Вілейская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вілейская нізіна)
Вілейская раўніна на карце
Галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы на вытоку з Вілейскага вадасховішча

Вілейская раўніна — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі ў паўночнай частцы Гродзенскай, Мінскай і на паўднёвым захадзе Віцебскай абласцей; адпавядае тэрыторыі геамарфалагічных раёнаў Вілейская нізіна і Крывіцкая раўніна. Распаўсюджаныя водна-ледавіковыя, другасна-марэнныя, радзей азёрна-алювіяльныя і пойменныя ландшафты.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вілейская раўніна мяжуе з Нарачанскай раўнінай і Свянцянскімі градамі на поўначы, Верхнебярэзінскай нізінай і Мінскім узвышшам на ўсходзе, Ашмянскім узвышшам на поўдні і захадзе. Даўжыня ў паўночна-ўсходнім напрамку каля 130 км, шырыня 40-100 км.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічным дачыненні раўніна прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі і Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Антрапагенавыя (пераважна марэнныя, водна-ледавіковыя) адклады магутнасцю 80-140 м залягаюць у асноўным на дэвонскіх (на ўсходзе), а таксама на кембрыйскіх, сілурыйскіх, ардовікскіх, радзей крэйдавых (на захадзе) пародах. Асадкавы чахол складзены пародамі верхняга пратэразоя, перакрытымі адкладамі кембрыя (на захадзе), дэвону (на ўсходзе), антрапагену.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Паверхня раўніны плоская, плоскахвалістая, слабахвалістая з абсалютнымі адзнакамі ад 150—180 м (на захадзе) да 175—200 м (на ўсходзе). Максімальная адзнака 223 м (ля вёскі Івашынавічы Вілейскага раёна), самы нізкі пункт — вусце ракі Нарач (137,4 м).

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя тэмпература студзеня −6,6 °C, ліпеня 17,6 °C. Ападкаў выпадае 656 мм у год. Вегетацыйны перыяд 188 сутак.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дрэнуюць тэрыторыю р. Вілія з прытокамі Ашмянка, Ілія, Нарач, Сэрвач, Страча, Уша. На Віліі пры ўпадзенні ў яе Сэрвачы, Іліі, Касуткі — буйное Вілейскае вадасховішча. Стварэнне вадасховішча і Вілейска-Мінскай воднай сістэмы прывяло да актывізацыі эразійных і абразійных працэсаў.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш.

Пад лесам 42 % (лясы хваёва-ялова-бярозавыя, альховыя), пад раллёй да 39 % плошчы. Балоты і лугі нізінныя, часткова асушаныя.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3