Беларусы ЗША

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Беларусы ЗША (англ.: Belarusian American) — супольнасць, якая складаецца з эмігрантаў-беларусаў і грамадзян ЗША беларускага паходжання.

Колькасць і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Падлікі амерыканскага даследчыка-беларуса В. Кіпеля сведчаць, што тут у выніку трох хваляў эміграцыі пасялілася больш за 600 тыс. суродзічаў і іх нашчадкаў. Дакладную колькасць беларускіх амерыканцаў цяжка вызначыць, таму што перапіс і іміграцыйная статыстыка не выдзяляе беларусаў у якасці асобнай катэгорыі. Многія з іх зарэгістраваны як рускія ці палякі, у залежнасці ад рэгіёна Беларусі, у якім яны нарадзіліся.

Самыя высокія канцэнтрацыі беларускіх амерыканцаў у Нью-Ёркскай агламерацыі, Нью-Джэрсі (асабліва Хайленд-Парк і Саўт-Рывер), Кліўлэндзе (і яго прыгарадах), Чыкага (нядаўнія імігранты канцэнтруюцца вакол Wheeling), Лос-Анджэлесе і Дэтройце.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў сельскагаспадарчых калоній у ЗША, якія паявіліся ў 2-й пал. 19 ст. на аснове агульнай маёмасці і мелі на мэце даказаць жыццяздольнасць гэтай ідэі. Каталіцкія святары беларускага паходжання, у т.л. выкладчыкі Полацкай езуіцкай акадэміі, якія ў пач. 19 ст. эмгрыравалі ў ЗША, садзейнічалі пашырэнню каталіцкай адукацыі (Б. Крукоўскі, Н. Корсак і інш.). Ф. Дзеружынскі (жыў у ЗША у 1821—50) займаў высокія царкоўныя пасады, стаў заснавальнікам школьнай адукацыйнай каталіцкай сістэмы. Наладжаныя ў 1810-я г. сувязі езуітаў Беларусі і ЗША тлумачацца тым, што пасля забароны ў 1773 папам рымскім ордэна езуітаў апошні працягваў існаваць на Беларусі. Каб захаваць сябе арганізацыйна, амерыканскія езуіты далучыліся да яго ў якарці Беларускай правінцыі Таварыствава Ісуса (1805—14).

Сярод эмігрантаў з Беларусі ХІХ ст. пераважалі асобы шляхецкага паходжання. Рабіліся спробы стварэння суполак зямляцкага тыпу, ужо ў пач. ХІХ ст. ў ЗША існаваў гурток «літоўскай шляхты» з Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Да пачатку ХХ ст. пашырылася працоўная міграцыя. Беларускія перасяленцы ў ЗША працавалі пераважна ў вугальнай, металаапрацоўчай, сталеліцейнай, тытунёвай, баваўнянай прамысловасці, на цэментных, цагельных і іншых заводах. Беларусы аднак не стварылі ўласных нацыянальных арганізацый, а часцей далучаліся да аб'яднанняў, створаных прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей (найчасцей рускімі і палякамі), што садзейнічала іх асіміляцыі. Частка беларускіх эмігрантаў далучылася да прафсаюзаў і ўдзельнічала ў стварэнні прафсаюзных суполак. Уваходзілі беларусы і ў палітычныя аранізацыі, напр., у Федэрацыю саюзаў рускіх рабочых у Чыкага.

У міжваенны перыяд пачалося стварэнне нацыянальных арганізацый беларусаў у Амерыцы. Заснаваны ў 1923 у Чыкага Беларуска-амерыканскі саюз дзейнічаў да пач. 1940-х г. У 1935 зарэгістравана Беларуска-амерыканскае грамадзянскае задзіночанне (штат Ілінойс). У 1928 у Чыкага створана першае ў ЗША беларускае палітычнае аб'яднанне — Беларуска-амерыканскі грамадскі клуб, акі на выбарах у 1928, 1932 і 1936 падтрымліваў кандыдатаў ад дэмакратычнай партыі. У час выбараў у 1936 дзейнічаў і Беларуска-ўкраінскі рэспубліканскі клуб.

Значная частка імігрантаў міжваеннага часу, як і папярэдняй хвалі, трапіла пад уплыў рускіх і польскіх асяродкаў, далучыліся да ўкраінскіх. Чыкагская газета «Белорусская трибуна» (1928, № 2) адзначала, што «99% усіх «расійскіх» арганізацый у Чыкага і ў шматлікіх іншых гарадах Злучаных Штатаў належаць беларусам — нацыянальна свядомым або не — гэта ўжо іншае пытанне, але беларусам».

3 пачаткам Другой сусветнай вайны прыток беларускіх эмігрантаў на амерыканскі кантынент перапыніўся. Пасля вайны значныя групы іх аселі ў штатах Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Пенсільванія, Ілінойс, Агаё. Колькасць новапрыбыўшых беларусаў складала 50—60 тыс.[1] Да сярэдзіны 1950-х г. у ЗША існавала каля 30 беларускіх арганізацый. Галоўным ініцыятарам нацыянальнай дзейнасці стала Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА, заснавана ў 1949). Пад яго апекай створаны Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы (1951), Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт (1956). Другой уплывовай беларускай арганізацыяй у ЗША быў Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА, 1951), заснаваны ў процівагу БАЗА.

3 1951 у пачаў працаваць Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ). Абсяг дзейнасці БІНІМа не абмяжоўваўся ЗША, ён гуртаваў даследчыкаў-беларусазнаўцаў і ў іншых краінах. У 1975—85 БІНІМ арганізоўваў беларусазнаўчыя курсы ў штатах Агаё, Нью-Ёрк, Ілінойс, Нью-Джэрсі.

Вядомыя беларускія амерыканцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. ЭГБ. Т. 6-2. С. 259.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]