Беларуская вёска

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская вёска. Строчыцы, 2008

Вёска — асноўны тып сельскага паселішча на Беларусі. Узнікла пры рассяленні земляробаў. Вёскам уласцівы ўклад жыцця, звязаны з сельска-гаспадарчай вытворчасцю і народнай традыцыйна-бытавой культурай. На працягу многіх стагоддзяў вёска была хавальніцай самабытных народных традыцый, што стварала грунт для нацыянальнага адраджэння і этнічнага самазахавання беларускага народа. Гісторыя вёскі адлюстроўвае працэс засялення і асваення этнічнага абшару, развіцця вытворчых сіл і сацыяльна-эканамічных адносін, зменлівую этнапалітычную сітуацыю.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

8-9 ст.[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку вёскі былі ўсе паселішчы аселых земляробаў і жывёлаводаў. Размяшчаліся яны пераважна на поплыўных узвышшах ці берагавых схілах. Скопішчы паселішчаў чаргаваліся з вялікімі незаселенымі прасторамі міжрэчных узвышшаў, водападзеллаў, лясоў. Памеры і формы былі разнастайныя, але пераважалі невялікія і сярэднія плошчай да 3 га, з бессістэмнай забудовай. У выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі з агульнай масы паселішчаў пачалі вылучацца рамесна-гандлёвыя і адміністрацыйна-палітычныя цэнтры, якія з цягам часу ператварыліся ў гарады і мястэчкі. На Беларусі гэтыя працэсы прасочваюцца ў археалагічных матэрыялах 8-9 ст. З таго часу вёска становіцца спецыфічным паселішчам, якія адрозніваюцца ад іншых населеных пунктаў функцыямі і складам насельніцтва.

У 8-9 ст. у выніку пераходу ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сялянскія двары-сядзібы. Распад радавой абшчыны суправаджаўся гаспадарчым працэсам:стала пашыранай саха, ляднае (пасечнае) земляробства змянілася лясным пералогам і пачатковай папарнай сістэмай. Замест паўзямлянак пачалі будавацца наземныя хаты, заглыбленыя ў грунт пабудовы выкарыстоўваліся толькі ў гаспадарчых мэтах.

10-13 ст.[правіць | правіць зыходнік]

З канца 10 да сярэдзіны 13 ст. колькасць вёсак павялічылася больш як удвая. Рассяленне стала больш шчыльным, але заставалася шмат незаселеных месцаў, у тым ліку міжрэчныя ўзвышшы. Пабольшалі і памеры ранейшых вёсак. Павялічылася колькасць сярэдніх і маладворных, якія, аднак, былі недаўгавечнымі, бо адбывалася інтэнсіўнае адгалінаванне паселішчаў, якія складаліся з некалькіх сем’яў. Традыцыйна захавалася бессістэмная забудова, але ўсё часцей сустракаюцца вёскі з ай лінейнай планіроўкай. Пашыралася папарная сістэма земляробства. Пра даволі высокі ўзровень жыцця сялян, якія ў большасці выпадкаў заставаліся асабіста, а месцамі і пазямельна вольнымі, сведчаць шматлікія находкі рэчаў матэрыяльнай культуры, упрыгожанняў і інш.

У 11 ст. у вёску пранікае хрысціянскае веравызнанне, якое да 13 ст. амаль цалкам выцесніла язычніцтва. даволі значная колькасць невялікіх умацаваных рэзідэнцый-замкаў сведчаць пра пашырэнне з 10-12 ст. феадальнага землеўладання.

У канцы 13-14 ст. пачалося асваенне міжрэчных узвышшаў і водападзелаў, дзе стаялі яшчэ некранутыя лясы. Меога новых вёсак узнікла на ачышчанных ад лясоў абшарах. Большасць з іх будавалася на берагах рэчак і азёр, бо глеба рачных далін была больш урадлівая, вадаёмы з’яўляліся надзейнай крыніцай пітной вады, а рэкі служылі зручным шляхам зносін. За кошт такога перамяшчэння зменшылася колькасць вёсак у рачных далінах. Драбнаконтурнасць палеткаў і інш. угоддзяў была прычынай фарміравання маладворных вёсак, якія і пераважалі на працягу некалькіх стагоддзяў. Змена структуры рассялення была выклікана масавым пашырэннем трохполля, складваннем феадальнай гаспадаркі.

14-16 ст.[правіць | правіць зыходнік]

У 14-16 ст. беларускія вёскі пераважна былі невялікія, не болей за 20 двароў. Аднак у асобных месцах існавалі і вялікія паселішчы[1]. У гэты час сельскае паселішча найчасцей называлася сялом[2], дробныя пасёлкі — прыселкамі. Своеасаблівымі відамі сельскіх паселішчаў былі размешчаныя паблізу феадальных маёнткаў «дварцы», заселеныя панскімі слугамі.

На працягу 16-17 ст. на Беларусі ўзніклі паселішчы ваколічнай шляхты, якая займалася сельскай гаспадаркай, — аколіца, засценак. Існавалі таксама шматлікія аднадворныя і маладворныя паселішчы: корчмы, двары млынароў, леснікоў і інш.

Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка, калі сялянскія хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У дакументах таго часу сялянскія сядзібы называюцца дымамі, сяліцьбамі. У выніку валочнай памеры пашыралася вулічная планіроўка, якая была адметнай рысай беларускай вёскі на працягу стагоддзяў. Узнікла мноства так званых устаўных вёсак (ад Уставы на валокі), дзе жылыя дапаможныя збудаванні стаялі на адзін бок вуліцы, а гаспадарчыя па другі. Сям’я ў такіх вёсках звычайна мела адну валоку зямлі.

17 — пачатак 20 ст.[правіць | правіць зыходнік]

На працягу 17 — пачатку 20 ст. адбыліся істотныя зрухі ў сацыяльна-эканамічнай структуры грамадства, характары рассялення і вонкавым абліччы сельскіх паселішчаў. З павелічэннем плошчы ворыва і асваеннем новых зямель пашырылася фальварковая сістэма гаспадаркі, стала больш вёсак з выразнай планірувачнай структуры вулічнага тыпу. Моцна пацярпелі вёскі ў ходзе антыфеадальнай вайны 1648—1651, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667, Паўночнай вайны 1700—1721, падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. У выніку адбыліся страшэнныя спусташэнні, насельніцтва Беларускіх зямель скарацілася больш як удвая. У 1654—1667 пуставала больш за палову ворных зямель. Мясцовыя жыхары хаваліся ад рабаўнікоў у лясах, ладзілі зямлянкі і сховішчы для ацалелага скарбу і харчу. З мэтай ажыўлення эканомікі разбуранных раёнаў феадалы заахвочвалі пэўнымі льготамі перасяленцаў, вызвалялі іх на 3-10 і болей гадоў ад падаткаў. У выніку ўзнік новы тып паселішчаў — слабоды, якія праз пэўны час набывалі статус звычайных вёсак. Мноства паселішчаў, асабліва ў Падняпроўі і Пасожжы, утварылася на месцы былых буд і гут, аб чым сведчаць іх назвы.

На ўсіх этапах феадалізму існаваў пазаэканамічны прымус. які даваў магчымасць землеўладальнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. Пасля адмены прыгону адбыліся істотныя змены ў жыці вёскі, у цывільна-прававым статусе яе жыхароў, у духоўнай і матэрыяльнай культуры. Паскорыўся працэс распаду вялікай трохпакаленнай сям’і, дарослыя сыны ўтваралі самастойныя гаспадаркі і ставілі сваё жытло на той самай сядзібе, што вяло да драблення зямельных надзелаў і скучанасці забудовы. На вузкай сядзібнай палосцы сяліліся часам 2 і нават 3 сям’і. Пры гэтым іх гаспадарчыя памяшкані ўтваралі доўгі пагон, выцягнуты на некалькі дзесяткаў метраў. Былыя валочна ўстаўныя вёскі забудоўваліся абапал вуліцы.

З распадам сялянскай абшчыны павялічыўся рух сялян з вёскі ў горад і перасяленне на хутары, што часцей назіралася ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі. У выніку сталыпінскай аграрнай рэформы пач. 20 ст. у Віцебскай губерні на хутары перасялілася 23,3 % сялянскіх гаспадарак, у Магілёўскай губерні — 12,3, Гродзенскай — 9,3, Віленскай — 7,2, Мінскай — толькі 4,6 %. Сталыпінская аграрная рэформа падводзіла заканадаўча прававую базу пад натуральны гістарычны працэс эвалюцыі сялянскай гаспадаркі і яе развіцця па шляху фермерскай гандлёва-рыначнай вытворчасці.

Аднак гэты працэс быў прыпынены Першай сусветнай вайной 1914—1918, у выніку якой Беларусь моцна пацярпела. У 1915—1918 амаль уся яе тэрыторыя была акупіравана германскімі войскамі. Вялікая колькасць насельніцтва, у тым ліку і жыхары вёсак, падалася ў бежанцы.

1917-[правіць | правіць зыходнік]

Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расійскай імперыі паклала савецкі перыяд развіцця беларускай вёскі, на той тэрыторыі Беларусі, якая папала ў склад БССР. На працягу больш як 70 гадоў рабіліся намаганні зрабіць адзіную, непарсіфікаваную дзяржаўную або грамадскую ўласнасць, дамагчыся ўніфікацыі ўсіх эканамічных укладаў, ствараючы на базе гэтай уласнасці гаспадаркі джяржаўнага тыпу — калгасы і саўгасы. Адбыліся значныя змены ў класавай структуры. Паводле Дэкрэта аб зямлі 1917 года пачалася канфіскацыя буйной зямельнай уласнасці, асноўным тыпам гаспадаркі стала дробная індывідуальная гаспадарка. Быў ліквідаваны клас памешчыкаў, скарацілася колькасць заможных сялян у параўнанні з 1917 годам не менш як у 5 разоў, у якіх былі адабраны значныя плошчы зямлі і частка сродкаў вытворчасці. У выніку адбылося распыленне сродкаў вытворчасці буйных уласнікаў сярод шырокай масы сялянства. Знікла катэгорыя памешчыцкіх парабкаў.

У вёсцы вялася барацьба з непісьменнасцю, ствараліся ячэйкі РКП(б) і камсамола, прафсаюзныя арганізацыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у пралетарскім духу, выкараненні дробнапрыватніцкай сялянскай псіхалогіі, паскорылася развіццё кааперацыі.

У выніку харчразвёрсткі, прымусовага адчужэння большай часткі атрыманай сельскагаспадарчай прадукцыі была падарвана зацікаўленасць селяніна ў вытворчасці, захоўвалася сацыяльная напружанасць у грамадстве. Пры пераходзе да новай эканамічнай палітыкі харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, змяніліся метады сацыялістычнага будаўніцтва.

Разбуралася рэгілійная культура, гэта лінія праводзілася з дапамогай груп беднаты, камітэтаў сялянскай грамадскай узаемадапамогі, камсамольскіх ячэек і г.д.

Прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі прынесла вёсцы новыя выпрабаванні і страты. Была ліквідавана праслойка заможных сялян і частка сераднякоў, згорнуты наём рабочай сілы ў сялянскіх гаспадарках.

Рэгіянальныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Амаль кожны сялянскі двор быў універсальнай гаспадаркай, якая амаль цалкам забяспечвала свае патрэбы. Толькі вельмі абмежаваная колькасць тавараў набывалася на рынку ці рабілася на заказ. Нягледзечы на сваю самастойнасць і ўніверсальнасць, сялянскі двор быў цесна звязаны з сельскай грамадой суседскімі і сваяцкімі сувязямі, устойлівымі нормамі народнай маралі, звычаю і звычаёвага права. Група суседніх вёсак утвара сельскую акругу , якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканамічнага жыцця. У межах гэтых акруг бралася пераважная большасць шлюбаў. Паводле этнаграфічных звестак з Палесся і Падняпроўя, вёскі за 5-10 вёрст лічыліся «чужой стараной». У акрузе вылучаўся цэнтр — адна з вёсак або сяло, — які вызначаў рытм мясцовага народнага жыцця, да яго цягнуліся жыхары суседніх паселішчаў (асабліваў святочныя і кірмашныя дні). Культурны ландшафт і знешняе аблічча вясковай правінцыі адлюстроўвалі, з аднаго боку, агульна-беларускія, з другога — рэгіянальна і мясцовыя рысы.

Амаль усе будынкі беларускай вёскі таго часу будаваліся з дрэва, пераважна з хвоі, радзей з елкі. Ніжні вянок (падруба), штандары, бакавыя шулы, апорныя сохі ў гумнах і паветках рабілі з дубу. На будаўніцтва гаспадарчых пабудоў ішлі і лісцевыя пароды — асіна, вольха. На Палессі асіну часам выкарыстовалі і на будаўніцтва жылля. Пры захаванні пэўнай тэхналогіі і рэжыму такія хаты служылі сто і болей гадоў. Былі ў вёсках і мураваныя будынкі з валуноў, цэглы, гліны. Стрэхі звычайна крылі саломай, на Палессі — трыснягом і чаротам, у лясных краях таксама драўлянымі матэрыяламі (колатымі дошкамі, драніцай, гонтай). Да 1860-1870-х пераважалі курныя вясковыя хаты. Курныя хаты хутка саступілі месца так званым чыстым хатам, якія мелі печы з дымаходам і паліліся «па-беламу». Гэты працэс пачаўся раней і ішоў хутчэй у вёсках дзяржаўных сялян.

Падзвінне[правіць | правіць зыходнік]

У Падзвінні і Паўночнай Беларусі асноўная маса сельскага насельніцтва жыла ў маладворных вёсках і на хутарах, раскіданых сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр. Паводле першага ўсерасійскага перапісу[3], у Віцебскай губерні на кожныя 100 квадратных вёрст прыпадала 70 сельскіх паселішчаў, у кожным з якіх жыло прыкладна па 50 жыхароў. Сяліліся звычайна ў баку ад вялікіх дарог з улікам прыстасаванасці да экалагічных умоў, наяўнасці выгану побач і «нічыйных» зямель, суседства з вадаёмам і лесам, што надавала паселішчам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невялікія вёскі і хутары, рассыпаныя па вялікіх абшарах векавых лясоў, марэн і азёр, служылі адначасова сховішчам ад вельмі частага ў гэтым краі ваеннага рабаўніцтва чужынцамі, наездаў свавольнай шляхты, пастояў войска, зборшчыкаў падаткаў. Паміж вёскамі і суседнімі хутарамі, засценкамі і асобнымі сядзібамі пралягалі слаба пратаптаныя прасёлкі і сцежкі, узімку прыкладалася мноства часовых дарог, што вялі наўпрост скарочанымі маршрутамі па замёрзлых рэках і азёрах. Тут быў пашыраны вянковы тып сядзібнай забудовы з размяшчэннем будынкаў па перыметры двара. Адначасова траплялася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканні шчыльна прылягалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў гэтым рэгіёне).

Падняпроўе[правіць | правіць зыходнік]

На ўсходзе Беларусі самай засвоенай і заселенай была левабярэжная частка Прыдняпроўя — Аршанска-Магілёўская і Горацка-Мсціслаўская раўніны з масівамі ўрадлівых глеб. У міжрэччы Дняпра і Друці найбольш шчыльная сетка вёсак і іншых тыпаў паселішчаў здаўна была ўласціва паўночнай частцы паміж Магілёвам, Копыссю і Друцкам, аб чым сведчыць тапаграфія паселішчаў на карце Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) 1613. На поўдні цягнулася паласа густых лясоў, дзе, паводле Баркулабаўскага летапісу 17 ст., на значнай прасторы існавала толькі тры вёскі. На працягу 17-19 ст. всечка і прамысловая распрацоўка лесу прыкметна змянілі мясцовы ландшафт, і на навіне ўзнік шэраг вёсак, аб гісторыі назвы якіх сведчаць іх назвы: Буты, Гуты, Майданы, Ляды, Канцы, Пільня, Сякера. Пасля адмены прыгоннага права адбываўся даволі актыўны міграцыйны рух далей на захад у лясныя раёны Бярэзінскага басейна. Тут будаваліся дыхтоўныя дамы, усе пабудовы абносіліся трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Найменш заселены ў гэтым рэгіёне быў водападзел Бярэзіны і Друці, які ў старажытнасці служыў мяжой паміж крывічамі і дрыгавічамі.

Цэнтральная Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдняй паласе, характар сельскага рассялення вызначаўся больш выразнай кампактнасцю і шчыльнасцью насельніцтва. Тут, побач з прырэчнымі, часцей сустракаліся вёскі на водападзелах. На захад ад Бярэзіны, найбольш густа была заселена Слуцка-Нясвіжская лёсавая раўніна. Вёскі па 20-40 сядзіб вулічнага тыпу ўтваралі тут густую сетку паселішчаў і размяшчаліся ўздоўж дарог на адкрытай мясцовасці.

Панямонне[правіць | правіць зыходнік]

Тыпалогія і знешняе аблічча паселішчаў Панямоння, апрача мясцовых экалагічных умоў, адлюстроўвала складаную этнасацыяльную сітуацыю ў гэтым рэгіёне. Народная архітэктура прагрэсіравала тут крыху хутчэй, чым у іншых рэгіёнах Беларусі, актыўна пераймала і перапрацоўвала асобныя канструкцыйныя формы Захаду. У 18-19 ст. тут было па 20-30 сядзіб. У Панямонні вёскі вызначаліся выразнай вулічнай структурай з наяўнасцю больш старажытнай цэнтральнай часткі і канцоў. Іх тапаграфія нярэдка ўскладнялася завулкамі і размешчанымі на водшыбе асобнымі сядзібамі. некалькі ў глыбіні ад вуліцы ставілі сваё жытло сельскія святары, службовыя асобы, а таксама сяляне, што цярпелі стыхійныя бедствы — пажары, разбурэнні ад ураганаў ці неаднаразовую заўчасную смерць блізкіх: будаваць жытло на ранейшым «няшчасным» («праклятым») месцы не раіла павер’е.

Палессе[правіць | правіць зыходнік]

На Беларускім Палессі своеасаблівыя экалагічныя і этнакультурныя ўмовы адбіваліся і на характары рассялення вёсак і арганізацыі жылога асяроддзя. Сельскія паселішчы тут былі размеркаваны нераўнамерна па тэрыторыі. Найбольшай шчыльнасцю вылучаліся раёны лёсавых раўнін у ніжнім цячэнні Прыпяці, у цэнтральнай частцы Палесся (Тураўшчына) і на яго захадзе (Загароддзе і Пабужскае Падляшша). Вялікія ж абшары Прыпяцкага Палесся па-ранейшаму заставаліся слаба асвоенымі і рэдка заселенымі. Тут пераважаў прырэчны ці прыазёрны тып рассялення. Мнагадворныя вёскі размяшчаліся па берагах рэк і яроў, на забалочаных абшарах Прыпяцкага Палесся — часта на марэнных пагорках і дзюнных астравах па краі балот. Структура, планіроўка і контуры вёскі нярэдка паўтаралі араграфію мясцовасці, з улікам характару грунту і зручнасці пад’язных шляхоў. Неадменнай рысай сельскіх ландшафтаў былі штучныя дарожныя збудаванні — гаці, дамбы, масты, Кладкі, пераходы на палях («лавы»). Побач з многадворнымі тут сустракаліся і невялікія вёскі ў 5-10 сядзіб, засценкі і хутары-выселкі. У глухіх месцах Палесся здаўна асядалі беглыя сяляне, што ратаваліся ад прыгону і іншых ганенняў. Адміністрацыя казённых лясоў і мясцовыя землеўладальнікі часам толькі праз шмат гадоў даведваліся пра сваіх навасёлаў, уключаючы іх у падатковае саслоўе. Тут сяліліся і дробныя прамыслоўцы, якія закладвалі паташныя буды, смалакурні, здабывалі балотную руду, выплаўлялі жалеза, збываючы яго сялянам на сашнікі і хатні інвентар. Адзін з самых бытных куткоў Палесся — Зарэчча, дзе шматлікія рэкі (Стыр, Ясельда, Піна, Бобрык і інш.) упадаюць у Прыпяць на невялікай адлегласці, утвараючы мноства рукавоў, праток, «гнілых» рэчышчаў. Вясною і ў пачатку лета ўвесь гэты раён ператвараўся ў вялізнае возера, сярод якога ўзвышаўся архіпелаг астраўкоў з палескімі вёскамі. Зносіны паміж імі, а нярэдка і асобнымі дварамі адной вёскі на працягу некалькіх месяцаў былі магчымыя толькі з дапамогай лодак. Палескія рэкі наогул з’яўляюцца важнымі шляхамі зносін і адыгрывалі істотную ролю ў гаспадарчай дзейнасці і штоддзёным побыце. Уздоўж рэк цягнуліся заліўныя лугі, якія служылі добрай кармавой базай для жывёлагадоўлі, прыбярэжнай тэрасы, рэшткавыя марэнныя ўзвышшы і пагоркі былі зручныя для засялення. Вёскі вулічнага тыпу найчасцей размяшчаліся паралельна рацэ, сядзібы часцей выходзілі да ракі сваімі задворкамі і агародамі. Традыцыйная сядзібная забудова — аднародная (пагонная), радзей — з нязвязанымі пабудовамі, вянковая і бессістэмная.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Напрыклад у 1560 годзе на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці існавалі вёскі па 100 двароў і болей.
  2. Таксама «зямля», «служба», «слабада», «воля» і інш.
  3. Праходзіў у 1897

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лакотка, А. І. Народнае дойлідства / А. І. Лакотка. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — 200 с.