Камарынская нізіна
Камарынская нізіна — фізіка-геаграфічны і геамарфалагічны раён на Палескай нізіне, займае крайні паўднёвы ўсход Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці, на поўдні і ўсходзе мяжуе з Украінай. Працягласць да 70 км пры сярэдняй шырыні 30—50 км.
Мяжуе з Хойніцка-Брагінскай ўзвышанай раўнінай і Васілевіцкай нізінай на поўначы, Мазырска-Лельчыцкай раўнінай на захадзе. На паўднёвым захадзе Прыпяцкай зонай разломаў аддзяляецца ад Жытомірскага Палесся. З паўднёвага ўсходу прылягаюць нізіны Кіеўскага Палесся.
Геалогія і рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя прымеркавана да трох буйных тэктанічных структур: большую цэнтральную частку займае Брагінска-Лоеўская седлавіна, аддзеленая Лоеўскім разломам ад Дняпроўска-Данецкага прагіна ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй частках нізіны. Заходняя частка займае ўскраіну Прыпяцкага прагіна. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні ад 500 да 3000 м, асадкавы чахол складзены найбольш старажытнымі пародамі пермскай і каменнавугальнай сістэм (на поўдні), якія перакрываюцца алігацэнавымі пяскамі і пескавікамі. Чацвярцічныя адклады (магутнасць 40—60 м) прадстаўлены алювіяльнымі, балотнымі, радзей эолавымі паазерскімі і галацэнавымі ўтварэннямі.
У рэльефе пераважае плоская слабанахіленая алювіальная нізіна, прарэзаная далінамі рэк. Сярэднія абсалютныя вышыні да 130 м; вертыкальнае расчляненне рэльефу не перавышае 2 м/км² (толькі ў паўночнай частцы набліжаецца да 5 м/км²), гарызантальнае вагаецца ад 0,2 м/км² у (цэнтры) да 0,6 м/км² (на ўсходзе). Агульны нахіл паверхні накіраваны на поўдзень і паўднёвы ўсход; мясцовыя ўхілы — ад водападзелаў да далін Дняпра, Прыпяці, Брагінкі. Найбольшая разнастайнасць рэльефу сучаснай паверхні назіраецца ў далінах рэк і месцах развіцця эолавых форм, прадстаўленых асобнымі спадзістымі ўзгоркамі і градамі. Інтэнсіўна працякаюць торфаназапашанне і суфазійныя працэсы (на поўначы ў даліне р. Брагінка).
Значная частка Камарынскай нізіны забалочана. Распаўсюджаны балоты нізіннага тыпу (самае буйнае Пагамянскае плошчай 28,4 тыс. га). Азёрнасць нізіны адна з самых нізкіх на Беларусі (не перавышае 0,1 %); азёры плыткія, невялікія па плошчы, старычнага тыпу.
Глебы і расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]Глебы пераважна тарфяна-балотныя і поймавыя. Лясістасць значная, павялічылася за кошт адчужэння радыяцыйназабруджаных зямель, у цэнтральнай частцы набліжаецца да 60 %.
Тэрыторыя Камарынскай нізіны найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы (1986). Большую яе частку займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Иванов Д. Л. Комаринская низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)