Светлагорская нізіна
Светлагорская нізіна | |
---|---|
Каардынаты: 52°38′00″ пн. ш. 29°44′00″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Светлагорская нізіна — геамарфалагічны раён Перадпалесся, марэнна-водна-ледавіковая нізіна размешчана на стыку Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі. Мяжуе з Бабруйскай, Салігорскай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на поўначы і крайнім паўночным усходзе, Стрэшынскай і Васілевіцкай нізінамі на ўсходзе і крайнім паўднёвым усходзе, Слуцка-Арэскай і Азарыцкай нізінамі на захадзе і поўдні.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да зоны сучлянення Прыпяцкага прагіну і Бабруйскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы, падзеленых Паўночна-Прыпяцкім разломам. На поўначы глыбіня залягання крышталічных парод вагаецца ад 300 да 800 м, на поўдні ад 3000 да 6000 м. Магутнасць антрапагенавай тоўшчы складае 40-60 м, у лагчынах ледавіковага выворвання да 180 м. Даантрапагенавая паверхня складзена пераважна пяскамі палеагена, рэдка неагена, у паўночнай частцы мергельна-мелавымі, юрскімі і дэвонскімі тоўшчамі.
Рэльеф і гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паверхня слаба нахілена на поўдзень. Максімальная адзнака рэльефу 166 м.
Асноўную тэрыторыю займае спадзістахвалістая водна-ледавіковая нізіна са слаба затарфаванымі паніжэннямі. Шырока прадстаўлены фрагменты спадзістахвалістай марэннай раўніны з тэрмакарставымі западзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (грады, дзюны, бугры, дэфляцыйныя катлавіны, масівы перавяваных пяскоў), яры і балкі на бартах рачных далін. На поўдні і крайняй поўначы сустракаюцца ўчасткі азёрна-алювіяльнай нізіны з плоскім рэльефам.
Гідраграфічная сетка адносіцца да сістэмы Дняпра і Прыпяці. Тэрыторыя дрэнуецца Бярэзінай (на ўсходзе), Пціччу і іх прытокамі. Шырыня далін рэк Пціч і Бярэзіна дасягае 5 км, выгіны рэк абумоўлены маладымі тэктанічнымі рухамі ў Паўночна-Прыпяцкім разломе. Пры перасячэнні гэтай структуры даліны робяцца вузкімі (0,3–0,5 км), узрастае іх глыбіня. Большасць малых рэк раёна каналізавана. Большасць балот меліяравана.
Глебы і расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях дзярнова-глеяватыя і глеевыя, тарфяна-балотныя, па далінах рэк поймавыя (алювіяльныя).
Пашыраны хваёвыя лясы, якія чаргуюцца з бярэзнікамі і чорнаалешнікамі, сустракаюцца шыракаліста-хваёвыя і шыракаліста-яловыя лясы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бакарасов В. А. Светлогорская низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)