Перайсці да зместу

Заходнія паўднёваславянскія мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Заходняя паўднёваславянская
Таксон падгрупа
Арэал Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Сербія, Чарнагорыя;
Італія, Аўстрыя, Венгрыя, Румынія, Паўночная Македонія;
Германія, Францыя;
ЗША, Канада;
Аўстралія
Колькасць носьбітаў каля 18 млн чал.
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская галіна
Паўднёваславянская група
Склад
славенская, харвацкая, баснійская, сербская і чарнагорская мовы
Коды моўнай групы
ISO 639-2
ISO 639-5

Заходнія паўднёваславянскія мовы (таксама паўднёва-заходнія паўднёваславянскія мовы, сербахарвацка-славенскія мовы) — адна з дзвюх падгруп паўднёваславянскай моўнай групы, у якую ўваходзяць славенская, харвацкая, баснійская, сербская і чарнагорская мовы (апошнія чатыры мовы актыўна фарміруюцца з 1991 года паводле этна-тэрытарыяльнай прыкметы, да 1991 года адзінай мовай харватаў, баснякоў, сербаў і чарнагорцаў лічылася сербахарвацкая мова з дзвюма раўнапраўнымі нормамі — харвацкай і сербскай)[1]. Распаўсюджаны на частцы тэрыторый Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы — у Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Сербіі, Чарнагорыі. Таксама носьбіты заходніх паўднёваславянскіх моў жывуць у цэлым шэрагу іншых еўрапейскіх краін (сумежных з названымі вышэй: у Італіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі, Паўночнай Македоніі ці не сумежных з імі: у Германіі, Францыі і іншых краінах). Акрамя таго, на заходніх паўднёваславянскіх мовах размаўляюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы ў Амерыцы (ЗША, Канада) і ў Аўстраліі[2][3][4][5].

Агульная колькасць людзей, якія размаўляюць на гэтых мовах складае каля 18 млн чалавек[6][7][8][9].

Для вакалізму заходніх паўднёваславянскіх моў характэрна проціпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных, у прасодыі адзначаецца політанічны, рознамясцовы націск, у граматыцы ў адрозненне ад усходніх паўднёваславянскіх моў захаваліся іменнае скланенне і інфінітыў, адсутнічае артыкль, знікаюць формы простых мінулых часоў[2].

Пісьменнасць сучасных заходніх паўднёваславянскіх моў заснавана на кірыліцы і лацінскім алфавіце, у харватаў аж да першай паловы XX стагоддзя функцыянавала глаголіца як рэгіянальная царкоўная пісьменнасць[2].

Літаратурныя мовы і дыялекты

[правіць | правіць зыходнік]

Заходнія паўднёваславянскія мовы ўтвараюць адзіны моўны кантынуум, якія плаўна пераходзіць ва ўсходні паўднёваславянскі арэал. На гэтай моўнай тэрыторыі сфарміраваліся паясы змяшаных і пераходных гаворак: славенска-кайкаўскі (славенска-харвацкі), сербска-македонскі і сербска-балгарскі[10].

Арэал харвацкай мовы
Арэал баснійскай мовы
Арэал сербскай і чарнагорскай моў
Дыялекты штокаўскай гаворкі[11][12]

Сучасны дыялектны ландшафт сербахарвацкага арэала прадстаўлены чатырма дыялектамі, ці гаворкамі: штокаўскай, чакаўскай, кайкаўскай і тарлацкай. Моўныя рысы сербахарвацкіх гаворак адрозніваюцца настолькі, што паразуменне носьбітаў асобных дыялектаў, якія не валодаюць літаратурнай мовай, можа быць значна ўскладнена. Найбольш распаўсюджаным па колькасці тых, хто размаўляе і ахопу вобласці распаўсюджвання з'яўляецца штокаўская гаворка. На ёй размаўляюць у Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіне і на большай частцы тэрыторый Сербіі і Харватыі[13].

Гаворкі штокаўскай дыялекта (наваштокаўскія ўсходнегерцагавінскія і шумадзійска-ваяводзінскія) ляжаць у аснове сучасных харвацкай, баснійскай, сербскай і чарнагорскай літаратурных нормаў[14]. Таксама на штокаўскай аснове сфарміравалася малая славянская літаратурная мова ў Італіі — малізска-славянская. Акрамя таго, у наш час прадпрымаюцца спробы стварэння літаратурнай мовы на базе бунеўскіх гаворак штокаўскага дыялекта ў прыгранічных раёнах Сербіі і Венгрыі[15].

Тарлацкі дыялект, арэал якога размешчаны ў паўднёва-ўсходняй Сербіі, па сваёй структуры збліжаецца з мовамі балканскага моўнага саюза, гаворкі тарлацкага дыялекта ўтвараюць пояс пераходных гаворак ад штокаўскага арэала да вобласці распаўсюджання балгарскай і македонскай моў[13].

На чакаўскім дыялекце размаўляюць у прыморскіх раёнах заходняй Харватыі, на кайкаўскім — у паўночнай і цэнтральнай Харватыі, пераважна ў раёнах, сумежных са Славеніяй, у тым ліку і ў наваколлях Заграба. Кайкаўскі дыялект шмат у чым падобны да дыялектаў славенскай мовы[13]. На аснове гаворак чакаўскага і кайкаўскага дыялектаў развіваюцца чакаўская і кайкаўская рэгіянальныя літаратурныя мовы, абмежаваныя галоўным чынам сферай мастацкай літаратуры. Акрамя таго, рэгіянальная мова на базе гаворак чакаўскага дыялекта сфарміравалася ў Аўстрыі ў градзішчанскіх харват — градзішчанска-харвацкая, ці бургенландска-харвацкая мова[2]. У наш час чакаўская і кайкаўская гаворкі часцей за ўсё разглядаюцца як дыялектныя аб'яднанні харвацкай мовы[7].

Арэалы славенскіх дыялектаў

Славенскі моўны арэал складаюць сем дыялектных зон — карынтыйская, прыморская, раўтарская, гарэньская, даленьская, штырыйская і панонская[16]. У шэрагу рэгіёнаў Славеніі і ў суседніх з ёй краінах фарміруюцца абласныя гутарковыя мовы, якія часткова выцясняюць некаторыя славенскія дыялекты. Гэтыя мовы ўяўляюць сабой мясцовыя наддыялектныя ўтварэнні. Вылучаюцца цэнтральнаславенская, паўднёваштырыйская, паўночнаштырыйская, прыморская, раўтарская і карынтыйская гутарковыя мовы[17]. На аснове славенскіх дыялектаў развіваюцца таксама некалькі малых літаратурных моў: на базе прыморскіх дыялектаў у Італіі — рэзьянская і венецыянска-славенская мовы, на базе панонскіх дыялектаў у Венгрыі — прэкмурска-славенская[18].

Сярод цыган, якія жывуць у Сербіі (галоўным чынам у абшчыне Срэмска-Мітравіца), на аснове сербскай мовы сфарміравалася змяшаная цыгана-сербская мова, на якой станам на 2006 год размаўляе 172 тыс. чалавек[19].

Заходнія паўднёваславянскія мовы ўключаюць два асноўныя арэалы — славенскі і сербахарвацкі (сербскі / харвацкі / баснійскі)[1]:

Арэал і колькасць

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны арэал заходніх паўднёваславянскіх моў — Балканскі паўвостраў і сумежныя з ім тэрыторыі ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе. Носьбіты заходніх паўднёваславянскіх моў складаюць большасць насельніцтва ў такіх краінах, як Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Сербія і Чарнагорыя. Таксама носьбіты заходніх паўднёваславянскіх моў уяўляюць аўтахтоннае насельніцтва (як этнічныя меншасці) у такіх краінах, як Італія (славенская, харвацкая), Аўстрыя (славенская, харвацкая), Венгрыя (славенская, харвацкая, сербская), Румынія (сербская) і Паўночная Македонія (сербская, баснійская). Значныя дыяспары носьбітаў заходніх паўднёваславянскіх моў (у тым ліку сфарміраваныя з рабочых-мігрантаў) прадстаўлены ў Германіі, Францыі і іншых краінах Заходняй Еўропы, а таксама ў краінах Амерыкі (ЗША, Канада, Аргенціна) і ў Аўстраліі[2][16][20].

Паводле даных выдання Ethnologue, на заходніх паўднёваславянскіх мовах размаўляюць каля 18 млн чалавек. З іх на славенскай у Славеніі — 1 910 тыс. чалавек (2012), усяго ў свеце — 2 085 тыс. чалавек[6]; на харвацкай у Харватыі — 4 200 тыс. чалавек (2006), усяго ў свеце — 5 609 тыс. чалавек[7]; на баснійскай у Босніі і Герцагавіне — 1 120 тыс. чалавек (2014), усяго ў свеце — 1 334 тыс. чалавек[8]; на сербскай (уключаючы таксама чарнагорскую) у Сербіі і Чарнагорыі[заўв 1] — 6 620 тыс. чалавек (2002), усяго ў свеце — 8 639 тыс. чалавек[9]. Паводле асобнай статыстыкі па чарнагорскай мове ў Чарнагорыі, колькасць тых, хто размаўляе на гэтай мове, складае 229,3 тыс. чалавек (2011)[21].

Моўныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Заходнія паўднёваславянскія мовы разам з усходнімі характарызуюцца такімі агульнымі рысамі, як[2]:

  1. Развіццё спалучэнняў rat, lat на месцы праславянскіх спалучэнняў *ort, *olt у пачатку словы пры сыходнай інтанацыі: сербскахарв. равен «роўны», лакат «локаць», славен. raven, lakat; балг. равен, лакът, макед. рамен, лакот.
  2. Змяненне праславянскага насавога > e на большай частцы паўднёваславянскага моўнага арэала.
  3. Наяўнасць флексіі -omь у назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду цвёрдага скланення (у заходнеславянскіх і усходнеславянскіх мовах сфарміраваўся канчатак -ъmь).
  4. Наяўнасць канчатка у назоўнікаў на -a мяккага скланення ў форме роднага склону адзіночнага ліку і назоўнага і вінавальнага склонаў множнага ліку (у заходне­славянскіх і ўсходнеславянскіх мовах сфарміраваўся канчатак ě).
  5. Шырокае распаўсюджанне поліфункцыянальнага саюза да.
  6. Наяўнасць старажытных агульнапаўднёваславянскіх слоў, напрыклад, дзеяслоў са значэннем «ступаць»: сербскахарв. газити, славен. gaziti; балг. газя, макед. гази.

Для заходніх паўднёваславянскіх моў характэрны шэраг спецыфічных рыс, супрацьпастаўлены рысам усходніх паўднёваславянскіх моў[2]:

  1. Апазіцыя доўгіх і кароткіх галосных. У сербахарвацкай адзначаецца пяць пар доўгіх і кароткіх галосных: /ā/, /ē/, /ī/, /ō/, /ū/ — /a/, /e/, /i/, /o/, /u/[22]. У славенскай літаратурнай мове прадстаўлены варыянты сямі з васьмі фанем славенскай фанетычнай сістэмы ([iː], [eː], [ɛː], [аː], [ɔː], [oː], [uː]), якія могуць быць доўгімі ва ўдарнай пазіцыі[23][24]. У тарлацкай гаворцы, як і ва ўсходніх паўднёваславянскіх мовах, апазіцыя доўгіх і кароткіх галосных страчана.
  2. Наяўнасць у сербска­харвацкай мове галоснай поўнага ўтварэння а на месцы рэдукаваных: сȁн «сон», дȃн «дзень»; у славенскай рэдукаваныя перайшлі ў a (у доўгіх складах) і e [ə] (у кароткіх складах): mȃh «мох», dȃn «дзень», pes [pəs] «сабака». У балгарскай мове на месцы рэдукаваных прадстаўлены галосныя ъ, е: сън «сон», мъх «мох», ден «дзень», пес «сабака»; у македонскай мове — галосныя о, е: сон «сон», ден «дзень»[25].
  3. Захаванне l эпентэтычнага пасля губных зычных p, b, m, v на стыку марфем на месцы праславянскіх спалучэнняў губнога з j: сербахарв. земља, славен. zemlja. У балгарскай і македонскай l адсутнічае: балг. земя «зямля», макед. земjа. Гэтая з'ява збліжае заходнія паўднёваславянскія мовы з усходнеславянскімі і супрацьпастаўляе іх усходнім паўднёваславянскім і заходнеславянскім мовам.
  4. Пасля­да­у­нацельнае ацвярдзенне паўмяккіх зычных.
  5. Захаванне праславянскага політанічнага націску. Танічныя характарыстыкі і размеркаванне націску ў словаформах пры гэтым вар'іруюць па дыялектах. Ва ўсходнім паўднёваславянскім арэале танальнасць не захавалася. У балгарскай мове, як і ў тарлацкай гаворцы, сфарміраваўся рознамясцовы націск, у македонскай — фіксаваны на трэцім складзе ад канца слова.
  6. Устойлівае захаванне іменнага скланення, за выключэннем часткі гаворак сербахарвацкага арэала (аналітычная іменная сістэма склалася ў гаворках тарлацкага дыялекта). Ва ўсходніх паўднёваславянскіх мовах склонавыя флексіі страчаны.
  7. Захаванне інфінітыва. Ва ўсходніх паўднёваславянскіх мовах інфінітыў замяняецца спалучэннем саюза да з дзеясловам у форме цяперашняга часу. Такая ж тэндэнцыя замены інфінітыва характэрна для сербахарвацкага арэала.
  8. Захаванне формаў ступеняў параўнання. У балгарскай і македонскай мовах на іх месцы выступаюць прыставачныя ўтварэнні.
  9. Адсутнасць артыкля. Постпазітыўныя артыклі шырока ўжываюцца ў тарлацкай гаворцы і ва ўсходніх паўднёваславянскіх мовах.
  10. Страта формаў простых мінулых часоў. Ва ўсходніх паўднёваславянскіх мовах захоўваецца складаная сістэма формаў мінулага часу.

Паміж славенскім і сербахарвацкім моўнымі арэаламі адзначаецца шэраг адрозненняў, звязаных як з захаваннем архаізмаў, так і з развіццём інавацый у мовах адпаведных арэалаў. Так, архаічныя рысы, якія захаваліся ў славенскай мове (парны лік у імі і дзеяслове, некаторае адрозненне ў формах кароткіх і поўных прыметнікаў, супін), страчаны ў сербахарвацкай. Інавацыі, якія развіліся ў славенскай мове (моцная рэдукцыя галосных, частковая страта ніякага роду па дыялектах, знікненне простых мінулых часоў, спрашчэнне ці страта танічнага націску па дыялектах), невядомыя ў сербахарвацкім арэале. Акрамя таго, у славенскай і сербахарвацкай мовах адзначаюцца адрозненні ў развіцці праславянскіх рэфлексаў, так, напрыклад, на месцы насавога у сербска­харвацкай прадстаўлена галосная у (рука «рука»), а ў славенскай — o (roka); у групах *tъlt, *tьlt у сербска­харвацкай адбылася вакалізацыя l (дуг «доўг», вук «воўк»), а ў славенскай рэдукаваны развіўся ў галосную поўнага ўтварэння — (dolg, volk). Для тарлацкай гаворкі характэрны значныя адрозненні ад астатняга заходняга паўднёваславянскага арэала, шмат у чым гэтыя адрозненні абумоўлены з уплывам на тарлацкія гаворкі моў балканскага моўнага саюза, у першую чаргу, македонскай і балгарскай[26][27].

  1. Звесткі пра носьбітаў сербскай мовы прыводзяцца станам на 2002 год, калі Сербія і Чарнагорыя складалі адзіную дзяржаву — Саюзную Рэспубліку Югаславія. Чарнагорская мова ў той час не называлася ў перапісах і не мела афіцыйнага статусу.
  1. а б Супрун А. Е., Скорвид С. С. Славянские языки // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — С. 3. — 22 с. — ISBN 5-87444-216-2. (Праверана 26 студзеня 2016)
  2. а б в г д е ё Гудков В. П. Южнославянские языки // Лингвистический энциклопедический словарь / Под ред. В. Н. Ярцевой. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — 685 с. — ISBN 5-85270-031-2.
  3. Кречмер, Невекловский 2005, с. 1—3.
  4. Дуличенко 2005, с. 198—199.
  5. Lewis, M. Paul, Gary F. Simons, Charles D. Fennig: Slavic. South. Western (англ.). Ethnologue: Languages of the World (18th Ed.). Dallas: SIL International (29 лістапада 2015). (Праверана 26 студзеня 2016)
  6. а б Lewis, M. Paul, Gary F. Simons, Charles D. Fennig: Slovene. A language of Slovenia (англ.). Ethnologue: Languages of the World (18th Ed.). Dallas: SIL International (29 лістапада 2015). (Праверана 26 студзеня 2016)
  7. а б в Lewis, M. Paul, Gary F. Simons, Charles D. Fennig: Croatian. A language of Croatia (англ.). Ethnologue: Languages of the World (18th Ed.). Dallas: SIL International (29 лістапада 2015). (Праверана 26 студзеня 2016)
  8. а б Lewis, M. Paul, Gary F. Simons, Charles D. Fennig: Bosnian. A language of Bosnia and Herzegovina (англ.). Ethnologue: Languages of the World (18th Ed.). Dallas: SIL International (29 лістапада 2015). (Праверана 26 студзеня 2016)
  9. а б Lewis, M. Paul, Gary F. Simons, Charles D. Fennig: Serbian. A language of Serbia (англ.). Ethnologue: Languages of the World (18th Ed.). Dallas: SIL International (29 лістапада 2015). (Праверана 26 студзеня 2016)
  10. Дуличенко 2014, с. 445—446.
  11. Browne W. Serbo-croat // The Slavonic Languages / Comrie B., Corbett G. — London, New York: Routledge, 1993. — P. 386 (Map 7.1. Serbo-Croat dialects). — ISBN 0-415-04755-2.
  12. Lisac J. Hrvatski dijalekti i govori štokavskog narječja i hrvatski govori torlačkog narječja // Hrvatska dijalektologija 1. — Zagreb: Golden marketing — Tehnička knjiga, 2003. — P. 160—161 (Karta 4. Dijalektološka karta štokavskog narječja). — ISBN 953-212-168-4.
  13. а б в Кречмер, Невекловский 2005, с. 2.
  14. Кречмер, Невекловский 2005, с. 2—3.
  15. Дуличенко 2014, с. 603—604.
  16. а б Дуличенко 2005, с. 199.
  17. Дуличенко 2005, с. 202—203.
  18. Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки. I. Южнославянские малые литературные языки // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — С. 600. — ISBN 5-87444-216-2.
  19. Lewis, M. Paul, Gary F. Simons, Charles D. Fennig: Romano-Serbian. A language of Serbia (англ.). Ethnologue: Languages of the World (18th Ed.). Dallas: SIL International (29 лістапада 2015). (Праверана 26 студзеня 2016)
  20. Кречмер, Невекловский 2005, с. 1—2.
  21. Popis stanovništva, domaćinstava i stanova u Crnoj Gori 2011 godine. Stanovništvo Crne Gore prema polu, tipu naselja, nacionalnoj, odnosno etničkoj pripadnosti, vjeroispovijesti i maternjem jeziku po opštinama u Crnoj Gori. Tabela 5. Stanovništvo prema maternjem jeziku po opštinama (серб.) S. 10. Podgorica: Crna Gora. Zavod za statistiku (12 ліпеня 2011). (Праверана 26 студзеня 2016)
  22. Кречмер, Невекловский 2005, с. 11.
  23. Priestly T. M. S. Slovene // The Slavonic Languages / Comrie B., Corbett G. — London, New York: Routledge, 1993. — P. 389—390. — ISBN 0-415-04755-2.
  24. Дуличенко 2005, с. 206—207.
  25. Иванов В. В. Редуцированные гласные // Лингвистический энциклопедический словарь / Под ред. В. Н. Ярцевой. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — 685 с. — ISBN 5-85270-031-2.
  26. Толстой Н. И. Словенский язык // Лингвистический энциклопедический словарь / Под ред. В. Н. Ярцевой. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — 685 с. — ISBN 5-85270-031-2.
  27. Гудков В. П. Сербскохорватский язык // Лингвистический энциклопедический словарь / Под ред. В. Н. Ярцевой. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — 685 с. — ISBN 5-85270-031-2.