Перайсці да зместу

Верхнянёманская нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Верхнянёманская нізіна
Налібоцкая пушча вясной

Верхнянёманская нізіна — нізіна ў Гродзенскай і на захадзе Мінскай абласцей, уздоўж ракі Нёман.

Мяжуе на поўначы з Сярэдненёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на паўночным ўсходзе з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на ўсходзе і паўднёвым усходзе з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на поўдні і захадзе з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі.

Пры раставанні паазерскага ледавіка ўтварылася вялікае Сярэднянёманскае возера. Пры адступанні ледавіка ўзровень возера паніжаўся са 123 м да 115 м. У больш позні галацэнавы час сфарміравалася даліна р. Нёман, якая ў межах Сярэдненманскай нізіны мае эразійны ўрэз да 25—28 м.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы вышынёю да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найбольш выразныя 2 узроўні — вышынёю 4—9 м і 8—12 м.

Нёман каля Бярозаўкі

Працякае рака Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач (злева). Найбольшае возера — Кромань.

Паверхня ў значнай ступені забалочаная.

Найбольшыя лясныя масівы Налібоцкая і Ліпічанская пушчы.

Літаратура

  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992.