Беларусы Латвіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыж­ская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы
Беларускі нацыянальны сцяг, які выкарыстоўваецца дыяспарай

Беларусы ў Латвіі — частка беларускай дыяспары, трэцяя па колькасці нацыянальная меншасць краіны. Станам на 1 ліпеня 2022 г. колькасць беларусаў у Латвіі складала 57 319 чалавек (2,98 % жыхароў Латвіі). Станам на 1 студзеня 2021 года 27 477 чалавек — грамадзяне Латвіі, 26 481 чалавек — неграмадзяне Латвіі, 4 405 чалавек — грамадзяне Беларусі.

У Індрскай, Піедруйскай (Прыдруйскай) і Робэжніекскай валасцях Краслаўскага раёна беларусы, паводле перапісу 2000 года, складаюць большасць насельніцтва.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

У V—VIII стст. славянскія плямёны (перадусім крывічы) з’явіліся на тэрыторыі сённяшняй Латвіі, частка з іх змяшалася з мясцовым балцкім насельніцтвам, часткова асіміляваўшы яго. У гэты час у раёне мясцовасцей Пылда, Піедруя, Істра, Індрыца пачалі фарміравацца астравы беларускага аўтахтоннага насельніцтва, якое развівалася ў шчыльным кантакце з асноўным арэалам беларускага этнасу.

Э. Мугурэвіч, В. Уртан, Р. Дзянісава, Я. Граўдоніс, У. Свяжынскі ў сваіх працах паказваюць на шчыльныя кантакты паміж крывічамі і латгаламі, у выніку чаго часам немагчыма правесці выразную мяжу паміж дзвюма плямёнамі. У працэсе ўзаемадачынення склалася шырокая культурная і геаграфічная зона з мяшаным насельніцтвам. Пра шчыльнасць кантактаў з крывічамі сведчыць і латышскі этнонім krievs (беларус — baltkrievs), якім мясцовыя плямёны пазначалі ўсе ўсходнеславянскія плямёны (цяпер ён ужываецца для азначэння рускіх). Даследаванні адмыслоўцаў кажуць пра падабенства рытмікі і мелодый у народнай музыцы (М. Голдын), адзежы (А. Зарыня), найменнях прадметаў побыту (Р. Меркенэ), прыказках і прымаўках (Э. Кокарэ).

З цягам часу раён Заходняе Дзвіны ў Латвіі ўвайшоў у сферу ўплыву Полацкага княства. Палачане збіралі даніну з мясцовых плямёнаў (ліваў і латгалаў), пра што згадвае ў сваёй «Хроніцы Лівоніі» Генрых Латвійскі. Фарпостамі Полацкага княства ў рэгіёне былі крэпасці Герцыке і Кукенойс, дзе ў пачатку XIII ст. княжылі адпаведна князі Усевалад і Вячка. Гэтыя князі ў 1200—1220-х узначальвалі змаганне мясцовых плямёнаў супраць нямецкіх і шведскіх рыцараў. У гарадах Талава, Герцыке, Кукенойс былі праваслаўныя цэрквы, падначаленыя Полацкай епархіі.

З заснаваннем у 1201 годзе Рыгі і прыходам крыжакоў Полацкае княства ўсталявала шчыльныя гандлёвыя кантакты з імі, пра што сведчаць дамова 1210 года і іншыя пагадненні. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы збудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 года вядомая царква святога Мікалая ў Рызе, з XVI ст. — слабада беларускіх плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 года мела магдэбургскае права).

У выніку Інфлянцкай вайны ў 1561 годзе Інфлянцкі ордэн распаўся на Курляндскае і Задзвінскае княствы, якія тады ж сталі васаламі Вялікага Княства Літоўскага, а з 1569 года — Рэчы Паспалітай. Паўночная Латвія ў 1629 года адышла да Швецыі, паўднёвая ж (Курляндыя) заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай да 1795 года.

Паводле даных даследчыкаў гісторыі Латвіі, у сярэдзіне XVII ст. (1648) беларусы і рускія складалі больш за палову ўсяго насельніцтва цяперашніх Лудзенскага і Краслаўскага раёнаў. Сюды далучаецца і Даўгаўпілскі раён. Даследчык Сяргей Сахараў называў Прыдруйскую, Пустынскую, Пасінскую воласці раёнамі кампактнага жыцця беларусаў. У Букмуйжскай воласці Стэжыцкага павета і Шкавенскай воласці Лудзенскага павета яны рас­сяляліся ўперамежку з латгаламі. У XVIII—XIX стст. у Латвіі з’явілася некалькі праваслаўных беларускіх цэркваў.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1795 годзе частка беларускіх і латышскіх зямель далучаны да Расійскай імперыі. Перасяленню беларусаў у Латвію спрыяла адмена прыгоннага права ў 1861 годзе. Частка беларусаў асела ў партовых гарадах. З Латвіі паходзілі, тут навучаліся або працавалі ў XIX — пачатку XX стст. беларускія грамадскія, культурныя і палітычныя дзеячы, пісьменнікі і мастакі — Ігнат Буйніцкі, Віктар Вальтар, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Уладзімір Кудрэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Янка Маўр.

Паводле ўсерасійскага перапісу 1897 года на тэрыторыі сучаснай Латвіі было 81 986 беларусаў (па іншых даных 79 523). У Рызе Вацлаў Ластоўскі і Эдвард Будзька чыталі лекцыі на беларускай мове для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад працаўнікамі з Беларусі.

1918—1944[правіць | правіць зыходнік]

У 1920 годзе, са стварэннем незалежнай Латвійскай Рэспублікі, беларусам нададзены статус нацыянальнай меншасці, латвійскае грамадзянства і права на нацыянальна-культурную аўтаномію. Аднак ужо праз пяць гадоў колькасць беларусаў знізілася да 38 тысяч, а ў 1930 годзе да 36 тысяч, гэта звязана з тым, што беларусаў часта штучна адносілі да рускіх, палякаў і латышоў. Пасля абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі было створана некалькі культурна-асветніцкіх таварыстваў («Бацькаўшчына», «Беларуская хата», «Рунь» і інш.), каля 40 школ, дзве беларускія гімназіі, два тэатры — у Рызе і Даўгаўпілсе, газета «Голас беларуса» і некалькі часопісаў. Усё гэта дазволіла беларускаму насельніцтву Латвіі захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і ў той жа час інтэгравацца ў латвійскую дзяржаву. Паводле перапісу 1935 года ў Латвіі жылі толькі 26,9 тысячы беларусаў (1,4 %). Беларускую дыяспару крыху папоўнілі суайчыннікі, якія прыехалі ў пошуках працы з заходняй часткі Беларусі, якая з’яўлялася часткай Польшчы.

Пасля перавароту 1934 года беларуская адукацыя стала згортвацца (у 1941—1944 гадах яна яшчэ існавала, у прыватнасці, у Варнавічах Каплаўскай воласці). Пачаліся працэсы «латышызацыі» Латгаліі. Дзейнасць, прысвечаная беларускай адукацыі і культуры ў рэгіёне, была спынена, а беларускія школы ліквідаваны. Некаторыя з іх былі адноўлены падчас нямецкай акупацыі. Пасля Другой сусветнай вайны і з устанаўленнем савецкага рэжыму ў 1944 годзе, беларускія школы былі зноў закрыты, культурна-асветніцкая работа спынена, настаўнікі і работнікі культуры рэпрэсіраваны.

Беларускае насельніцтва ў паасобных рэгіёнах Латгаліі. 1933

Савецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшая колькасць беларусаў прыехала ў Латвію ў перыяд з 1959 па 1989 гады. У асноўным гэта былі рабочыя, занятыя ў будаўніцтве і маладыя спецыялісты, накіраваныя з беларускіх ВНУ, а таксама салдаты і афіцэры, якія засталіся пасля службы ў войску. Паводле перапісу 1959 года ў Латвіі пражывала 61,6 тысяч беларусаў (2,9 %), у 1970 годзе — 95,9 тысяч (4,0 %), у 1979 годзе — 111,5 тысяч (4,5 %). У 1989 годзе ў Латвіі ўжо пражывала каля 120 тысяч беларусаў. Нягледзячы на вялікую колькасць беларусаў, у Латвійскай ССР адсутнічала беларускамоўная адукацыя, беларускія дзеці навучаліся ў рускіх і латышскіх школах, што прывяло да паступовай страты беларускай мовы новымі пакаленнямі.

Постсавецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пры агульным змяншэнні насельніцтва Латвіі пасля набыцця краінай незалежнасці колькасць беларусаў упала асабліва рэзка — немалой часткай за кошт выезду з краіны беларусаў, якія прыбылі ў апошнія дзесяцігоддзі існавання СССР і ў Латвіі не ўкараніліся. Колькасць беларусаў даволі хутка скарачаецца, што абумоўліваецца як масавай эміграцыяй у постсавецкі перыяд, так і інтэнсіўнымі асіміляцыйнымі працэсамі і вялізным натуральным змяншэннем. Калі яшчэ ў 1990 годзе нараджальнасць сярод латвійскіх беларусаў перавышала смяротнасць, то да 2008 года смяротнасць была вышэйшая за нараджальнасць у тры разы. Для параўнання, у латышоў у 2008 годзе смяротнасць перавысіла нараджальнасць усяго на 6,6 %. У 2011—2017 гадах колькасць беларускага насельніцтва скарацілася на 14,7 %, у той час як рускага — на 12,3 %, а латышскага — на 3,8 %. Параўноўваючы сумарнае змяншэнне беларускага насельніцтва за перыяд паміж перапісамі і дынаміку фактычнай колькасці дыяспары, можна канстатаваць, што толькі за 1989—2000 гады яна скарацілася прыкладна на 7 тысяч чалавек за кошт натуральнага змяншэння і на 15 тысяч — за кошт эміграцыі і асіміляцыі. Цяпер міграцыйнае змяншэнне сярод беларусаў захоўваецца, але маштаб адтоку значна знізіўся ў параўнанні з 1990-мі гадамі.

Развіццё асіміляцыйных працэсаў сярод латвійскіх беларусаў абумоўліваецца шырокім распаўсюджваннем змешаных шлюбаў. Паводле звестак Цэнтральнага статыстычнага бюро Латвіі, доля змешаных шлюбаў сярод беларусаў у 2008 годзе дасягнула 89,8 % (у папярэднія гады яна толькі зрэдку была ніжэйшай за 90 %).

Станам на 2020 год, колькасць грамадзян Беларусі, якія жывуць у Латвіі, штогод расла на 300 чалавек. Пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі (2020—2021) у Латвію перабраліся многія прадстаўнікі беларускай апазіцыі, IT-спецыялісты і прадпрыемствы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • M. Jankowiak, K. Kascian (eds.), In the Shadow of Others. Belarusian-Latvian Relations from the Past to Nowadays, Praha 2022: Slovanský ústav AV CR, 592pp., ISBN 978-80-86420-84-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]