Алаўская раўніна
Алаўская раўніна — фізіка-геаграфічны раён у паўднёва-ўсходняй частцы Перадпалескай правінцыі.
Мяжуе на поўначы з Цэнтральнабярэзінскай раўнінай, на захадзе з Бабруйскай раўнінай, на ўсходзе з Чачэрскай раўнінай, на поўдні з Рэчыцка-Сожскай нізінай. Раўніна займае ўсходнюю частку Бабруйскага раёна, часткі Жлобінскага, Рагачоўскага і Кіраўскага раёнаў. У межах Алаўскай раўніны заходзяцца гарады Жлобін, Рагачоў і Кіраўск.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]У тэктанічных адносінах прымеркавана да сумежных участкаў Прыпяцкага прагіну, Беларускай антэклізы (Бабруйскі пахаваны выступ) і Жлобінскай седлавіны. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні 0,5-0,75 км, перакрыты асадкавымі пародамі, верхняя частка якіх прадстаўлена мергельна-мелавымі, гліністымі, пясчанымі адкладамі карбону, радзей пясчана-гліністымі тоўшчамі неагену. Пароды антрапагенавага чахла (30-50 м) прадстаўлены водна-ледавіковымі, радзей марэннымі адкладамі, створанымі сожскім і дняпроўскім ледавікамі.
Рэльеф і гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]У рэльефе пераважаюць спадзістахвалістыя водна-ледавіковыя і хвалістыя марэнныя раўніны. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 132—135 м да 140—150 м. Адносная вышыня вагаецца ў межах 2-3 м. Рэльеф расчлянёны лагчынамі сцёку (шырыня 2-3 км, радзей 4-5 км) з затарфаванымі днішчамі, што выцягнуліся на дзесяткі кіламетраў з поўначы і паўночнага захаду на поўдзень і паўднёвы ўсход. Адносныя ваганні вышынь градава-бугрыстага рэльефа дасягаюць 3-5 м.
Большая частка Алаўскай раўніны знаходзіцца ў міжрэччы Дняпра і Бярэзіны і дрэніруецца іх прытокамі, адпаведна Добаснай (даўжыня 81 км) і Алой (даўжыня 116 км, пойма часткова меліяравана, у ніжнім цячэнні забалочана, рэчышча на ўсім працягу каналізавана).
Клімат, глебы і расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −6,5⁰С да −7,5⁰С, ліпеня 18-18,5⁰С. Сума тэмператур вышэй за 10⁰С перавышае 2400⁰С, вегетацыйны перыяд 185—200 сутак. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм.
У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (50-70 %). Пераважаюць сасновыя (55-75 %) лясы, распаўсюджаны бярозавыя (11-20 %); у паўночнай частцы шмат яловых (24 %). Сярэдняя лясістасць каля 36 %. У сельскагаспадарчым выкарыстанні 53 % зямель.
У ландшафтнай структуры тэрыторыі цэнтральную частку займаюць другаснамарэнныя, на поўначы і поўдні — водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя, уздоўж рачных далін — поймавыя і алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004
- Республика Беларусь. Энциклопедия в 6 томах. Т. 5. Мн.: БелЭн, 2007