Бітва на Нямізе
Бітва на Нямізе | |||
---|---|---|---|
Дата | 3 сакавіка 1067 | ||
Месца | Няміга, Полацкае княства | ||
Вынік | Перамога Яраславічаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Бітва на Нямізе — бітва на Русі, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года на рацэ Нямізе паміж войскамі Яраславічаў — Ізяслава Кіеўскага, Святаслава Чарнігаўскага і Усевалада Пераяслаўскага, і войскам Усяслава Полацкага, які быў разбіты.
Гісторыя канфлікта
[правіць | правіць зыходнік]Усяслаў — сын Брачыслава, ад пачатку свайго ўладарства трымаўся палітыкі бацькі, быў у саюзе з Кіевам — у 1060 годзе ўдзельнічаў у пераможным агульнарускім паходзе супраць торкаў. Але зімой 1065—1066 гадоў, з невядомых дакладна прычын, напаў і трымаў у аблозе Пскоў, разбіў наўгародскага князя Мсціслава Ізяславіча, які ішоў на дапамогу Пскову і разрабаваў Ноўгарад. Яраславічы — Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі, у адказ зімой 1067 пайшлі супраць Усяслава, узялі, спалілі і разрабавалі Менск. Усяслаў, магчыма, выйшаў на дапамогу Менску і не паспеў.
Ход бітвы
[правіць | правіць зыходнік]Войскі сышліся на берагах ракі Нямігі і, паводле Васіля Тацішчава, 7 дзён стаялі адно супраць другога ў глыбокім снезе. Нарэшце, Усяслаў першы пайшоў супраць Яраславічаў і шмат ваяроў загінула з абодвух бакоў. Паводле кіеўскага летапісца, Усяслаў быў разбіты Яраславічамі і збег да Полацка. Бітва, апісаная ў Слове пра паход Ігараў, ёсць адной з буйнейшых і крывавых міжусобных бітваў Русі.
«На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоцѣ животъ кладутъ, вѣютъ душу отъ тѣла. Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ.»[1]
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле кіеўскага летапісца, Усяслаў быў разбіты і збег у Полацк, болей нічога не паведамляецца. Паводле Васіля Тацішчава, Яраславічы не пераследвалі Усяслава, а занялі паўднёвую частку Полацкай зямлі, чым прымусілі полацкага князя прасіць міру. Паводле кіеўскага летапісца, не Усяслаў прасіў міру, а Яраславічы праз 4 месяцы пасля бітвы паклікалі яго на перамовы і цалавалі крыж у яго бяспецы, але парушылі сваё абяцанне — схапілі разам з двума сынамі адвезлі ў Кіеў, дзе пасадзілі ў земляную турму.