Свойскі бык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свойскі бык
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bos taurus taurus L., 1758

Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  898717
EOL  7009174
FW  104264

Свойскі бык (Bos taurus taurus) — від парнакапытнай жывёлы, разводзіцца для атрымання малака і мяса. Вылучаюць мясныя, мяса-малочныя і малочныя пароды свойскіх быкоў.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Продкам свойскага быка быў дзікі бык, у прыватнасці яго вымерлы ў дзікай прыродзе падвід — тур.

Буйная рагатая жывёла, і, у прыватнасці, бык адыгрываюць значную ролю ў чалавечай гісторыі. Адамашненне пачалося ў часы ранняга неаліту, прыкладна 8500 гадоў таму, услед за адамашненнем коз, авечак і свіней. Пытанне, ці з’яўляюцца тэрыторыя сучаснай Турцыі і паўночнага Міжрэчча адзіным цэнтрам адамашнення (не лічачы адамашнення зебу на тэрыторыі Індастана), застаецца адкрытым. Праведзеныя ў 1994 годзе генетычныя даследаванні паказалі, што сучасныя быкі не належаць, як доўгі час лічылася, адной радавой лініі.

Біялагічныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Самая характэрная біялагічная асаблівасць буйной рагатай жывёлы — здольнасць кароў даваць малако (лакціраваць) на працягу доўгага часу. Працягласць жыцця кароў у сярэднім 18—20 гадоў, але выкарыстоўваць іх у гаспадарцы мэтазгодна толькі да 10-гадовага ўзросту. Пасля 7—8 лактацый плоднасць і ўдоі кароў зніжаюцца, аднак бываюць і выключэнні.

Палавая спеласць у бычкоў і цёлак настае ў 6—9-месячным узросце, але фізічнай спеласці жывёла да гэтага часу яшчэ не дасягае і на практыцы цёлак упершыню асемяняюць у 1,5-гадовым узросце пры жывой масе 350—380 кг. Цельнасць у больш раннім узросце пры нізкай жывой масе можа затрымаць рост і развіццё жывёлы, прывесці да нараджэння слабага цяляці і быць прычынай нізкай малочнай прадукцыйнасці. Найбольш плённае асемяненне кароў і цёлак толькі ў перыяд ахвоты, які настае і паўтараецца праз пэўны час пасля ацёлу ў кароў і пасля наступлення палавой спеласці ў цёлак і цягнецца 18—20 гадз. (часам, 6—48 гадз). Каровы прыходзяць у ахвоту звычайна на 21-ы дзень (ваганні 18—25 дзён) пасля ацёлу. Візуальна гэта можна вызначыць па паводзінах жывёлы і па вонкавым выглядзе яе палавых органаў. Выяўленне кароў (цёлак), якія прыйшлі ў ахвоту, праводзяць не менш як тры разы ў суткі: раніцай і ўдзень у час прагулкі або вечарам у час даення і догляду жывёлы. Асемяняюць кароў перад даеннем у першую ахвоту пасля ацёлу двойчы: пасля выяўлення ахвоты і праз 10—12 гадз. пры яе наяўнасці. Пасля асемянення кароў і цёлак неабходна трымаць у стойле да знікнення ахвоты. Кароў, якія не прыйшлі ў ахвоту праз 45 дзён пасля ацёлу, абавязкова трэба паказаць ветэрынару.

Цельнасць у кароў цягнецца ў сярэднім 285 дзён. Адхіленне ў той ці іншы бок (у межах 260—312 дзён) залежыць ад кармлення і догляду, скараспеласці, полу плода, індывідуальных уласцівасцей жывёлы і іншых прычын.

Карова рэдка прыводзіць больш як адно цялё. Яго жывая маса 25—40 кг (бычкі звычайна важаць на 1—2 кг больш за цёлак). Рост і развіццё жывёлы цягнецца да 5 гадоў. У дарослай жывёлы 32 зубы, паводле тэрмінаў іх змены і формы сцірання вызначаюць яе ўзрост. Нармальная тэмпература 38,6 °C, пульс 50—60 удараў у мінуту.

У буйной рагатай жывёлы чатырохкамерны страўнік, добра прыстасаваны да ператраўлівання сена, саломы і іншых фубых кармоў. Першыя тры аддзелы страўніка (рубец, кніжка, сетка) не маюць залоз і называюцца перадстраўнікамі. Сапраўдным страўнікам з’яўляецца чацвёрты аддзел — сычуг, слізістая абалонка якога багатая залозамі. У рубцы, які па аб’ёму складае 80 % ад усіх камер страўніка, на корм уздзейнічаюць мікраарганізмы, якія клятчатку грубых раслінных кармоў ператвараюць у даступныя стрававальным залозам рэчывы. 3 рубца размякчаны корм адрыгваецца ў ротавую поласць, зноў перажоўваецца і праглынаецца. Гэты працэс называецца жвачкай (адсюль назва «жвачныя жывёлы»). Потым корм трапляе ў наступныя аддзелы страўніка і ў кішэчнік, дзе канчаткова ператраўляецца і засвойваецца.

Гаспадарчае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Карова на лузе ў швейцарскіх Альпах

Існуе больш за тысячу парод і пародных груп буйной рагатай жывёлы, але ўсе іх умоўна можна падзяліць на спецыялізаваныя (малочныя, мясныя) і камбінаваныя, або пароды падвойнай прадукцыйнасці (малочна-мясныя, мяса-малочныя).

У свеце налічваецца каля 1,3 млрд галоў буйной рагатай жывёлы, пераважна — кароў. Найбольшае пагалоўе ў Індыі (каля 400 млн.), Бразіліі і Кітаі (па 150 млн.).

У Беларусі на 1.1.2007 налічвалася 3,9 млн галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1,5 млн. — каровы. Па вытворчасці малака на душу насельніцтва краіна займае 1-е месца ў СНД і 4-е ў Еўропе. Больш за 98 % мяса і малака беларускія гаспадаркі атрымліваюць ад развядзення чорна-пярэстых кароў.

Карова ў сялянскай сям’і здаўна ўвасабляла багацце і дастатак. Страціць карову, асабліва ў неўраджайныя гады, для сялян было раўназначна катастрофе. Таму карову ў глыбінцы заўсёды вельмі паважалі, усяляк засцерагалі, клапаціліся, ставіліся да яе ласкава[1]. Раней на Беларусі хлеў для ўтрымання кароў называўся кароўнік, пуня ці абора.

Гадоўляй кароў займаецца жывёлагадоўля, пераважаючая жывёлагадоўчая галіна. Малочныя і мяса-малочныя пароды разводзяць дзеля атрымання малака, ялавічыны, скураў.

Адходы жыццядзейнасці каровы, гной, выкарыстоўваюць у якасці добрага ўгнаення. У 2009 годзе быў расшыфраваны геном каровы[2], што дазволіць палепшыць і паскорыць вывядзенне парод з патрабаванымі для сельскай гаспадаркі ўласцівасцямі.

Культ каровы[правіць | правіць зыходнік]

У Індыі са старажытнасці карову лічаць святой жывёлай, увасабленнем Вялікай маці Адзіці і зямлі, а часам нават усяго Сусвету. Веды звязваюць іх са світанкам і сонцам, называючы маці, якая ўладарыць над патройнай прыродай свету. Карова абараняецца Сусветнымі законамі і Вішну асабіста, за забойства каровы магчыма таксама трапіць у пекла, таму гэта забаронена: «Забойцам кароў прыгатавана гніць у пекле столькі гадоў, колькі было валасінак на целе каровы»[3].

У міфалогіі розных народаў карова выконвае касмічную функцыю: у егіпцян нябесная карова нут, якая спарадзіла неба, увасабляла Нябесны акіян. У Мемфісе яна выступала сімвалам пасіўнай сілы, увасабленнем Венеры. Менавіта карову па радзе аракула легендарны Кадм вывеў да месца, дзе былі заснаваны Фівы.

Цельная карова лічыцца жаночым сімвалам жыватворчай і сілкавальнай сілы зямлі, а ў пары з быком яны ўвасабляюць сімвал бажаства — жаночага і мужчынскага, які спараджаючага і выкормліваючага. Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі карову часцяком малявалі з цялём, які смакчыць вымя, што азначала множанне чароўнай сілы, сілкавальнай сябе саму.

Захворванні[правіць | правіць зыходнік]

Захворванні кароў бываюць розныя. Часцей за ўсё сустракаецца каровіны рак крыві — лейкоз. Заражоныя лейкозам каровы небяспечныя тым, што пераносяць хваробу праз кроў і малако. Каб пазбегнуць заражэння кароў лейкозам, ім штогод робяць прышчэпкі і абследуюць іх ад гэтай і іншых хвароб. Калі карова здаровая, ёй выдаюць адмысловы пашпарт на дазвол спажывання малака. Збіраць малакапрадукты малаказавод можа толькі тады, калі ёсць пашпарт.

Акрамя таго, карова можа пераносіць сухоты, шаленства і язву. Часта пад скурай кароў жывуць лічынкі слепняў і іншых насякомых. Гэтыя лічынкі сілкуюцца крывёй кароў і здольныя паменшыць колькасць крыві ў каровы амаль на адзін працэнт.

Уплыў на навакольнае асяроддзе[правіць | правіць зыходнік]

Угнаенні[правіць | правіць зыходнік]

Каровіны перагной з’яўляецца адным з найлепшых угнаенняў[4]. У памёце каровы часцяком пасяляюцца мурашкі і рыжыя мурашы. Памёт каровы для ўгнаення разносяць жукі-гнаявікі. Мухі адкладваюць у ім свае яйкі. Акрамя таго, куры, раскрываючы памёт быка, знаходзяць там шмат пажыўных рэчываў.

Выкіды метану[правіць | правіць зыходнік]

Дарослы бык племянной пароды

Навукоўцы выявілі, што каровы вылучаюць метан. Яго колькасць залежыць ад рацыёну каровы. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН пацвердзіла гэтыя звесткі. Падрабязна гэту праблему даследавалі ў Вялікабрытаніі. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што кожны дзень кожная з 10 мільёнаў брытанскіх кароў вылучае прыблізна 100—200 літраў метану[5].

У ходзе праекта навукоўцы таксама разглядалі магчымыя метады скарачэння ў кароў выдзялення аміяку — яшчэ аднаго парніковага газу[5]. Задачай вучоных з’яўляецца распрацаваць нейкі новы рацыён для кароў, каб у працэсе іх стрававання вылучалася менш газу. Майкл Эбертан з Інстытута даследаванняў Уэльса ў Аберыстуіце называе некалькі магчымых варыянтаў корму кароў, якія здольныя паменшыць выкіды газу: райграс з высокім утрыманнем цукру, белая канюшына і лядвянец.

Брытанскі ўрад вылучыў на гэты праект, які будзе ажыццяўляцца тры гады, 750 тысяч фунтаў, што складае прыкладна 1,51 млн долараў ЗША. Галоўная база даследаванняў — універсітэт Уэльса ў Аберыстуіце.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал М. А. Ткачоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 736 с.: іл. ISBN 3-85700-079-3