Людскія страты ў В’етнамскай вайне
В’етнамская вайна пачалася ў 1957 годзе, калі камуністычнае падполле ў Паўднёвым В’етнаме перайшло да ўзброенай барацьбы супраць урада Нго Дзінь З’ема. У 1959 годзе дапамогу паўстанцам пачаў аказваць Паўночны В’етнам. З 1961 года ў баявых дзеяннях наўпрост удзельнічалі ЗША, якія ў 1965 годзе адправілі ў Паўднёвы В’етнам буйны вайсковы кантынгент і развярнулі кампанію паветраных бамбардзіровак Паўночнага В’етнама. У вайну былі ўцягнуты і іншыя дзяржавы, якія выступілі на тым ці іншым баку. У той жа час у Лаосе і Камбоджы ішлі ўласныя грамадзянскія вайны, якія так ці інакш апынуліся пераплецены з вайной у В’етнаме. У 1973 годзе ЗША спынілі баявыя дзеянні ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У 1975 годзе вайна завяршылася ваеннай перамогай Паўночнага В’етнама і ўключэннем Паўднёвага В’етнама ў яго склад, у выніку чаго з’явілася незалежнае адзінае в’етнамскае дзяржава.
В’етнамская вайна была адным з найбольш маштабных і кровапралітных узброеных канфліктаў другой паловы XX стагоддзя. Вызначэнне людскіх страт у ёй з’яўляецца вельмі складанай задачай, пацвярджэннем чаму служаць прыкметныя адрозненні ў лічбах, якія прыводзяцца рознымі крыніцамі.
Паўднёвы В’етнам і саюзнікі
[правіць | правіць зыходнік]ЗША
[правіць | правіць зыходнік]Па колькасці загінулых амерыканцаў В’етнамская вайна знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля Грамадзянскай, Другой сусветнай і Першай сусветнай войнаў.
Загінуўшыя. У крыніцах сустракаюцца розныя лічбы амерыканцаў, якія загінулі ў Паўднёва-Усходняй Азіі (40 тысяч, 56 тысяч, 57 тысяч, 60 тысяч). Гэта выклікана тым, што аўтары могуць браць лічбы толькі баявых страт, дадаваць да ліку загінуўшых колькасць зніклых без вестак, і г.д. Па стане на сярэдзіну 2008 года загінулымі, памерлымі ад ран і хвароб, прапаўшымі без вестак лічыліся 58 220 амерыканцаў (гэтая лічба паступова расце пасля заканчэння вайны, бо ў яе ўключаюцца вайскоўцы, якія памерлі праз гады і нават дзесяцігоддзі ад наступстваў баявых раненняў). З іх 47 434 чалавекі страчаны ў выніку дзеянняў праціўніка, а 10 786 чалавек з’яўляюцца небаявымі стратамі (загінулі ў транспартных здарэннях, у інцыдэнтах са зброяй, памерлі ад хвароб, скончылі жыццё самагубствам)[1].
Найбольш кровапралітным годам вайны для ЗША стаў 1968-ы — больш за 16 000 загінулых, уключаючы небаявыя страты. Імёны ўсіх амерыканцаў, якія загінулі і прапалі без вестак у Паўднёва-Усходняй Азіі, пералічаны на Мемарыяле ветэранаў В’етнама ў Вашынгтоне (больш вядомым як «сцяна»).
Параненыя. Усяго падчас вайны раненні атрымалі 303 000 амерыканскіх вайскоўцаў. З іх 153 000 былі эвакуяваны ў шпіталі, і амаль столькі ж атрымалі неабходную медыцынскую дапамогу ў палявых умовах.
Ваеннапалонныя. За ўсю вайну ў палон да праціўніка трапіла амаль 800 амерыканцаў, у большасці — лётчыкі, збітыя над Паўночным В’етнамам. Больш за 100 чалавек памерла ў палоне (уключаны ў лічбу загінулых), астатнія былі вызвалены па ўмовах Парыжскага пагаднення 1973 года.
У ЗША існуе пэўная колькасць прыхільнікаў гіпотэзы аб тым, што амерыканскі ўрад у 1973 годзе кінуў частку палонных на волю лёсу, і гэтыя амерыканцы, як мяркуецца, могуць знаходзіцца ў палоне ў В’етнаме да гэтага часу. Нягледзячы на вялікую колькасць сабраных «сведчанняў» на карысць гэтага, такая версія катэгарычна адпрэчваецца адпаведнымі ведамствамі ЗША.
Зніклыя без вестак. Адразу пасля завяршэння вайны налічвалася прыкладна 2600 амерыканскіх вайскоўцаў, чый лёс быў не ўстаноўлены або чые астанкі не былі выяўлены. З 1992 года на тэрыторыі В’етнама, Лаоса і Камбоджы амерыканскія пошукавыя групы пры садзейнічанні ўрадаў гэтых краін займаюцца вышукам зніклых без вестак. Акрамя таго, В’етнам перыядычна вяртае ЗША астанкі амерыканцаў, выяўленыя ўласнымі сіламі. На 16 мая 2008 года прапаўшымі без вестак у Паўднёва-Усходняй Азіі ўсё яшчэ лічыліся 1741 чалавек[2]. Прызнаецца, што шанцаў на тое, што хтосьці з гэтых людзей жывы, практычна няма, а таксама тое, што ў шэрагу выпадкаў выяўленне астанкаў немагчыма ў сілу абставінаў страты.
Самагубствы пасля вайны. Дастаткова шырока распаўсюджана меркаванне, што колькасць амерыканскіх ветэранаў, якія ўчынілі самагубства пасля вайны нашмат больш колькасці загінуўшых у самай вайне. У прыватнасці, у 1990 годзе ветэран вайны Чак Дын пісаў пра 150 тыс. былых байцоў, якія здзейснілі самагубства да гэтага моманту[3]. Аднак шэраг аўтараў падвяргае такую высокую лічбу сумневу. Адзін з ветэранаў, грунтуючыся на высокіх ацэнках колькасці самагубстваў, неяк падлічыў, што з тых, хто калі-небудзь служыў у яго роце ў В’етнаме, пасля вайны павінны былі здзейсніць самагубства ад 45 да 135 чалавек; аднак даныя асацыяцыі ветэранаў гэтай роты паказвалі, што ў рэальнасці ні аднаго суіцыду не адбылося[4]. Цім Булмэн і Хэн Янг у медыцынскім часопісе Federal Practitioner ацэньвалі колькасць ветэранаў В’етнама, што здзейснілі самагубства, у 20 тыс. чалавек на 1993 год[3].
Паўднёвы В'етнам
[правіць | правіць зыходнік]Страты Узброеных сіл Паўднёвага В’етнама, як лічыцца, дасягаюць 250 тысяч чалавек забітымі і прыкладна 1 мільёна параненымі. У Паўднёвым В’етнаме вёўся досыць дакладны ўлік страт (хоць у шэрагу выпадкаў страты маглі прыніжацца), аднак да гэтага часу невядомы панесеныя яго арміяй страты (і вельмі істотныя) падчас вясновага наступлення 1975 года, паколькі ў выніку гэтага Паўднёвы В’етнам спыніў сваё існаванне, то адпаведна, многія дакументы былі альбо згублены, альбо наогул не складаліся.
Ацаніць страты сярод грамадзянскага насельніцтва Паўднёвага В’етнама вельмі цяжка. Па-відаць, яны ўключаны ў агульныя лічбы, прыведзеныя афіцыйнымі асобамі Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.
Паўднёвая Карэя
[правіць | правіць зыходнік]Паўднёвая Карэя аказала ЗША найбольш значную ваенную падтрымку сярод усіх амерыканскіх саюзнікаў у гэтай вайне (не лічачы Паўднёвага В’етнама). На піку вайны ў баявых дзеяннях удзельнічаў 50-тысячны паўднёвакарэйскі корпус. Падчас вайны ў В’етнаме паўднёвакарэйскі кантынгент страціў 5099 вайскоўцаў забітымі, 11323 параненымі і 4 прапаўшымі без вестак[5].
Аўстралія
[правіць | правіць зыходнік]У разгар баявых дзеянняў у В’етнаме знаходзілася каля 8 тысяч аўстралійскіх вайскоўцаў. Яны актыўна праводзілі аперацыі і ўдзельнічалі ў некалькіх буйных бітвах з праціўнікам. Усяго ў В’етнаме загінула каля 500 аўстралійцаў, атрымалі раненні або захварэлі каля 3100 чалавек[6].
Філіпіны
[правіць | правіць зыходнік]Філіпінскі кантынгент знаходзіўся ў Паўднёвым В’етнаме нядоўга (каля 3 гадоў) і выконваў у асноўным небаявыя задачы. Страты склалі 9 загінулых[7].
Тайланд
[правіць | правіць зыходнік]Першыя вайскоўцы (10 пілотаў і 7 авіятэхнікаў ВПС Тайланда) прыбылі ў Паўднёвы В’етнам у 1964 годзе, у 1965 годзе ў краіну былі накіраваны яшчэ 200 маракоў (экіпажы для двух караблёў, перададзеных ЗША па праграме ваеннай дапамогі); у 1966 годзе колькасць кантынгенту павялічылася на некалькі чалавек (экіпажы для двух ваенна-транспартных самалётаў C-123 «Provider», перададзеных ЗША для ВПС Тайланда); у 1967 годзе ў Паўднёвы В’етнам прыбыло падраздзяленне «Каралеўская кобра» (2207 вайскоўцаў); у 1969 годзе — буйное пяхотнае падраздзяленне «Чорныя пантэры» і 45 авіятэхнікаў. Агульная колькасць вайскоўцаў Тайланда, якія прымалі ўдзел у вайне ў В’етнаме, ацэньваецца ў дзве брыгады[8].
Тайландскі кантынгент, адпраўлены ў Паўднёвы В’етнам, прымаў удзел у баявых аперацыях і страціў каля 350 чалавек забітымі[9]. Таксама вядома, што вялікая колькасць тайландскіх вайскоўцаў ваявала на баку ўрадавых сіл у Лаосе, аднак іх страты фармальна ставяцца да іншай вайны і, па ўсёй бачнасці, не ўлічаны.
Новая Зеландыя
[правіць | правіць зыходнік]Новая Зеландыя прымала нязначны ўдзел у вайне і панесла малыя страты — 37 чалавек загінулымі[10].
Японія
[правіць | правіць зыходнік]Для дастаўкі ўзбраення і іншых вайсковых грузаў з вайсковых баз ЗША на Японскіх астравах у В’етнам з 1964 года выкарыстоўваліся дэсантныя караблі LST водазмяшчэннем 2—3 тысячы тон пад сцягам ЗША, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні вайсковага камандавання ЗША на Далёкім Усходзе (Ёкагама). Каманды (колькасць якіх да канца 1967 года павялічылася да 28) складаліся з японскіх маракоў. Усяго з 1964 да канца 1969 года ў выкананні работ удзельнічалі каля трох тысяч японскіх маракоў. Па афіцыйных даных урада Японіі, у В’етнаме загінулі чатыры японскіх марака з каманд LST[11].
Паўночны В’етнам і саюзнікі
[правіць | правіць зыходнік]Паўночны В’етнам і НФВПВ
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама гуляў ключавую ролю ў першай палове вайны (да Тэцкага наступлення 1968). Рэгулярная армія Паўночнага В’етнама прымала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях у Лаосе, Камбоджы і асабліва ў Паўднёвым В’етнаме.
Упершыню афіцыйныя в’етнамскія лічбы страт у вайне былі агучаны ў 1995 годзе ў сувязі з 20-й гадавінай перамогі[12]. Было заяўлена, што страты вайскоўцаў склалі 849 018[13][14] чалавек загінулымі і 600 000 параненымі, у гэтую лічбу ўключаны страты НФВПВ і рэгулярнай арміі. Колькасць загінуўшых мірных жыхароў у абедзвюх частках краіны паміж 1954 і 1975 гадамі ацэнена ў 2 мільёны чалавек. Невядома, як размяркоўваюцца ахвяры паміж Паўночным і Паўднёвым В’етнамам. Паводле ацэнкі шэрагу аўтараў, у Паўночным В’етнаме за ўвесь час амерыканскіх бамбардзіровак загінула 65 000 мірных жыхароў[12]. Ахвяры на поўдні былі значна вялікімі; у прыватнасці, па ацэнцы амерыканскага прафесара Рудольфа Румэля, толькі падчас фінальнага наступлення 1975 года паўночнав’етнамскімі войскамі было забіта 50 000 паўднёванав’етнамскіх бежанцаў[12].
Кітай
[правіць | правіць зыходнік]Падчас вайны на тэрыторыі Паўночнага В’етнама знаходзіліся наземныя падраздзяленні кітайскай арміі, якія, наколькі вядома, не прымалі ўдзелу ў адлюстраванні амерыканскіх паветраных налётаў. Акрамя таго, вялікая колькасць кітайскіх рабочых займалася аднаўленнем разбураных аб’ектаў. Па апублікаваных у Кітаі даных, В’етнамская вайна забрала жыцці каля 1000 кітайцаў[15].
СССР
[правіць | правіць зыходнік]З 1965 года ў Паўночным В’етнаме знаходзіліся савецкія ваенныя спецыялісты, якія дапамагалі ў стварэнні сістэмы СПА краіны (якой у пачатку вайны фактычна не існавала). Інфармацыя аб непасрэдным удзеле савецкіх вайскоўцаў у паветраных баях або наземных баявых дзеяннях у Паўднёвым В’етнаме не знайшла пацверджання ў даступных архіўных дакументах. Акрамя таго, у Паўночным В’етнаме знаходзіліся грамадзянскія спецыялісты. Савецкі грамадзянскі марскі флот ажыццяўляў перавозкі ў краіну грузаў рознага прызначэння.
Паводле звестак расійскіх ваенных гісторыкаў, за час В’етнамскай вайны ў Паўночным В’етнаме загінулі і памерлі ад хвароб 16 савецкіх вайскоўцаў[16], а па даных Генеральнага штаба УС СССР страты СССР у В’етнаме за перыяд з ліпеня 1965 па снежань 1974 склалі 13 чалавек[17].
КНДР
[правіць | правіць зыходнік]У вайне ўдзельнічала знішчальная эскадрылля ВПС КНДР[18], а таксама наземныя падраздзяленні СПА. Вядома, што на тэрыторыі В'етнама існуе пахаванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Даюцца ацэнкі ў 14 чалавек загінулымі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ American War and Military Operations Casualties: Lists and Statistics (pdf-файл)
- ↑ Vietnam Conflict — Casualty Summary Архівавана 21 снежня 2008. (pdf-файл)
- ↑ а б Suicide Wall: Suicide Statistics(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2009. Праверана 29 сакавіка 2009.
- ↑ Michael Kelly. The Three Walls Behind the Wall Архівавана 21 верасня 2017.
- ↑ KOREA military army official statistics, AUG 28, 2005 Архівавана 22 ліпеня 2011 года.
- ↑ Statistics: Total Australian service casualties in the Vietnam War, 1962-72 Архівавана 17 снежня 2007.
- ↑ Chapter III: The Philippines . History.army.mil. Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2013. Праверана 24 лютага 2014.
- ↑ Марек Хагмайер. За союз — оружие. Двусторонние союзнические соглашения США 1950—1978. М., Воениздат, 1982. стр.112-113
- ↑ This Day in History: Thai troops arrive in Saigon
- ↑ NEW ZEALAND PERSONNEL WHO GAVE THEIR ALL IN THE VIETNAM WAR
- ↑ Ю. В. Георгиев. Япония накануне 1970 года. М., «Наука», 1969. стр.19-20
- ↑ а б в Death Tolls for the Major Wars and Atrocities of the Twentieth Century
- ↑ Chuyên đề 4 CÔNG TÁC TÌM KIẾM, QUY TẬP HÀI CỐT LIỆT SĨ TỪ NAY ĐẾN NĂM 2020 VÀ NHỮNG NĂM TIẾP THEO, datafile.chinhsachquandoi.gov.vn/Quản%20lý%20chỉ%20đạo/Chuyên%20đề%204.doc(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2023. Праверана 22 студзеня 2021.
- ↑ Associated Press, 3 April 1995, "Vietnam Says 1.1 Million Died Fighting For North."
- ↑ This Day in History: North Vietnam and People’s Republic of China sign aid agreement(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2013. Праверана 28 лютага 2013.
- ↑ Россия и СССР в войнах XX века. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2001. — С. 526.
- ↑ Куминов И. Я. Советская военно-техническая помощь Вьетнаму в годы войны // Война во Вьетнаме: Взгляд сквозь годы / Институт военной истории МО РФ ; Ответственный за выпуск Н. Н. Колесник. — Материалы научно-практической конференции «Советско-вьетнамское военное и экономическое сотрудничество в годы агрессии США против ДРВ (1963-1973 гг.)». — М.: Межрегиональная общественная организация ветеранов войны во Вьетнаме, 2000. — 79 с. — (Без грифа «секретно»). — 400 экз.
- ↑ Richard Bennett. Missiles and madness Архівавана 23 верасня 2006.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- National Archives AAD Searchable database.
- The Vietnam Center and Archive. Texas Tech University.
- Vietnamese Casualties During the American war