Леў Троцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Леў Троцкі

Леў Давідавіч Троцкі (руск.: Лев Давидович Троцкий; сапр. Бранштэйн; 26.10(7.11).187921.8.1940) — дзеяч міжнароднага камуністычнага рэвалюцыйнага руху, практык і тэарэтык марксізму, ідэолаг адной з яго плыняў — трацкізму.

Адзін з арганізатараў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ў Расіі, адзін з стваральнікаў Чырвонай Арміі. Адзін з заснавальнікаў і ідэолагаў Камінтэрна. У першым савецкім урадзе — наркам па замежных справах; у 1918—1925 — наркам па вайсковых і марскіх справах і старшыня Рэвалюцыйнага ваеннага савета РСФСР, затым СССР. З 1923 г. — лідар унутрыпартыйнай левай апазіцыі. Член Палітбюро ВКП(б) у 1919—1926 гг.

Лейба Бранштэйн скончыў Мікалаеўскае рэальнае вучылішча (1897). Да рэвалюцыйнага руху далучыўся ў 1897. За рэвалюцыйную дзейнасць не раз быў арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення, ссылкі. У 1902 уцёк са ссылкі з Усць-Кута (Усходняя Сібір) па падробных дакументах на імя Мікалая Троцкага. У кастрычніку 1902 ў Лондане сустрэўся з У. Ленінам, іншымі дзеячамі расійскай і еўрапейскай сацыял-дэмакратыі. Супрацоўнічаў у газеце «Искра», выступаў з дакладамі і лекцыямі ў шэрагу гарадоў Заходняй Еўропы. Пад уплывам нямецкай сацыял-дэмакрата Парвуса ў 1904-05 стварыў тэорыю «перманентнай» рэвалюцыі. На думку Троцкага, у выніку перамогі буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыю ў Расіі ўлада пераходзіла да рабочага ўрада. Рабочы клас можа давесці рэвалюцыю да канца толькі ў тым выпадку, калі расійская рэвалюцыя пяройдзе ў рэвалюцыю еўрапейскага пралетарыяту. Тады буржуазна-дэмакратычная праграма рэвалюцыі будзе пераадолена разам з яе нацыянальнымі рамкамі і «часовая палітычная дзяржава рускага рабочага класа разгорнецца ў працяглую сацыялістычную дыктатуру». На II з'ездзе РСДРП (1903) Троцкі як дэлегат Сібірскага сацыял-дэмакратычнага саюза выступіў на баку меншавікоў. У 1905 вярнуўся ў Расію. У рэвалюцыю 1905-07 супрацоўнічаў у меншавіцкай газеце «Начало», быў намеснікам старшыні Петраградскага Савета рабочых дэпутатаў. Пісаў шматлікія адозвы, маніфесты, рэзалюцыі Савета, вёў перагаворы з уладамі. У 1907 прысутнічаў на V (Лонданскім) з'ездзе РСДРП як нефракцыйны сацыял-дэмакрат, узначальваў групу «цэнтр», не прымыкаў ні да бальшавікоў, ні да меншавікоў. Аднак аднолькава з Ленінам зрабіў вывад, што Савет «уяўляе сабой зародкавы орган рэвалюцыйнага ўрада». 3 1907 жыў у Вене, супрацоўнічаў у нямецкіх і аўстрыйскіх сацыял-дэмакратычных газетах і часопісах, тэарэтычных зборніках, выдаваў папулярную газету для рабочых «Правда». У жніўні 1912 Леў Троцкі ўвайшоў у блок з ліквідатарамі (прыхільнікамі выхаду з падполля і ліквідацыі нелегальнай арганізацыі партыі), у процівагу VI (Пражскай) канферэнцыі РСДРП стварыў т.зв. Жнівеньскі блок. 3 пачаткам 1-й сусветнай вайны жыў у Швейцарыі. Вайну ацэньваў з інтэрнацыяналісцкіх пазіцый, за што нямецкі суд завочна прыгаварыў яго да 8 месяцаў турмы. Са студзеня 1917 знаходзіўся ў Нью-Йорку, супрацоўнічаў з інтэрнацыяналісцкай газетай «Новый мир», чытаў лекцыі, выступаў на мітынгах.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў маі 1917 Троцкі прыбыў у Петраград. Заявіў пра неабходнасць перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, цесна супрацоўнічаў з бальшавікамі. Узначаліў Міжраённую аб'яднаную арганізацыю, у якую ўваходзілі сацыял-дэмакраты, што займалі інтэрнацыяналісцкія пазіцыі. На VI з'ездзе РСДРП (жнівень 1917) каля 4000 міжраёнцаў на чале з Троцкім увайшлі ў бальшавіцкую партыю. Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Кастрычніцкага ўзброенага паўстання: 25.9.1917 па прапанове бальшавіцкай фракцыі абраны старшынём Петраградскага Савета, у кастрычніку 1917 адыгрываў кіруючую ролю ў Петраградскім ВРК, які стаў легальным штабам паўстання.

У канцы кастрычніка 1917 кіраваў задушэннем антыбальшавінкага выступлення Керанскага—Краснова. Троцкі быў адным з праціўнікаў прапановы групы Каменева—Зіноўева пра стварэнне аднароднага сацыялістычнага ўрада. Узначаліў савецкаю дэлегацыю на перагаворах аб міры ў Брэст-Літоўску (гл. Брэсцкі мір, 1918). Пасля прад'яўлення немцамі ўльтыматуму Троцкі заявіў, што Расія міру не падпісвае, але вайну абвяшчае спыненай. Ён зрабіў вялікі ўклад у стварэнне рэгулярнай Чырвонай Арміі, удзельнічаў у распрацоўцы і рэалізацыі шэрагу ваенных аперацый, якія адыгралі значную ролю ў перамогах Чырвонай Арміі на франтах грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918-22. Адначасова Троцкі захапляўся адміністраваннем, рэпрэсіямі ў адносінах да каманднага і салдацкага саставу аж да расстрэлаў. Як прыхільнік сусветнай рэвалюцыі Троцкі звяртаўся ў ЦК з прапановамі аб «перакідцы» ў 1919 рэвалюцыі ў Азію і «саветызацыі» Прыбалтыйскіх дзяржаў, а ў 1923 — аб неабходнасці ўступлення Чырвонай Арміі ў Германію. У 1921 ён выступіў ініцыятарам дыскусіі аб прафсаюзах, адстойваў ідэю іх адзяржаўлення, зрошчвання з дзяржаўнымі органамі. У 1922-23 Троцкі не раз заяўляў, што краіна мае ўсё неабходнае, каб пачаць сацыялістычнае будаўніцтва, абапіраючыся на дзяржаўную прамысловасць і яе даходы.

У 1922 ў сувязі з абвастрэннем хваробы Леніна Л. Каменеў, Р. Зіноўеў і І. Сталін утварылі скаардынаванае супрацьдзеянне спробам Л. Троцкага заняць першае месца ў партыі і дзяржаве. У «Пісьме да з'езда» (снежань 1922) Ленін даў характарыстыкі «відным правадырам партыі», дзе Троцкага назваў самым здольным чалавекам у складзе ЦК, аднак адзначаў, што ён «празмерна хапае самаўпэўненасцю і празмерным захапленнем чыста адміністрацыйным бокам справы». У верасні 1922 Ленін, у студзені 1923 Сталін прапаноўвалі Троцкаму пасаду першага намесніка старшыні СНК, але той адмовіўся. Барацьба за ўладу паміж Троцкім і Сталінам пачала абвастрацца. 8.10.1923 Троцкі звярнуўся ў ЦК з пісьмом, у якім патрабаваў абмеркавання пытання пра ўнутрыпартыйную дэмакратыю. Яго падтрымала т.зв. «платформа 46-і». Пленум ЦК РКП(б) (кастрычнік 1923) асудзіў гэтыя дзеянні, большасць партыйных арганізацый выказалася ў падтрымку пазіцыі Палітбюро. Погляды Троцкага (трацкізм) былі аб'яўлены «дробна-буржуазным ухілам» у РКП(б) і галоўнай небяспекай для адзінства партыі).

У 1924 выйшаў зборнік артыкулаў Троцкага «Урокі Кастрычніка», у якіх пераглядалася бальшавіцкая канцэпцыя рэвалюцыі і ў аснову апазіцыйнай платформы клалася тэорыя «перманентнай» рэвалюцыі. 15.1.1925 Троцкі падаў у адстаўку з пасад наркамваена і старшыні Рэўваенсавета Рэспублікі. У сярэдзіне 1920-х г. прапанаваў ідэю пераходу да паскоранай індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1926-27 разам з Зіноўевым і Каменевым выступіў супраць метадаў будаўніцтва сацыялізму ў СССР і палітычнага курса большасці ЦК ВКП(б). У 1926 Леў Троцкі выведзены з Палітбюро, у 1927 выключаны з партыі; у 1928 высланы ў г. Алма-Ата, 1929 — за мяжу (у г. Стамбул, Турцыя). Выступаў з рэзкай крытыкай сталінскіх метадаў кіраўніцтва, ацэньваў іх як бюракратычнае перараджэнне пралетарскай улады.

У 1932 Леў Троцкі і члены яго сям'і пазбаўлены савецкага грамадзянства. 3 1937 жыў у Мексіцы. У пачатку 1930-х г. пераключыў увагу на заходні пралетарыят. Стваральнік і галоўны тэарэтык трацкісцкага Чацвёртага інтэрнацыяналу (1938).

Забіты лейтэнантам іспанскай рэвалюцыйнай арміі, агентам НКУС Рамонам Меркадэрам у Мексіцы (1940).

Аўтар прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расіі, стваральнік капітальных гістарычных прац па рэвалюцыі 1917 г., літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў «Маё жыццё» (Берлін, 1930).