Жаўрук-смяцюх

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Жаўрук-смяцюх
Crested Lark (Galerida cristata) at Sultanpur I Picture 118.jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Galerida cristata (Linnaeus, 1758)

Арэал

выява

Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   560129
NCBI   215306
EOL   913308

Жаўру́к-смяцю́х, ці Чуба́ты жа́варанак (Galerida cristata) — від птушак з сямейства жаваранкавых. Яго найбольш яскравым адрозненнем ад іншых прадстаўнікоў жаваранкавых з'яўляецца наяўнасць адносна вялікага чубка з пер'я на галаве. Гэты від распаўсюджаны пераважна ў Еўропе, але сустракаецца ў Паўночнай Афрыцы, некаторых рэгіёнах Заходняй, Паўднёвай і Усходняй Азіі.

Класіфікацыя і этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Жаўрук-смяцюх быў адным з відаў, упершыню апісаных Карлам Лінеем у XVIII ст. у працы «Сістэма прыроды» (лац.: Systema Naturae). Быў уключаны ў род Alauda, пакуль нямецкі натураліст Фрыдрых Бое не ўключыў яго ў новы род Galerida ў 1821 годзе. Колін Гарысан у 1865 годзе рэкамендаваў паўторна аб'яднаць прадстаўнікоў родаў Galerida і Lullula у род Alauda з прычыны, на думку Гарысана, недастаткова яскравых размежаванняў паміж гэтымі таксонамі, аднак гэта так і не было зроблена[1].

Сучасная навуковая назва жаўрука-смецюха паходзіць ад лацінскіх слоў galerum (капялюш) і cristata (чубатая). Па-беларуску птушку называюць «жаўрук-смяцюх», бо яна любіць сяліцца на ўзбочынах дарог, жылых участках і іншых месцах з нізкай травой, якія гістарычна часта былі забруджаны смеццем.

Падвіды ды іх арэал[правіць | правіць зыходнік]

На сённяшні дзень вылучаюць 32 падвіды жаўрука-смецюха[2]:

Раней Магрыбскага жаўрука-смецюха вызнавалі за адзін з падвідаў жаўрука-смецюха, аднак з дапамогай малекулярна-генетычных даследаванняў (у прыватнасці, аналізу мітахандрыяльнай ДНК) Албанам Жыламэ і яго калегамі было даказана, што гэта розныя віды[3]. Увагу даследчыкаў прыцягнула дзюба Магрыбскага жаўрука-смецюха, бо яна была значна даўжэйшай за дзюбы тых падвідаў жаўрукоў-смецюхоў, што таксама пражываюць у Магрыбе[4].

У Беларусі зарэгістраваныя два падвіды жаўрука-смецюха: Цэнтральнаеўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata cristata) і Паўднёва-ўсходні еўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata tenuirostris).

Біятоп[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна жаўрук-смяцюх аддае перавагу адкрытым сухім лугам, але сустракаецца таксама і па ўскраінах палёў і дарог, у прамысловых раёнах, портах, аэрапортах, ля чыгункі і ў гарадскіх парках[5]. Ідэальнымі з'яўляюцца сухія і цёплыя тэрыторыі з нізкарослай расліннасцю, пераважна на гліністых пясчаных грунтах. Пры гэтым актыўныя ўрбанізацыя і развіццё сельскай гаспадаркі скарачае колькасць прыдатных для гэтай птушкі тэрыторый[6].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Знешні выгляд[правіць | правіць зыходнік]

Жаўрук-смяцюх мае даволі тыповы для жаўрука знешні выгляд[7], аднак вылучаецца і яскравымі асаблівасцямі. Даўжыня цела жаўрука-смецюха складае 17—19 см, размах крылаў — 29—38 см. Маса вагаецца ў дыяпазоне 36,5—46 г[6][8]. Афарбоўка верху цела буравата-шэрая з падоўжнымі шырокімі цёмнымі стракатымі плямамі, ніз жа цела брудна-белы з падоўжнымі бурымі стракатымі плямамі на грудзях. Крайнія стырнавыя пёры рудаватыя і светляйшыя за астатні хвост. На галаве знаходзіцца вялікі шылаваты чуб. У маладых птушак чуб невялікі[9][10]. Самкі і самцы амаль не адрозніваюцца, але маладыя птушкі маюць болей плям на спіне ў параўнанні з дарослымі[7].

Голас[правіць | правіць зыходнік]

Відэа спеву жаўрука-смецюха.

Голас жаўрука-смецюха падобны да голасу палявога жаўрука, але больш прарэзлівы, мае больш частыя перапынкi[9]. Вабны крык — прарэзлівае «дi-дii-трi» або «ірі-трі-тріэ», мяккае «джютт». Жаўрук-смяцюх спявае звычайна седзячы на паверхні, а часам — у палёце (пераважна на вышыні ад 30 да 60 м над зямлёй, што адрознівае яго ад жаўрука палявога, які дэманструе падобныя паводзіны, але таксама спявае падчас узлёту)[11][8].

Харчаванне[правіць | правіць зыходнік]

Жаўрук-смяцюх есць насякомае.

Жаўрук-смяцюх пераважна харчуецца ежай расліннага паходжання: насеннем дзікай травы, аўса, пшаніцы і ячменю[9]. Зімой птушка здольная перайсці на дробную жывёльную ежу[7]. Таксама жывёл спажываюць маладыя жаўрукі. Дажджавыя чэрві, дробныя жукі, мухі, маленькія матылі, вусені, а таксама (зрэдку) дробныя смаўжы ды павукі — аснова жывёльнага рацыёну жаўрука-смецюха[12].

Размнажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Самка будуе добра замаскіраванае гняздо, будаўнічым матэрыялам для якога з'яўляюцца завялыя травінкі, карані і каласкі (канцы якіх тырчаць па-за краямі гнязда), на зямлі ў рытвінцы сярод няшчыльнай расліннасці, грудкоў зямлі, камянёў і г. д.[7] Зрэдку жаўрук-смяцюх будуе гнёзды на схілах або каменных сценах. Агульны дыяметр гнязда складае 9—15 см, унутраны дыяметр — 6,5—7 см, вышыня — 4,5—5 см.

Яйкі жаўрука-смецюха.

У перыяд красавік-чэрвень самка двойчы адкладае ад 2 да 6 (у пераважнай большасці выпадкаў — ад 3 да 5) яек. Яйкі крыху падоўжаныя, часта ўздзьмутыя. Яны вельмі нагадваюць яйкі жаўрука палявога, але адрозніваюцца ад апошніх наяўнасцю на белым або шараватым фоне светла-шэрых ці шэра-фіялетавых глыбокіх плямак. Паверхневыя яйкі жаўрука-смецюха могуць мець густы аліўкава-карычневы або шэра-карычневы колер і ўтвараць пояс (або «шапачку») на шырокім канцы. Сярэднія памеры яек — 22 на 17 мм (пры рэальным дыяпазоне 19—25,5 мм на 15—19,5 мм)[8].

Яйкі выседжваюцца ад 11 да 14 дзён (найчасцей 11—12 дзён), пасля чаго вылупліваюцца птушаняты, якія (як і прадстаўнікі іншых жаўрукоў) пакідаюць гняздо ў пошуках ежы досыць рана — на 8—11 дзень, а лётаць пачынаюць ва ўзросце 15—16 дзён[5].

Экалогія і ахова[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць[правіць | правіць зыходнік]

Жаўрук-смяцюх перажыў некалькі абумоўленых кліматам пашырэнняў і скарачэнняў арэала на працягу апошніх стагоддзяў. Такім чынам вобласць распаўсюджвання пашыралася ў перыяд цеплыні ў XVI ст. і XVIII ст. і зноў скарачалася ў перыяд холаду XVII ст. У пачатку XX ст. жаўрук-смяцюх скарыстаўся магчымасцю гнездавацца ў гарадах і на прамысловых пабудовах.

Глабальная папуляцыя жаўрука-смецюха ў свеце складае, па розных ацэнках, ад 22 000 000 да 91 200 000 дарослых птушак[13]. Што да еўрапейскай папуляцыі, то тут няма такой вялікай розніцы паміж мінімальнай і максімальнай ацэнкамі колькасці чубатага жаваранка: у Еўропе пражываюць ад 7 200 000 да 15 200 000 дарослых птушак.

З 1930-х гадоў папуляцыя, пачынаючы з паўднёвага ўсходу, амаль ва ўсёй Еўропе драматычна скарачаецца. Агульная колькасць жаўрука-смецюха ў Еўропе скарацілася з 1980 г. агулам на 98 %[14] і знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, што пагражае стабільнасці ўсёй сусветнай папуляцыі гэтай птушкі[15].

Абмежавальныя фактары[правіць | правіць зыходнік]

Жаўрук-смяцюх у пошуках ежы.

Нягледзячы на спрыяльныя кліматычныя ўмовы XX ст., паўторнага пашырэння арэала жаўрука-смецюха не адбылося. Асноўнымі прычынамі з'яўляюцца, відавочна, недахоп ежы і змены месцаў пражывання гэтай птушкі. Рудэральныя і аблогавыя палі даступныя для чубатага жаваранка толькі ў нязначнай ступені і на працягу адносна кароткага перыяду. Сёння адкрытыя плошчы, напрыклад, на тэрыторыі гарадоў, якія з пачатку XX ст. пачаў засяляць жаўрук-смяцюх, усё больш азеляняюцца, угнойваюцца і шчыльна засаджваюцца. Іншыя сырыя зямельныя плошчы таксама адразу азеляняюцца. Да гэтага дадаецца інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і ўшчыльненне ландшафту за кошт шырокіх неапрацаваных ускраін палёў. Следствам гэтага з'яўляецца адсутнасць дзікіх траў і іх насення, важных для харчавання птушак. Адначасова адсутнічае дастатковы асартымент насякомых у перыяд гнездавання.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што ў Чырвоным спісе Міжнароднага саюза аховы прыроды жаўрук-смяцюх апісаны як від пад найменшай пагрозай (Least concern, LC)[16], заўважыўшы тэндэнцыю да імклівага скарачэння яго колькасці шэраг дзяржаў і міждзяржаўных аб'яднанняў шчыльна заняліся пытаннем аховы гэтай птушкі.

Жаўрук-смяцюх знаходзіцца пад аховай «Птушынай дырэктывы» — Дырэктывы Еўрапейскага Саюза аб захаванні дзікіх птушак. Чубаты жаваранак занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з прысваеннем III катэгорыі (VU) і ахоўваецца законам. Гэта птушка ахоўваецца на відавым узроўні ў Польшчы, Славакіі (асобна ад «Птушынай дырэктывы»).

Жаўрук-смяцюх і чалавек[правіць | правіць зыходнік]

Святы Францыск Асізскі лічыў жаўрука-смецюха асаблівай птушкай, падкрэсліваў падабенства яе жыцця з жыццём францысканцаў: зямлісты колер апярэння чубатага жаваранка, яго пакорлівасць («бо ён ідзе ахвотна ўздоўж узбочыны і знаходзіць зерне для сябе») і доўгі час, які ён праводзіць у спевах[17].

Птушка 2017 года ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Плакат, прысвечаны жаўруку-смецюху — птушцы 2017 года ў Беларусі.
Сяброўская картка АПБ 2017 года.

Нацыянальную кампанію «Птушка года» грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас.

У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем жаўрука-смецюха, удзельнікі XIX з'езда грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» шляхам галасавання абралі яго птушкай 2017 г.[18]

У межах кампаніі 22 сакавіка 2017 г. Белпошта выпусціла шэраг філатэлістычнай прадукцыі[19][20]:

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціць памятную манету, прысвечаную жаўруку-смецюху.

Акрамя гэтага, у межах кампаніі пройдуць конкурсы ад АПБ:

  • Найлепшы плакат «Выратуй жаўрука-смецюха!» — да 1 ліпеня 2017 г. прымаюцца мастацкія выявы, выкананыя ад рукі фарбамі ў розных тэхніках;
  • Конкурс «Птушка-арт» — 5 чэрвеняСусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя) 2017 г. як мага большая колькасць людзей мусіць скласці з саміх сябе сілуэт птушкі года, а фотаздымак даслаць АПБ;
  • Літаратурны конкурс «Верш-чатырохрадкоўе пра жаўрука-смецюха і ягоны лад жыцця» — да 1 ліпеня 2017 г. прымаюцца маленькія вершы пра асаблівасці жыцця жаўрука-смецюха, адметныя прыкметы, уласцівыя яму.

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Harrison, C.J.O. (1966). "The Validity of Some Genera of Larks (Alaudidae)". Ibis 108 (4): 573–83. doi:10.1111/j.1474-919X.1966.tb07209.x. 
  2. "IOC World Bird List 6.4". IOC World Bird List Datasets. doi:10.14344/ioc.ml.6.4. http://www.worldbirdnames.org/ioc-lists/crossref. 
  3. Gill, F: Waxwings to swallows. IOC World Bird List: Version 3.4. International Ornithologists’ Union (30 June 2013). Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2011. Праверана 30 ліпеня 2013.
  4. Guillaumet, Alban; Pons, Jean-Marc; Godelle, Bernard; Crochet, Pierre-Andre (2006). "History of the Crested Lark in the Mediterranean region as revealed by mtDNA sequences and morphology". Molecular Phylogenetics and Evolution 39 (3): 645–56. doi:10.1016/j.ympev.2006.01.002. PMID 16473529. 
  5. 5,0 5,1 Hayman, Peter; Hume, Rob. The complete guide to the bird life of Britain and Europe. 2004: Bounty Books. p. 185. ISBN 9781857327953. 
  6. 6,0 6,1 Snow, David; Perrins, Christopher M., eds (1998). The Birds of the Western Palearctic concise edition. 2. Oxford: Oxford University Press. pp. 1037–1040. ISBN 0198501889. 
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 Černý, Walter (1975). A Field Guide in Colour to Birds. Illustrated by Karel Drchal. London: Octopus Books Limited. pp. 156–157. ISBN 070640405X. 
  8. 8,0 8,1 8,2 Жаўрук-смяцюх. Птушкі Беларусі — Ахова птушак Бацькаўшчыны
  9. 9,0 9,1 9,2 Harbard, Chris (1989). Songbirds: How to attract them and identify their song. London: Kingfisher Books. p. 52. ISBN 0862724597. 
  10. Burnie, David (2001). Animal: The Definitive Visual Guide to the World's Wildlife. London: Dorling Kindersley. p. 342. ISBN 9780789477644. 
  11. Hayman, Peter; Burton, Philip (1979). "Crested Lark". The Birdlife of Britain (2nd ed.). London: Mitchell Beazley Publishers Limited. p. 80. ISBN 0855330872. 
  12. Robinson, R.A. Crested Lark Galerida cristata. BirdFacts. British Trust for Ornithology (16 January 2013). Праверана 28 ліпеня 2013.
  13. Species factsheet: Galerida cristata. Birdlife International. Праверана 28 ліпеня 2013.
  14. Bestandentwicklung Galerida christata European Bird Census Council
  15. BirdLife International 2004: Birds in Europe: population estimates, trends and conservation status. BirdLife Conservation Series No. 12, BirdLife International, Wageningen, The Netherlands.
  16. Жаўрук-смяцюх: інфармацыя на сайце Чырвонай кнігі МСАП (англ.) 
  17. Armstrong, Edward A. (1973). Saint Francis, Nature Mystic: The Derivation and Significance of the Nature Stories in the Franciscan Legend. Berkeley and Los Angeles, California: University of California Press. pp. 90–91. ISBN 0520019660. 
  18. Жаўрук-смяцюх — птушка 2017 года! — Ахова птушак Бацькаўшчыны
  19. Птица года. Хохлатый жаворонок — Белпочта
  20. Хохлатая марка — Ахова птушак Бацькаўшчыны

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Hans-Günther Bauer, Einhard Bezzel und Wolfgang Fiedler (Hrsg): Das Kompendium der Vögel Mitteleuropas: Alles über Biologie, Gefährdung und Schutz. Band 2: Passeriformes — Sperlingsvögel, Aula-Verlag Wiebelsheim, Wiesbaden 2005, ISBN 3-89104-648-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)