Штандар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Штандар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Штандар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1997—2012)

Штандар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляецца галоўным сімвалам прэзідэнцкай улады ў Рэспубліцы Беларусь. Штандар Прэзідэнта быў афіцыйна зацверджаны 27 сакавіка 1997 г. указам «Аб штандары (сцягу) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Як і штандары некаторых іншых кіраўнікоў дзяржаў (напрыклад, Расіі), уяўляе сабой дзяржаўны сцяг, на які накладзены дзяржаўны герб. Штандар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца:

  • над рэзідэнцыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску;
  • над рэзідэнцыямі падчас знаходжання ў іх Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • на транспартных сродках Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Згодна з артыкулам 6 Закона № 301-З, пры адначасовым узняцці або ўстанаўленні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і штандара Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг павінен быць падняты або ўстаноўлены з левага боку, а штандар Прэзідэнта — з правага, калі стаць да іх тварам.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Штандар (сцяг) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з трох каляровых палос (колеры Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь): двух гарызантальна размешчаных (верхняй — чырвонага колеру шырынёй у 2/3, ніжняй — зялёнага колеру шырынёй ў 1/3 шырыні палотнішча) і вертыкальнай паласы (каля дрэўка) белага колеру шырынёй у 2/9 шырыні палотнішча, дзе вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру, малюнак якога паўтарае малюнак арнаменту на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Стаўленне шырыні штандара (сцяга) да яго даўжыні — 1:1,2. У цэнтры частцы палотнішча з гарызантальных палос (чырвонага і зялёнага колеру) — залатая выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Палотнішча штандара (сцяга) абрамлены залацістай махрамой.

На дрэўку штандара (сцяга) мацуецца срэбраны клямар з выгравіраванымі прозвішчам, імем і імем па бацьку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дрэўка штандара (флага) увянчана металічным навершам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь.