Ізяслаўскае княства
Ізясла́ўскае княства або Ізяслаўльскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі, пазней Заслаўскае княства. Сталіца — Ізяслаўль (цяпер Заслаўе Мінскай вобласці Беларусі).
Вылучылася пасля смерці полацкага князя Усяслава Брычыславіча ў 1101 годзе. Да 1128 года, імаверна, належала Давыду Усяславічу. У 1128 годзе Давыд паехаў у Полацк, а ў Ізяслаўлі пакінуў аднаго са сваіх сыноў -- Брачыслава. Пасля высылкі полацкіх князёў у 1129 годзе ў Візантыю, у тым ліку і Давыда Усяславіча з сынамі, лёс княства некаторы час невядомы. Імаверна, Ізяслаўль як і Полацк быў у руках кіеўскіх князёў. Напэўна, з сярэдзіны 1130-х да 1159 года Ізяслаўль быў удзелам Менскае княства — у 1159 годзе на ізяслаўльскім стальцы сядзеў Усевалад Глебавіч. Усевалад пад ціскам полацкага князя Рагвалода-Васіля адмовіўся да Ізяслаўля на карысць Брачыслава як ад яго «отчыны». Замест Ізяслаўля князь Усевалад атрымаў Стрэжаў і больш крыніцамі не згадваецца. Астатнія Глебавічы не змірыліся са стратай Ізяслаўля і зноў захапілі яго ў тым самым 1159 годзе, паланілі Брачыслава і Валодшу, імаверна, яго брата, але ў 1160 годзе зноў пад ціскам Рагвалода-Васіля вызвалілі іх і вярнулі Ізяслаўльскае княства.
Напэўна, у 1160-я гады Ізяслаўскае княства раздрабілася, з яго вылучыўся Лагожскі ўдзел і, магчыма, яшчэ нейкія. У 1180 годзе поруч ізяслаўльскіх князёў, нашчадкаў Брачыслава і Валодшы, згадваецца лагожскі князь Усяслаў Мікуліч, імаверна, іх родзіч. Да 1186 года, пры невядомых акалічнасцях, нашчадкі Давыда Усяславіча зноў страцілі Ізяслаўль на карысць менскіх Глебавічаў і ўжо напэўна назаўсёды — у 1186 годзе лагожскім князем названы Васілька Валадаравіч.
У 1320-я гады Ізяслаўскае княства належала вялікаму князю літоўскаму Альгерду, які ў 1345 годзе даў яго ва ўдзел свайму брату Яўнуту. Ізяслаўскае княства належала нашчадкам Яўнута — князям Заслаўскім, а пасля як пасаг перайшло да Глябовічаў.
Ян Янавіч Глябовіч не тытулаваўся князем, але меў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі на Дуброўне і Заслаўі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 207 с.: іл. — ISBN 5-343-01350-3