Беларусы Узбекістана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларусы Узбекістана — беларуская дыяспара ва Узбекістане. У Рэспубліцы Узбекістан пражывае каля 20 тысяч этнічных беларусаў (паводле апошняга перапісу насельніцтва 1989 годзе ва Узбекістане пражывала 29 тыс. 427 беларусаў).

Асноўная колькасць этнічных беларусаў з’явілася ва Узбекістане ў часы Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945 гг.) у перыяд эвакуацыі з акупаваных тэрыторый, у Ташкенце жыў Якуб Колас.

Сярэднеазіяцкі ўніверсітэт скончыў беларускі лінгвіст і перакладчык Аркадзь Мардвілка. У Ташкенцкім педінстытуце працаваў беларускі паэт, перакладчык Сцяпан Ліхадзіеўскі.

Другі этап перасялення беларусаў — спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў аднаўленні г.Ташкента адразу пасля землятрусу 1966 года, а таксама пераезд у 1970—1975 гадах спецыялістаў з Беларусі ў сувязі з адкрыццём Ташкенцкага трактарнага завода.

Месца рассялення этнічных беларусаў — г.Ташкент, Ташкенцкая і Самаркандская вобласці, дзе пражываюць каля 2/3 агульнай колькасці беларусаў, пры гэтым у дадзеных рэгіёнах яны не маюць кампактных месцаў пражывання. 1/3 беларусаў жыве па ўсёй тэрыторыі Узбекістан амаль раўнамерна.

У 1993 годзе ў г. Ташкенце пры Інтэрнацыянальнай культурным цэнтры Узбекістана быў утвораны Беларускі культурны цэнтр (БКЦ) «Світанак».

Старшынёй БКЦ «Світанак» з 2001 года з’яўляецца Лілія Станіславаўна Белазёрава.

У снежні 2006 года зарэгістраваны Беларускі культурны цэнтр г. Ангрэна, Ташкенцкай вобласці (БКЦА), які стаў другім Беларускім культурным цэнтрам на тэрыторыі Узбекістана. Старшынёй БКЦА з’яўляецца Вера Якаўлеўна Бабіцкая.

Беларуская дыяспара ва Узбекістане сумесна з Пасольствам Беларусі прымала ўдзел у традыцыйных вясновых святах Узбекістана, такіх як Наўруз і Фестываль нацыянальных культур, якія праводзяцца ў сакавіку і маі. У рамках святочных мерапрыемстваў былі прадстаўлены выступы харавога калектыву «Кацюша» і дзіцячага танцавальнага калектыву «Рух» Беларускага культурнага цэнтра «Свiтанак», нацыянальная беларуская кухня і прадметы нацыянальнай культуры.