Прыбужская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прыбужская раўніна, на захад ад г. Камянца

Прыбужская раўніна — раўніна на захадзе Брэсцкай і паўднёвым захадзе Гродзенскай абласцей Беларусі, заходзіць на тэрыторыю Польшчы.

Мяжуе з Ваўкавыскім узвышшам, Загароддзем, Баранавіцкай раўнінай, Брэсцкім Палессем. Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход амаль 140 км, шырыня 40 — 75 км, плошча 5,8 тыс. км². Паверхня плоскахвалістая. Пераважаюць вышыні 175—200 м над узроўнем мора.

Падзяляецца на 2 падраёны — Нараўска-Ясяльдзінскую раўніну і Камянецкую раўніну.

Паверхня раўніны паступова зніжаецца з поўначы на поўдзень. Прыкладна па лініі Шарашова — Пружаны цягнуцца канцавыя марэны, якія адзначаюць мяжу сожскага зледзянення (гл. Белавежская града). У раёне гарадоў Высокае і Камянец знаходзяцца канцавыя марэны, якія прадстаўлены адхонамі і градамі вышынёй да 10 м, раздзеленымі седлападобнымі паніжэннямі. Для паўночнай часткі характэрны рэльеф флювіягляцыяльных (ледавіковых) раўнін, на поўдзень ад сожскіх канцавых марэн распаўсюджаны далінныя зандры. Значныя просторы пясчаных раўнін маюць сляды пераапрацоўкі ветрам. Ад заходняй мяжы Беларусі (в. Ціхаволя Свіслацкага р-на) на ўсход да г. Бяроза цягнецца шырокая (да 10 км) лагчына стока (глыбіня разоры да 3-5 м), якая складзена паазерскімі азёрна-алювіяльнымі адкладамі.

Праз паўночную частку раўніны праходзіць водападзел паміж рэкамі басейну Балтыйскага і Чорнага мораў. Самая вялікая рака — Заходні Буг з прытокамі Лясная і рака Пульва. Па тэрыторыі Прыбужскай раўніны працякаюць рэкі Белая, Нараў з Нараўкай, рака Ясельда і канал Вінец.

Лясістасць невялікая (9,7 %), за выключэннем паўночнай ускраіны, дзе знаходзіцца вялікая частка Белавежскай пушчы. Захаваліся пераважна сасновыя лясы. Па раўніне праходзіць паўднёвая мяжа суцэльнага распаўсюджвання елкі: вёска Бушмічы — горад Камянец — вёска Рэчыца Камянецкага раёна — вёска Шчарчова — вёска Гарадзечна Пружанскага раёна. Сустракаюцца дубравы з прымессю сасны, елкі, ясеня, распаўсюджаны вытворныя бародаўчата-бярозавыя лясы.

Найбуйнейшыя балотныя масівы: балота Дзікое, Харэўскае балота, Дзікі Нікар. Разараныя 50 % тэрыторыі на поўдні і 25 % на поўначы.

На тэрыторыі раўніны знаходзяцца: Нацыянальны парк Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае, Міхалінска-Бярозаўскі біялагічны заказнік.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.: А — Аршын / Рэд кал.: Г. П. Пашкоў і інш. -Мінск: БелЭн, 1996
  • Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9