Кандаа (турма)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Турма Кандаа

Турма Кандаа (в’етн.: Nhà tù Côn Đảo, таксама турма Каншон) — былая турма на востраве Каншон (Кансон), найбуйнейшым востраве архіпелага Кандаа на поўдні В’етнама (у цяперашні час ён знаходзіцца ў правінцыі Барыа-Вунгтаў). Была пабудавана ў 1861 годзе французскімі каланістамі для ўтрымання тых, хто лічыўся асабліва небяспечным для каланіяльнага ўрада. Тут утрымліваліся многія высокапастаўленыя лідары. Урад В’етнама прызнаў турму Кандаа гістарычным помнікам нацыянальнага значэння. Самым вядомым месцам у гэтай турме з’яўляюцца «тыгрыныя клеткі» (в’етн.: chuồng cọp). Французскія тыгрыныя клеткі займаюць плошчу 5475 м², салярыі займаюць 1873 м², іншыя памяшканні — 2194 м². Турма ўключае ў сябе 120 камер.

Падчас вайны ў В’етнаме зняволеныя, якія змяшчаліся тут у 1960-х і 70-х гадах, падвяргаліся жорсткаму абыходжанню і катаванням. У ліпені 1970 года два прадстаўнікі Кангрэсу ЗША, Аўгуст Хокінс і Уільям Андэрсан, наведалі турму. Іх суправаджалі саветнік Том Харкін, перакладчык Дон Люс і дырэктар Дэпартамента грамадскай бяспекі USAID Фрэнк Уолтан. У турме дэлегацыя адхілілася ад запланаванага маршруту, прытрымліваючыся карты, намаляванай былым зняволеным. Карта прывяла наведвальнікаў да дзвярэй будынка, які знутры адкрыў ахоўнік, што пачуў за дзвярыма галасы. Унутры яны выявілі зняволеных, закутых у цесныя «тыгровыя клеткі». Убачыўшы дэлегацыю, зняволеныя пачалі крычаць, патрабуючы вады. На іх былі раны і сінякі, некаторыя былі скалечаныя. Харкін зрабіў фатаграфіі ўбачанага, якія пазней былі апублікаваныя ў часопісе «Life» 17 ліпеня 1970 года[1].

Турма была зачыненая пасля заканчэння вайны ў В’етнаме і неўзабаве адкрыта для наведвальнікаў.

Зноскі

  1. The Tiger Cages of Con Son , LIFE Magazine (17 ліпеня 1970).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Michael P. Kelley. Where We Were in Vietnam (англ.). — Hellgate Press; First Edition, 2002. — 850 p. — ISBN 978-1-55571-625-7