Peugeot P4

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Peugeot P4
Peugeot P4 (вайсковы варыянт у музеі кампаніі «Пежо»)
Peugeot P4 (вайсковы варыянт у музеі кампаніі «Пежо»)
Вытворца Peugeot
Храналогія
Hotchkiss M201 Panhard PVP
Фотагалерэя на Wikimedia Commons Peugeot P4 на Вікісховішчы

Peugeot P4 — французскі вайсковы пазадарожнік.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Цывільная версія Peugeot P4 у музеі кампаніі «Пежо».

У канцы 1960-х гадоў ваенна-палітычнае кіраўніцтва Францыі прыняло рашэнне аб стварэнні новага аэратранспартабельнага чатырохмесцавага паўнапрываднага аўтамабіля падвышанай праходнасці для замены амерыканскіх джыпаў.

У сярэдзіне 1970-х гадоў быў абвешчаны тэндар на пабудову новага лёгкага ўсюдыхода (VLTTфр.: véhicule léger tout terrain). У праграме ўдзельнічалі тры французскія вытворцы. Аб’ёмы былі недастаткова вялікімі для распрацоўкі ўласнай канструкцыі, і ніхто з іх не займаўся самастойнай распрацоўкай. Renault аб’яднаўся з Fiat, прапанаваўшы Campagnola з рухавіком Renault 20 TS. Peugeot супрацоўнічаў з Mercedes-Benz і Puch, прапанаваўшы ўласную версію G-класа. Citroën распрацоўваў мадэль пад назвай C44, якая насамрэч была мадыфікаваным Volkswagen Iltis. Аднак у сувязі з тым, што кампанія Citroën пазней была куплена Peugeot, у далейшай барацьбе ўдзельнічалі толькі Renault і Peugeot. Вайсковае кіраўніцтва абрала машыну распрацаваную Peugeot[1].

У 1978 годзе быў выраблены першы прататып. Пасля завяршэння выпрабаванняў у 1981 годзе машына была прынятая на ўзбраенне (для Сухапутных войск Францыі заказалі 15 тыс. адзінак)[2][3]. У 1982 годзе першыя серыйныя аўтамабілі былі пастаўлены ў армію[4].

Кузавы вырабляліся ў Грацы ў Аўстрыі. Яны прыбывалі на завод «Пежо» ў Сашо, дзе іх фарбавалі, усталёўвалі рухавік ад Peugeot 504 (2 л магутнасцю 79 конскіх сіл) і каробку перадач ад 604. Машыны таксама былі спрошчанымі ў параўнанні з цывільнымі версіямі Mercedes G-класа і адаптаваны да патрабаванняў французскіх вайскоўцаў. У 1985 годзе вытворчасць з Сашо была перанесена ў Мароль-ан-Юрэпуа на завод маркі «Panhard».

Пагадненне з Mercedes не дазваляла Peugeot экспартаваць P4 куды-небудзь, акрамя некаторых краін Афрыкі звязаных з Францыяй абароннымі дагаворамі. Была створана цывільная версія, але поспеху яна не мела: у 1986 годзе P4 каштаваў 190 000 франкаў, пры тым, што базавы Mercedes G-класа (2,3 літра, 125 к.с.) каштаваў 205 000 франкаў[5].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Салон.

Аўтамабіль праходзіў выпрабаванні ў двух варыянтах: з бензінавым рухавіком ад Peugeot 504 і з 4-тактным 4-цыліндравым дызельным рухавіком магутнасцю 75 конскіх сіл. На ўзбраенне была прынятая версія з дызельным рухавіком[4].

Максімальная хуткасць руху — да 120 км/г (па шашы)[3].

Запас ходу ў няўзброенай машыны армейскага ўзору ў стандартным варыянце выканання складае да 600 км па шашы[3] (пры ўсталёўцы ўзбраення або абсталявання маса машыны павялічваецца, а грузападымальнасць і запас ходу памяншаюцца).

На пазадарожнік можа быць устаноўлена ўзбраенне (адзін ці два 7,62 мм кулямёта, адзін 12,7 мм кулямёт MIT50 альбо пускавая ўстаноўка супрацьтанкавых ракет «Мілан»), радыёстанцыя ці іншае абсталяванне[4].

На ўзбраенні[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова прадугледжвалася пастаўка для французскай арміі 15 000 машын, пазней заказ быў паменшаны да 13 500.

Panhard VPS на вучэннях (1 чэрвеня 2018 года)

З 2006 года «P4» паступова замяняюцца на Ford Ranger, Technamm Masstech, Ford Everest і бронеаўтамабілі Panhard PVP. На базе Mercedes G-класа для спецпрызна створаны Panhard VPS.

У 2016 годзе кампаніяй «Renault Trucks Defense» распрацаваны P4 VIPAIR — варыянт мадэрнізацыі пазадарожнікаў-носьбітаў зенітна-ракетнага комплексу малой далёкасці. Шасі ўзмоцнена. Усяго з 2018 да 15 кастрычніка 2020 года для Узброеных сіл Францыі пераабсталявана 19 машын[6].

29 лістапада 2016 года Францыя перадала па праграме ваеннай дапамогі Узброеным сілам Камеруна дзесяць пазадарожнікаў Peugeot P4[7]. Пасля 24 лютага 2022 года 120 машын былі перададзены па праграме ваеннай дапамогі Украіне[8].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Peugeot P4 : l’icône de service (фр.). carjager.com (3 жніўня 2022). Праверана 9 красавіка 2024.
  2. Франция // журнал «Зарубежное военное обозрение», № 5, 1981. стр.79
  3. а б в Франция // журнал «Зарубежное военное обозрение», № 9, 1981. стр.40
  4. а б в Gelände-PKW P4 (Frankreich) // "Armeerundschau", № 8, 1983. s.77
  5. Peugeot P4 : bonne à tout faire (фр.). carjager.com (6 сакавіка 2014). Праверана 9 красавіка 2024.
  6. Arquus: the last VIPAIR P4 delivered to the French Air Force. Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2023. Праверана 4 чэрвеня 2023.
  7. France donates military equipment to Cameroon. Архівавана з першакрыніцы 4 чэрвеня 2023. Праверана 4 чэрвеня 2023.
  8. Ukraine : la France dresse le bilan des équipements militaires livrés (фр.). defense.gouv.fr (4 сакавіка 2024). Праверана 9 красавіка 2024.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]