Перайсці да зместу

Паўночнакарэйскія лётчыкі ў В’етнамскай вайне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рашэнне аб дапамозе камуністычнаму рэжыму В’етнама было прынята ў 1965 годзе і адобрана праз год на з’ездзе Працоўнай партыі Карэі. КНДР пастаўляла зброю, боепрыпасы і абмундзіраванне. Акрамя таго, у баявых дзеяннях прынялі ўдзел лётчыкі[1].

21 верасня 1966 года Цэнтральны Камітэт В’етнама звярнуўся з афіцыйным лістом да Кім Ір Сена з просьбай аб дапамозе ў вайне. Ужо 24—30 верасня Паўночную Карэю наведала вайсковая дэлегацыя на чале з начальнікам Генеральнага Штаба паўночнав’етнамскай арміі. Па выніку візіту было падпісана пагадненне аб накіраванні трох груп паўночнакарэйскіх знішчальнікаў (па 10 машын кожная): дзве — на МіГ-17, адна — на МіГ-21. Паўночнакарэйскі бок браў на сябе поўнае тэхнічнае забеспячэнне[2].

В’етнамскія гісторыкі пісалі, што ў складзе в’етнамскіх ВПС дзейнічала падраздзяленне «Група Z» (в’етн.: Doan Z). Інфармацыі аб эскадрыллі вельмі няшмат[2]. Вядома, што замежныя авіятары базіраваліся на аэрадроме Кеп на паўночны ўсход ад Ханоя з пачатку 1967 года па пачатак 1969 года. Усяго ў канфлікце змагаліся 87 паўночнакарэйцаў. 14 з іх загінулі або памерлі ад хвароб. Паводле в’етнамскіх крыніц, пілоты збілі 26 амерыканскіх самалётаў[3][4]. За час вайны Пхеньян тройчы накіроўваў сваіх лётчыкаў у зону баявых дзеянняў. Яны прымалі ўдзел у вайне таемна, пераапрануўшыся ў форму в’етнамскіх вайскоўцаў[5].

Генерал-палкоўнік Уладзімір Абрамаў, які ў 1967—1968 годах узначальваў групу савецкіх ваенных спецыялістаў у В’етнаме, таксама згадваў у сваіх успамінах эскадрыллю МіГаў з КНДР. Паводле паўночнакарэйскіх звестак, у канфлікце ўдзельнічалі 800 авіяспецыялістаў — адначасова там знаходзілася да 70 пілотаў і тэхнікаў. Згодна з іх інфармацыяй, 28 мая 1969 года васьмёрка МіГ-17Ф перахапіла і збіла 12 амерыканскіх F-105. Аднак в’етнамскія і амерыканскія крыніцы не пацвярджаюць гэтага[6].

«Паводле пагаднення паміж Карэяй і В’етнамам у 1967 годзе некалькі пілотаў Карэйскай вызваленчай арміі былі накіраваны ў В’етнам для праходжання баявой практыкі і ўдзелу ў баявых дзеяннях у складзе В’етнамскай народнай арміі. Падчас баявых вылетаў яны збілі некалькі амерыканскіх самалётаў».

— Інстытут ваеннай гісторыі В’етнама[7]

У 2000 годзе практычна адначасова ўрады КНДР і В’етнама пацвердзілі факт удзелу паўночнакарэйскіх пілотаў у канфлікце[2].

У 2002 годзе былі адпраўлены ў Паўночную Карэю для перапахавання астанкі 14 паўночнакарэйцаў, пахаваных на адных з невялікіх могілак у правінцыі Бак Гіанг[3].

  1. Обе Кореи участвовали во вьетнамской войне (руск.). Lenta.ru (8 июля 2001).
  2. а б в Михаил Жирохов. Cеверо-корейские летчики во Вьетнамской войне // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2015.
  3. а б 14 chiến binh Triều Tiên trên bầu trời Việt Nam (=14 паўночнакарэйскіх салдат у небе над В’етнамам) (в’етн.). Tuoi Tre (17 жніўня 2007).
  4. Phi công Đoàn Z và đội địch vận Triều Tiên trong cuộc chiến VN (в’етн.). BBC (1 сакавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2023.
  5. Северная Корея принимала участие в войне во Вьетнаме
  6. Вячеслав Морозов, Вадим Антаков, Александр Котлобовский 2005, pp. 34–35.
  7. Институт военной истории Вьетнама, Lich su khang chien chong My, cuu nuoc, 1954-1975, Tap V: tong tien cong va noi day 1968 [История Освободительной войны против американцев, 1954-1975, Часть V: 1968 год – общее наступление], Воениздат, Ханой, 2001, страница 271.
  • Михаил Жирохов. Cеверо-корейские летчики во Вьетнамской войне // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2015.
  • Вячеслав Морозов, Вадим Антаков, Александр Котлобовский (2005). Громкие эпизоды тихой войны: Авиация в противостоянии на Корейском полуострове (1953-2004 г.). Авиация и время. 1 (76): 30–36.{{cite journal}}: Папярэджанні CS1: url-status (спасылка) Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)