Перайсці да зместу

Лінія Макнамары

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэмілітарызаваная зона і паўднёвыя подступы да яе.

Лінія Макнамары (англ.: McNamara Line) — распаўсюджаная назва інжынернага бар’ера, пабудаванага ўзброенымі сіламі ЗША ў 19671968 гадах падчас вайны ў В’етнаме.

Падчас В’етнамскай вайны большасць падраздзяленняў арміі Паўночнага В’етнама пранікалі ў Паўднёвы В’етнам па «сцежцы Ха Шы Міна», якая пралягала праз Лаос, што дазваляла абыходзіць дэмілітарызаваную зону (ДМЗ) паміж дзвюма часткамі краіны. У 1966 годзе амерыканскі прафесар Роджэр Фішэр прапанаваў пабудаваць паўднёвей ДМЗ і на тэрыторыі Лаоса бар’ер для прадухілення інфільтрацыі, які б спалучаў у сабе мінныя палі і ўмацаваныя збудаванні з высокатэхналагічнымі датчыкамі, якія папярэджвалі пра набліжэнне праціўніка. Ідэю падхапіў міністр абароны ЗША Роберт Макнамара.

Праект бар’ера на тэрыторыі Паўднёвага В'етнама меў кодавае пазначэнне «Dye Marker». Меркавалася ачысціць ад расліннасці паласу ўздоўж дэмілітарызаванай зоны шырынёй да 1 км. На ёй ўсталёўваліся драцяныя загароды і закладваліся шматлікія мінныя палі. Сейсмічныя і акустычныя датчыкі павінны былі папярэджваць аб з’яўленні праціўніка амерыканскія падраздзяленні, размешчаныя на ваенных базах уздоўж лініі. Будаўніцтва вялося сіламі марской пяхоты ЗША, якая несла адказнасць за паўночныя правінцыі Паўднёвага В’етнама.

Адразу пасля пачатку будавання бар’ера паўсталі цяжкасці. У верасні ўся ўвага марской пяхоты аказалася прыкавана да ваеннай базы Кантхіен, абложанай паўночнав’етнамскімі сіламі. У пачатку 1968 года будаўніцтва было прыпынена ў сувязі з аблогай базы Кхесань і распачатым наступленнем, падчас якога марская пяхота апынулася ўцягнута ў жорсткія баі за горад Хюэ, захоплены праціўнікам. Улетку таго ж года марская пяхота атрымала загад аб змене сваёй стратэгіі дзеянняў — адмове ад абароны баз уздоўж дэмілітарызаванай зоны і пачатку высокамабільных аперацый, што само па сабе супярэчыла ідэі, якая закладвалася ў бар’еры. «Лінія Макнамары» так ніколі і не была дабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю. Гэта не перашкодзіла в’етнамскім крыніцам паведамляць аб паспяховым прарыве лініі падчас Велікоднага наступлення 1972 года[1].

На тэрыторыі Лаоса канцэпцыя Макнамары прадугледжвала шырокае выкарыстанне электронных датчыкаў, якія раскідваліся з самалётаў або ўсталёўваліся амерыканскімі групамі спецыяльнага прызначэння. Гэтыя датчыкі актыўна ўжываліся для навядзення амерыканскай авіяцыі на паўночнав’етнамскія грузавікі на «сцежцы Ха Шы Міна».

Зноскі

  • Дэвидсон Ф. Война во Вьетнаме (1946—1975) = Vietnam at War: The History 1946-1975. — М.: Изографус, Эксмо, 2002. — С. 816.
  • Ардашев Алексей. Электронная фортификация // Техника и вооружение вчера, сегодня, завтра : журнал. — 2003. — Апрель (№ 04). — С. 10-14.
  • Ардашев Алексей. «Забор Макнамары» и электронные заграждения // Оружие : журнал. — 2005. — Сентябрь (№ 09). — С. 58-61.