Лідская раўніна
Лідская раўніна — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі.
Знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі, у Воранаўскім, часткова ў Іўеўскім, Лідскім і Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці; на паўночным захадзе заходзіць на тэрыторыю Літвы. Плошча каля 4 тыс. км². Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход 125 км, з поўначы на поўдзень 50 км. Пераважаюць вышыні 150—200 м.
Прымеркавана да Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 100 м) характэрны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на поўначы), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час.
Лідская раўніна — спадзіста-хвалістая другасная марэнная раўніна, злёгку нахіленая на поўдзень, да даліны ракі Нёман. Складзеная валуннымі супескамі і суглінкамі, месцамі водна-ледавіковымі пяскамі, у паўднёвай частцы трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Ваганні адносных вышыняў да 5 м. Паверхня ўскладненая сеткай лагчынаў сцёку, забалочанымі далінамі дробных рэчак і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя вышыні 10-15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы. Ад г. Шчучын на паўночны ўсход да Ашмянскага ўзвышша цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок.
Асноўныя рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда належаць да басейну Нёмана. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш. Пад лесам 30 % тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на паўночным усходзе, захадзе і поўдні трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невялікія ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў. Найбольшыя балоты: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота. Пад ворывам 40 % тэрыгорыі.
Літаратура
- Кпіцунова Н. Лідская раўніна // Беларуская энцыклапедыя, у 18 т. Т. 9. — Мн.: БелЭн 1999.
- Кпіцунова Н. Лідская раўніна // Энцыклапедыя прыроды Беларусі, у 5 т. Т. 3. — Мн., 1984.
- Лідская раўніна // Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 60.