Мінскі аўтамабільны завод

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 16:03, 2 лютага 2020, аўтар (удзельнік выдалены) (выдаленае кароткае апісанне змен)
ААТ "Мінскі аўтамабільны завод"
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1944
Размяшчэнне Сцяг Беларусі г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Ключавыя постаці Генеральны дырэктар
Дзмітрый Сцяпанавіч Кацярыніч
Галіна Аўтамабілебудаванне
Прадукцыя грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, спецтэхніка
Уласны капітал
  • 560 млн Br (2021)[1]
Абарот
  • 1,68 млрд Br (2021)[2]
Чысты прыбытак $945 млн. (за 9 месяцаў 2011 год, Мінфін РБ)
Колькасць супрацоўнікаў 16,046 (2017)
Даччыныя кампаніі Магілёўтрансмаш[3], Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод[d][4], Брэстмаш[4], ТАiМ[d][4] і Завод аўтамабільных прычэпаў і кузавоў МАЗ-Купава[d][4]
Сайт maz.by

ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — найбуйнейшае дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі па выпуску велікагрузнай аўтамабільнай, а таксама аўтобуснай, тралейбуснай і прычапной тэхнікі.

Гандлёвая марка МАЗ шырока вядомая ў СНД і ў далёкім замежжы. Аўтамабілі МАЗ добра зарэкамендавалі сябе ў працы ў раёнах Крайняй Поўначы, пустынях Каракумы і Сахары, у тропіках Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Амерыкі, на Блізкім і Сярэднім Усходзе, гарах Лацінскай Амерыкі. Аўтамабілі МАЗ пастаўляліся ў больш чым 45 краін свету. Пасля праблемнага перыяду пачатку 1990-х, сёння МАЗ змог вярнуцца на большасць з гэтых рынкаў.

Завод з'яўляецца самастойным суб'ектам гаспадарання з правам юрыдычнай асобы, уваходзіць у якасці галаўнога прадпрыемства ў склад вытворчага аб'яднання «БелаўтаМАЗ» (у складзе якога знаходзяцца таксама РУП «МаАЗ», Магілёў; ААТ «БААЗ», Баранавічы; ААТ «АЗАА», Асіповічы; Руа «КЗТШ», Жодзіна; РУП «Літмаш», Мінск; ВРУП «ДЭМЗ», Дзяржынск; РУП «БудМАЗтрэст», Мінск.

Гісторыя

Заснаваны 9 жніўня 1944 г. пастановай Дзяржаўнага камітэта абароны аб арганізацыі аўтазборачнага завода ў Мінску.

1944 — 1947 гг.

Адначасова з будаваннем завода, у кастрычніку 1944 г. пачынаецца зборка грузавых машын GMC и Studebaker з вузлоў і дэталей, якія паступалі па ленд-лізу. Вырабленыя аўтамабілі адразу ж адпраўлялі на фронт. Зборка спынена ў кастрычніку 1946 г. За два гады было сабрана 18174 аўтамабіля.

У красавіку 1946 г. быў асвоены выпуск прычэпаў.

1947—1991 гг

У 1947 годзе на заводзе пачаўся выпуск грузавых аўтамабіляў. Першымі машынамі, якія выйшлі з цэха 7 лістапада 1947 года, сталі 6-тонныя самазвалы МАЗ-205, створаныя яшчэ на Яраслаўскім аўтазаводзе.

Да канца 1950 г. завод знаходзіўся ў стадыі будаўніцтва, таму на прадпрыемстве займаліся толькі зборкай машын і вытворчасцю драўляных кабін. Амаль 75% камплектуючых агрэгатаў паступала ў Мінск з Яраслаўля. І толькі ў 1951 г. ў эксплуатацыю былі запушчаныя асноўныя вытворчыя магутнасці завода.

На грузавікі серыі «200» ў 1959 і 1964 гадах прыйшоўся выпуск 100- і 200-тысячнага аўтамабіля маркі «МАЗ».

У 1950 г. на МАЗе было створана канструктарскае бюро звышцяжкіх грузавых аўтамабіляў, якое ўзначаліў вядомы канструктар Барыс Львовіч Шапашнік. Пад яго кіраўніцтвам 17 верасня 1950 г. быў сабраны першы 25-тонны кар'ерны самазвал МАЗ-525. У 1957 г. пачаўся выраб трохвосевай машыны МАЗ-530 грузападымальнасцю 40 тон. З 1956 г. МАЗ выпускаў таксама спецыяльныя колавыя машыны: будаўнічы МАЗ-528 і аэрадромны цягач МАЗ-541. У праграму таксама ўваходзілі аднавосевыя цягачы МАЗ-529В і МАЗ-531 для буксіроўкі скрэпераў.

Наступным важным этапам стала стварэнне заводам цяжкіх грузавікоў з бескапотнай кампаноўкай. Яшчэ ў 1958 годзе на МАЗе сабралі першыя ўзоры машын новага пакалення МАЗ-500, але толькі ў 1965 г., пасля рэканструкцыі завода, разгарнулася іх серыйная вытворчасць. Базавым варыянтам стаў бартавы 7,5-тонны МАЗ-500 з колавай базай 3850 мм.

У 1970 г. адбылася мадэрнізацыя 500-га сямейства. Колавая база бартавой мадэлі МАЗ-500А ўзрасла на 100 мм, грузападымальнасць павялічылася да 8 т.

Пакаленне МАЗаў 1977-89 гадоў ўяўляла сабой набор розных пераходных камбінацый з шасі 500-й серыі, і адрознівалася толькі абліцоўваннем кабіны і суцэльнаметалічнай грузавой платформай.

У канцы 1970-х распрацована новае — трэццяе пакаленне МАЗ. Першым у серыйнай вытворчасці ў 1978 г. з'явіўся седлавы цягач МАЗ-6422 (6x4). Пераход на новае пакаленне практычна завяршыўся да 1985 г. Базавымі сталі седлавыя цягачы МАЗ-54322 і МАЗ-64227.

У 1988 г. пачалося супрацоўніцтва з нямецкай фірмай MAN, чые 360-моцныя рухавікі былі ўпершыню ўстаноўлены на цягачы МАЗ-54326 і МАЗ-64226.

У 1988 г. на Парыжскім аўтасалоне завод прадставіў вопытны прататып — аўтапоезд МАЗ-2000 «Перабудова» даўжынёй 15 метраў з сілавымі агрэгатамі, размешчанымі ўнутры паваротнай каляскі пад высокай абцякальнай кабінай.

14 красавіка 1989 г. быў сабраны 1000000 грузавік. Ім стаў цягач МАЗ-6422.

Беларусь

Пераход да эканамічных рэформ пачатку 90-х гадоў адзначыўся буйнымі эканамічнымі і палітычнымі ўзрушэннямі, якія паставілі МАЗ на грань катастрофы. У далейшым МАЗ змог аднавіць сілы, мадэрнізаваць свае папярэднія грузавікі і стварыць новае чацвёртае пакаленне. На іх з'явіліся больш сучасныя агрэгаты, АБС у прывадзе тармазоў, процібуксовачнай сістэма ASR. Нараўне з расійскімі рухавікамі Яраслаўскага і Тутаеўскага маторных заводаў ўсё шырэй сталі выкарыстоўвацца нямецкія маторы MAN, амерыканскія Cummins, англійскія Perkins.

11 сакавіка 1997 г. з канвеера сышоў першы двухвосевы седлавы цягач сямейства «5440» чацвёртага пакалення. Пачатак новаму трохвосеваму пакаленню даў седлавы цягач МАЗ-6430 для 46-тонных аўтацягнікоў.

У 1999 г. завод прадставіў сярэднетанажны грузавік МАЗ-4370 з дызелем Д-245.9 (136 к.с.) Мінскага маторнага завода. Яго вытворчасць пачалася ў сакавіку 2000 г.

У 2011 г. аўдытарская брытанская кампанія Ernst&Young у рамках стварэння сумеснага прадпрыемства з расійскім прадпрыемствам «КАМАЗ» правяла ацэнку рынкавага кошту прадпрыемства, якая склала $800 млн.[5]

Прадукцыя

Па выніках 2011 агульны аб'ём рэалізацыі склаў 28,8 тыс. адзінак, з якіх 20,2 тыс. адзінак прыпадае на грузавыя аўтамабілі і 2,1 тыс. — пасажырскую тэхніку. У структуры продажаў доля экспарту ў 2011 годзе — 77 %. Асноўным замежным рынкам з'яўляецца Расія — на яе прыходзіцца доля паставак да 60 %. Па выніках 2011 года МАЗ заняў 10,2 % расійскага рынку грузавікоў поўнай масай больш за 8 т[6].

Грузавыя аўтамабілі

МАЗ-437141 (Еўра-2)
МАЗ-447131

З канвеера сходзяць аўтамабілі двух сямействаў: сямейства МАЗ-6422(выпускаецца з 1981 года) і сямейства МАЗ-6430(з 1997). Усяго больш за 500 мадэлей і мадыфікацый: седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, самазвалы, шасі пад ўстаноўку рознага спецабсталявання, сярэднетанажныя аўтамабілі, лесавозы. На аўтамабілях выкарыстоўваюцца рухавікі: ММЗ, ЯМЗ, Deutz (Дойц), MAN (МАН), Daimler (Даймлер). Прадукцыя адпавядае экалагічным стандартам Еўра-2, Еўра-3, Еўра-4, Еўра-5.

  • Сямейства МАЗ-6422:
    • Бартавыя аўтамабілі: МАЗ-5336, МАЗ-5337, МАЗ-6303, МАЗ-6317
    • Седлавыя цягачы: МАЗ-5432, МАЗ-5433, МАЗ-6422
    • Самазвалы: МАЗ-5551, МАЗ-5516, МАЗ-6517
  • Сямейства МАЗ-6430:
    • Бартавыя аўтамабілі: МАЗ-5340, МАЗ-5309, МАЗ-6312
    • Седлавыя цягачы: МАЗ-5440, МАЗ-6430
    • Самазвалы: МАЗ-5550, МАЗ-6501, МАЗ-6516
  • Сярэднетанажныя аўтамабілі:

Аўтобусы

Нізкападлогавыя гарадскія аўтобусы МАЗ-203 і МАЗ-206

15 чэрвеня 1992 г. была падпісана дамоўленасць паміж Мінскім Аўтамабільным Заводам і нямецкай аўтобуснай фірмай Неаплан (Neoplan), на падставе якой МАЗу была перададзена ліцэнзія на вытворчасць гарадскога аўтобуса Neoplan 4014 і турыстычнага лайнера Neoplan 316SHD. Былі перададзены таксама зборачныя прыстасаванні і тэхнічная дакументацыя. Першыя шэсць нізкападлогавых аўтобусаў былі сабраныя з нямецкіх машына-камплектаў ў 1993 года на плошчах Мінскага завода колавых цягачоў[7]. Першая пастаўка аўтобусаў МАЗ у прамыслова значных аб'ёмах адбылася ў 1997 г.

МАЗ-MAN

Самазвал МАЗ-MAN-750268

10 снежня 1997 сумесна з канцэрнам «МАН» («MAN») створана сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства ЗАТ «МАЗ-МАН», на якім да 1998 года была наладжана серыйная вытворчасць вялікагрузнай аўтамабільнай тэхнікі на шасі МАЗ з выкарыстаннем кабіны і рухавіка вытворчасці МАН. Адным з прыярытэтных напрамкаў прадпрыемства з'яўляецца выпуск седлавых цягачоў для міжнародных перавозак з колавай формулай 4x2 і 6x4, прыдатных для эксплуатацыі ў Еўропе і адпаведных усім еўрапейскім патрабаванням. Асвоены выпуск бартавых грузавікоў, самазвалаў, франтальных пагрузчыкаў. На базе шасі МАЗ-МАН наладжана вытворчасць бетоназмяшальнікаў, палівазапраўных аўтацыстэран і г. д.

Галерэя

Спорт

У 1987—1992 гг МАЗ удзельнічаў у чэмпіянаце Еўропы па кальцавых гонках на грузавіках[8]. Апошнім выступленнем кальцавога МАЗа стаў этап чэмпіянату свету ў Францыі, дзе Генадзь Драпкін заняў другое месца. Але па вяртанні дадому каманда была расфарміравана, праект закрыты, машына разукамплектавана, а пазней распілавана на металалом.

У 1999—2001 гг каманда «МАЗ-Яравіт» удзельнічае ў чэмпіянаце Еўропы па трак-трыяле. У 2000 годзе экіпаж Пётр Орсік / Дзмітрый Кніга стаў пераможцам чэмпіянату. У 2001-м экіпаж паўтарыў сваё дасягненне[9].

З 2010 года каманда Мінскага аўтамабільнага завода — «МАЗ-СПОРТаўта» — на аўтамабілях МАЗ-5309RR прымае ўдзел у міжнародных ралі-рэйдах «Шаўковы шлях», «Дакар», «Золата кагана» і інш.

Гл. таксама

Спасылкі

Зноскі