч Паспалітую, яшчэ займаўся справамі. У 1613 памерла ягоная жонка Соф'я, і неўзабаве Дарагастайскі ажаніўся ў трэці раз з Аляксандрай з Верашчакаў. Падтрымліваў дзейнасць кальвінскага прапаведніка Войцеха Салінарыюса, які служыў у зборы Мураванай Ашмянкі. У 1615 Дарагастайскі фінансаваў выданне ягонай «Цэнзуры…» (у 6-ці частках) — палемічнага твора супраць арыян. Шмат у якіх крыніцах сустракана, што «Цэнзура» выйшла ва ўласнай друкарні Крыштафа Дарагастайскага, заснаванай у Мураванай Ашмянцы яшчэ ягоным бацькам. Аднак факт існавання гэтай друкарні выклікае сумненні, бо, акрамя твора Салінарыюса, не захавалася ніводнай кнігі з выхаднымі дадзенымі «Ашмяны».

У ліпені 1615 К. Дарагастайскі падаўся ў Сілезію да гарачых крыніц Вармбрума. У дарозе, спыніўшыся ва Вроцлаве ў заезным доме «Пад Залатым Дрэвам» дзе 3 жніўня ён памёр. Вроцлаўскі храніст Мікалай Поль паведамляў, што ягонае цела, забальзамаванае ў меднай труне, некалькі тыдняў захоўвалася ў гэтым горадзе ў лютэранскай могільнікавай капліцы св. Эльжбеты, адкуль 17 верасня яго перавезлі ў Мураваную Ашмянку. Урачыстае пахаванне з казаннем пастара Яна Зыгровіюша адбылося тамсама ў лютым наступнага года.

У шлюбе з Соф'яй з Радзівілаў К. Дарагастайскі меў дачку Дароту і сына Уладзіслава (1611—1638), які стаў чашнікам ВКЛ, пакінуў пасля сябе славу апекуна навук, заступніка пратэстантаў і праваслаўных вернікаў. На дачцэ Уладзіслава Соф'і магнацкі род Дарагастайскіх згас. У Мураванай Ашмянцы не засталося магіл яе колішніх уладальнікаў. Знік кальвінскі збор. Ад гаспадарскага дома, перабудаванага ў сяр. 19 ст. пад палац, часткова захаваліся сутарэнне, цокаль і сцены першага паверху.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Гіпіка[правіць | правіць зыходнік]

Ілюстрацыі Т. Макоўскага да кнігі «Гіпіка, альбо Кніга пра коней»

Асноўная літаратурная праца Крыштафа Мікалая Дарагастайскага — «Гіпіка» (1603, Кракаў, друкарня Анджэя Пётркоўчыка), складаецца з чатырох частак (кніг). Датуль у Рэчы Паспалітай не было ніводнага дапаможніка па конегадоўлі і коннай яздзе. Кніга напісана на польскай мове, ужываючы лацінскія цытаты і італьянскія тэрміны.

У першай распавядаецца пра міфалагізаваную гісторыю каня і коннай язды, пра конскія масці і прыкметы, пра падбор вытворнікаў і вырошчванне племяннога маладняка. Кніга другая прысвечана галоўным чынам прыручэнню і пачаткам выездкі маладых жарэбчыкаў. У трэцяй паказаны ўзоры муштукоў і цугляў з апісаннем іх уздзеяння. Кніга чацвёртая — «Гіпіятрыя» — ветэрынарны лячэбнік.

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Апроч «Гіпікі», К. Дарагастайскі напісаў яшчэ некалькі літаратурных твораў, якія ў большасці засталіся ў рукапісах. Вучнем гімназіі ў Страсбургу ён сачыніў некалькі эпіграм у абарону свайго апекуна ў замежжы Яна Гаслера. Стараючыся атрымаць званне магістра філасофіі, Гаслер удаўся ў публічны дыспут з прапаведнікам, рэктарам Страсбургскай акадэміі. Дыскусія вакол пытання, ці даследаваў Арыстоцель таямніцу св. Тройцы (так сцвярджаў Гаслер), перарадзілася ў пазанавуковую спрэчку. Адным з аргументаў ягоных апанентаў было накладанне кары — дзесяць дзён карцэра. Гаслер збег у Фрыбург, а К. Дарагастайскі, помсцячы за настаўніка, прыбіваў эпіграмы супраць ягоных непрыяцеляў да дзвярэй Страсбургскай акадэміі. Пасля атрымання звання доктара медыцыны ў Фрыбургу К. Дарагастайскі выдаў друкаваны зборнік вершаў, прысвечаных барону Дзісбаху — вядомаму мецэнату, у т.л. Яна Гаслера. Фрагменты гэтых твораў захаваліся ў зборах рукапісаў Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве. Аб аўтарстве К. Дарагастайскага сведчыць ягоны подпіс пад манускрыптамі, азагалоўленымі «Carmina…». Гэта не цэласны збор, розныя празаічныя тэксты пераплятаюцца з вершаванымі, змешчаны тамсама творы «Лямант РП маці…» і «Archiducis Maximiliani…». 9-старонкавы рукапіс у вельмі дрэнным стане захаваўся толькі ў фрагментах.

Свае сілы спрабаваў Крыштаф Мікалай таксама ў лацінскай і грэчаскай мовах. Пераклаў «Tetrastychon», прыпісваемы Пталемею (не захаваўся). За некалькі дзён да смерці Стэфана Баторыя К. Дарагастайскі напісаў «Prognosticon…» аб прычынах ягонай хваробы. У «Асалінэуме» захаваліся таксама «Эпітафія на смерць бацькі майго Мікалая Дарагастайскага» і ліст Крыштафа Дарагастайскага да караля Жыгімонта Вазы.

Бібліятэка Чартарыскіх у Кракаве мае «інструкцыі» да жонкі Соф'і з Радзівілаў: «Парадак…» (1608) і «Распараджэнне…» (1611). Эпісталярная спадчына вялікага маршалка літоўскага — лісты да Радзівілаў, Яна Караля Хадкевіча, Яна Замойскага, Жыгімонта Вазы, князя Ежы Чартарыскага, кальвінскага дзеяча Пятра Гарайскага і іншых сучаснікаў — захоўваецца ў некалькіх польскіх буйных бібліятэках і архівах: у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Архіве Галоўным Актаў Даўніх, у Бібліятэцы ардынацыі Замойскай, Бібліятэцы Польскай Акадэміі навук, у Архівах Млыноўскіх Хадкевічаў. Гэтыя лісты з'яўляюцца цэнным сведчаннем эпохі, дазваляюць пазнаць характар Дарагастайскага, асаблівасці тагачаснай мовы. Плануецца (2007) сабраць эпісталярый К. М. Дарагастайскага і апублікаваць у перакладзе на беларускую мову.

Зноскі

  1. Кн. I, раздз. VIII.
  2. Рокаш Зебжыдоўскага (1606—1608) — паўстанне кракаўскага ваяводы Мікалая Зебжыдоўскага супраць Жыгімонта Вазы пры падтрымцы падчашага віленскага Януша Радзівіла. Падчас паўстання шляхта дабівалася выгнання езуітаў з Рэчы Паспалітай, абараняла свае правы і свабоды.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ішчанка С. Жыццё і літаратурная творчасць Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага // Рэфармацыя і грамадства: XVІ стагоддзе / Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 45-54;
  • Гіпіка, альбо Кніга пра коней / Крыштаф Монвід Дарагастайскі; уклад. С. Ішчанка, В. Дубоўскі, пер. з польскай С. Ішчанка, Г. М. Брэгера. — Мінск, Юніпак, 2007. — 216 с. іл.;
  • Падалінскі У. Крыштоф Дарагастайскі - пасол на соймы Рэчы Паспалітай (1587-1596 гг.) // Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі: зб. навук. арт. / рэдкал.: А.А. Каваленя [і інш.] - Мінск: Беларус. навука, 2011. - С. 136-149.
  • Парэцкі Я. І. «Гіпіка» Дарагастайскага // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. № 3. С. 38-39;
  • Encyklopedyja powszechna Orgelbranda. 1861. T. 7. S. 443;
  • Jankowski Czeslaw. Powiat Oszmianski: Materjaly do dziejow ziemi i ludzi. Pb., 1896. Cz. 1. S. 332—336;
  • Nowy Korbut (Bibliografia literatury polskiej). Instytut badan literackich Polskiej Akademii nauk. 1964. T. 2. S. 138—139;
  • Polski slownik biograficzny. Krakow, 1939—1946. T. 5. S. 331—335;
  • Urbanska Edyta. Hippika i inne utwory literackie Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego (1562—1615) // Lituano-Slavica Posnaniensia (Studia Historica IX). Poznan, 2003;
  • Uruski Seweryn. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1906; перавыд.: wydawnictvo HEROLDIUM, Poznan, 1995. T. 3. S. 228—229;
  • Wielka Encyklopedya powszechna ilustrowana. Warszawa, 1895. T. 15. S. 849;
  • Zygota Paul. Krzysztof Moniwid Dorohostajski // Wiadomosci numizmatyczno-archeologiczne. 1894. № 3 i 4. T. 2. S. 193—200.