Перайсці да зместу

Капыльская града

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капыльская града (2001)
Капыльская града і раўніны, якія яе акаймоўваюць (1977)

Капы́льская града размешчана на паўднёвым захадзе Беларусі, паўднёвае адгалінаванне Беларускай грады.

Займае паўднёва-заходнюю частку Мінскай, паўднёва-ўсходнюю частку Гродзенскай і паўночна-ўсходнюю частку Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Мінскім і Навагрудскім узвышшамі, Цэнтральнабярэзінскай і Баранавіцкай раўнінамі. Працягласць з захаду на ўсход — 100 км, з поўначы на поўдзень — 45—50 км. Плошча — 0,7 тыс. км². Максімальная вышыня — 243 м над узроўнем мора — знаходзіцца на тэрыторыі Пацейкаўскага сельсавета і адначасова з'яўляецца найвышэйшай кропкай Капыльскага раёна[1]. Адносная вышыня Капыльскай грады — каля 84 м.

Тэрыторыя прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышталічнага фундамента Беларускай антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) чатырох зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гліны, сапрапеліты, лёсы і інш.).

Капыльская града — краявое ледавіковае ўтварэнне. Рэльеф цэнтральнай часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У Капыльскую граду ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі. Капыльская града з'яўляецца часткай вадападзелу паміж рэкамі басэйнаў Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і Нёмана (Ведзьма, Вуша, Выня).

Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэрыторыі, пад ворывам — да 60%.

Літаратура

  • Санько А. Капыльская града // БЭ ў 18 т. 10. Мн., 2000.
  • Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9

Зноскі

  1. Горные вершины равнинной Беларуси / В.Э. Пасанен, Е.А. Дикусар, В.Е. Подлисских. – Минск: ГУ «Республиканский учебно-методический центр физического воспитания населения», 2014. С. 92.