Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў
Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў
Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў
53°40′19″ пн. ш. 23°49′20″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць Францысканцы
Тып будынка Трохнефавая базіліка
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Сузанна і Еўстафій Курч
Будаўніцтва 16351700 гады
Рэліквіі і святыні ікона Маці Божай Анёльскай
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000034шыфр 412Г000034
Стан Касцёл дзеючы, кляштар выкарыстоўваецца пад шпіталь

Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў (Гродна)
Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў
Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў

Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры віленскага барока 17 стагоддзя. Знаходзіцца па адрасе: г. Гродна, вуліца Чырвонапартызанская, 2-1. Комплекс пабудаваны ў 16351700 гадах на сродкі Сузанны і Яўстафія Курч на левым беразе ракі Нёман. Складаны рэльеф мясцовасці вызначыў асіметрычную кампазіцыю комплекса.

Комплекс уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштар і браму з агароджай. Таксама да комплексу францысканцаў адносіцца капліца, якая размешчана на могілках па завулку Перамогі.[1] Касцёл і кляштар утвараюць замкнёны ўнутраны дворык у выглядзе няправільнага чатырохвугольніка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фундатары касцёла Яўстафій Курч
Сузанна з Тышкевічаў

У 1635 годзе ў Гродна па запрашэнню Упіцкага старасты Яўстафа Курча і яго жонкі Сузанны з рода Тышкевічаў прыбылі францысканцы. Для будаўніцтва касцёла ім быў вылучаны вучастак у Занёманскім прадмесце, а на час будаўніцтва ім быў ахвяраваны вялікі абсталяваны мураваны дом, размешчаны па вуліцы Маставой, які яны прадалі ў 1651 годзе пасля пабудовы касцёла. У гэты ж час быў збудаваны невялікі драўляны касцёлік Анельскай Божай Маці, які быў знішчаны ў 1659 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай. У 1660 годзе было пачата будаўніцтва трохнефнай базілікі з дабудаванай з левага боку (ад нартэкса) званіцы з гадзіннікам і мураванага кляштарнага будынка. У 1697 годзе будаўніцтва было скончана і новая святыня стала парафіяльным касцёлам.

Касцёл асвечаны ў гонар Дзевы Марыі ад Анёлаў 22 лістапада 1744. У 1759 годзе была праведзена частковая перабудова касцёла. Быў зняты вялікі купал з-над галоўнага нефа, паднята вежа на 4 метры і накрыта малым шлемам у стылі ракако. Сродкі на выраб алтара, аргана і на перабудову касцёла, гэтак жа як і на арган у езуіцкім касцёле, ахвяравала мсціслаўская кашталянша Канстанцыя Лазавая з Юндзілаў. Пад пліткавай падлогай касцёла знаходзіліся тры грабніцы: Юндзілаў, аа. францысканцаў і князя Агінскага, які быў прывезены са Свіслачы.

Францысканскі кляштар XIX стагоддзя, мастак Напалеон Орда

Ля касцёла функцыянаваў драўляны прытулак для бяздомных. Падчас пажару 22 красавіка 1832 года прытулак згарэў і не быў адбудаваны. Пасля паўстання 1863—1864 годоў касцёл выконваў ролю расійскай турмы для польскіх ксяндзоў і манахаў. Кляштар як турма функцыянаваў да самага 1919 года. У 1920 годзе быў расстраляны бальшэвікамі пробашч касцёла Блажэй Юстван. У 19221927 гадах працаваў пры парафіі Св. Максімільян Марыя Кольбэ. У пасляваенныя гады касцёл дзейнічаў.[2]

З касцёлам звязана імёны вядомага рэлігійнага дзеяча Максіміліяна Кольбе, які ў 1920 гадах быў манахам кляштара і загінуў у фашысцкім канцлагеры (кананізаваны ў 1983 годзе), а таксама айца Мельхіёра Фардона(польск.) бел.[3].

У 19881989 гадах — пробашчам парафіі з’яўляўся ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч, першы архібіскуп Беларусі.

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Экстэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Фасад касцёлу францысканцаў, другі і трэці ярусы

Касцёл уяўляе сабой трохнефную базіліку з вялікай паўцыркулярнай апсідай. Цэнтральны неф і апсіда вырашаны як адзіны аб'ём і накрыты агульным двускатным дахам, а больш нізкія бакавыя нефы — аднаскатным дахам.[4]

Геаметрычны арнамент на другім ярусе

Галоўны фасад, які інтэрпрэтуе рымскі езуіцкі касцёл Іль Джэзу, уяўляе сабой трох'ярусную плоскасць з 3-хвугольным франтонам у завяршэнні і плаўнымі схіламі прамежкавага яруса, інтэнсіўнай крапоўкай пілястрамі і гарызантальнай штрыхоўкай карнізных прафіліровак. На ім выразна адзначана вось сіметрыі — размешчаныя па ярусах арачныя галоўны ўваход, ніша, вялікае акно хораў. У пластычнай распрацоўцы фасада адчуваецца дысананс — вязкі магутных і шырокіх пілястраў ніжняга яруса 17 ст. і вытанчаныя падоўжаныя плоскасці верхніх ярусаў шчыльна запоўнены дэкаратыўным аздабленнем 18 ст.[5] Такім чынам, галоўны фасад падзелены на 3 яруса: першы ярус (захавалася афармленне 17 стагоддзя) з невялікім паўцыркулярным уваходным праёмам члянёны шырокімі пілястрамі і завершаны карнізным поясам, другі і трэці ярус (перабудаваны ў 18 ст.) падзелены тонкімі лапаткамі завершаны трохвугольным франтонам.

Бакавыя фасады і апсіда маюць лучковыя і прамавугольныя вокны, расчлянёны спаранымі лапаткамі і завершаны карнізным поясам. Апсідная частка касцёла ўпрыгожвае поліхромны роспіс па шклу. Асноўныя матывы, якія выкарастоўваюцца ў вітражы: раслінны і геаметрычны арнамент, сюжетныя кампазіцыі на новазапаветнія тэмы жыцця Хрыста і Дзевы Марыі. Поліхрамія яркая, насычаная, мажорная.[4]

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер

Інтэр'ер касцёла вылучаецца багаццем архітэктурнай пластыкі, мастацка-дэкаратыўным строем (разьба па дрэву, лепка, скульптура)[3] і мае суцэльную дынамічную прасторавую кампазіцыю.[5]

Цэнтральны неф касцёла аддзелены ад бакавых 6 слупамі і перакрыты крыжовымі зводамі. Бакавыя нефы раскрываюцца ў цэнтральны невялікімі арочнымі праёмамі і перакрыты цыліндрычнымі зводамі. Зводы прэсбітэрыя і цэнтральнага нефа размаляваны. У пресбітэрыі змешчаны 4 кампазіцыі сідзячых на воблаках евангелістаў. Зводы ўпрыгожвае кампазіцыя «Пастыр са статкам авечак» на фоне зялёнага пейзажа. Мадэліроўка кампазіцыі светаценевая, каларыт яркі, шмат халодных зялёных і сініх колераў. Роспіс выкананы ў стылі рамантызму. Пры ўваходзе размешчаны хоры.

Арган

У цэнтральны неф выходзіць разны драўляны амвон у стыле ракако (1-ая палова 18 ст.), які ўпрыгожаны гарэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў, акантам і валютамі. Амвон захаваў барочную мастацкую трактоўку, кафедра-бутон амвона традыцыйна ўпрыгожана гарэльефнымі выявамі 4 евангелістаў, акантавымі і валютнымі выгінамі. Балхадзін амбона выкананы ў выглядзе царскай кароны са скульптурай архістратыга Міхаіла, якія нясуць над кафедрай 2 анёлы.

Галоўны алтар

Мастацкай процівавагай галоўнаму нефу служыць магутны алтар, высока ўзняты пад скляпенне гарерэяй хораў. Яго пластычная архітэктоніка, сакавітая разьба і скульптурныя пастаці музычных алегорый — усё аб'яднана ў дынамічную мастацкую кампазіцыю ў стылі ракако. Шэдэўрам стылю з'яўляецца алтарная перагародка ў выглядзе трэльяжнай хваліста выгнутай сценкі, якая дэкарыравана бюстамі, вазамі, гірляндамі-косамі, фігурнымі панэлямі ў бела-бежава-залацістым каларыце. У касцёле знаходзіцца абраз Іосіфа Міховіча «Антоній з дзіцём» (1872), абразы «Маці Божая Анёльская» ў серабранай шаце (17-18 стст.), «Маці Божая з дзіцём» (18-19 стст.), «Маці Божая Чанстахоўская» ў шаце (2 пал. 18 ст.).[5]

У інтэр'еры 7 алтароў. Галоўны алтар драўляны, выкананы ў стылі позняга барока (першая палова 18 ст.)узняты на высокі (2,3 м) пастамент-табернакль. Алтар мае двух'ярусную кампазіцыю, упрыгожаны скульптурай і накладной разьбой, асноўным матывам якой з'яўляецца акант, архітэктурныя дэталі імітаваны пад мармур.[6] Складаецца з 2 ярусаў порцікаў, сярод каланад якіх змешчаны скульптурныя выявы святых Францыска і Антонія (унізе) і 2 біскупаў (уверсе). Анёлы падтрымліваюць франтоны, упрыгожваюць іх тымпанамі і прастору над імі. Фонавыя часткі алтара запоўнены накладной пазалочанай разьбой на тэму выгінаў акантавага лісця. Галоўная алтарная кампазіцыя «Ушанаванне Багародзіцы» (азначана ў апісанні касцёла 1700 года «ў сярэбранай сукенцы аўгсбургскага выканання») займае трыуфальную арку 4-калоннага барочнага порціка; у цэнтры 2-га яруса карціна «Стыгматызацыя Св. Францыска», акаймаваная авальнай разной рамай-рондай. Абедзве выяўленчыя кампазіцыі выкананыя ў мяшанай паліхромнай тэхніцы жывапісу і гіпсавага гарэльефа, што стварае эфект пераходу плоскаснага фонавага выяўлення ў аб'ёмнае вонкавае. Завяршае вышыннае алтарнае збудаванне змешчаная ў люнеце скляпення гарэльефная выява «Усхваленне Марыі», над якой лунае голуб — сімвал Святога Духа.[5]

«Святы Францішак». XVIII ст.

Астатнія кулісныя стукавыя алтары каменныя, тынкаваныя, выкананыя ў стылі неабарока ў 19 стагоддзі, але ўпрыгожаны барочнымі скульптурамі (першая палова 18 ст.), алтарнымі вявамі ў сярэбраных акладах 18 стагоддзя. У правым бакавым алтары знаходзіцца цудадзейная ікона Багародзіцы Анёльскай.

Вежа-званіца[правіць | правіць зыходнік]

Вежа-званіца

К паўночнаму боку галоўнага фасада касцёла прыбудавана квадратная трохярусная вежа-званіца. Званіца таксама набыла познебарочную пластыку, яе формы разбаўлены прамых вуглоў і геаметрычнай прамалінейнасці — усе склуглена, плаўна абмалявана, расчлёнена пілястрамі, густа штрыхаванымі карнізамі, арачнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнямі.[5] Першы ярус мае агульную з першым ярусам касцёла пластыку 17 ст., вокны маленькія паўцыркулярныя, расчлянены шірокімі пілястрамі і карнізнымі паясамі. Другі і трэці ярусы перабудаваны ў насычанай рэльефнай пластыцы позняга барока, што праяўляецца ў выразных крупных чляненнях, у маляўнічым сілуэце. У сценах размешчаны вялікія паўцыркулярныя і круглыя вокны, самі сцены расчленены рэльефнымі лапаткамі і развітым карнізам. Званіцу вянчае высокі фігурны шлем.[4]

Кляштар[правіць | правіць зыходнік]

Дворык кляштара

З паўднёвага боку да касцёла далучаны двухпавярховы кляштар — двухпавярховы П-падобны няправільны ў плане аб'ём, што ўтварае замкнёны ўнутраны дворык, у які выходзіць абхадная па келлях скляпеністая галерэя, злучаная з паўднёвай санкрыстыяй храма. Пластыка фасада стрыманая, сцены маюць невялікія прамавугольныя вокны, расчленены пілястрамі (якія ствараюць манатонны рытм) і завершаны карнізамі. Планіроўка будынка галерэйная, калідор праходзіць на працягу щсяго перыметра будынка. У паўдзенна-заходнім баку будынка знаходзіцца вялікі ў форме рызаліта аб'ём, у якім знаходзіліся бібліятэка і трапезная (якая выступае знадворку самастойным аб'ёмам). Першы паверх будынка мае зводчатыя перакрыцці, другі — плоскія.[4]

Брама і агароджа комплекса[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная брама ля ўваходу

У паўночна-заходнім баку комплекса часткова захавалася кірпічная сцяна агароджы вышынёй 2-3 метра. Сцяна, агароджваючая перад галоўным фасадам касцёла, мае з унутранага боку паўцыркулярныя нішы, са знешняга боку сцяна плоская. Брама перад галоўным фасадам аформлена ў стылі барока, мае два ярусы. Першы ярус з арачным праходам раскрапаваны спаранымі пілястрамі, другі ярус вырашаны ў выглядзе разорванага франтона, сярэдняя частка якога ўвенчана трохвугольным франтонам, аттык якога мае прамавугольныя нішы для скульптуры.

Капліца[правіць | правіць зыходнік]

Капліца тут была пабудавана ў 1854 годзе на сродкі пана Якуба Руммеля.

Капліца ўзведзена з бутавага каменю і атынкаванай цэглы, прамавугольная ў плане пад 2-схільным бляшаным дахам з вальмам над алтаром, бязвежавая і безапсідная. Галоўны фасад пазначаны 4-калонным тасканскім порцікам. Малітоўная зала перакрытая плоскай столлю, пад алтарнай часткай — склеп-пахавальня. Над мураваным алтаром — Укрыжаванне. Злева ад капліцы пабудавана 2-ярусная шатровая званіца з жоўтай цэглы (цяпер атынкавана).

У 1882 годзе, пра што сведчаць мемарыяльныя пліты на слупах уваходнай брамы, тэрыторыя могілак была павялічана намаганнямі ксянза Стэцкевіча і парафіян, абнесеная бутавым мурам і збудаваны домік вартаўніка.

У пасляваенныя гады капліца была зачынена, з 1990-х гг. адноўлена і дзейнічае зноў.[1]

Дзейнасць суполкі[правіць | правіць зыходнік]

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)

Св. Імша ў нядзелю і святы — 8.00, 9.30, 11.00, 12.30,19.00, (20.00 у летні час)

Св. Імша ў будні — 8.00, 8.30, 19.00

Адпуст: 2 жніўня[1]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Гродна — парафія Маці Божай Анёльскай (францысканскі касцёл)
  2. Антон Шыдлоўскі. Касцёл анельскай Божай маці (францысканскі). Слова жыцця, 30 кастрычніка 2010
  3. 3,0 3,1 Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 37. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230..
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 Гродно. Энциклопедический справочник.. — редколлегия И.П. Шамякин. — Мн.: Бел. Сов. Энциклопедия, 1989. — С. 272. — 438 с. — ISBN 5-85700-015-7..
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 Кулагін А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцаклапедычны даведнік.. — БелЭн, 2001. — С. 47. — 216 с. — ISBN 985-11-0199-0..
  6. Гродно. Энциклопедический справочник.. — редколлегия И.П. Шамякин. — Мн.: Бел. Сов. Энциклопедия, 1989. — С. 273. — 438 с. — ISBN 5-85700-015-7..

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]