Перайсці да зместу

Беларусы ў Аўстрыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зальцбург, магіла Сцяпана (Сеўбы), епіскапа бранскага і смаленскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (1942—1943), архіепіскапа венскага і аўстрыйскага Рускай праваслаўнай царквы за мяжой (1946—1965)

Беларусы ў Аўстрыі — супольнасць мігрантаў-беларусаў і грамадзян Аўстрыйскай Рэспублікі беларускага паходжання.

Аснову дыяспары склалі беларусы, якія выехалі з Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. Найбольшыя беларускія асяродкі былі ў Зальцбургу і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 годзе на ваеннай фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі Алеся Змагара працавала школа для дзяцей, дзе выкладалі паэт Алесь Салавей і мастак Пётр Мірановіч.

Група беларускіх літаратараў на чале з Алесем Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (выйшла 4 нумары), «Зь беларускага жыцьця».

У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 беларускія школы: у Кірхсгайме (1945 год) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948 год), дзе настаўнікам быў А. Яцэвіч.

З пачатку 1950-х гадоў у Вене дзейнічае таварыства «Родина», якое займаецца культурна-асветнай работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Аддзелы таварыства працуюць у Зальцбургу (старшыня Т. Н. Гаўрылюк) і Інсбруку (старшыня А. П. Радл).

У жніўні-кастрычніку 2020 года арганізавана суполка «Беларуская дыяспара ў Аўстрыі»[1].

  1. Агульная інфармацыя(бел. (тар.)) // Беларуская дыяспара у Аўстрыі. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2021.