Сувязь у Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уваход у галоўную сядзібу Мінсувязі Беларусі (2019 год)

Су́вязь Белару́сі — перадача даных пры дапамозе прыладаў у Беларусі.

Падзяляецца на: 1) Інтэрнэт-сувязь, 2) паштовую сувязь, 3) радыёвяшчанне, 4) тэлебачанне, 5) тэлеграф, 6) тэлефонную сувязь. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь кіруе большасцю прадпрыемстваў сувязі паводле Законаў «Аб паштовай сувязі» і «Аб сувязі»[1].

Сеціва[правіць | правіць зыходнік]

На 1 студзеня 2020 года 126 прадпрыемстваў Беларусі мелі дазвол Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на аказанне паслуг перадачы даных у Сеціве. Налічвалася 3,21 млн абанентаў Сеціва са стацыянарным шырокапалосным доступам (ШПД)[2], што складала 34,2 % ад насельніцтва[3]. Сумарная прапускная здольнасць знешняга шлюзу ў Сеціва складала 1551 гігабіт/секунда, што было ўтрая больш чым у 2013 годзе, калі яго сумарная ёмістасць налічвала 480 гігабіт/секунда. Пастаўшчыкі электрасувязі пераважна аказвалі паслугі ШПД у Сеціва і інтэрнэт-тэлебачання па інтэрнэт-пратаколе, якія прапаноўвалі ў адным пакеце. Шэраг пастаўшчыкоў праклаў оптавалаконныя лініі да жылля, пасля чаго абанентаў падключылі праз мясцовыя Інтэрнэт-сеткі. Валакно да будынка (ВДБ) павысіла хуткасць перадачы даных да 100 мегабіт/секунда. У снежні 2011 года ШДП сталі пастаўляць з дапамогай пасіўных аптычных сетак (ПАС), што дазволіла аказваць паслугі тэлебачання высокай выразнасці. У 2019 годзе скончылі падвод оптавалаконных ліній да шматкватэрных дамоў. На 1 стузеня 2020 года налічвалася 2,58 млн абанентаў оптавалаконных ліній сувязі. У 2011 годзе «Белтэлекам» абсталяваў транспартныя шлюзы ў абласных цэнтрах падсістэмай інтэрнэт-мультымедыя (ПІМ), што дазволіла з ліпеня 2011 года падключаць на адной абаненцкай лініі да Сеціва і тэлефаніі. На 1 студзеня 2020 года было 3,38 млн абанентаў ПІМ. У 2008 годзе задзейнічалі абсталяванне для тэлебачання па інтэрнэт-пратаколе, што дазволіла дастаўляць вяшчанне пэўнага канала па запыце абанента. На 1 студзеня 2020 года налічвалася звыш 2,23 млн абанентаў такога інтэрнэт-тэлебачання. У снежні 2015 года пачалі будаўніцтва сеткі сотавай сувязі 4-га пакалення, якую 23 снежня 2015 года запусцілі ў абласных цэнтрах Беларусі. На 1 студзеня 2020 года паслугі сотавай сувязі 4-га пакалення былі даступнымі 76 % насельніцтва Беларусі. У лістападзе 2017 года Міжнародны саюз электрасувязі (Швейцарыя) размясціў Беларусь на 32 месцы сярод 176 краінаў у Індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій[2].

Пошта[правіць | правіць зыходнік]

Аддзяленне «Белпошты» ў Слуцку (2016 год)

На 2020 год у Беларусі аказвалі наступныя паслугі паштовай сувязі: прыём, апрацоўку, захоўванне, перавозку і ўручэнне адрасату адпраўлення пісьмовай карэспандэнцыі, пасылкі, грашовага пераводу, адпраўлення паскоранай пошты, прыём падпіскі на друкаваны сродак масавай інфармацыі і яго дастаўку, выплату пенсіі, дапамогі і кампенсацыі. У 2020 годзе Сусветны паштовы саюз (Швейцарыя) размясціў Беларусь на 20-м месцы сярод 170 краін у Індэксе паштовага развіцця. «Белпошта» ўключала: 6 абласных філіялаў, вытворчасць «Мінская пошта» і аўтатранспартную вытворчасць, 35 вузлоў паштовай сувязі і 3092 установы паштовай сувязі, у тым ліку 2 669 стацыянарных аддзяленняў, 187 пунктаў і 176 перасоўных аддзяленняў. Дазволы на дзейнасць таксама мелі наступныя пастаўшчыкі паштовай сувязі:

  • 14 на перасылку паштовых адпраўленняў — «Спецыяльная сувязь», «Наша пошта», «Аўталайтэкспрэс», «ДПД Бел», «СДЭК-Бел», «Кур’ерБай», «Росчырк», «Сапсан Экспрэс», «Тайсу», «Міліцэр і Мюнх», «Еўраопт», «7745 Дастаўка», «Дайрэкст» і «Маршрут Захад»;
  • 2 на прыём падпіскі на друкаваныя СМІ — «Лагода-Інфа» і «Агенцтва Уладзіміра Граўцова»;
  • 4 на дастаўку друкаваных СМІ — рэдакцыі газет «Лунінецкія навіны» і «Жодзінскія навіны», «Радыё Жодзіна» і «Наша пошта»;
  • 3 на прыём падпіскі на друкаваныя СМІ і іх дастаўку — «Белсаюздрук», «Граўцоў Паблішэр» і «Магілёўсаюздрук»[4].

На 2020 год «Белпошта» прымала і выдавала пасылкі вагой да 10 кг ва ўсіх установах паштовай сувязі[5]. Гранічная вага міжнароднай пасылкі з Беларусі складала 20 кг, а грувасткай пасылкі — 50 кг. Яе памер меў складаць да 1,05 метра даўжыні або акружнасці[6]. Міжнародная пісьмовая карэспандэнцыя ўключала: паштоўкі, лісты, пакеты, бандэролі, аэраграмы і мяшкі[7]. Гранічны тэрмін перасылкі і дастаўкі паштовага адпраўлення па Беларусі складаў 4 працоўныя дні, а між абласнымі цэнтрамі — 3 дні[8]. Тэрмін перасылкі міжнароднага адпраўлення пісьмовай карэспандэнцыі з Беларусі складаў: 6 працоўных дзён — у суседнюю Латвію і Літву, 8 дзён — у Польшчу і ва Украіну, 17 дзён — у Расію[9].

Радыёвяшчанне[правіць | правіць зыходнік]

На 2020 год у Беларусі выкарыстоўвалі каля 420 радыёвяшчальных перадатчыкаў дыяпазону вельмі высокіх частот: 320 у паласе радыёчастот 87,5—108 мегагерц і 100 у паласе радыёчастот 65,9—74 мегагерцы. Гэтыя радыёперадатчыкі забяспечвалі эфірную перадачу гукавых праграм: Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё, радыёканал «Культура», «Сталіца» і «Радыус-ФМ», а таксама абласных, раённых і камерцыйных праграм. На 144 пастаўшчыкі гукавога вяшчання прыпадала 1 652 569 абанентаў. З іх у Брэсцкай вобласці было 34 пастаўшчыкі і 183 486 абанентаў (11 %), у Віцебскай — 13 пастаўшчыкоў і 215 656 абанентаў (13 %), у Гродзенскай — 28 пастаўшчыкоў і 169 151 абанентаў (10 %), у Гомельскай — 16 пастаўшчыкоў і 82 123 абанентаў (5 %), у Магілёўскай — 17 пастаўшчыкоў і 113 525 абанентаў (7 %), у Мінскай вобласці і сталіцы было 36 пастаўшчыкоў і 888 628 абанентаў (54 %)[10].

Тэлебачанне[правіць | правіць зыходнік]

Мінская тэлевежа (2010 год)

На 2020 год 284 лічбавыя тэлевізійныя перадатчыкі забяспечвалі эфірнае тэлевізійнае вяшчанне тэлепраграм Беларусі. У склад абавязковага агульнадаступнага пакету ўваходзіла наземнае лічбавае тэлевяшчанне 9 дзяржаўных тэлеканалаў: «Беларусь 1», «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», «Сталічнае тэлебачанне», «Мір», «Расія-Беларусь», «НТБ-Беларусь», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і «Беларусь 5». На 1 студзеня 2020 года лічбавае тэлебачанне было даступным 99,47 % насельніцтва Беларусі[10]. Пашырэнне атрымалі 5 відаў лічбавага тэлебачання: кабельнае, мабільнае, сеціўнае, спадарожнікавае і эфірнае. 8 снежня 2005 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастановай № 1406 Дзяржаўную праграму ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 года. 17 чэрвеня 2015 года ў Беларусі адключылі ўсе аналагавыя тэлевізійныя перадатчыкі, паводле Рашэння 2006 года «Аб поўным пераходзе на эфірнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне», якое прыняла Рэгіянальная канферэнцыя радыёсувязі па планаванні лічбавай наземнай радыёвяшчальнай службы ў палосах частот 174—230 МГц і 470—862 МГц (РКР-06), якая прайшла ў Жэневе (Швейцарыя). На 2020 год у Беларусі развівалася лічбавае тэлевяшчанне паводле стандарту наземнага лічбавага відэавяшчання 1-га і 2-га пакаленняў (DVB-T/Т2) з прымяненнем прасунутага відэакадавання ад Групы кінаэкспертаў (MPEG-4 AVC/H.264). Для прыёму сігналаў эфірнага лічбавага тэлевяшчання выкарыстоўвалі тэлеантэны дэцыметровага дыяпазону хваляў (470—862 МГц) з гарызантальнай палярызацыяй, якія ў Беларусі выпускалі «Віцязь» (Віцебск), «Вертэкс-Брэст» і «Прамсувязь». Тэлевізары з цюнерамі наземнага лічбавага відэавяшчання (НЛВВ) выраблялі на прадпрыемствах «Віцязь» і «Гарызонт». Тэлепрыстаўкі да тэлевізараў для прыёму лічбавага сігналу выпускалі «Аксіёма-Сервіс», «Віцязь» і «Гарызонт». У чэрвені 2013 года «Белтэлекам» пачаў падаваць паслугі камерцыйнага эфірнага лічбавага тэлевяшчання. На 2020 год у камерцыйным наземным лічбавым тэлебачанні для 2-га і 3-га мультыплексаў выкарыстоўвалі стандарт НЛВВ 2-га пакалення і сістэму ўмоўнага доступу «Верыматрыкс». Лічбавая прыстаўка стандарту НЛВВ 2-га пакаленьня дазвалялася бясплатна праглядаць абавязковы агульнадаступны пакет тэлеканалаў. Ахоп насельніцтва тэлепраграмамі 2-га мультыплексу складаў 95,11 %, а 3-га мультыплексу — 93,63 %[11].

Тэлефанія[правіць | правіць зыходнік]

На 2020 год у Беларусі дзейнічала сетка міжгародніх магістральных ліній па кальцавой будове з выкарыстаннем оптавалаконнага кабеля і абсталявання сінхроннай лічбавай іерархіі з выхадам па 2-х падыходах на ўсе 5 сумежных дзяржаў — Латвію, Літву, Польшчу, Расію і Украіну. Да ўсіх 6 абласных цэнтраў Беларусі было па 3 падыходы валаконна-аптычных ліній сувязі (ВАЛС), да ўсіх раённых цэнтраў — па 2 падыходы ВАЛС. Штогод «Белтэлекам» павялічваў магутнасць магістральнай першаснай сеткі і пракладваў ВАЛС да сельскіх аўтаматызаваных тэлефонных станцый (АТС). У паселішчах з ВАЛС дзейнічалі вузлы шырокапалоснага доступу да Сеціва і інтэрнэт-тэлебачання. На 1 студзеня 2020 года ў Беларусі налічвалася звыш 4,45 млн тэлефонных апаратаў, што складала 47,3 % адносна насельніцтва. Заява на ўстаноўку тэлефона задавольвалася цягам года[12].

Вышка сотавай сувязі ў Даўгінаве (Вялейскі раён, 2015 год)

Паслугі сотавай сувязі аказвалі 4 прадпрыемствы: «А1», «Беларуская сетка тэлекамунікацый», «Беларускія воблачныя тэхналогіі» і «Мабільныя Тэлесістэмы». На 2020 год у Беларусі налічвалася 11,63 млн абанентаў сотавай сувязі, што складала 123,6 % да насельніцтва. Сотавая сувязь ахоплівала 98,2 % земляў Беларусі, дзе пражывала 99,9 % насельніцтва. 1 лютага 2012 года ўкаранілі паслугу пераносу нумара, што дазволіла захоўваць абаненцкі нумар пры пераходзе да іншага пастаўшчыка сотавай сувязі. У 2010 годзе ўвялі сотавую сувязь 3-га пакалення паводле Сістэмы ўсеагульнай мабільнай сувязі (СУМС) ў дыяпазоне 2,1 ГГц, што дазволіла забяспечыць бяздротавы шырокапалосны доступ да Сеціва для 87 % насельніцтва на 54 % земляў Беларусі. У снежні 2015 года Дзяржаўная камісія па радыёчастотах пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь дазволіла выкарыстоўваць дыяпазон 900 МГц для сотавай сувязі 3-га пакалення ў СУМС замест сувязі 2-га пакалення ў Глабальнай сістэме мабільнай сувязі (ГСМ). У выніку абсяг абслугоўвання базавых станцый сотавай сувязі вырас на 20 %. На 1 студзеня 2020 года сотавая сувязь паводле СУМС ахоплівала звыш 99 % насельніцтва на 98,4 % земляў Беларусі. У снежні 2015 года «Беларускія воблачныя тэхналогіі» запусцілі сетку сотавай сувязі 4-га пакалення паводле тэхналогіі Доўгатэрміновай эвалюцыі (ДТЭ). Гэта дазволіла праглядаць на смартфоне тэлебачанне высокай якасці і праводзіць урачэбныя відэакансультацыі. На 1 студзеня 2020 года 76 % насельніцтва мелі доступ да сотавай сувязі 4-га пакалення ў стандарце ДТЭ[13].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1550-я гады на землях Беларусі пачалі будаваць паштовыя дарогі, корчмы і паштовыя ўстановы праз кожныя 3—7 км. У 1558 годзе наладзілі пастаянную сувязь між Вільняй і Варшавай. У 1669 годзе — між Вільняй і Масквой праз Мінск і Магілёў. У 1707 годзе прайшла першая пошта па тракце БарысаўБыхаў. У 1708 годзе пабудавалі паштовыя дарогі ВіцебскКопысь і Быхаў—Чарнігаў праз Гомель. У XVIII стагоддзі галоўнымі трактамі былі Вільня—Мінск—Магілёў—Масква і Вільня—Мінск—НавагрудакГродна. У 1798 годзе адчынілі паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. З 1778 году вядомы першы мінскі паштовы штэмпель. З 1806-га — гродзенскі, з 1810-га — віцебскі, а з 1843-га — пінскі. Поруч з дзяржаўнай існавала пошта земстваў і валасных упраў. У 1859 годзе пачала дзейнічаць тэлеграфная лінія Мінск—Бабруйск. На 1880 год у Магілёўскай губерні дзейнічала 9 тэлеграфных ліній даўжынёй 1335 км. На 1900 год у Мінскай губерні іх даўжыня складала 2557 км. У 1896 годзе ў Мінску пабудавалі тэлефонную станцыю на 100 нумароў. У наступныя гады такія станцыі з’явіліся ў 15 гарадах Беларусі, у тым ліку ў Віцебску, Гродне, Магілёве і Бабруйску. У 1913 годзе дзейнічала 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, праз якія адправілі 33 млн лістоў. У 1917 годзе тэлефонныя станцыі працавалі ў 16 гарадах Беларусі. У 1925 годзе ў Беларускай ССР існавала 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы, а таксама запрацавалі радыёстанцыі ў Гомелі і Мінску магутнасцю па 1,2 кілават. Пачалося вяшчанне Беларускага радыё. У 1930 годзе пабудавалі першую аўтаматызаваную тэлефонную станцыю (АТС), што дазволіла пашырыць тэлефанію на сельскую мясцовасць. Да 1940 года тэлефанізавалі ўсе 185 раённых цэнтраў і іншых гарадоў Беларускай ССР. Сельская тэлефонная сувязь ахоплівала каля 80 % сельсаветаў (2208) і 301 маторна-трактарную станцыю, 822 калгасы і саўгасы. Даўжыня міжгародніх тэлефонных ліній перасягнула 26 000 км[1].

У 1945 годзе ўсталявалі пастаянную радыётэлеграфную сувязь між Мінскам і Масквой. У 1947 годзе Беларуская ССР уступіла ў Сусветны паштовы саюз і Міжнародны саюз электрасувязі (Швейцарыя). У 1950 годзе ўкаранілі танальную сістэму тэлеграфавання, апаратуру прамых злучэнняў і абаненцкага тэлеграфа. У 1954-м у Мінску пабудавалі паштамт, у 1960 — у Віцебску, у 1961 — у Магілёве і ў 1970 — у Гродне. У 1956 годзе ў Мінску пабудавалі рэспубліканскі тэлецэнтр, што дазволіла пачаць рэгулярныя тэлеперадачы Беларускага тэлебачання. У 1965 годзе сетка электрасувязі Беларусі стала часткай Адзінай аўтаматызаванай сувязі СССР. Пачалося выкарыстанне аўтаматызаваных сістэм на тэлеграфных станцыях, частотна-часавага тэлеграфа на паўправадніковых прыладах, паштова-касавых машын «Анега» і АТС каардынатнай сістэмы. Таксама ў 1965 годзе ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і гарадах абласнога падпарадкавання ўкаранілі 3-праграмнае дротавае вяшчанне. У 1966 годзе па кабельных і радыёрэлейных лініях у Мінску сталі прымаць фотатэлеграфным спосабам матрыцы газет з Масквы. У 1967 годзе запрацаваў відэатэлефон. У 1969-м запрацаваў Беларускі занальны вылічальны цэнтр, аснашчаны ЭВМ, апаратурай перадачы даных па каналах сувязі, перфарацыйнай і клічыльна-клавішнай вылічальнай тэхнікай. У 1970 годзе ў Мінску запрацавала аўтаматычная міжгародняя тэлефонная станцыя (АМТС). У наступныя гады АМТС запусцілі ў Віцебску, Гродне і Магілёве. У 1972 годзе скончылі аўтаматызацыю гарадской і сельскай тэлефоннай сувязі. Таксама ў 1972-м у Мінскім раёне ўзвялі комлекс тэлебачання. У 1974 годзе пачаўся прыём тэлеперадач па ўсёй Беларусі з Мінска і Масквы. У 1975 годзе пачалі будоўлю кабельных і радыёрэлейных ліній, што дазволіла развіваць каляровае тэлебачанне. У 1979 годзе Беларуская ССР стала членам Міжнароднай арганізацыі марской спадарожнікавай сувязі. Таксама ў 1979 годзе ўвялі міжнародную тэлеграфную станцыю «Тэлекс». У 1981 годзе ў Брэсце запусцілі каардынатарную АМТС-3 на 1714 каналаў. У 1983-м у Мінску задзейнічалі квазі-электронную станцыю «Метаконта-10с». У 1984 годзе ў Мінску ўвялі АТС-78 і пачалі ўкараняць электронныя тэлефонныя станцыі. За 1970—1985 гады лік прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона вырасла з 3735 да 4468. Лік радыёкропак павялічыўся ў 2,3 разы да 9,8 млн. Лік радыёпрымачоў вырас з 1,4 млн да 2617 тыс., лік тэлевізараў — з 1111 тыс. да 2623 тыс. Лік тэлефонаў у сельскай мясцовасці вырас у 4,5 разы да 238,2 тыс. У 1989 годзе зладзілі першыя міжнародныя каналы Мінск—Беласток і Мінск—Варшава. У 1990-м здалі першую ў СССР лічбавую АМТС з электроннай сістэмай выбару[1].

Тэлевізар «Віцязь Мікра» (2015 год)

Са здабыццём незалежнасці ў 1991 годзе беларускую пошту падпарадкавалі Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. У 1991 годзе з’явіліся прыватныя кабельныя і эфірныя сеткі тэлебачання. У 1993 годзе ўрад Беларусі ўступіў у Міжнародную арганізацыю касмічнай сувязі. Да 1995 года здалі магістральныя оптавалаконныя лініі сувязі з абсталяваннем сінхроннай лічбавай іерархіі, якія звязалі абласныя цэнтры і міжнародныя лініі з усімі 5 суседнімі краінамі — Латвіяй, Літвой, Польшчай, Расіяй і Украінай. 3 ліпеня 1995 года стварылі рэспубліканскае аб’яднанне «Белтэлекам». У 1995 годзе стварылі сумесныя прадпрыемствы тэлефаніі і рухомай радыёсувязі. Таксама ў 1995-м утварылі дзяржаўнае прадпрыемства «Белпошта». У 1996 годзе здалі сетку зямных станцый спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт». У 1998 годзе Беларусь пачала ўдзельнічаць у міжнародных філатэлістычных выставах. 16 красавіка 1999 года з’явілася першае прадпрыемства сотавай сувязі стандарту GSM 900/1800 — «Мабільная лічбавая сувязь» пад таварным знакам «Велком». Яно забяспечыла сотавую сувязь для амаль 1 млн чалавек на больш як 95 % земляў пражывання гарадскога насельніцтва Беларусі. 23 верасня 2001 года «Мабільныя тэлесістэмы» атрымалі дазвол на стварэнне 2-га сотавага аператара, які ў 2002 годзе забяспечыў сувязь звыш 1 млн чалавек. За 1995—2002 гады вага паветранай пошты вырасла з 10,3 да 93,5 тон. У 2002 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі атрымаў ад Мінсувязі Беларусі 1-ы ў краіне дазвол на аддаленае навучанне. У 2003 годзе адправілі 413 млн асобнікаў перыёдыкі, 153 млн лістоў, паштовак і бандэроляў, 24,5 млн пенсійных выплат, 4,2 млн грашовых пераводаў, 1,4 млн тэлеграмаў і 1,3 млн пасылак. Разавы наклад газет склаў 11,4 млн асобнікаў, з іх 1,2 млн на беларускай мове (10,5 %), а гадавы наклад — 578 млн і 141 млн (24,4 %) адпаведна. Гадавы наклад часопісаў склаў 19 млн асобнікаў, з іх 3,1 млн па-беларуску (16,3 %). 6 лютага 2003 года сумеснае прадпрыемства «БелСел» пачало аказваць паслугі сотавай сувязі стандарту NMT-450. На 2003 год на прадпрыемствах паштовай сувязі працавала 33 000 чалавек. Яшчэ каля 30 000 чалавек працавала на прадпрыемствах электрасувязі. За 1990—2003 гады лік тэлефонных апаратаў сеткі агульнага карыстання вырас на 87,6 % да 3,281 млн. Іх лік у сельскай мясцовасці вырас на 75 % да 611 тыс. У 2003 годзе 83 кватэрныя тэлефоны прыпадала на 100 сем’яў, у тым ліку 97 у гарадах і 49 на вёсцы. На пачатак 2003 года ў Беларусі налічвалася 775 000 камп’ютараў, з іх 318 000 — у прамысловасці і 250 000 — у насельніцтва. У 2000—2004 гадах увялі ў дзеянне 25 тэлевізійных і 49 радыёвяшчальных перадатчыкаў[1].

На 1 чэрвеня 2004 года 3 сотавыя аператары пакрылі звыш 30 % земляў Беларусі, дзе пражывала звыш 90 % гарадскога насельніцтва. На сетцы рухомай сувязі дзейнічалі радыётэлефонныя сістэмы радыяльнай, радыяльна-зонавай і сотавай сувязі. Дзяржаўнае радыёвяшчанне вялося па 2 каналах і 3-х радыёстанцыях у мона і стэрэаварыянтах. Дзяржаўным пастаўшчыком тэлебачання, гукавога дротавага і радыёвяшчання быў «Рэспубліканскі радыётэлевізійны перадавальны цэнтр». Сетку тэлевяшчання складалі 23 тэлестанцыі магутнасцю звыш кілавата і 19 — да кілавата. На тэлестанцыях працавала 126 тэлевізійных перадатчыкаў, якія распаўсюджвалі «Першы нацыянальны тэлеканал», «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», тэлеканал «Лад», «Сталічнае тэлебачанне», «Расія», «НТБ», абласныя тэлеканалы і 20 прыватных тэлепраграм. Перадачамі «Першага нацыянальнага тэлеканала» было ахоплена 99,4 % насельніцтва, 2-ма праграмамі — 97,3 %, 3-ма — 80 %, 4-ма — 59,2 %, 5-ю і болей — 43,7 %, камерцыйнымі — 43,5 %. Сетка радыёвяшчання Беларусі ўключала 191 перадатчык ультракароткіх, кароткіх, сярэдніх і доўгіх хваляў. Яны перадавалі Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё, каналы «Культура», «Сталіца», «Радыус ФМ», абласныя радыёканалы і 18 камерцыйных праграм. Рэспубліканскую бяздротавую (пейджынгавую) сувязь стварылі на аснове станцый дыяпазону 87,5—108 МГц. На «Белпошце» працавала каля 37 000 чалавек, з іх 12 500 паштальёнаў, дзейнічала каля 4000 аддзяленняў сувязі. Дзейнічалі інфармацыйна-тэхналагічная сетка паштовай сувязі, аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі даных міжнароднай пошты, афармлення падпіскі на перыёдыку, уліку і кантролю дзейнасці аддзяленняў сувязі, выплаты пенсійнай і сацыяльнай дапамогі. Для аўтаматызацыі ўкаранілі паштова-касавыя тэрміналы, персанальныя камп’ютары, электронныя вагі і касавыя апараты. Паштовыя аддзяленні аказвалі звыш 50 відаў паслуг. Выпускаліся паштовыя маркі пра творы мастацтва, гербы беларускіх гарадоў, помнікі дойлідства, партрэты постацяў, спорт, гістарычныя падзеі, жывёльны і раслінны свет, беларускія народныя строі. «Белсаюздрук» распаўсюджваў перыядычны друк па падпісцы і ў раздроб праз 6 абласных і Мінскае гарадікое прадпрыемства, што ўключалі раённыя і гарадскія аддзяленні. Дзейнічала 1898 кіёскаў і крамаў. У 2004 годзе ўкаранілі аплатныя карткі для Сеціва. Дзейнічала 5 беларускіх банерных сетак інтэрнэт-рэкламы. У адзіную навукова-інфармацыйную камп’ютарную сетку злучылі сеткі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (BASnet), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (UniBel) і Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый БДУ (BSUnet). Гэтая сетка ўключала 260 навуковых устаноў, 250 устаноў адукацыі, а таксама бібліятэкі і ўніверсітэты[1].

На 1 кастрычніка 2020 года налічвалася 11,66 млн сотавых абанентаў. Сотавая сувязь 2-га пакалення была даступнай на 98,7 % земляў Беларусі, сувязь 3-га пакалення — на 98,4 %, 4-га — на 30,6 % земляў для 89,4 % насельніцтва. Паслугі электрасувязі аказвалі 193 прадпрыемствы. Налічвалася 2,245 млн абанентаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў Сеціва, 2,33 млн падпісчыкаў інтэрнэт-тэлебачання па інтэрнэт-пратаколе, звыш 3,56 млн падключаных да падсістэмы інтэрнэт-мультымедыя (ПІМ) і 2,71 млн падключаных да гігабітнай пасіўнай аптычнай сеткі (ГПАС). Шырыня знешняга шлюзу Сеціва складала 780 гігабіт/секунда[14].

Абмежаванне і сачэнне[правіць | правіць зыходнік]

19 снежня 2010 года (дзень прэзідэнцкіх выбараў) беларускія ўлады цалкам заблакавалі знешні трафік па https (порт 443), што зрабіла немагчымым доступ да электроннай пошты праз абаронены пратакол абмену інфармацыяй, увод пароляў для доступу да замежных сацыяльных сетак, а таксама кіраванне зместам сайтаў, размешчаных за мяжой з Беларусі[15]. Масавыя акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, у прыватнасці Плошча 2010, былі жорстка здушаны, але пазней высветлілася, што ўлады шпіёнілі за пратэстоўцамі, выкарыстоўваючы даныя іх мабільных тэлефонаў[16].

18 лютага 2015 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (Мінсувязі) ухваліла Пастанову № 6 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку фарміравання і захоўвання звестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсаў». Паводле Пастановы, «пастаўнікі інтэрнэт-паслуг забяспечваюць захоўванне актуальных звестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсах цягам 1-го года з дня аказання інтэрнэт-паслуг», у тым ліку захоўваюць «дату, час пачатку і заканчэння злучэнняў, унутраны і знешні інтэрнэт-адрасы і парты канцавой абаненцкай прылады, даменнае імя або інтэрнэт-адрас і порт навадваемага карыстальнікам інтэрнэт-паслуг інтэрнэт-рэсурсу, аб’ём перададзеных і прынятых даных», а таксама «звесткі аб усіх паслугах электрасувязі, актываваных карыстальнікам». Урэшце, захоўваюцца такія звесткі аб саміх карыстальніках Сеціва, як:

  1. «нумар і дата заключэння дагавора на аказанне паслуг электрасувязі;
  2. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку;
  3. адрас карыстальніка або ўстаноўкі канцавой абаненцкай прылады;
  4. даныя, якія дазваляюць вызначыць карыстальніка інтэрнэт-паслуг або яго канцавую абаненцкую прыладу;
  5. адрас нагляду за доступам да асяроддзя (АНДА) або індэнтыфікацыйны нумар канцавой абаненцкай прылады карыстальніка інтэрнэт-паслуг сотавай рухомай электрасувязі;
  6. для абанентаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі — рэквізіты дакумента, які сведчыць асобу (яго назва, серыя, нумар, дата выдачы і найменне выдаўшага яго дзяржаўнага органа)»[17].

3 кастрычніка 2018 года Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (ААЦ), Мінсувязі Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ухвалілі сумесную Пастанову № 8/10/6 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу». Паводле Пастановы, «пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абмяжоўваюць доступ да інтэрнэт-рэсурсу на падставе: 1) спісу абмежаванага доступу — арганізацыям, фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, на бязвыплатнай аснове; 2) дагавора аб аказанні паслуг па абмежаванні доступу да інфармацыі, распаўсюджванай пры дапамозе інтэрнэт-рэсурсаў, заключанай між карыстальнікам інтэрнэт-паслуг і пастаўшчыком». Пры гэтым «спіс абмежаванага доступу абавязковы для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і фарміруецца Дзяржаўнай інспекцыяй электрасувязі Мінсувязі на падставе рашэнняў аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсусу, прымаемых Міністэрствам інфармацыі». Згодна з 6-м пунктам Пастановы «Міністэрства інфармацыі цягам 3-х працоўных дзён з дня прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу накіроўвае копію гэтага рашэння: 1) у Дзяржаўную інспекцыю электрасувязі для ўключэння адпаведнага ідэнтыфікатара інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу; 2) уладальніку інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога абмяжоўваецца, пры ўмове знаходжання дадзенага інтэрнэт-рэсурсу ў нацыянальным сегменце Сеціва». У 10-м пункце прадугледжвалася, што «Дзяржаўная інспекцыя электрасувязі пры выяўленні інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў забеспячэння ананімнасці (проксі-серверы і ананімныя сеткі «Тор»), якія дазваляюць карыстальнікам інтэрнэт-паслуг атрымліваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу, ідэнтыфікатар якога ўключаны ў спіс абмежаванага доступу, дадае ў спіс абмежаванага доступу ідэнтыфікатары гэтых інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў забеспячэння ананімнасці». Урэшце «пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаныя:

  • забяспечыць належную эксплуатацыю адпаведных праграмна-тэхнічных сродкаў і пры неабходнасці іх мадэрнізацыю або карыстацца праграмна-тэхнічнымі сродкамі, якія належаць іншым пастаўшчыкам»;
  • «пры наяўнасці праграмна-тэхнічных сродкаў:
    • вызначыць асоб, адказных за іх належную эксплуатацыю;
    • забяспечыць магчымасць наладкі гэтых сродкаў толькі з унутранага сегменту сеткі пастаўшчыка»;
    • «ажыццяўляць дакументаванне змяненняў іх канфігурацыі і захоўваць такую інфармацыю не менш за 1 год;
    • аналізаваць прынамсі 1 раз за содні змест спісу абмежаванага доступу, фарміруемага Дзяржаўнай інспекцыяй, на прадмет дапаўнення ідэнтыфікатараў інтэрнэт-рэсурсаў, пры патрэбе ўносіць адпаведныя змяненні ў далады праграмна-тэхнічных сродкаў;
    • выпраўляць неадкладна на патрабаванне Мінсувязі і ААЦ пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь парушэнні, звязаныя з абмежаваннем доступу»[18].

6 снежня 2018 года Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 151 вэб-сайта за гандаль дурманамі[19]. 4 красавіка 2019 года за гандаль дурманамі абмежавалі доступ да 244 вэб-сайтаў на падставе паведамлення Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі[20]. 27 снежня 2019 года — заблакавалі яшчэ 100 вэб-сайтаў па гандлі дурманам[21]. 9 сакавіка 2020 года абмежавалі доступ да 132 такіх вэб-сайтаў на падставе запытаў МУС Беларусі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі[22].

21 жніўня 2020 года Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 42 вэб-сайтаў за парушэнне Закона «Аб СМІ», шэраг з якіх адключылі 9 жніўня ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года[23]. Па іншым даным, 72 ці 73 сайты былі заблакаваны ў Беларусі, у тым ліку папулярныя сайты Свабоды, by.tribuna.com (спартыўны сайт), Еўрапейскага радыё для Беларусі, Белсата, Салідарнасці, the-village.me і інш., сайты Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі, платформы «Голас» і «Зубр», «Вясна», некалькі VPN-сервісаў[24][25][26].

У Беларусі ёсць некалькі спосабаў адключыць Інтэрнэт: улады практычна кантралююць кабелі, якія злучаюць беларускі Інтэрнэт са светам[16]. Так адбылося адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, калі Інтэрнэт на працягу некалькі дзён не працаваў па ўсёй краіне[16]. Па словах чыноўнікаў, прычынай стала магутная DDoS-атака, але незалежныя ІТ-эксперты сцвярджалі, што беларускі дзяржаўны манапаліст «Белтэлекам» і звязаныя з ім дзяржаўныя ўстановы выкарыстоўвалі глыбокую праверку пакетаў (DPI[uk]) або тэхналогію шэйпінгу[uk][27]. Такі збой у сеткі каштуе дорага: эканамічны ўрон, паводле ацэнак, складае $56 мільёнаў у дзень[16]. Аднак мабільны Інтэрнэт можна адключыць рэгіянальна і выбарачна, як гэта было ў наступныя месяцы пасля выбараў, напрыклад, падчас нядзельных маршаў, але для гэтага патрабаваўся актыўны ўдзел прыватных аператараў сотавай сувязі, бо сеткай 4G кіруе дзяржаўная структура, у той час як сеткамі 2G і 3G кіруюць самі аператары мабільнай сувязі[16].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Станіслаў Дубянецкі. Сувязь і інфарматызацыя // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 363-365. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4.
  2. 2,0 2,1 Сетка перадачы даных, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  3. Статыстыка галіны за 2019 год, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  4. Паштовая дзейнасць, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  5. Пасылкі, УП «Белпошта» (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  6. Міжнародныя пасылкі, УП «Белпошта» (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  7. Міжнародная карэспандэнцыя, УП «Белпошта» (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  8. Тэрміны перасылкі паштовых адпраўленняў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, УП «Белпошта» (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  9. Тэрміны перасылкі міжнародных адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, УП «Белпошта» (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  10. 10,0 10,1 Тэлебачанне і радыёвяшчанне, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  11. Лічбавае тэлевізійнае вяшчанне, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 11 снежня 2020.
  12. Сетка стацыянарнай электрасувязі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 10 снежня 2020.
  13. Сетка сотавай рухомай электрасувязі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (2020). Праверана 10 снежня 2020.
  14. Колькасць абанентаў сотавай сувязі расце ў Беларусі, БелТА (30 кастрычніка 2020). Праверана 11 снежня 2020.
  15. Bykouski, Paulyuk Belarusian Media in the Virtual Space(англ.)  5. BELL (2011). Архівавана з першакрыніцы 11 снежня 2020. Праверана 11 снежня 2020.
  16. 16,0 16,1 16,2 16,3 16,4 Simone Brunner. Alexanders Werk und Österreichs Beitrag(ням.)  // profil[de]. — 2020. — № 42. — С. 66–67.
  17. Сяргей Папкоў. Пастанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 2015 г. № 6 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку фарміравання і захоўвання звестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсаў»(руск.) , Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 сакавіка 2015). Праверана 2 студзеня 2021.
  18. Андрэй Паўлючэнка, Канстанцін Шульган, Алесь Карлюкевіч. Пастанова ААЦ пры прэзідэнце, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2018 г. № 8/10/6 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу»(руск.) , Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (9 кастрычніка 2018). Праверана 2 студзеня 2021.
  19. Мінінфарм абмежаваў доступ да 151 інтэрнэт-рэсурсу, Газета «Звязда» (6 снежня 2018). Праверана 2 студзеня 2021.
  20. Мінінфарм заблакаваў 244 сайты за гандаль наркотыкамі, Газета «Звязда» (4 красавіка 2019). Праверана 2 студзеня 2021.
  21. Мінінфарм абмежаваў доступ да 100 інтэрнэт-рэсурсаў, Газета «Звязда» (31 снежня 2019). Праверана 2 студзеня 2021.
  22. За продаж наркотыкаў Мінінфарм абмежаваў доступ да 132 інтэрнэт-рэсурсаў, Газета «Звязда» (10 сакавіка 2020). Праверана 2 студзеня 2021.
  23. Мінінфарм заблакаваў Радыё «Свабода», «Белсат», спартыўную «Трыбуну» і іншыя незалежныя сайты, Партал «Наша Ніва» (21 жніўня 2020). Праверана 2 студзеня 2021.
  24. В Беларуси ограничили доступ к ряду сайтов. Вот список
  25. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ
  26. Среди заблокированных — мегапопулярный спортивный сайт By.tribuna.com
  27. Что происходит с интернетом в Беларуси — мнение технических специалистов

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]