Замкавая гара (Львоў)
Вышыня | 413 м |
---|---|
Размяшчэнне | Падольскае ўзвышша |
Каардынаты | 49°04′10″ пн. ш. 23°24′51″ у. д.HGЯO |
Замкавая гара, Княская гара або гара Высокі замак (укр.: Замкова гора, Княжа гора, Високий Замок) — адзін з пагоркаў ў Львове, самая высокая кропка горада — 413 метраў над узроўнем мора. На вяршыні размешчана папулярная сярод турыстаў аглядальная пляцоўка, да якой вядзе праз парк «Высокі замак» спіральная брукаваная пешаходная дарожка і лесвіца.
Агульная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]У часы Сярэднявечча гэтая мясцовасць была вядома пад назвай «Будэльныца», што магло абазначаць каменнае ўмацаванне княскіх часоў — абарончую вежу-данжон, або ж сам мураваны княскі палац. З часам гэта назва трансфармавалася ў «Бідэль». Падчас раскопак, праведзеных у 1950-я гады, тут былі выяўленыя падмуркі круглай вежы, якую датуюць мяжой XII-XIII стагоддзяў, гэта значыць часам панавання галіцка-валынскага князя Рамана Мсціславіча.
Першы замак з’явіўся на гэтай гары ў часы княжання галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча, які потым стаў называцца Высокім замкам (у адрозненне ад Нізкага замка на беразе рэчкі Полтвы). Па загадзе польскага караля Казіміра III Высокі замак пазней адбудавалі ў камені.
У 1648 годзе гару і замак захапілі казацкія атрады пад кіраўніцтвам Максіма Крываноса. Падчас штурму Львова шведскім войскам караля Карла XII замак ужо ніхто не абараняў, і ў XVIII стагоддзі ён паступова ператварыўся ў руіны, каменне з якіх у XIX стагоддзі выкарыстоўвалі для будаўніцтва дамоў і брукавання вуліц.
Энтузіясты ў 1835—1839 гадах абсадзілі гару дрэвамі і кустамі, каб прадухіліць спаўзанне грунту падчас частых дажджоў. У 1845 годзе на тэрасе, якая з’явілася пасля засыпання замкавага рва (з боку Княжай гары) пабудавалі мураваную кавярню (будынак яе захаваўся да нашага часу — побач з ім сёння знаходзіцца паркоўка для турыстычных аўтобусаў).
У аўстрыйскія часы пагорак называлі Пясчанай гарой, а пасля таго, як тут пабываў у 1851 годзе імператар Аўстра-Венгрыі — гарой Франца Іосіфа. Ён пабываў тут таксама і ў 1855 годзе, калі аглядаў адсюль святочную ілюмінацыю горада.
З 1869 года на гары пачалі насыпаць курган у гонар 300-годдзя Люблінскай уніі. Яго вышыня, па розных крыніцах, вагаецца ў межах 410—413 метраў над узроўнем мора, а над падножжам гары курган узвышаецца (з боку раёну Підзамчэ) на 150—160 метраў.
У парку «Высокі замак» каля паўстагоддзя таму ўсталявалі памятны камень з надпісам: «14 (24) кастрычніка 1648 года сялянска-казацкія атрады пад кіраўніцтвам героя вызваленчай вайны палкоўніка Максіма Крываноса разграмілі войска польска-шляхецкіх захопнікаў і здабылі замак на гэтай гары». З нагоды 350-годдзя гэтай падзеі былі намеры выкарыстоўваць гэты памятны знак як пастамент для помніка Максіму Крываносу. Аднак не знайшлося сродкаў для рэалізацыі гэтага праекта.
У 1883 годзе на ніжняй тэрасе гары з боку Жоўкіўскіх могілак быў усталяваны памятны камень у гонар перамогі войска пад кіраўніцтвам караля Яна III Сабескага над татарскай арміяй у 1675 годзе. Цяпер на гэтым закінутым помніку можна пабачыць толькі асобныя фрагменты надпісу на польскай мове.
Да нядаўняга часу ля кургана Люблінскай уніі стаяла каменная фігура льва — гэтак званы леў Ларэнцовіча, які быў ахвяраваны сям’ёй Ларэнцовічаў гораду і ўпрыгожваў раней ратушу. Цяпер скульптуру забралі ў Львоўскі гістарычны музей, дзе яе павінны адрэстаўраваць.
Аб’екты
[правіць | правіць зыходнік]- парк «Высокі замак»
- руіны Высокага замку
- Курган у гонар 300-годдзя Люблінскай уніі
- Львоўскі тэлецэнтр і трансляцыйная вежа