Перайсці да зместу

Мадрыд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Madrid)
Горад
Мадрыд
ісп.: Madrid
Герб[d] Сцяг[d]
Герб[d] Сцяг[d]
Краіна
Рэгіён
Правінцыя
Абшчына
Каардынаты
Кіраўнік
Першая згадка
Плошча
607 км²
Вышыня НУМ
667 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
3 128 600 [1] чалавек (2006)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+34 91
Паштовыя індэксы
28001-28080
Аўтамабільны код
M
Афіцыйны сайт
Заступнік
Святы Ісідар
Мадрыд на карце Іспаніі ±
Мадрыд (Іспанія)
Мадрыд
Мадрыд (Мадрыд)
Мадрыд

Мадры́д (ісп.: Madrid) — сталіца і найбуйнейшы горад Іспаніі. Насельніцтва горада складае каля 3,3 млн чалавек[1], у агламерацыі — каля 6 271 000 чалавек[2]. Гэта трэці па велічыні горад Еўрапейскага саюза, пасля Лондана і Берліна, а яго сталічная агламерацыя з’яўляецца трэцяй па велічыні ў ЕС пасля Лондана і Парыжа.[3][4]. Горад ахоплівае ў агульнай складанасці 604,3 км²[5].

Мадрыдская гарадская агламерацыя валодае трэцім найбуйным ВУП ў Еўрапейскім Саюзе[6]. Горад моцна ўплывае на палітыку, адукацыю, сферу забаў, пытанні захавання навакольнага асяроддзя, СМІ, моду, навукі і мастацтва, што робіць вялікі ўнёсак у яго статус як аднаго з асноўных глабальных гарадоў свету[7][8]. З-за сваёй эканамічнай моцы, высокага ўзроўню жыцця і памеру рынку, Мадрыд лічыцца буйным фінансавым цэнтрам Паўднёвай Еўропы і Пірэнейскага паўвострава, ён месціць галаўныя офісы большасці асноўных іспанскіх кампаній. Мадрыд з'яўляецца самым наведавальным сярод турыстаў горадам Іспаніі і чацвёртым на кантыненце[9], а таксама займае 10-ы радок у спісе гарадоў з прыдатнымі ўмовамі для жыцця ў свеце паводле дадзеных часопісу «Манокль», які быў апублікаваны ў 2010 годзе[10][11]. Мадрыд таксама знаходзіцца ў спісе 12 зялёных гарадоў Еўропы паводле дадзеных на 2010 год[12]. Горад у цяперашні час змагаецца за права правядзення летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года[13].

Горад размешчаны на рацэ Мансанарэс у цэнтры краіны. З'яўляючыся сталіцай Іспаніі, горад месціць рэзідэнцыю ўрада, а таксама рэзідэнцыю іспанскага манарха, Мадрыд таксама з'яўляецца палітычным цэнтрам Іспаніі[14]. Нягледзячы на тое, што Мадрыд валодае сучаснай інфраструктурай, горад захаваў гістарычны знешні выгляд. Яго славутасці ўключаюць Каралеўскі палац у Мадрыдзе, Тэатр Рэал (Каралеўскі тэатр) з адрэстаўраваным у 1850 годзе Оперным тэатрам; парк Буэна Рэтыра, заснаваны ў 1631 годзе, будынак Нацыянальнай бібліятэкі XIX стагоддзя, якая змяшчае некаторыя з гістарычных архіваў Іспаніі, археалагічны музей, а таксама Залаты трохвугольнік мастацтваў, размешчаны ўздоўж Пасеа-дэль-Прада і які складаецца з трох мастацкіх музеяў: музей Прада, Нацыянальны цэнтр мастацтва каралевы Сафіі і музей Тысена-Барнемісы[15].

Нягледзячы на тое, што тэрыторыя сучаснага Мадрыда была заселена з дагістарычных часоў[16], у рымскую эпоху гэтая тэрыторыя належала дыяцэзіі Камплутум. Да нашых часоў захаваліся археалагічныя астанкі маленькай вёскі, якая існавала ў час эпохі вестготаў, чыё імя, магчыма, было прынята пазней арабамі[17]. Заснаванне сучаснага горада прыходзіцца з IX стагоддзе, калі Мухамад I заказаў будаўніцтва невялікага палаца ў тым жа месцы, дзе сёння размяшчаецца каралеўскі палац. Вакол гэтага палаца была пабудавана невялікая цытадэль, аль-Мудайна. Цытадэль была заваявана ў 1085 годзе хрысціянскім каралём Леона і Кастыліі Альфонса VI падчас яго прасоўвання да Таледа. Ён перабудаваў мячэць горада ў царкву Дзевы Альмудэны. У 1329 годзе генеральныя картэсы менавіта ў Мадрыдзе сабраліся на сваё першае пасяджэнне, каб даць параду каралю Альфонса XI. Сефардскія яўрэі і маўры працягвалі жыць у горадзе ў часы хрысціянскага панавання, пакуль не былі выгнаны ў канцы XV стагоддзя. Пасля буйнога пажару, Энрыке III Кастыльскі перабудаваў горад і ўсталяваў добра ўмацаваныя звонку сцены ў Эль-Парда.

Позняе Сярэднявечча

[правіць | правіць зыходнік]
Пласа-Маёр

Каралеўства Кастыліі, са сталіцай у Таледа, і Каралеўства Арагон, са сталіцай у Сарагосе, былі злучаны ў сучасную Іспанію каталіцкімі манархамі, каралевай Ізабелай Кастыльскай і каралём Фердынандам II Арагонскім. Нягледзячы на тое, што іх ўнук Карл I Іспанскі жыў у Севільі, сын Карла, Філіп II пераехаў у Мадрыд у 1561 годзе. Нягледзячы на тое, што афіцыйна горад не з'яўляўся сталіцай, але дэ-факта гэта мела месца быць. Севілья працягвала кантраляваць гандаль з калоніямі Іспаніі, але Мадрыд кантраліраваў Севілью[18]. Акрамя кароткага перыяда 16011606 гадоў, калі Філіп III перанёс свой двор у Вальядалід, Мадрыд стаў галоўным горадам Іспаніі.

Падчас іспанскага залатога стагоддзя ў XVIXVII стагоддзях у Мадрыдзе быў пабудаваны Эскарыял, вялікі каралеўскі манастыр, дзякуючы намаганням караля Філіпа II, які прыцягнуў на працу ў краіну некаторых з найвялікшых архітэктараў і мастакоў Еўропы. Дыега Веласкес, адзін з самых уплывовых мастакоў еўрапейскай гісторыі і вельмі паважаны мастак у свой час, доўгі час жыў і працаваў у Мадрыдзе пры каралеўскім двары. Эль Грэка, іншы паважаны мастак таго перыяду, які надаў іспанскаму мастацтву стыль італьянскага рэнесансу і зрабіў важкі ўнёсак у іспанскі стыль жывапісу, таксама працаваў у Мадрыдзе.

Мадрыд быў адным з культурных цэнтраў падчас іспанскага залатога стагоддзя. Іспанскі двор прыцягваў шматлікіх папулярных іспанскіх мастакоў і пісьменнікаў да горада, у тым ліку Мігеля дэ Сервантэса. Акрамя таго, у горадзе нарадзіліся шматлікія вялікія пісьменнікі гэтага перыяда: Лопэ дэ Вега, Франсіска дэ Кеведа, Кальдэрона дэ ла Баркі і Тырса дэ Маліна, і апошні з выбітных мастакоў залатога стагоддзя, Клаўдзіа Каэлья. Вядомы архітэктар рэнесанса Хуан дэ Эрэра, які распрацаваў праект Пласа-Маёр, які быў пабудаваны ў горадзе ў перыяд панавання Габсбургаў у якасці цэнтральнай плошчы. Ён размешчаны недалёка ад іншай вядомай плошчы, Пуэрта дэль Соль.

Новыя палацы, як Рэал-дэ-Мадрыд, былі пабудаваны падчас панавання Філіпа V. Але сапраўдным сучасным горадам Мадрыд стаў у часы панавання Карла III, які быў адным з самых папулярных каралёў у гісторыі краіны, прыказка: «лепшы мэр — кароль» стала папулярнай у тыя часы. Калі Карл IV стаў каралём у горадзе пачалося паўстанне. Пасля паўстання Аранхуэс, якое ўзначаліў яго ўласны сын Фердынанд VII, Карл IV выракся ад стальца, але панаванне Фердынанда VII было вельмі кароткім, бо ўжо ў маі 1808 года напалеонаўскія войскі ўвайшлі ў горад.

Пляц Сібелес
Небаскробы Мадрыда

2 мая 1808 года насельніцтва Мадрыда паўстала супраць акупацыі горада французскімі войскамі, што прывяло да рэпрэсій з боку французскіх імперскіх сіл і пачатку іспанскай вайны за незалежнасць. Пасля сканчэння вайны за незалежнасць у 1814 годзе Фердынанд VII вярнуўся на трон, але пасля ліберальнай ваеннай рэвалюцыі, генерал Рафаэль дэль Рыега прысіліў караля вярнуць канстытуцыю 1812 года. Гэта быў пачатак перыяду, калі ліберальныя і кансерватыўныя ўрады чаргаваліся, і які скончыўся разам з каранацыяй Ізабелы II у 1830 годзе. Аднак яна не здолела падавіць палітычную напружанасць, якая прывяла да яшчэ аднаго паўстання і стварэння Першай Іспанскай рэспублікі. Аднак праз нейкі час манархія была рэстаўрыравана і зноў скасаваная, пры стварэнні Другой Іспанскай рэспублікі, якая папярэднічала іспанскай грамадзянскай вайне.

17 кастрычніка 1919 года быў адкрыты метрапалітэн.

Мадрыд стаў адным з найбольш пацярпелых гарадоў краіны падчас грамадзянскай вайны ў 19361939 гадах. Горад быў апорай рэспубліканцаў з ліпеня 1936 года. Яго заходнія прыгарады сталі арэнай татальнай бітвы ў лістападзе 1936 года, і ў гэты час Мадрыд стаў першым еўрапейскім горадам, які бамбардзіралі з самалётаў (Японія была першай, хто бамбардзіраваў грамадзянскае насельніцтва ў сусветнай гісторыі ў Шанхаі ў 1932 годзе), спецыяльна накіраваныя супраць грамадзянскіх асоб.

Падчас эканамічнага буму ў Іспаніі з 1959 па 1973 гады, горад перажыў беспрэцэдэнтны рост колькасці насельніцтва і багацця, стаўшы найбуйнейшым паводле колькасці ВУП горадам у краіне, і займаючы трэцяе месца ў Заходняй Еўропе. Паступова рос і сам горад, прымаючы ў свой склад суседнія раёны, і дасягнуўшы такім чынам пашырэння да 607 км². Поўдзень Мадрыда стаў вельмі прамыслова развіты, і там назіраліся масавыя міграцыі з сельскіх раёнаў Іспаніі ў горад. У паўночна-заходняй частцы горада пачалі сяліцца людзі сярэдняга класу, які з'явіўся ў выніку эканамічнага буму 1960-х гадоў, у той час як у паўднёва-ўсходняй частцы пражывала пераважна працоўны клас.

Пасля смерці Франка новыя дэмакратычныя партыі, у тым ліку левыя і рэспубліканскія партыі, прынялі караля Хуана Карласа I у якасці пераемніка Франка, у мэтах забеспячэння стабільнасці ў краіне. Гэта прывяло да змены дзяржаўнага ладу на канстытуцыйную манархію, са сталіцай у Мадрыдзе. Дзякуючы павышэнню дабрабыту насельніцтва ў 1980-х і 1990-х гадах горад умацаваў свае пазіцыі ў якасці важнага эканамічнага, культурнага, прамысловага, адукацыйнага і тэхналагічнага цэнтра на еўрапейскім кантыненце.

Мадрыд размешчаны ў цэнтры Іспаніі на вышыні 667 м над узроўнем мора. Праз горад цячэ невялікая рака Мансанарэс. Раней Мадрыд належаў гістарычнай вобласці Кастылія. У паўночна-заходняй частцы горада ўзвышаецца горны масіў Сьера-дэ-Гвадарама з яго найвышэйшым пунктам Пеньялара (2430 м).

Дзякуючы вышыні ў 667 метраў над узроўнем мора і кантынентальнаму клімату лета ў Мадрыдзе спякотнае з малой колькасцю ападкаў, а зімы нашмат халадней, чым у гарадах на міжземнаморскім узбярэжжы. У некаторыя гады выпадае шмат снегу, а невялікія навалы снегу здараюцца практычна кожную зіму. Сярэдняя студзеньская тэмпература складае 2—4 °C, ліпеньская 24—25 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў складае каля 400 мм.

Насельніцтва, мова, веравызнанне

[правіць | правіць зыходнік]

Сталіца займае першае месца ў краіне па колькасці насельніцтва, якое павялічваецца галоўным чынам за кошт імігрантаў. У горадзе цяпер пражывае прыблізна 3 млн чалавек. Дзяржаўнай мовай з'яўляецца іспанская, акрамя яе насельніцтвам горада выкарыстоўваецца каталонская, галісійская, басконская, а таксама мовы мігрантаў — арабская і іншыя. Большая частка насельніцтва каталікі.

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]
Карта мадрыдскіх акруг

Горад кіруецца Гарадскім саветам, прадстаўнікі якога абіраюцца раз на чатыры гады шляхам усеагульнага галасавання ўсіх грамадзян, якім на той момант споўнілася 18 гадоў. Мэра сталіцы краіны, таксама абіраюць праз агульныя муніцыпальныя выбары. Мадрыд адміністрацыйна падзелены на 21 акругу, якія, у сваю чаргу, падзеленыя на раёны. Кожны раён знаходзіцца ў падпарадкаванні раённага муніцыпальнай рады, членам якіх дэлегуюць свае прадстаўнічыя функцыі жыхары канкрэтнага раёна. Горад падзяляецца на наступныя акругі:

  1. Цэнтра (ісп.: Centro)
  2. Архансуэла (ісп.: Arganzuela)
  3. Рэтыра (ісп.: Retiro)
  4. Саламанка (ісп.: Salamanca)
  5. Чамартын (ісп.: Chamartín)
  6. Тэтуан (ісп.: Tetuán)
  7. Чамберы (ісп.: Chamberí)
  8. Фуэнкараль-эль-Парда (ісп.: Fuencarral-El Pardo)
  9. Манклоа-Аравака (ісп.: Moncloa-Aravaca)
  10. Латына (ісп.: Latina)
  11. Карабанчэль (ісп.: Carabanchel)
  12. Усера (ісп.: Usera)
  13. Пуэнтэ-дэ-Валекас (ісп.: Puente de Vallecas)
  14. Мараталяс (ісп.: Moratalaz)
  15. Сьюдад-Лінеаль (ісп.: Ciudad Lineal)
  16. Арталеса (ісп.: Hortaleza)
  17. Вільлявердэ (па-іспанску: Villaverde)
  18. Вілья-дэ-Валлекас (ісп.: Villa de Vallecas)
  19. Вакальвара (ісп.: Vicálvaro)
  20. Сан-Блас (ісп.: San Blas)
  21. Барахас (ісп.: Barajas)

Нягледзячы на тэндэнцыю да пераносу індустрыяльных цэнтраў у прамысловыя паркі, размешчаныя па-за гарадской мяжой, Мадрыд з'яўляецца другім паводле істотнасці пасля Барселоны прамысловым цэнтрам Іспаніі. У апошні перыяд узрасла значнасць аэрапорта Барахас і яго ўклад у адміністрацыйную і фінансавую дзейнасць. Істотна ўзрасло ў апошнія гады будаўніцтва дарог і пашырэнне чыгуначнага транспарту. Аднак Мадрыд, як і ўся Іспанія, адстае ад астатняй Еўропы ў развіцці новых тэхналогій. У прыгарадах — некалькі аўтамабільных заводаў.

Акрамя таго, інфляцыя ў Іспаніі вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень. Пачынаючы з 1998 года кошты на жыллё ўзраслі на 150 працэнтаў, чаму садзейнчіала ўвядзенне еўра. Адбылася страта канкурэнтназдольнасці з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі. Дэфіцыт гарадскога бюджэта ў 67 мільярдаў еўра з'яўляецца другім паводле памеру ў свеце. Мадрыд развівае турыстычную дзейнасць, з'яўляючыся найбольш наведвальным замежнымі турыстамі горадам краіны. Абвяшчэнне Мадрыда ў 1992 годзе «Горадам еўрапейскай культуры» было істотным крокам у развіцці гэтага працэсу.

Культура, адукацыя, навука

[правіць | правіць зыходнік]
Музей Прада

У Мадрыдзе знаходзяцца Каралеўская іспанская акадэмія (з 1713), Мадрыдскі ўніверсітэт, Мадрыдскі ўніверсітэт імя Карла III, Мадрыдскі аўтаномны ўніверсітэт, Нацыянальны ўніверсітэт дыстанцыйнай адукацыі, Камільяскі Папскі ўніверсітэт, Мадрыдскі еўрапейскі ўніверсітэт, Універсітэт Вілануэва, Мадрыдскі дыстанцыйны ўніверсітэт, Мадрыдскі політэхнічны ўніверсітэт, Універсітэт «CUNEF», Універсітэт Святога Паўла, каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). У 1952-60 пры Цэнтры абмену еўрапейскай культуры дзейнічаў Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі.

Тэатры: «Рэаль», «Сарсузла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т.л. музей Прада, Нацыянальны археалагічны, іспанскага народа, сучаснага мастацтва і інш.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

«Рэал Мадрыд» быў прызнаны ФІФА лепшым футбольным клубам XX стагоддзя. У 1920 годзе клубу было прысвоена званне каралеўскага і ён атрымаў сваю назву.

Стадыён каманды — «Сант'яга Бернабеу», размешчаны ў паўночнай частцы горада. Умяшчальнасць стадыёна — больш за 80 тыс. гледачоў. Адкрыццё стадыёна адбылося 14 снежня 1947 года. Стадыён названы ў гонар Сант'яга Бернабеу Естэ — прэзідэнта клуба ў 1943-1978 гадах.

Адным з наймацнейшых футбольных клубаў у гісторыі Іспаніі з'яўляецца «Атлетыка Мадрыд». Клуб грунтуецца на стадыёне «Вісентэ Кальдэрон», які змяшчае каля 55 тыс. гледачоў.

У 1982 годзе Мадрыд, нароўні з іншымі гарадамі Іспаніі, прымаў чэмпіянат свету па футболу. Фінал адбыўся на стадыёне «Сант'яга Бернабеу», групавыя гульні — на стадыёне «Вісентэ Кальдэрон».

У 2009 годзе Мадрыд заняў другое месца паводле вынікаў галасавання за права прыняць летнія Алімпійскія гульні 2016 года, саступіўшы Рыа-дэ-Жанэйра[19].

Гарады-пабрацімы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. INE.es Instituto Nacional de Estadística
  2. Eurostat.
  3. «World Urban Areas: Population & Density» (PDF). Demographia.
  4. Thomas Brinkoff. «Principal Agglomerations of the World».
  5. Member of the Governing Council (PDF). Delegate for Economy, Employment and Citizen Involvement. Page 6
  6. "Global city GDP rankings 2008–2025" Архівавана 4 мая 2011.. Pricewaterhouse Coopers.
  7. Globalization and World Cities (GaWC) Study Group and Network, Loughborough University. "The World According to GaWC 2008".
  8. "Global Power City Index 2009" (PDF).
  9. "Madrid is the most touristic city of Spain". Madridiario.es.
  10. "Monocle's World's Most Liveable Cities Index 2009" Архівавана 8 ліпеня 2010.. Monocle.com.
  11. "Top 20 liveable cities — 10 Madrid" Архівавана 15 ліпеня 2007.. Monocle.com.
  12. Greenest cities in Europe. City Mayors (2010-03-03).
  13. "Media". Olympic.org.
  14. "Madrid" Архівавана 12 сакавіка 2010.. Indiana.edu.
  15. "Madrid: Overview" Архівавана 22 ліпеня 2012.. Easy expat.
  16. «Pre-historic times in Madrid» Архівавана 10 кастрычніка 2018.. JMcatellanos.com
  17. "La dominación árabe(Arab rule). The city of Mayrit, a fortress in its origin, was founded by the end of the IX centruy". madridamano.com
  18. "Madrid, de territorio fronterizo a región metropolitana. Madrid, from being the "frontier" to become a Metropole." History of Madrid. Luis Enrique Otero Carvajal
  19. Олимпийские игры 2016 года пройдут в Рио-де-Жанейро
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т.9)