Перайсці да зместу

Алаіза Пашкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч)
Алаіза Пашкевіч
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Цётка, Гаўрыла з Полацка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла, Тымчасовы і Банадысь Асака
Дата нараджэння 3 (15) ліпеня 1876[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 5 (18) лютага 1916[1] (39 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Муж Сцяпонас Кайрыс
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыстка, паэтка, пісьменніца, палітык, грамадская дзяячка, тэатральная актрыса, перакладчыца, настаўніца, фельчар, рэдактар, медычная сястра
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алаі́за Сцяпа́наўна Пашке́віч, вядома пад псеўданімам Цё́тка (у шлюбе Кайрыс; 3 (15) ліпеня 1876, Пясчына, Лідскі павет5 (18) лютага 1916, Стары Двор, Лідскі павет) — беларуская паэтка, грамадская і палітычныя дзяячка, публіцыстка. Адна з заснавальнікаў партыі Беларуская сацыялістычная грамада, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя.

Караліна і Алаіза Пашкевіч (справа)

Нарадзілася ў фальварку Пясчына Лідскага павета ў шматдзетнай шляхецкай сям’і. Бацька валодаў 200 дзесяцінамі зямлі, якія перайшлі ў сям’ю праз пасаг маці Алаізы. Алаіза Пашкевіч была ахрышчана ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля мястэчка Васілішкі[2]. У сям’і Пашкевічаў было дванаццаць (паводле іншых звестак, сямнаццаць) дзяцей. Вядомы браты Алаізы: Вацлаў і Язэп (памёр у 1915 г. на фронце Першай сусветнай вайны) — афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка; сёстры: Стэфанія, Караліна і Софія.

Пасля смерці першай жонкі Сцяпан Пашкевіч перадаў Алаізу на выхаванне дзеду[3]. Дзяцінства прайшло пад апекай бабулі Югасі ў фальварку Тарэсін і ў маёнтку Стары Двор. Першыя веды Алаіза Пашкевіч атрымлівала ад «дарэктараў» (прыватных хатніх настаўнікаў). Значны ўплыў на фармаванне асобы зрабіла курсістка Вера Тацішчава, якая год была яе хатняй настаўніцай. У 1892 годзе шаснаццацігадовую Алаізу разам з малодшым братам Юзікам (Язэпам), з якім разам выхоўваліся ў Тарэсіне, бацькі адпраўляюць у Вільню пад апеку старэйшай сястры Марыі[2]. Праз два гады прыватных урокаў, у 1894 годзе, Алаіза паступіла ў чацвёрты клас рускага прыватнага сямікласнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Плата за навуку была вельмі высокая — 100 рублёў на год, таму за вельмі старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыю[4]. Грошай не хапала, каб зарабіць Алаіза давала прыватныя ўрокі, часта галадала[2]. Праз слабае здароўе на 6-м класе гімназіі перапыніла вучобу, некаторы час жыла на вёсцы і настаўнічала. У 1899 годзе вяртаецца да вучобы ў гімназіі Прозаравай, паступае зноў у 6-ы клас, скончыла вучобу 5 чэрвеня 1901 года і выехала на вёску. 27 чэрвеня 1902 года вытрымала выпрабаванне на званне хатняй настаўніцы арыфметыкі і атрымала адпаведнае пасведчанне[2]. Два гады настаўнічала на вёсцы.

Адукацыя ў Пецярбургу

[правіць | правіць зыходнік]
Алаіза Пашкевіч (1904)

У 1903 годзе паехала ў Санкт-Пецярбург (сталіцу Расійскай імперыі), дзе паступіла на Курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі Пятра Лесгафта. У Санкт-Пецярбургу Алаіза Пашкевіч пасялілася ў незнаёмай дагэтуль асобы — Сабіны Ячыноўскай, нявесты Вацлава Іваноўскага. Падчас яе вучобы ў Санкт-Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», Алаіза Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Ідэямі гуртка была актыўная барацьба з уладамі Расійскай імперыі, сацыяльнае вызваленне працоўных і нацыянальнае вызваленне беларусаў.

Тады ж пачалася і літаратурная творчасць Алаізы Пашкевіч. У 1903 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшла пад выглядам фальклорнага зборніка кніжка «Песні», тут побач з творамі Францішка Багушэвіча, змешчаны яе верш «Мужыцкая доля» (пад псеўданімам Банадысь Асака). У гэты ж час гектаграфічным спосабам былі выдадзены дзве падпольныя брашуры — «Калядная пісанка на 1904 год» (пісаная ад рукі лацінскімі літарамі, 1903 г.) і «Велікодная пісанка» (друкаваная на машынцы кірыліцай, 1904 г.). У абодва выданні ўвайшлі і вершы Пашкевіч: у першае — тая ж «Мужыцкая доля» і «Мужык не змяніўся» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка), у другое — «Нямаш, але будзе» і «Музыкант беларускі» (пад псеўданімам Гаўрыла). Творы Алаіза Пашкевіч займалі амаль палову гэтых невялічкіх выданняў.

Паводле звестак літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы[2], Пашкевіч курсаў не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі  (руск.).

Вільня. Палітычная дзейнасць і эміграцыя

[правіць | правіць зыходнік]
Верш «Хрэст на свабоду» (лац. «Chrest na swabodu»). Выдадзены ў выглядзе пракламацыі лацінкай, 1905 г.

У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у бальніцы Новай Вільні. Адна з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Займела партыйную мянушку «Цётка». У рэвалюцыю 1905 года арганізоўвала рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. Была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве. Узімку 1905 года актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы захоўвала шапірограф[5].

Каб пазбегнуць судовай адказнасці ў канцы 1905 года эмігравала ў Галіцыю (Аўстра-Венгрыя)[6]. Жыла ў Львове, паступае вольнаю слухачкаю на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. У 1907—1911 гадах вучылася на гістарычна-філалагічным факультэце Львоўскага ўніверсітэта. На жыццё зарабляла працай масажысткі.

Чытанка «Гасцінец для малых дзяцей» (лац. «Hasciniec dla małych dziaciej»), выдадзены ў Львове пад псеўданімам Тымчасовы, 1906 г.

У Львове ў 1906 годзе надрукавала перакладзеную ёй з украінскай мовы на беларускую (пад псеўданімам Тымчасовы) дзіцячую чытанку «Гасцінец для малых дзяцей». Кансультавала ўкраінцаў, якія пісалі пра Беларусь і беларускую літаратуру (Іларыёна Свянціцкага, Івана Крып’якевіча і інш.), знаёміла іх з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў. У Жоўкве (каля Львова) у базыльянскай манастырскай друкарні выдала ў 1906 годзе два зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) і «Хрэст на свабоду» (пад псеўданімам Гаўрыла). Абодва зборнікі невялікія: у першы ўвайшлі 12 вершаў, у другі — 9, напісаныя, за рэдкім выключэннем, у 1905—1906 гадах. Вершы мелі рэвалюцыйна-гераічны, патрыятычна-аптымістычны пафас, больш спакойны характар маюць тры творы, напісаныя ў 1902—1903 гады («Лета», «Восень», «Мужык не змяніўся»).

Пад чужым пашпартам прыязджала ў Вільню і Санкт-Пецярбург, прымала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля», дзе было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». Пісала розныя творы, дасылала іх у «Нашу ніву» і іншыя беларускія выданні. Грашовая нястача і напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх (сухоты). Праз хваробу выязджала ў Закапанэ.

У 1908—1909 гадах Алаіза Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта. Была сябрам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта «Spójnia» («Згуртаванасць»). Пад уплывам Ірэны Сольскай зацікавілася тэатрам і пэўны час наведвала драматычную студыю Сольскай[7]. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Дзеля атрымання навуковай ступені выканала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». Аўтарка брашуры «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках Беларусі» (Вільня, 1910). Нейкі час жыла ў Закапанэ, выязджала ў Германію і Італію[3].

Вяртанне на Беларусь. Апошнія гады

[правіць | правіць зыходнік]

7 лютага 1911 года Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за літоўскага інжынера і дзеяча Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Сцяпонаса Кайрыса[2]. Узяўшы прозвішча мужа, Алаіза Кайрыс змагла вярнуцца ў Расійскую імперыю. Паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, гэта быў фіктыўны шлюб, хоць пара жыла разам у прадмесці Вільні Звярынец, Алаіза ў кватэры займала асобны сціплы пакой[2].

Алаіза ўдзельнічала ўва многіх значных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару, іграла ў некаторых спектаклях трупы Ігната Буйніцкага, друкавалася ў беларускіх выданнях. У 1912 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Новай Вільні[5].

«Лучынка», 1914 г. Першая кніжка.

Калі ў 1914 годзе ў Мінску стварыўся першы дзіцячы беларускамоўны часопіс «Лучынка» — стала яго галоўным рэдактарам. Займалася арганізацыя і падрыхтоўкай трупы беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па мястэчках Віленшчыны[8]. У красавіку 1914 года на некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю, у ліпені таго ж года ездзіла на лячэнне ў Швецыю. Прайшла пешшу больш за дзвесце кіламетраў ад Стакгольма да Гётэбарга, хацела таксама прайсці Нарвегію, але пачалася Першая сусветная вайна[9].

Ва ўмовах Першай сусветнай вайны з вясны да восені 1915 года А. Пашкевіч як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку Віленскага вайсковага шпіталя. Удзельнічае ў арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў. Была выкладчыцай на першых Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1915). Першая беларуская школа была адкрыта ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай.

У 1916 годзе памёр бацька, Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. Алаіза засталася ў Старым Двары, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Памерла ў ноч на 5 (18) лютага 1916 года. Пахаваная на могілках у Старым Двары.

Кірылічнае выданне кнігі «Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906 г.

Выкарыстоўвала псеўданімы: Цётка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь Асака і інш.

Пачала пісаць у 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла неажыццяўлёнае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906). У прадмове да зборніка яна пісала:

"

Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, «Дудка», грай і мне голас дай».

"
Лацінкавае выданне кнігі «Першае чытанне для дзетак беларусоў» (лац. «Pierszaje czytannie dla dzietak biełarusoŭ»), 1906 г.

У творчасці Алаізы Пашкевіч яскрава выявіліся асаблівасці фарміравання нацыянальных моўна-стылістычных сродкаў рамантычнай паэзіі, псіхалагічнай прозы, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.

Аўтарка кніжак і падручнікаў для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», некаторыя даследчыкі (Якуб Колас, Паўліна Мядзёлка, Лідзія Арабей) лічылі яе аўтарам першага «Беларускага лемантара». Пісала публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

Мова Цёткі багатая і самабытная, ёсць індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні і арыгінальнае скарыстанне іх у кантэксце, разнастайныя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні, што складае непаўторнасць творчай манеры пісьменніцы. Яе творчасць адлюстроўвае асноўныя працэсы ўзбагачэння вобразна-выяўленчай сістэмы мастацкага твора, сведчыць пра жанрава-стылявую дыферэнцыяцыю і нармалізацыю беларускай літаратурнай мовы ў перыяд яе станаўлення.

У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (абедзве 1904) паэтэса надрукавала вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем цяжкай долі селяніна.

У вершах Алаізы Пашкевіч (Цёткі) «Лета» і «Восень» маляўніча перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасці Цёткі.

Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — узоры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі надрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод удзельнікаў рэвалюцыі 1905 года.

З дапамогай рамантычна-сімвалічнай тропікі, «вясёлых» харэічных памераў, бадзёрага рытма-інтанацыйнага ладу паэтэса выяўляе настрой рэвалюцыйнай рамантыкі. Як, у прыватнасці, у вершы «Вера беларуса» (1905):

"
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон,
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.

"

Верш заканчваецца адкрытым заклікам да актыўнага рэвалюцыйнага дзеяння: «Рука цвёрда, грудзь акута, Пара, братцы, парваць пута!»

Рэвалюцыю 1905 года Цётка паказвае ў алегарычным вобразе бурнага мора:

"
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.

"

Каб чытачы ці слухачы адназначна ўспрымалі змястоўную сутнасць твора, паэтэса раскрывае сэнс алегорыі ў падзагалоўку: «Мора (Рэвалюцыя народная)» (1905). Стварыць аратарскую інтанацыю гэтага верша (як папярэдняга і многіх іншых) дапамагае не толькі рытміка (чатырохстопны харэй), але і фігуры паэтычнага сінтаксісу: паўторы (анафары, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць), градацыі, паралелізм, рытарычныя воклічы, пытанні і г. д.

У эміграцыі стварыла верш «Суседзям у няволі» (1906), звернуты да ўкраінцаў, якія ў той час таксама пачыналі нацыянальнае адраджэнне. У вершы пасля змрочнай выявы тагачаснай беларускай рэчаіснасці, пададзенага з дапамогай яскравых мастацкіх дэталей («нагаек царскіх звон», «у нас там ноч», «мы ацямнелі з страшных мук» і г. д.), гучыць просьба-заклік да «суседзяў у няволі»:

"
Нас катуюць! Чуйце, людзі!
Чуйце, чуйце, руку дайце!
Мы вам родны! Праўду знайце:
Ці у долі, ці ў нядолі —
З вамі станем ў адным полі,
Рука ў руку з вашым братам
За свабоду перад катам.

"

Верш гэты стаў асноўнай прычынай забароны ў Расійскай імперыі не толькі зборніка Цёткі «Скрыпка беларуская», але і кнігі Іларыёна Свянціцкага «Адраджэнне беларускага пісьменства» (Львоў, 1908 г.), у якой ён быў таксама змешчаны.

Не толькі ўздым, але і ўтаймаванне рэвалюцыйнай хвалі выявіліся ў лірыцы Цёткі, пра што сведчыць верш «Мае думкі». Пачаты ён быў у 1905 годзе, закончаны — у 1906 годзе. Гэта выразна патрыятычны верш. Лірычны герой паэтэсы хацеў бы стаць то «зярном пшаніцы», то «рэчкай быстрай», то «ветрам буйным». Усё — дзеля людзей, каб іх накарміць, напаіць. Урэшце, каб разбудзіць іх, бо «ад цямноты людзі спяць». Заканчваецца верш даволі песімістычным прызнаннем «ветру»:

"
Я там біўся, я там віўся,
Я ім хаты паламаў,
А ўсё ж такі не дабіўся,
Каб народ свой голас даў!..

"

Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да Беларусі, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Шырока карысталася народна-песеннай сімволікай (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). Для твораў перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гадоў характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса» і іншыя сталі хрэстаматыйнымі. Упершыню ў беларускай паэзіі стварыла вобраз рабочага («Пад штандарам»).

Асобны перыяд у яе творчасці склалі вершы 1908—1914 гадоў, дзе пераважалі матывы грамадскай журбы і смутку, тугі па радзіме, выявіліся засяроджанасць на долі адзінокага чалавека, зварот да фальклорных вобразаў («З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне» і інш.).

Апавяданні Цёткі прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Зялёнка», «Асеннія лісты», «Лішняя» і інш.). Адлюстравала вясковы побыт («Навагодні ліст»), цяжкі лёс дзяцей тагачаснага грамадства («Міхаська»). Апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і яе вершы, друкавалася ў якасці пракламацыі.

Выступала як нарысістка («Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «3 дарогі»). Фальклорна-паэтычная стылістыка, а таксама індывідуальна-аўтарскае ўжыванне слова, выразу ў нарысе «3 дарогі» — прыёмы, што ствараюць эмацыянальнасць, рамантычную ўзнёсласць і лірызм.

Цётка ставіць беларусам фінаў у прыклад — як народ, які «не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаціць», але пры гэтым захаваў і адметнасць, і мову, і культуру. Літаратар Альгерд Бахарэвіч, які агулам невысока ацэньвае паэзію Алаізы Пашеквіч, заўважае, што падарожныя нататкі з паездкі ў фінскую вёску Лотала паказваюць «зусім іншую Цётку, спакойную, удумлівую, назіральную»… Ён дапускае, што адна гэтая кароткая журналісцкая проза Цёткі мае большую мастацкую каштоўнасць за ўсе яе колішнія прапагандысцкія вершы[10].

Публіцыстычная спадчына пісьменніцы выяўляе грамадзянскую пазіцыю аўтара, яе пазіцыю ў нацыянальным адраджэнні Беларусі. Звярталася да моладзі з заклікам шанаваць беларускую мову, рыхтаваць сябе да грамадскай работы:[11]

"

На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!

"

Выступленні пісьменніцы ў перыядычным друку 1914 года («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Папараць-кветка») — гэта заклікі да сучаснікаў і нашчадкаў — берагчы родную мову, захаваць яе як вечны скарб душы. Артыкул «Шануйце роднае слова!», які Сцяпан Александровіч назваў «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле», пераклікаецца з «Пагоняй» Максіма Багдановіча, з «Ворагам Беларушчыны» Янкі Купалы, з «У чатырохлецце „Нашай нівы“» Алеся Гаруна. Выразнасці і эмацыянальнасці выказвання аўтарка дасягае скарыстаннем агульнанароднай лексікі, семантычных адценняў слоў, іх эмацыянальна-ацэначнай афарбоўкі.

Навукова-папулярныя артыкулы

[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівасці станаўлення навуковага стылю выявіліся ў артыкулах і нарысах на навуковыя тэмы. У навукова-папулярным артыкуле «Наша народная беларуская песня» пераважаюць лексіка-сінтаксічныя прыёмы, уласцівыя народнай гаворцы, фальклору, мастацкай літаратуры. Моўна-выяўленчыя сродкі, сінтаксічная арганізацыя артыкула «Да дзяўчатак» і нарыса «Гутаркі аб птушках» маюць характэрныя рысы народнай прозы. Спецыфіка фарміравання навуковай тэрміналогіі выяўляецца ў артыкуле «Да школьнай моладзі», у нарысах «Пералётныя птушкі», «Газа». Так, у артыкуле «Да школьнай моладзі» побач са спецыяльнай запазычанай лексікай (батаніка, гіграскапічны) Цётка ўжывае ў якасці спецыяльных батанічных найменняў словы жывой народнай мовы — стрымбульнык, каліва, зёлкі. У яе навуковых артыкулах — выразная тэндэнцыя да стылявой дыферэнцыяцыі беларускай мовы, хоць і надзвычай адчувальныя працэсы ўзаемапранікнення і ўзаемаўплыву.

«Скрыпка беларуская» (арыг. «Скрыпка белорусска») пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка (арыг. Гаўрыла зъ Палацка), 1906 г.
  • Mora: (Rewolucja narodna). Wilno, 1905
  • Пад штандарам. Вільня, 1905
  • Pad sztandaram. Wilnia, 1905
  • Першае чытанне для дзетак беларусаў. Пецярбург, 1906
  • Pierszaje czytańnie dla dzietak biełarusoŭ. Pieciarburh, 1906
  • Hasciniec dla małych dziaciej. Lwoŭ, 1906
  • Скрыпка беларуская. Жоўква, 1906
  • Skrypka biełaruskaja. [Жоўква], 1906
  • Хрэст на свабоду. 1906
  • Chest na swabodu. [Wilnia, 1906]
  • Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі. [Вільня, 1910]
  • Skrypka biełaruskaja. Wilnia, 1918

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік Алаізе Пашкевіч у Астрыне.

Вобраз Цёткі ўвасоблены ў літаратурных творах — вершах (у тым ліку Янкі Купалы), аповесцях і раманах («На струнах буры» і «Стану песняй» Лідзіі Арабей, «Крыж міласэрнасці» Валянціны Коўтун), у мастацкіх палотнах (Леаніда Шчамялёва, Міколы Купавы і інш.).

Вуліцы ў гонар Алаізы Пашкевіч названы ў Мінску, Маладзечне, Смалявічах, Лідзе, Шчучыне, аг. Бакшты, Вільнюсе (Літва), у Гродне вуліца Цёткі.

Помнікі Алаізе Пашкевіч (Цётцы) пастаўлены ў г. Шчучын, г.п. Астрына, в. Шастакоўцы Шчучынскага раёна.

  1. а б Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
  2. а б в г д е ё Алаіза Пашкевіч: таямніца шлюбу, перыпетыі навучання і «вясковая манера» . zviazda.by (15 лютага 2021). Праверана 22 сакавіка 2024.
  3. а б Беларускія пісьменнікі 1995, с. 216.
  4. Вітан-Дубейкаўская, Ю. Cor Ardens: Успаміны пра Цётку — Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс / Ю. Вітан-Дубейкаўская // Конадні. — 1955. — № 3. — С. 49 — 54: іл. Перадрук: На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі; Тэкстал. падрыхт. С. Б. Сачанка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 303 с. — С. 6 — 11. — С. 7. — ISBN 5-340-01158-5.
  5. а б ЭГБ 2003, с. 101.
  6. Беларуская мова: Энцыклапедыя — Мн.: БелЭн, 1994. С. 602
  7. Кайрыс, С. З маіх успамінаў пра Цётку / Стэпонас Кайрыс // Конадні. — 1954. — № 2. — С. 68 — 78. Перадрук: На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі; Тэкстал. падрыхт. С. Б. Сачанка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 303 с. — С. 12 — 23. — С. 16 — 17. — ISBN 5-340-01158-5.
  8. Кайрыс, С. З маіх успамінаў пра Цётку… — С. 68 — 78. Перадрук: На суд гісторыі… — С. 16 — 18.
  9. Беларускія пісьменнікі 1995, с. 217.
  10. Бахарэвіч А. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё СвабоднаяЕўропа / Радыё Свабода, 2012.
  11. Цётка. Творы. Мн., 1976. С. 218
  • Александровіч С. За народнае шчасце // Цётка. Творы. — Мн., 1976. — С. 14 — 16.
  • Арабей Л. Цётка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17). С. 110—111.
  • Багдановіч І. Э. Цётка, 1876—1916 / Багдановіч І. Э. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / навук.рэд.: І. Я. Навуменка, В. А. Каваленка. Т. 1. — Мн., 1999. — С. 103—120.
  • Баршчэўскі А. Нашаніўская пара // Ніва. — 1974. — № 11. — С.
  • Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. — Мн., 1974. — С. 126.
  • Бярозкін Р. Цётка (1876—1916) / Рыгор Бярозкін // Слова пра літаратуру і літаратараў: літаратурна-крытычныя артыкулы па беларускай літаратуры: у 2 кн. / Уклад. В. В. Ашмян і інш. Кн. 1. — Мн., 2001. — С. 226—248.
  • Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. — Мн., 1982.
  • Ермаловіч М. Жыве яе ліра (машынапіс) // Полымя. — 1977. — № 3. — С.
  • Кабржыцкая Т. В. Цётка // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мн.: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с. ISBN 978-985-465-898-8. С. 182—188
  • Лойка А. А. Цётка (1876—1916) // Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд: у 2 ч. / А. А. Лойка. 2-е выд., дапрацаванае і дапоўненае. Ч. 2. — Мн., 1989. — С. 66 — 88.
  • Луцкевіч А. Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі. — Вільня, 1933. М С. 8.
  • Луцэвіч У. Ф. Успаміны пра Цётку // Полымя. — 1966. — № 4. — С. 130.
  • Максімовіч В. А. Творчасць Цёткі (А. Пашкевіч) у грамадска-культурным кантэксце пачатку XX ст. / В. А. Максімовіч // Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя / В. А. Максімовіч. — Мн., 2000. — С. 228—260.
  • Навіна А. Нашы песняры. — Вільня, 1918. — С. 61.
  • Новік М. І. Цётка // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9. С. 601—603.
  • Семяновіч А. А. Цётка (Алаіза Пашкевіч) (1876—1916) / А. А. Семяновіч // Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст. / пад агульнай рэд. М. А. Лазарука і А. А. Семяновіча. — Мн., 1998. — С. 234—251.
  • Піятуховіч М. Нарысы гісторыі беларускай літаратуры. Ч. 1. — Мн., 1928.
  • Цётка. Творы. — Мн., 1976. — С. 24.
  • Цётка // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. — С. 459—460.
  • Зоя Мельнікава. Цётка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 216—222. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.
  • Цётка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. — С. 748.
  • Цётка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 101—102. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Цётка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Мінск, 1987. Т.5. — С. 472—473.