Перайсці да зместу

Беларускія ручнікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускія рушнікі
Беларуская ікона і рушнікі

Беларускі ручні́к — прадаўгаваты выраб з тканага палатна — утылітарнага, дэкаратыўнага і традыцыйна-абрадавага прызначэння; від мастацкіх тканін. Вядомы ў народным побыце з глыбокай старажытнасці з пашырэннем ткацтва. Памеры беларускіх ручнікоў: даўжыня пераважна 1,5—3 м і шырыня 25—30 см.

795-27. Ручнік з бранага палатна, с. Капланцы. Ігуменскі павет. Канец XIX - пачатак XX стагоддзя

На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны серабрыста-белыя, тканыя ў 2—3 ніты ручнікі, а таксама ўзорыстатканыя, так званыя дэкаратыўныя, тканыя ў 4—8 (часам да 12) нітоў ручнікі, якія пашырыліся з узнікненнем пераборнай і закладной тэхнік ткацтва. Ручнікі ткуць на кроснах, аздабляюць натыканнем, вышыўкаю (процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка, ланцужок, гафт і інш.), карункамі, махрамі. Выразнасць узору дэкаратыўнага ручніка падкрэсліваецца рытмічным чаргаваннем геаметрычных элементаў, а таксама камбінаваннем рознай пражы асновы і ўтку — адбелены і суравы кужаль, кужаль і бавоўна, бавоўна і каляровы шоўк. Канцы аздабляюць белымі карункамі («зубы»), а таксама размешчанымі ўпоперак палатна чырвонымі і чырвона-чорнымі арнаментальнымі шляпкамі з баваўняных нітак «горынь». У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў з пашырэннем анілінавых фарбавальнікаў і фабрычных нітак (асабліва на поўдні Беларусі) пашырылася паліхромнае аздабленне, у арнаментыцы частымі сталі зааморфныя і раслінныя матывы. Пры стылявым адзінстве беларускіх ручнікоў вылучаюцца іх лакальныя асаблівасці, якія тэрытарыяльна суадносяцца з межамі народных строяў, і блізкія арнаментыкай да мясцовых абрусоў.

Рэгіянальныя варыяцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Брагінскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Брагінскія закладныя ручнікі ўяўляюцца адбіткам агульнай мастацкай традыцыі, якая злучае ў адзіную этнаграфічную зону Мазырскае Палессе і поўнач Украінскага Палесся  (укр.) (Жытомірская і Ровенская вобласці). Узоры ручнікоў паходзяць з Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў, якія пасля чарнобыльскай катастрофы трапілі ў зону адсялення[1].

Арнамент ручнікоў выкананы ў тэхніцы закладнога ткацтва і складаецца з простых геаметрычных чырвоных, белых і чорных фігур: ступеньчатых слупкоў, трохкутнікаў, стрэл. Адсутнасць белых прабелаў фону ў арнаменце, значная вага чырвонага і прысутнасць чорнага колеру робяць ручнікі выразнымі і экспрэсіўнымі, што вылучае іх сярод беларускіх ручнікоў[1].

На сумежнай тэрыторыі Украіны падобныя па кампазіцыі, арнаменце і тэхніцы выканання ручнікі носяць назву «кілімавыя ручнікі». На фарміраванне гэтай з’явы паўплывала ткацтва  (укр.) кілімаў, тэхніка якіх была прынесена з Усходу. У XVII—XVIII стагоддзях ва Украіне і на памежных беларускіх землях існавала шмат мануфактур і майстэрань, якія выраблялі кілімы. Тэхніка іх вырабу і арнаментыка былі выкарыстаны ў сялянскім ткацтве для стварэння традыцыйных ручнікоў-«набожнікаў»[1].

Буда-Кашалёўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Віленскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Ткацкая традыцыя віленскіх ручнікоў склалася пад уплывам мануфактурнага рамяства, дзейнасці ткацкіх школ-майстэрняў на Гродзеншчыне і Віленшчыне[2]. Стрыманая бела-шэрая каларыстыка і геаметрычнасць дэкору выдаюць даўнія балцка-славянскія і заходнееўрапейскія ўзаемаўплывы[3].

Віцебскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Пашыраны ў вёсках Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Браслаўскага, Віцебскага раёнаў. Вядомы з XIX стагоддзя. Даўжыня 120—300 см, шырыня 23—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Аздаблялі на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца выкладаннем чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых нітак бавоўны (выбарнае ткацтва), што нагадвае вышыўку па гатовай тканіне[4].

Дубровенскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Пашыраны ў вёсках Дубровенскага і Аршанскага раёнаў (захаваліся з канца XIX стагоддзя). Ткуць з адбеленага кужалю (аснова, уток) і белай бавоўны (уток) у тэхніцы бранага і шматнітовага ткацтва (даўжыня 150—360 см, шырыня 30 — 45 см)[5].

Заходнепалескія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Пашыраныя на значнай тэрыторыі Заходняга Палесся і ахопліваюць Столінскі, Пінскі, Іванаўскі, Бярозаўскі і Івацэвіцкі раёны Брэсцкай вобласці, а таксама сумежныя тэрыторыі Украінскага Палесся[6]. Лічацца аднымі з найбольш архаічных арнаментальна-кампазіцыйных тыпаў абрадавых тканін, вядомых на Беларусі[7].

Капыльска-Клецкія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Калінкавіцкія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]
Ручнік з в. Нахаў, Калінкавіцкі раён, 1910-я

Вырабляюцца пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Жлобінскім раёнах. Вядомы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Даўжыня 310—400 см, шырыня 26—30 см. Ткуць у 2—4 ніты. Кампазіцыя ручнікоў бывае 2 відаў: у адных папярочныя вузкія палосы аднолькавай шырыні запаўняюць усё поле ручніка, у другіх — шырокія папярочныя шчыльна запоўненыя ўзорыстыя палосы па канцах ручніка паступова пераходзяць у вузейшыя да сярэдзіны і раствараюцца ў яго асноўным фоне[8].

Кіраўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя тканыя ручнікі, якія выраблялі ў вёсках Кіраўскага, Клічаўскага і Бабруйскага раёнаў да 1930-х гадоў. Ткалі з адбеленага кужалю (аснова, уток) і белых баваўняных нітак (уток) у тэхніцы 1 — 2-уточнага і 4- і 5-нітовага пераборнага ткацтва[9].

Арнаментальную паласу на канцах ручнікоў ткалі з чорных і чырвоных баваўняных нітак бранай двухуточнай тэхнікай, асобныя элементы вышывалі крыжыкам. Узор шырынёй 20—30 см складаўся з простых і зубчатых ромбаў, разетак, прамавугольнікаў і аддзяляўся ад белага поля ручніка вузкім узорыстым пасачкам або радам асобна размешчаных ромбаў, разетак. Асаблівасць кіраўскім ручнікам надаюць плеценыя «на клёцках» і вязаныя кручком карункі, якія вызначаліся багаццем арнаментальных форм (ромбы, трохкутнікі, крыжыкі, прамыя і хвалістыя лініі). Канцы ручнікоў з трох бакоў абшывалі чырвонымі, белымі, чырвона-чорнымі мохрыкамі[9].

Лоеўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Ляхавіцкія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Вырабляюцца народнымі майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім раёнах. Вядомы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шырыня 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны («белька»). Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — па канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невялікімі ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання — шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі[10].

Магілёўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Былі распаўсюджаны ў вёсках Бабруйскага, Кіраўскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Магілёўскага, Хоцімскага і іншых раёнаў. Вядомы з XVIII стагоддзя. Узніклі пад уплывам мануфактурнага ткацтва. Вырабы з ільняной і баваўнянай пражы, даўжыня 300—450 см, шырыня 35—40 см, даўжыня арнаменту 30—80 см на кожным канцы. Тэхніка ткання магілёўскіх ручнікоў браная і закладная[11].

Яны мелі на канцах па 3-5 гарызантальных палос, аддзеленых адна ад адной гладка затканымі палоскамі, і аздабленне белымі (часам чырвонымі) карункамі з кутасамі[12].

3 аднаго краю ўздоўж усяго ручніка праходзіла суцэльная арнаментальная паласа, праз пэўныя прамежкі чаргаваліся вытканыя або вышытыя асобныя арнаментальныя матывы: чатырохвугольнік, ромб, крыжык, трохвугольнік, зорачка і іншыя фігуры[12].

Мотальскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Вядомы з канца XVIII стагоддзя. Даўжыня мотальскага ручніка складае 210—240 см, шырыня 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў[13].

Неглюбскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Большая колькасць захаваных неглюбскіх ручнікоў знаходзіцца ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава — больш за 780 узорных тканых і 300 вышываных ручнікоў[14]. Частка экспазіцыі прысвечана разгляданню непасрэдна семантыкі арнаменту, «чытання» ручнікоў і гісторыі старажытных сімвалаў, захаваных і развітых у кампазіцыях старадаўніх ручнікоў[14].

Рагачоўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Старадарожскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыя стацтва ручнікоў тэхніцы двухбаковага перабору сфарміравалася ў вёсках усходняй і паўночнай часткі Старадарожскага раёна і паўночна-ўсходняй часткі Любанскага раёна[15]. Мясцовыя назвы ручнікоў — перабіраныя, закладаныя, закладанкі — утвораныя ад тэхнікі іх выканання. Узор закладваўся ўручную, ніткамі іншага колеру, чым аснова і фонавы ўток. Ён замацоўваўся на паверхні страчавымі ніткамі[15].

Хойніцка-брагінскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Даўнія браныя ручнікі Брагінскага, Хойніцкага, Нараўлянскага раёнаў адметныя сваімі кампазіцыямі і разнастайнасцю геаметрычных арнамента Сустракаюцца ручнікі, на якіх налічваецца да 20 бардзюраў з рознымі геаметрычнымі элементамі. Шырыня арнаментаваных бардзюраў паступова звжаецца ад нізу ручніка да яго сярэдзіны. Палосы часцяком размешчаны па ўсім полі ручніка з досыць шырокімі прабеламі фону паміж імі[1].

Ручнікі для абразоў ткалі вельмі доўгія — да 550 см; адным такім ручніком пакрывалі адразу некалькі абразоў. Браныя ручнікі дадзенага тыпу выраблялі да 1940-1950-х гадоў у Брагінскім, Хойніцкім, Лоеўскім раёнах. Распаўсюджвалася гэта традыцыя ў бок Ельска і Лельчыц. Трэба адзначыць, што тут прамежкі паміж бранымі палосамі на ручніках яшчэ больш рэдкія, а арнамент спрошчаны[1].

Чачэрскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]
Ручнік і ікона Святога Мікалая з фондаў Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея

Значэнне ручнікоў

[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя ўтылітарнага прызначэння асобна вылучалі вялікі пласт дэкаратыўных ручнікоў. У беларускай традыцыі падобныя ручнікі мелі важнае значэнне ў абрадах, у тым ліку асабліва значнае — у вясельным абрадзе, для якога дзяўчына рыхтавала вялікую колькаць ручнікоў рознага прызначэння з адпаведным арнаментам і дэкорам[16].

Ручнікі таксама мелі культавае значэнне[16]. Іх выкарыстоўвалі не толькі ў красным куце і храмах, але і пакідалі на крыжах ля крыніц, дарог і таму падобнае.

Зноскі

  1. а б в г д [Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: у 6 т./А.М.Боганева [і інш.]; ідэя і агул. рэд. Т.Б.Варфаламеевай. — Мінск: Вышэйшая школа, 2013. — Т.6: Гомельскае Палессе і Падняпроўе: у 2 кн. Кн. 2. Хойніцка-брагінскія ручнікі]
  2. Лабачэўская, В. Повязь часоў — беларускі ручнік / В. Лабачэўская. — Мінск, 2002. — С. 182
  3. Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 339.
  4. Віцебскія ручнікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 235. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  5. Этнаграфія Беларусі 1989.
  6. Лабачэўская В. А. Повязь часоў — беларускі ручнік/В. А. Лабачэўская. — Мінск: Беларусь, 2002. — 232 с. С. 24
  7. Лобачевская, Ольга Александровна. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. ― Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. Библиография: с. 492―515 (610 назв.). С. 169
  8. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  9. а б Кіраўскія ручнікі
  10. Ляхавіцкія ручнікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 436. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  11. Магілёўскія фрэскі // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
  12. а б Магілёўскія ручнікі
  13. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  14. а б Лён 2009, с. 75—76.
  15. а б Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 446
  16. а б Курыловіч Г. М. Беларускае народнае ткацтва. Мн., 1981
  • Фадзеева, В. Я. Ручнік // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 435—437. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
  • Ручнік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4. Накцюрн — Скальскі. — 742 с. — 9 500 экз.
  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
  • Фадзеева, В. Я. Беларускі ручнік / Вольга Фадзеева. — Мінск : Полымя, 1994. — 325, [2] с. : іл., каляр. іл. ; 17 см. — Бібліяграфія: с. 322―326. — 10000 экз. — ISBN 5-345-00733-0 (у пераплёце)
  • Лабачэўская, В. Повязь часоў — беларускі ручнік / В. Лабачэўская. — Мінск, 2002. — С. 182