Ізяслаўскае княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Заслаўскае княства)

Ізясла́ўскае княства або Ізяслаўльскае княства -- удзельнае княства Полацкай зямлі, пазней Заслаўскае княства. Цэнтр — горад Ізяслаўль, цяпер Заслаўе ў Мінскай вобласці Беларусі.

Вылучылася пасля смерці полацкага кн. Усяслава Полацкага (1101). Да 1128 года, імаверна, належала Давыду Усяславічу, паехаўшы ў Полац, ён менавіта ў Ізяслаўлі пакідае сына Брачыслава. Пасля высылкі ў 1129 года полацкіх князёў у Візантыю, у т.л. Давыда Усяславіча з сынамі, лёс княства некаторы час невядомы. Напэўна, з сярэдзіны 1130-х да сярэдзіны 1160-х гадоў Ізяслаўль быў удзелам Менскае княства — у сярэдзіне 1160-х гадоў ізяслаўльскі сталец трымаў Усевалад Глебавіч. Усевалад вымушаны быў адмовіцца да Ізяслаўля пад ціскам полацкага князя Рагвалода-Васіля на карысць Брачыслава як ад яго "отчыны". Усевалад атрымаў замест Ізяслаўля Стрэжаў і больш крыніцамі не згадваецца. Астатнія Глебавічы не змірыліся са стратай Ізяслаўля і зноў захапілі яго, паланілі Брачыслава і Валодшу, імаверна, яго брата, але неўзабаве пад ціскам Рагвалода-Васіля вымушаны вызваліць іх і вярнуць Ізяслаўльскае княства. Напэўна, у 1160-я гады Ізяслаўскае княства раздрабілася, з яго вылучыўся Лагожскі ўдзел і, магчыма, яшчэ нейкія. У 1180 годзе поруч ізяслаўльскіх князёў, нашчадкаў Брачыслава і Валодшы, згадваецца лагожскі князь Усяслаў Мікуліч, імаверна, іх родзіч. Да 1186 года, пры невядомых акалічнасцях, нашчадкі Давыда Усяславіча зноў страцілі Ізяслаўль на карысць менскіх Глебавічаў і ўжо напэўна назаўсёды — у 1186 годзе лагожскім князем названы Васілька Валадаравіч.

У 1320-я гады Ізяслаўскае княства належала Альгерду, які ў 1345 годзе даў яго ўдзелам свайму брату Яўнуту. Ізяслаўскае княства належала нашчадкам Яўнута — князям Заслаўскім, а пасля перайшло пасагам да Глябовічаў. Ян Янавіч Глябовіч не тытулаваўся князем, але меў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі на Дуброўне і Заслаўі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]