Свянцянскія грады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свянцянскія грады

Свянця́нскія гра́ды, Свянцянскае ўзвышша — узвышша на паўночным захадзе Беларусі. Фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Беларускага Пааазер'я)[1]. Назва дадзена польскімі географамі ў 1930-х гг. ад назвы горада Свянцяны (сучасны горад Швянчоніс у Літве)[1].

Займаюць частку Пастаўскага, Докшыцкага, Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці і Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. На поўначы мяжуюць з Дзісенскай нізінай (частка Полацкай нізіны), на ўсходзе — з Ушацка-Лепельскім узвышшам, на паўднёвым усходзе і поўдні — з Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі, на захадзе заходзіць на тэрыторыю Літвы. Лукападобнымі выгінамі на поўдзень працягнулася з усходу на захад на 120—130 км, з поўначы на поўдзень на 35—45 км, плошча 2,7 тыс. км².

Свянцянскія грады прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

Узвышша ўяўляе сабой дугападобную з прагінам на поўдні сістэму краявых ледавіковых град. Рэльеф буйна-ўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. Перавышэнні адносных вышынь да 50—60 м, найвышэйшы пункт 228 м над узроўнем мора (каля вёскі Камаі Пастаўскага раёна). У паніжэннях і лагчынах шмат невялікіх, але глыбокіх азёр, звязаных паміж сабой малымі рэкамі, пратокамі і размешчаных групамі (Лучайская, Мядзёльская, Доўгаўская, Глыбоцкая групы). Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі Доўгае возера (53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж басейнамі Заходняй Дзвіны і Нёмана. На паўночных схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута, на паўднёвых — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок, торф, сапрапель.

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невялікімі ўчасткамі, займаюць каля 25% тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі.

Разарана больш за 40% тэрыторыі. Частка тэрыторыі ўваходзіць у Нарачанскі нацыянальны парк.

Зноскі

  1. а б Якушка В. П. Свянцянскія грады // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 271—272. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).

Літаратура

  • Якушка В. П. Свянцянскія грады // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 271—272. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 72-73.