Жыве Беларусь!
Жыве Беларусь! — патрыятычны заклік-дэвіз, скіраваны на абуджэнне нацыянальна-грамадзянскіх пачуццяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1]. Шырокае ўжыванне гэтага выразу-фразеалагізму ў розныя часы стала магчымым дзякуючы яго зместу — зычанню росквіту сваёй зямлі, сваёй дзяржаве[2]. Разглядаецца як нацыянальны дэвіз[3] — адзін з беларускіх нацыянальных сімвалаў разам з гербам Пагоняй і бела-чырвона-белым сцягам[4] — у якім у максімальна лапідарным (сціслым) выглядзе фармулюецца беларуская нацыянальная ідэя[5][6].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Бярэ вытокі ад паўстанцкага руху 1863—1864 гадоў, дзейнасці яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага, нелегальнага паролю віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі: «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Канчатковую ідэйна-мастацкую лапідарную завершанасць набывае ў вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь» (1905—1907):
«А вот як не любіць гэта поле, і бор, |
У самім вершы малады паэт мерна і журботна апісвае з вялікай любоўю Беларусь і з вялікім болем — лёс яе народу, а заканчэнне ў выглядзе аксюмарану разглядаецца як самасцверджанне беларусаў і маніфестацыя схаванай беларускай моцы: «мы — ёсць!»[3]. Апошнія словы верша ў якасці эпіграфа да надрукаванага ў 1908 годзе артыкулу «Вялікае свята „Жалейка“ Янука Купалы» ўзяў літаратурны крытык і публіцыст Уладзімір Самойла[8]. Гэта спрыяла папулярызацыі выразу, які ў розных формах замацоўваўся ў паэтычных і публіцыстычных творах беларускіх пісьменнікаў, ідэолагаў нацыянальнага руху[1]. Сярод іншага, назву «Жыве Беларусь!» атрымаў верш Хведара Чарнышэвіча, апублікаваны ў 1912 годзе.
Вар’іруецца і замацоўваецца ў паэтычных і публіцыстычных творах многіх іншых пісьменнікаў-нашаніўцаў, ідэолагаў нацыянальнага руху[1].
Покліч «Жыве Беларусь!» адразу перанялі беларускія публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсведамлення: «… Плыве жывое беларускае слова, будзячы сэрцы беларусаў і паказваючы ўсім, што „Жыве Беларусь!“» (Наша Ніва, 11 лістапада 1910 года). У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911 год, № 9—10) адзначалася:
Расце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песнях народных песняроў грымне, што „Жыве Беларусь!“ |
У нумары 46 за 1912 год газеты «Наша ніва» Змітрок Бядуля скончыў артыкул «Уся сіла ў праўдзе» словамі «Жыве Беларусь!»[9]:
І цяпер у сёмую гадаўшчыну наша роднай газэты, адзін толькі кліч, адзін прывет выраваецца з грудзей сьвядомаго Беларуса, каторы напаўвне радасьцю сэрцэ і ёсць найбольшай платай за паложэную працу усім працаўніком на роднай ніве гэта «Жыве Беларусь!» |
У мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь» — выраз вышылі золатам на беларускіх нацыянальных бел-чырвона-белых сцягах, пашытых паводле эскіза Клаўдзія Дуж-Душэўскага і разасланых у беларускія арганізацыі ўвесну 1917 года[10]. Лозунг «Няхай жыве вольная Беларусь!» заняў цэнтральнае месца над прэзідыумам Усебеларускага з’езду 1917 года[10]. Яго шырока выкарыстоўвалі ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у Беларускай ССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[1][11]. Сярод іншага, у студзені 1918 года дэвіз «няхай жыве на вякі [вольная Беларусь]» з’явіўся ў звароце да беларускай моладзі генерала Канстанціна Аляксееўскага[12], надрукаваным у часопісе «Чырвоны шлях» (Петраград) — першым беларускім савецкім выданнем. У рэзалюцыі з’езду Случчыны ад 14 лістапада 1920 года адзначалася:
Хай жыве вольная, незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах![13] |
У пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — выраз упершыню загучаў як палітычны нацыянальны заклік у 1918 годзе (выступ у Кіеўскім універсітэце Антона Баліцкага, якому гэта ставіў у віну Сямён Вальфсон[14]). У 1920-я гады покліч «Жыве Беларусь!» ужываўся на сходах беларускіх студэнтаў у Празе, пазней — на грамадскіх сходах у Парыжы, Вільні[15]. Надпіс «Жыве вольная Беларусь» (лац.: Vivat Albarussia Liberta) змясціў на сваё карціне «Пагоня» (1927) беларускі мастак Язэп Драздовіч[3].
Гэты ж заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Усебеларускім з’ездзе 1917, атрымаў пашырэнне ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[1][16].
У Другую сусветную вайну выраз «Жыве Беларусь!» ужываўся беларусамі незалежна ад палітычных поглядаў. У 5-м раздзеле статута Саюза беларускай моладзі рэгламентавалася: «прывітаннем і развітаннем з’яўляецца падняцце правае рукі із словамі „Жыве Беларусь!“ — „Жыве“»[17]. У ліпені 1943 года СБМ атрымаў свой друкаваны орган — штомесячнік «Жыве Беларусь!»[18]. У верасні 1944 года пры берлінскай арганізацыі «Вінета» ўтварылася гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь»[19]. З іншага боку покліч «Жыве Беларусь!» ужывалі савецкія партызаны. У лютым 1942 года лозунг «Няхай жыве свабодная Беларусь» быў змешчаны на першай старонцы савецкага агітацыйнага выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну» (№ 32)[20]. У фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца ўлёткі з тэкстам «Партызанскага маршу»[2] (аўтар тэксту[заўв 1] — Пімен Панчанка[21]):
Тым часам яшчэ ў лістападзе 1942 года ў Маскве адкрылася экспазіцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай»[24]. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў заняты Чырвонай Арміяй Мінск[25].
Пасля вайны выраз «Жыве Беларусь!» стаў прыкметным, неад’емным элементам палітычнага і духоўнага жыцця Беларускай эміграцыі. Пад такой назвай выходзілі часопісы, а пазней так зваўся перыёдык Беларускага вызваленчага руху (1957—1962, Англія — ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—1986, Германія — ЗША). Пашырэнню выразу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Еўропе спрыяла дзейнасць тэатральнай беларускай трупы такой жа назвы. У 1944—1948 гадах гэтая трупа зладзіла ў Германіі сотні выступаў, як для беларусаў, так і для іншых гледачоў. Покліч «Жыве Беларусь!» стаў стандартавым для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага поклічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадскія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плакатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі надпісам «Жыве Беларусь»[15].
У паваеннай Беларусі дэвіз «Жыве Беларусь!»[2] працягваў афіцыйна ўжывацца ў саветызаванай форме «Няхай жыве Савецкая Беларусь!»[26], што засведчылі плакаты дзяржаўнага выдавецтва БССР (1947 год)[27], мастакоў Мікалая Гуціева (1948 год)[28], Яфіма Тараса (1949 год)[29], Пятра Калініна (1958 год)[30], Уладзіміра Васюка (1988 год, з азначэннем «працоўная» замест «Савецкая»)[31] і Івана Уладычыка (1989 год)[32]. Пра неафіцыйнае ўжыванне пачатковага выразу «Жыве Беларусь!» сведчыць аднайменны верш, напісаны ў 1976 годзе гісторыкам і публіцыстам Міколам Ермаловічам[33]. З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР аднаўленне і грамадскую легітымнасць уласна выразу «Жыве Беларусь!» абумовіла развіццё руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» і іншых грамадскіх арганізацый[1].
Рэспубліка Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Па аднаўленні незалежнасці Беларусі ў 1990 годзе заклік «Жыве Беларусь!» загучаў у афіцыйных выступах, на ўрачыстых імпрэзах і сходах, у зале парламента незалежнай Беларусі[34]. Тады ж з’явілася песня «Жыве Беларусь!» (музыка — Васіль Раінчык, словы — Леанід Пранчак), якая прэтэндавала на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[35]. У 1993 годзе пад назвай «Янка Купала. Жыве Беларусь» у дзяржаўным выдавецтве Мастацкая літаратура выйшаў зборнік твораў народнага песняра, прысвечаных Беларусі і яе гісторыі, куды ўвайшлі ў тым ліку прыхаваныя савецкімі ўладамі вершы і публіцыстычныя артыкулы[36].
Па ўсталяванні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленні палітыкі русіфікацыі Беларусі (1995 год) выраз у сваёй пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — практычна знік з афіцыйнага ўжытку, аднак працягваў шырока выкарыстоўвацца ў асяроддзі дэмакратычнай апазіцыі. Заклік «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» пашыраў легендарны герой беларускага руху Мірон, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг у цяжкадаступных (высокіх і небяспечных) месцах[37]. Тым часам супрацоўнікі сілавых структур рэжыму Лукашэнкі пры затрыманнях і арыштах яго апанентаў запісвалі ў пратаколы, што тыя «выкрыквалі антыдзяржаўны лозунг „Жыве Беларусь!“»[6]. У 2012 годзе на 62-м Канскім кінафестывалі адбылася прэм’ера фільма «Жыве Беларусь», у якім апавядалася пра рэаліі палітычнага рэжыму Лукашэнкі.
Разам з тым пад дэвізам «Жыве Беларусь!» у 1990—2020 гадах выходзіла «Народная газета»[38] (гэты дэвіз з’явіўся намаганнямі яе першага галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча[39]) — афіцыйнае друкаванае выданне парламенту Беларусі, а з 1996 года — створанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу. У 2002 годзе ўлады зацвердзілі афіцыйны гімн з радком у прыпеве «Вечна жыві і квітней, Беларусь!», што з’яўляецца мадыфікаваным паводле структуры заклікам «Жыве Беларусь!» або «Няхай жыве Беларусь!»[2]. У 2007 годзе газета «Советская Белоруссия» зазначыла, што выраз «Жыве Беларусь!» паводле сэнсу цалкам адпавядае тагачасным афіцыйным лозунгам «За Беларусь!» і «Квітней, Беларусь!»[11].
У 2010-я гады адзначалася, што лозунг «Жыве Беларусь!» пашырыўся сярод беларусаў розных палітычных поглядаў і зноў стаў бесперашкодна публічна выкарыстоўвацца ў Беларусі[6][40]. Разам з тым у 2019 годзе ў мас-медыях асвятлялася неадназначная сітуацыя з размоўнікам на этыкетцы першага ў свеце валошкавага марожанае, дзе была фраза лацінкай «Жыве Беларусь!» з зацемкай «каб атрымаць павагу» (англ.: To earn respect)[41]. У продаж марожанае з гэтай фразай на пакунку паступіла 13 мая, аднак ужо 17 мая яно знікла з шмат якіх крамаў. З’явілася інфармацыя, што прычынай сталі скаргі з структур рэжыму Лукашэнкі на фразу «Жыве Беларусь!», тым часам паводле вытворцы, скаргаў на надпісы не паступала, а марожанае знікла праз нечакана высокі попыт[42]. Неўзабаве вытворца анансаваў змяненне ўсіх фразаў у размоўніку на этыкетцы (у тым ліку «Жыве Беларусь!»[43]), што патлумачылі наяўнасцю пачатковай задумы выкарыстаць агулам 30 розных надпісаў паводле колькасці дзён бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі ў час Еўрапейскіх гульняў[44].
У 2020 годзе заклік «Жыве Беларусь!» стаў адным з сімвалаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і беззаконня[4]. Тым часам у пратаколах і следчых пастановах рэжыму Лукашэнкі яго зноў сталі азначаць як «антыдзяржаўны лозунг»[45]. Апроч таго, сцвярджалася пра «цынічны змест», «абразлівы сэнс» і «знявагу маральных каштоўнасцей»[3]. Гэтыя азначэнні цалкам зняпраўдзіла экспертыза, праведзеная ў кастрычніку 2020 года супрацоўнікамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле высноў лінгвістаў, гэты выраз адлюстроўвае сутнасць унутранай і замежнай палітыкі Беларусі, скіраванай на забеспячэнне росквіту краіны і росту дабрабыту яе грамадзян[2]. Тым часам ужо ў лістападзе 2020 года звязаны з рэжымам Лукашэнкі гісторык-прапагандыст Ігар Марзалюк спрабаваў публічна дыскрэдытаваць покліч «Жыве Беларусь!», даводзячы, што гэта калька на нямецкае нацыянал-сацыялістычнае «Зіг Гайль!», і дэманструючы забароненае нацысцкае прывітанне ў жывым эфіры (пры гэтым сцвярджаючы, што да вайны ўжываліся толькі «Няхай жыве вольная Беларусь» і «Няхай жыве Савецкая Беларусь»)[46].
Покліч «Жыве!» — у тым ліку як частка нацыянальнага дэвізу «Жыве Беларусь!» — стаў беларускім словам 2020 года паводле вынікаў галасавання, якое зладзіла Радыё Свабода[3]. У студзені 2021 года дацэнт канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць нацыянальны дэвіз «Жыве Беларусь!» у Канстытуцыі як дзяржаўны сімвал. Гэта мае спрыяць развіццю і адзінству беларускай нацыі, умацаванню яе духу, паказваць адметнасць беларусаў[4].
Падчас расійскага ўварвання ва Украіну 25 сакавіка 2022 года ў Дзень Волі беларускія добраахвотнікі батальёна імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу, тэкст якой заканчваўся словамі «Жыве Беларусь!»[47].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Аснова тэксту — пераклад на беларускую мову верша Аляксея Суркова
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё Каўка А. Жыве Беларусь! // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ а б в г д Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные» Архівавана 16 студзеня 2021., TUT.BY, 11.11.2020 г.
- ↑ а б в г д Беларускае слова 2020 года — «Жыве!», Радыё Свабода, 11 снежня 2020 г.
- ↑ а б в Дацэнт канстытуцыйнага права: Варта дадаць у Канстытуцыю яшчэ адзін дзяржаўны сімвал — дэвіз «Жыве Беларусь!», Наша Ніва, 13 студзеня 2021 г.
- ↑ Уладзімір Арлоў: Адбылося дафарміраванне беларускай нацыі і народны рэферэндум аб вяртанні нацыянальнай сімволікі, Радыё Свабода, 26 жніўня 2020 г.
- ↑ а б в Калінкіна С. Жыве Беларусь! // Народная Воля. № 40, 27.05.2014. С. 1.
- ↑ Гэта крык, што жыве Беларусь
- ↑ Алесь Кіркевіч. На аўкцыёне прадаецца фота прамоўтэра лозунгу «Жыве Беларусь!» . Газета «Новы час» (9 мая 2018). Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2020. Праверана 25 лютага 2021.
- ↑ Змітрок Бядуля Уся сіла у праудзе // Наша ніва : газета. — Вільня: 1912. — № 46. — С. 4.
- ↑ а б Латышонак А. Дзяржаўная сімволіка Беларускай Народнай Рэспублікі Архівавана 25 лістапада 2020. // Жаўнеры БНР. — Беласток — Вільня, 2009.
- ↑ а б Корбут В. Жыве Беларусь! // Советская Белоруссия. № 126 (22781), 11.07.2007 г.
- ↑ Алексеевский К. Воспоминание о Всебелорусском съезде в г. Минске // Чырвоны шлях. № 1—2, 19.07.1918. С. 10.
- ↑ Беларуская Цэнтральная Рада. За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі. — Лондан, 1960. Архівавана 17 мая 2022.
- ↑ Вальфсон С. «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі. — Мінск, 1931. С. 45.
- ↑ а б Кіпель В. Жыве Беларусь! // Наша Ніва. № 8 (270), 22.02.2002. С. 14.
- ↑ Виктор Корбут. Жыве Беларусь! // «Советская Белоруссия» № 126 (22781), 11 ліпеня 2007.
- ↑ Туронак Ю. Людзі СБМ. — Мінск, 2006. — С. 175.
- ↑ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993. — С. 135.
- ↑ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993. — С. 193.
- ↑ Раздавім фашысцкую гадзіну. 1942, № 32 (люты) . prlib.ru.
- ↑ Панчанка П. Выбраныя пераклады. // Збор твораў. У чатырох тамах. Том 1. Вершы i паэмы (1934 — 1945 гг.). Выбраныя пераклады. / Р. Барадулін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1981. — Т. 1. — С. 332. — 366 с. — 17 000 экз.
- ↑ Скобла М. Сяржук Доўгушаў: Песня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сцяг, Радыё Свабода, 13 ліпеня 2016 г.
- ↑ «Партызанскі марш» часоў Другой сусветнай вайны з збораў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
- ↑ Беларусь жыве, Беларусь змагаецца: Выстаўка ў Дзяржаўным гістарычным музеі // Совецкая Беларусь. № 94, 28 кастрычніка 1942. С. 4.
- ↑ Полымя. № 12, 2013 Архівавана 23 снежня 2018.. С. 105.
- ↑ Мартинович Д. «Жыве Беларусь!» Как появился знаменитый лозунг и кто его использовал Архівавана 8 лютага 2021., TUT.BY, 11.11.2020 г.
- ↑ Няхай жыве наша родная Совецкая Беларусь!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- ↑ Няхай жыве Совецкая Беларусь у брацкай сям’і народаў СССР!, Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- ↑ Няхай жыве Совецкая Беларусь! Разам з народамі ўсёй Совецкай краіны ўперад да ззяючых вяршынь комунізма!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- ↑ Няхай жыве Савецкая Беларусь!, Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- ↑ Няхай жыве вольная працоўная Беларусь!, Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- ↑ Няхай жыве свабодная савецкая Беларусь!(недаступная спасылка), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- ↑ Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. — Мінск, 2007. С. 263—264.
- ↑ Лемешев И. «Жыве Беларусь!» // Секретные исследования. № 19, 2013 г.
- ↑ Якая песня павінна быць гімнам Беларусі? (аўдыё) Архівавана 20 кастрычніка 2021., Беларускі партызан, 19.09.2011 г.
- ↑ Ася Паплаўская — пра любімыя кнігі Янкі Купалы, Радыё Свабода, 7 ліпеня 2012 г.
- ↑ Мірон адзначае Дзень герба і бел-чырвона-белага сцяга, Радыё Свабода, 19 верасня 2012 г.
- ↑ «Народная газета» змяніла дэвіз «Жыве Беларусь!» на іншы, Наша Ніва, 5 снежня 2020 г.
- ↑ Класкоўскі А. Як легалізоўвалі «Жыве Беларусь!»(недаступная спасылка), Наша Ніва, 14 ліпеня 2007 г.
- ↑ Трефилов С. Лозунг «Жыве Беларусь!» с нами со времен Калиновского(недаступная спасылка), Комсомольская правда, 15.12.2017 г.
- ↑ Беларусы вырабілі першае ў свеце валошкавае марожанае з жытам і льном // Symbal.by. — 2019. Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021.
- ↑ Васильковое мороженое исчезло из продажи, говорят, из-за «Жыве Беларусь» на ўпаковке. Что произошло?(руск.) // TUT.BY. — 17 мая 2019. Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2020.
- ↑ З марожанага з васількамі знік лозунг «Жыве Беларусь!» // Будзьма беларусамі!. — 06.06.2019.
- ↑ Валошкавае марожанае страціла надпіс «Жыве Беларусь», Радыё Свабода, 6 чэрвеня 2019 г.
- ↑ «Ён трымаў выбітыя амапаўцам зубы ў руках і прасіў дапамогі…» . Радыё «Свабода» (24 снежня 2010). Праверана 28 снежня 2010.
- ↑ Марзалюк сказаў, што «Жыве Беларусь» — гэта калька «Зіг хайль». І зігануў у эфіры ФОТА // Наша Ніва. — 10.11.2020.
- ↑ Батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2022 г.