Азёры Беларусі

На тэрыторыі Беларусі больш за 10 тысяч азёр. Іх агульная плошча каля 2 тысяч км², агульны аб’ём вады — каля 6 км³. Азёр плошчай большай за 10 км² ёсць 20.
Самае вялікае па плошчы возера Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыбіня 53,7 м). Найвялікшыя азёры — Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (40,8 км²), Лукомскае (37,7 км²), Дрывяты (36,1 км²). Найбольш азёр на поўначы краіны — у Беларускім Паазер’і і на поўдні — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10 % тэрыторыі.
Многія азёры ўтвараюць групы або ланцугі, звязаныя невялікімі рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група азёр, якая ўключае каля 40 азёр, сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае рака Друйка.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]
Катлавіны беларускіх азёр найчасцей маюць ледавіковае (пераважна на поўначы), рачное і карставае паходжанне. Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы.
Вылучаюцца наступныя тыпы ледавіковых катлавін:
- Падпрудныя. Утварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.).
- Лагчынныя. Утварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыбіня да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.).
- Эварзійныя. Узніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.).
- Тэрмакарставыя. Узніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы).
Найбольш разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае возера).
Па ўсёй краіне, асабліва ў басейне рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часціц і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае возера і інш.).
Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях.
Жыўленне
[правіць | правіць зыходнік]У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.
Флора і фаўна
[правіць | правіць зыходнік]Да азёрнай расліннасці належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі і сінезялёнымі водарасцямі. Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага.
Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў азёр самую нізкую ступень, найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі. Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх: лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор).
Донныя адклады
[правіць | правіць зыходнік]Донныя адклады азёр Беларусі тэрыгенныя, хемагенныя, арганагенныя, нярэдка мяшаныя. Тэрыгенныя адклады — пяскі, гліны, галечны матэрыял, што намнажаюцца ў прыбярэжнай зоне ад разбурэныя берагоў. Хемагенныя — прыбярэжяыя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю); утвараюцца на глыбіні 2—5 м у глыбокіх азёрах. Аргана-мінеральныя і арганічныя адклады займаюць асноўную частку дна (крэменязёмістыя, тонкадэтрытавыя, грубадэтрытавыя, змешаныя ілы і сапрапелі); узніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных глеістых мінеральных часцінак. Запасы сапрапеляў у азёрах каля 3 млрд м³[1].
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння воднарэкрэацыйных сістэм, турызму.
Спіс азёр з плошчай больш за 10 км²
[правіць | правіць зыходнік]| Назва | Плошча, км² | Макс. глыбіня, м | Раён |
|---|---|---|---|
| Нарач | 79,62 | 24,8 | Мядзельскі |
| Асвейскае | 52,8 | 7,5 | Верхнядзвінскі |
| Дрысвяты | 44,5 | 31 | Браслаўскі |
| Чырвонае | 40,82 | 2,9 | Жыткавіцкі |
| Лукомскае | 37,71 | 11,5 | Чашніцкі |
| Дрывяты | 36,14 | 12 | Браслаўскі |
| Выганашчанскае | 26 | 2,3 | Івацэвіцкі |
| Нешчарда | 24,62 | 8,1 | Расонскі |
| Свір | 22,28 | 8,7 | Мядзельскі |
| Снуды | 22 | 16,5 | Браслаўскі |
| Чорнае | 17,3 | 3 | Бярозаўскі |
| Мядзел | 16,2 | 24,6 | Мядзельскі |
| Лісна | 15,71 | 6,1 | Верхнядзвінскі |
| Езярышча | 15,39 | 11,5 | Гарадоцкі |
| Сялява | 15 | 17,6 | Крупскі |
| Богінскае | 13,23 | 15 | Браслаўскі |
| Мястра | 13,1 | 11,3 | Мядзельскі |
| Струста | 13 | 23 | Браслаўскі |
| Рычы | 12,84 | 51,9 | Браслаўскі |
| Лосвіда | 11,42 | 20,2 | Гарадоцкі |
| Спораўскае | 11,1 | 1,5 | Бярозаўскі |
| Лепельскае | 10,18 | 33,7 | Лепельскі |
Спіс азёр з максімальнымі глыбінямі больш за 30 м
[правіць | правіць зыходнік]| Назва | Макс. глыбіня, м | Плошча, км² | Раён |
|---|---|---|---|
| Доўгае | 53,7 | 2,6 | Глыбоцкі |
| Рычы | 51,9 | 12,84 | Браслаўскі |
| Гінькава | 43,3 | 0,51 | Глыбоцкі |
| Воласа Паўднёвы | 40,4 | 1,21 | Браслаўскі |
| Балдук | 39,7 | 0,76 | Мядзельскі |
| Трошча | 38,2 | 0,51 | Ушацкі |
| Саро | 36,3 | 5,31 | Бешанковіцкі |
| Вечалле | 35,9 | 1,36 | Ушацкі |
| Лепельскае | 33,7 | 10,18 | Лепельскі |
| Какісіна | 33,5 | 0,78 | Лепельскі |
| Сомінскае | 33,5 | 0,46 | Івацэвіцкі |
| Воўчын | 32,9 | 0,53 | Мядзельскі |
| Пліса | 32,9 | 1,1 | Глыбоцкі |
| Полазна | 32,5 | 0,15 | Ушацкі |
| Бабына | 32,3 | 0,49 | Полацкі |
| Круглік | 31,5 | 0,4 | Шумілінскі |
| Крывое | 31,5 | 4,5 | Ушацкі |
| Сянно | 31,5 | 3,13 | Сенненскі |
| Дрысвяты | 31 | 44,5 | Браслаўскі |
| Доўгае | 31 | 1,87 | Браслаўскі |
| Світа | 31 | 0,82 | Пастаўскі |
| Лескавічы | 30,7 | 0,72 | Шумілінскі |
| Замошша | 30,7 | 0,33 | Ушацкі |
Карта
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ В. П. Якушка. Азёры // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. П. Якушка. Азёры // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988. — 216 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Азёры Беларусі — belarusenc.by
- Азёры Беларусі на poseidon.by Архівавана 6 жніўня 2013. (руск.) (бел.)